Ідэнтыфікацыя карыстальнікаў: тым, хто паводзіць сябе прыстойна, баяцца і хвалявацца няма чаго

- 11:02Інфармацыйная гадзіна

Сацыяльныя сеткі і электронную пошту можна будзе выкарыстоўваць для ідэнтыфікацыі каментатараў на сайтах. Аб гэтым у эфіры тэлеканала СТБ паведаміў першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі.

Павел Лёгкі пракаменціраваў зацверджаны Саветам Міністраў парадак папярэдняй ідэнтыфікацыі карыстальнікаў сайтаў. “Кожны ўладальнік інтэрнэт-рэсурсу будзе праводзіць працэдуру ідэнтыфікацыі і заключаць пагадненне з чалавекам, які хацеў бы пракаменціраваць што-небудзь у яго на форуме. Практыка гэтая не новая, яна даволі распаўсюджаная, многія беларускія рэсурсы гэтай практыкай карыстаюцца. Па сутнасці, ніякіх вялікіх новаўвядзенняў не адбываецца — працэс упарадкоўваецца. І мы чакаем, што гэта дасць магчымасць зрабіць дыскусію ў сетцы больш культурнай, мы зможам хоць нейкія бар’еры паставіць хамству, абразам і абараніць гонар і годнасць тых грамадзян, якія лічаць, што цяперашняя сітуацыя не дазваляе ім абараніць свае правы ў інтэрнэце”, — сказаў першы намеснік міністра інфармацыі.

Гаворачы аб спосабах ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, ён адзначыў, што ёсць не толькі асноўны спосаб, выкладзены ў пастанове Саўміна, — з дапамогай СМС. “Там жа прапануецца магчымасць выкарыстоўваць іншыя спосабы. Падрабязна не распісана, але гэта могуць быць сацыяльныя сеткі або электронная пошта, можа, нейкія іншыя спосабы, якія сам уладальнік інтэрнэт-рэсурсу палічыць мэтазгоднымі”, — адзначыў Павел Лёгкі.

Прычым уладальнік інтэрнэт-рэсурсу будзе адказваць за дакладнасць звестак. “Адказнасць, па Законе аб СМІ, дакладна прапісана, прадугледжана. Скідкі на тое, што выбраны нейкі іншы спосаб, а не СМС-ідэнтыфікацыя, не будзе”, — папярэдзіў першы намеснік міністра.

Ён закрануў і крытыку новаўвядзенняў. “Хамы заўсёды застануцца і будуць незадаволены. Тыя, хто прывык да ўсёдазволенасці ў інтэрнэце, хто прывык аплёўваць людзей, застаючыся ў поўнай бяспецы, распаўсюджваць забароненую інфармацыю, — яны заўсёды будуць незадаволены. Тым, хто паводзіць сябе прыстойна, вядзе дыскусію на прынцыпах узаемапавагі, баяцца і хвалявацца няма чаго. Думаю, што такіх людзей у нас большасць”, — падкрэсліў Павел Лёгкі.

Першы намеснік міністра інфармацыі таксама расказаў аб некаторых запланаваных новаўвядзеннях у заканадаўстве. З 1 снежня пачынаецца рэгістрацыя сеткавых рэсурсаў. Тыя інтэрнэт-СМІ, якія захочуць працаваць па правілах сродкаў масавай інфармацыі і карыстацца адпаведнымі прывілеямі, будуць зафіксаваны ў якасці сеткавых рэсурсаў. “І вось тут было адно вельмі цікавае пытанне, якое паставіў сам час: хто можа быць галоўным рэдактарам сеткавага рэсурсу? Згодна з ранейшым заканадаўствам, галоўным рэдактарам СМІ мог быць чалавек, які пяць гадоў адпрацаваў на кіруючых пасадах у СМІ. І мы добра разумеем, што гэтае патрабаванне ўстарэла”, — адзначыў Павел Лёгкі.

Падрыхтаваны новыя кваліфікацыйныя патрабаванні да кіраўнікоў як друкаваных СМІ, так і сеткавых рэсурсаў. “Яны больш лаяльныя. Мы прапаноўвалі пяцігадовы цэнз знізіць да трох гадоў. І, самае галоўнае, не ставіць умову, каб абавязковай была работа на працягу пяці або трох гадоў на кіруючых пасадах. Гэта значыць, калі ты тры гады працуеш на інтэрнэт-рэсурсах, то незалежна ад таго, якія пасады займаў, маеш права прэтэндаваць на пасаду галоўнага рэдактара сеткавага рэсурсу. Вось як мы гэта бачым, — растлумачыў Павел Лёгкі. — Думаю, што гэта сур’ёзны крок у параўнанні з тым, што сёння ёсць у заканадаўстве”.