Алімпіяда па беларускай мове і літаратуры

- 12:30Портфолио

У 2019 годзе споўнілася 20 гадоў з дня заснавання кафедры рэдакцыйна­выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, якая паспяхова і на высокім узроўні рыхтуе рэдактараў, капірайтараў, вярстальшчыкаў, дызайнераў для СМІ, выдавецтваў, рэкламных фірм, прадпрыемстваў і арганізацый. Акрамя гэтага, яе загадчык Уладзімір Куліковіч плённа супрацоўнічае з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь. Толькі ў 2019 годзе ён з’яўляўся арганізатарам больш за 15 семінараў, майстар­класаў па тэхналогіі падрыхтоўкі вучняў да алімпіяды для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Мінска, Мінскай, Віцебскай, Брэсцкай, Гродзенскай абласцей.

У гэтым жа годзе менавіта для калег­беларусістаў, якія актыўна працуюць з таленавітай моладдзю або імкнуцца далучыцца да алімпіяднага руху, навуковец і педагог з БДТУ стварыў тры вучэбныя дапаможнікі: “Дзённік алімпіёніка. Выпуск 3”, “Беларускія месяцы: чаму іх так называюць”, “Беларуская мова: зборнік тэстаў”.

Прапануем увазе настаўнікаў, якія выкладаюць беларускую мову і літаратуру, шэраг заданняў з кніг Уладзіміра Куліковіча, што выкарыстоўваліся на праведзеных ужо этапах рэспубліканскай алімпіяды для школьнікаў. Аўтар упэўнены, што практычная падборка дапаможа многім вучням паспяхова выступіць на чарговых этапах адказнага, карыснага і цікавага конкурсу, назва якому — “Алімпіяда па беларускай мове і літаратуры”.

З даведкамі да заданняў можна азнаёміцца на сайце факультэта ПіМ (прынттэхналогій і медыякамунікацый) БДТУ. Спасылка: https://pim.belstu.by/abiturient/otvety­k­tvorcheskim­konkursam­i­olimpiadam.html.

Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія

№ 1. Запішыце назоўнікі, якія адрозніваюцца ад папярэдніх указанымі фанетычнымі характарыстыкамі.

Максімальны бал — 4 (1 слова = 0,5 бал.).

СловыАдрозненні новага слова ад папярэднягаНовае слова
казінецадным канцавым гукамказінет
казáнмесцам націску і адным мяккім санорным гукам 
калаўротакмесцам размяшчэння галоснага гука ў канцы слова 
перапісзаднеязычным мяккім гукам 
старонкаглухім шыпячым гукам 

№ 2. Устаўце, дзе лічыце патрэбным, прапушчаныя літары, а таксама канчаткі назоўнікаў.

Максімальны бал — 5 (чатыры словы = 1 бал; 1 слова = 0,25 бала).

1. Петрылі, петрылі — нічога не дапетрылі, а толькі вып..трылі. 2. Колькі вішн.. на..ча можа з’есці Насця? 3. На ветр.. парэчкі ў..чалі ..варкі і спрэчкі. 4. Для маленькай Ленкі абл..пілі пень апен..кі. 5. Улетку ў Ліны мядз..ведзь з’еў маліны. 6. Алёша без кап..люша ніжэйшы за Алёшу ў кап..люш.. . 7. Пытаецца ў з..зюлі казляня: “Дзе тваё, з..зюля, з..зюляня?”. 8. Раз..бяры, не разбуры, што зрабілі раз..бяры. 9. Тры дні сек др..васек дров.. на др..вотніку.

Лексікалогія. Фразеалогія

№ 3. Запішыце значэнне падкрэсленых слоў. У якім сказе дакладна ўстанавіць значэнне слова немагчыма? Патлумачце, па якой прычыне.

Максімальны бал — 5.

1. Вусцішная паныласць стаяла ў хаце (А.Марціновіч). 2. Лес поўніўся такой вусцішнасцю, што хацелася, як малому, дурасліва паваліцца ў снег ці закрычаць на ўвесь свет! (І.Мележ). 3.Пэўны час яны проста стаялі ў вусцішнай цішы (І.Бабкоў). 4. Мне здаецца, што дуб таксама ставіцца да мяне паблажліва: у вусцішны дзень пачынае лёгка шамацець рэдкаю, забранзавелаю лістотаю (А.Усеня).

№ 4. Запішыце прапушчаныя прыметнікі (дзеепрыметнікі) у патрэбнай склонавай форме, каб атрымаліся фразеалагізмы з указаным значэннем.

Максімальны бал — 5.

ФразеалагізмыЗначэнні фразеалагізмаў
1. На … скоквельмі малы; вельмі мала
2. На … хвост (звесціся)ледзь не дарэшты
3. З … носвельмі мала; невялікі па колькасці, памерах
4. На … скуры (шкуры) не спішашвельмі многа
5. На … правах (жыць, працаваць)незаконна ці не маючы трывалага забеспячэння
6. … песняапошняе праяўленне таленту, здольнасці
7. Як за … сцянойпад надзейнай аховай, спакойна (жыць, быць, адчуваць сябе і пад.)
8. … бацькапры адсутнасці бацькі той з родзічаў, хто выконвае на вяселлі ролю бацькі жаніха або нявесты
9. Пусціць … пеўнязламысна падпаліць чыю­н. хату, маёмасць
10. … верабейпра вопытнага чалавека, якога цяжка ашукаць

№ 5. Запішыце па адным сіноніме да падкрэсленых слоў, што ўжыты ў кожным сказе. Сінонімы не павінны паўтарацца. Максімальны бал — 4.

1. Шэрыя хмары віселі нізка­нізка, часамі сыпаўся дробны дожджык, прыкры і халодны (А.Чарнышэвіч). 2. У хаце запанавала глухая і прыкрая маўчанка (Э.Васілевіч). 3. На сэрцы застаўся прыкры асадак ад чутага і бачанага (Ц.Гартны). 4. Боль толькі, з’едлівы, прыкры, у спіне ўзмацніўся (А.Мікуліч). 5. Гора страты — як ні дзіўна — не прападала. І хоць дзяўчат многа было, і нават лепшыя, не знікала адзінота. І было прыкра глядзець на цёмныя знаёмыя стрэхі, і не хацелася ісці ў сяло (І.Мележ). 6. І дабро, калі яго аж занадта, можа апрыкраць больш, чым зло (М.Стральцоў). 7. Княжыч з вялікай прыкрасцю адчуў, што голас ягоны нечакана ўздрыгнуў, абсекся і на апошніх словах як бы вільнуў убок (Л.Дайнека). 8. Прыкра і балюча чуць ад беларусаў гэткія словы: “Извините, я не понимаю белорусского языка”.

№ 6. Словы капыл, лынды, лясы, мяла, тулікі ўстаўце замест пропускаў, каб атрымаліся фразеалагізмы. Значэнне ўстойлівых выразаў патлумачце.

Максімальны бал — 5.

ФразеалагізмыЗначэнне
1) … церці 
2) тачыць …
3) … біць         
4) ні ў кола ні ў … 
5) на адзін … 

№ 7. Выпішыце са сказа пяць неславянскіх слоў і запішыце, з якой мовы яны паходзяць (0,5 бала за слова) і якое значэнне маюць у беларускай мове (0,5 бала за слова). Максімальны бал — 5.

У кастрычніку свой юбілей адзначыў маэстра расійскай моды, любімы куцюр’е расійскага бамонду Валянцін Юдашкін (“Звязда”).

№ 8. Суаднясіце фразеалагічныя назвы раслін з іх аднаслоўнымі адпаведнікамі. Запішыце прапушчаныя лічбы.

А___Б___В___Г___Д___

Максімальны бал — 5.

А) Хрыстова кроў1) званочак
Б) іван­ды­мар’я2) святаяннік (зверабой)
В) чаравічак палявы3) першацвет (прымула)
Г) Юр’евы ключы4) яснотка
Д) чаравічкі Божай Маці5) браткі, братаўка

№ 9. Праз сінонімы або апісальна патлумачце значэнне слоў. Укажыце мову, з якой яны запазычаны.

Максімальны бал — 5 (0,25 бала за кожную правільна запоўненую клетку).

СловаЗначэннеПаходжанне
рýфер  
барбекю  
бэліданс  
коўч  
мундзіяль  
кансалдынг  
мэйнстрым  
мюслі  
рынгтон  
канверсія  

№ 10. Выпішыце са сказа словы ў пачатковай форме, захоўваючы прапанаваную паслядоўнасць. Патлумачце іх значэнне.

1. Слова, якое ўжываецца толькі ў множным ліку. 2. Гістарызм. 3. Слова, якое перакладаецца на рускую мову назоўнікам “войлок”. 4. Слова, марфемная будова якога — прыстаўка+корань+суфікс+нулявы канчатак. 5. Слова, якое ў спалучэнні з дзеясловам біць утварае фразеалагізм са значэннем ‘рэзка рэагаваць, выяўляючы крыўдлівасць’.

Максімальны бал — 5 (0,5 бала за слова + 0,5 бала за значэнне).

Вечарамі пры лучынах дзед правіў хамуты і паўшоры, падшываў новыя лямцы да падсядзёлкаў (Алесь Якімовіч).

№ 11. Аднавіце фразеалагізмы, запісаўшы прапушчаныя назоўнікі і прыметнікі.

Максімальны бал — 5.

ФразеалагізмЗначэнне фразеалагізма
Знікнуць з …перастаць быць у полі чыйго­н. зроку
Знікнуць з …перастаць з’яўляцца сярод якіх­н. людзей
… агоньпавышэнне тэмпературы ў час хваробы
… агоньзаражэнне крыві, гангрэна
… агоньнязгаснае ўнутранае імкненне да дасягнення высокіх мэт, да шчасця ўсіх людзей

№ 12. Праз сінонімы або апісальна патлумачце значэнне падкрэсленых слоў (0,5 бала за слова). Адзначце, з якой мовы яны паходзяць (0,5 бала за слова).

Максімальны бал — 5.

1. Класічная канцэпцыя дыскаўнтара — рэалізацыя пэўнага асартыменту тавараў штодзённага попыту. 2. Адна з самых злабадзённых сёння для сусветных таблоідаў тэм — высветліць лёс Ганны Курнікавай. 3. А вось крэатыў у арганізатараў, мяркуючы па ўсім, на гэтым і скончыўся. 4. На дзень ад’езду на рэцэпцыі нам сказалі, што ўсё ў парадку, грошы паступілі. 5. Па­ранейшаму кантэнт “Беларусь ­ТБ” складаецца з лепшых узораў прадукцыі ўсіх тэле­ і кінавытворчых аб’яднанняў краіны.

Пераклад з рускай мовы на беларускую

№ 13. Запішыце па­беларуску, каб ніводзін прыметнік у перакладзе не паўтараўся.

Максімальны бал — 5.

Плотное прилегание крышки — …; плотный дым — …; плотная бумага — …; плотное сукно — …; плотный обед — … .

№ 14. Перакладзіце на беларускую мову.

Максімальны бал — 5.

1) Пособие по безработице — …; 2) непрерывная рабочая неделя — …; 3) рационализаторское предложение  — …; 4) расчетная прибыль — …; 5) учебное пособие — … .

№ 15. Перакладзіце на беларускую мову словазлучэнні.

Максімальны бал — 5.

1) Действовать по уставу — …; 2) рукопись написана уставом — …; 3) полная себестоимость — …; 4) вторичное сырье — …; 5) незавершенное производство — … .

№ 16. Перакладзіце тэкст на беларускую мову. Лічбы запішыце словамі.

Максімальны бал — 5.

Среди научных трактатов Кеплера есть одна совершенно необычная работа. В 1609 году он пишет фантастический рассказ “Сновидение, или Лунная география”. Это первое в новой европейской литературе художественное произведение о полете в космос, в котором Кеплер рассказывает своим читателям о том, каким видится ему мир Луны: ее горы, леса, ее обитатели. Это произведение расходится в списках еще до публикации по всей Европе. Написание книги совпало с судебным процессом над его матерью, обвиненной в колдовстве.(“Звездный калейдоскоп, или Нескучная физика космоса”.)

№ 17. Перакладзіце тэкст на беларускую мову.

Максімальны бал — 5.

Процесс становления белорусской литературы шел в непрерывной связи с формированием белорусского литературного языка. Так, как писали Купала, Колас, до них на родном языке не писал никто. Благодаря им белорусское слово освобождалось от инородных наслоений, звучало широко, эпично, мягко, с лирической проникновенностью. Оно вбирало в себя и певучую мелодию народной песни, и мощный гомон народного веча, призывающего к борьбе, и страстный голос богато одаренной души, потрясенной красотой окружающего мира.

Янка Купала, Якуб Колас застали в своем народе мало тронутые книжной обработкой духовные богатства, которые своими истоками имели древнее, в известной мере мифологическое мироощущение с его культом неба, солнца, вообще сил природы, верой в таинственное и сверхтаинственное, что имеет несомненную власть над человеком. (И.Науменко.)

№ 18. Выпішыце з тэксту перакладу (№ 17) усе дзеясловы (1 бал). Устанавіце і запішыце, дзеясловы якога стану пераважаюць у тэксце перакладу (1 бал). Што паказвае, пра што сведчыць гэты стан дзеяслова? (1 бал). Як у мовазнаўстве называюцца канструкцыі з такімі дзеясловамі? (1 бал).

Максімальны бал — 4.

Словаўтварэнне. Марфеміка

№ 19. Да дзеясловаў аднакратнага значэння (называ­юць дзеянне, выкананае за адзін прыём, імгненна) запішыце дзеясловы, ад якіх яны ўтвораны.

Максімальны бал — 5 (1 бал = 2 дзеясловы).

Айкнуць …; гукнуць …; енкнуць …; ёкнуць …; мэкнуць …; нýкнуць …; свіснуць …; тáкнуць …; ­ткнуць …; хукнуць … .

№ 20. Прааналізуйце языкаломкі (аўтар Анатоль Клышка), утварыце прапушчаныя словы ад існаваных у сказах і запішыце іх замест пропускаў.

Максімальны бал — 5 (0,5 бала за кожнае слова).

1. Друкавалі друкары, брукавалі … . 2. Шкляр шкліў шыбы і рэзаў шкло … . 3. Цукерачнік усыпаў цукеркі ў …, а цукарнік цукар — у цукарніцу. 4. Пад вечар і ўвечар кажы: “Добры вечар!”, а нанач: “ …!”. 5. Муляры муравалі …, брукары брукавалі брукаванку. 6. Прося … прасціну прасавала. 7. У зубра — зубраня, у зязюлі — … . 8. Аладка і паўладкі — будзе … аладкі. 9. Не бяры аднаруч, а бяры … . 10. Грыбавар варыў грыбы ў … .

№ 21. Калі прыслоўе ўтварылася ад назоўніка, пастаўце лічбу — 1, калі ад прыметніка — 2, лічэбніка — 3, займенніка — 4, прыслоўя — 5.

Максімальны бал — 5.

Затым (__), аднойчы (__), адразу (__), назаўсёды (__), ярка (__), абы­як (__), утрая (__), паціху (__), наперад (__), гэтак (__).

№ 22. Запоўніце табліцу, утвараючы назоўнікі са значэннем ‘назвы асобы паводле працоўнай дзейнасці’.

Максімальны бал — 5.

Зыходнае словаСловаўтваральны фармант (суфікс)Утворанае слова
дах  
навігацыя  
дэпо  
бар  
архіў  

№ 23. Запішыце ў пачатковай форме ўсе самастойныя часціны мовы, ужытыя ў сказе. Укажыце, ад якіх слоў яны ­ўтварыліся і спосабы ўтварэння.

Максімальны бал — 5.

Для пошуку проціяддзя неабходна паслаць кібарга.

№ 24. Укажыце спосаб утварэння слоў.

Максімальны бал — 4.

Узор. Кволасць — ад кволы — суфіксальны.

Правапарушальнік, прабіванне, пропуск, продаж, пропісь, прасценак, просека, напаўпусты.

Марфалогія

№ 26. Аб’яднайце назоўнікі ў тры групы, каб яны былі аднолькавымі з граматычнага пункту погляду. Запішыце, указаўшы падставы для аб’яднання.

Максімальны бал — 3.

Акуляры, Баранавічы, брáткі, блізняты, брусніцы, бруд, вароты, вейкі, завушніцы, нагавіцы, хлуд, шэпт.

№ 27. Узнавіце прыказкі, уставіўшы 12 прапушчаных займеннікаў.

Максімальны бал — 6.

1. … … … сцеражэ, … і Бог беражэ. 2. Няма … зла, каб з … … не выйшла дабра. 3. Лепей мала, чым … . 4. Праз аднаго барана … статак паганы. 5. Штукар на … штукі. 6. Не чыні … другім, што … не люба.

№ 28. Запішыце назвы пяці груп славянскіх назоўнікаў з адпаведнымі прыкладамі, якія адносяцца да нескланяльных.

Максімальны бал — 5.

№ 29. Запішыце ў творным склоне колькасныя лічэбнікі — нумары сказаў, у якіх сцвярджэнні з’яўляюцца няправільнымі.

Максімальны бал — 5.

1. Характэрная асаблівасць якасных прыметнікаў — здольнасць абазначаць непаўнату якасці. 2. Прыметнікі ў розных кантэкстах ніколі не мяняюць свой лексіка-граматычны разрад. 3. Пры ўтварэнні прыналежных прыметнікаў можа выкарыстоўвацца суфікс –яч-. 4. Адносныя прыметнікі абазначаюць прыметы, якія могуць праяўляцца ў большай ці меншай ступені, непасрэдна праз лексічнае значэнне асновы. 5. У адрозненне ад кароткіх форм прыметнікаў (азначэнняў у сказе), сцягнутыя (усечаныя) формы якасных прыметнікаў выконваюць сінтаксічную функцыю выказніка. 6. Прыметнік — самастойная часціна мовы, якая абазначае непрацэсуальную прымету і выражае гэта значэнне ў граматычных катэгорыях роду, ліку і склону. 7. Простая форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца пры дапамозе прыстаўкі най-. 8. Формы ступеней параўнання бываюць простыя (сінтэтычныя) і складаныя (аналітычныя). 9. Не ўтвараюць ступеней параўнання прыметнікі, утвораныя ад іменных і дзеяслоўных асноў пры дапамозе суфіксаў -н-, -льн-, -лів-. 10. Поўныя формы прыметнікаў скланяюцца, у сказе выступаюць азначэннем.

№ 30. Устанавіце нумары з няправільнымі сцвярджэннямі. Утварыце ад гэтых нумароў парадкавыя лічэбнікі і запішыце ў форме творнага склону адзіночнага ліку.

Максімальны бал — 5.

1. Словы ах, ох, ура, гэй з’яўляюцца часціцамі. 2. Прыназоўнік выражае сінтаксічныя адносіны паміж словамі. 3. Злучнік адносіцца да самастойных часцін мовы, а займеннік не адносіцца. 4. Выклічнікам называюць службовае слова, якое не мае самастойнага значэння, а выражае розныя сэнсавыя, мадальныя і эмацыянальныя адценні слоў, словазлучэнняў і сказаў. 5. Злучнікі падзяляюцца на злучальныя і падпарадкавальныя. 6. У сказе Слухаў з цікавасцю прыназоўнік выражае адносіны спосабу дзеяння. 7. Паводле будовы прыназоўнікі на чале, у адпаведнасці з належаць да складаных. 8. У сказе Абапал — рэкі і азёры (Я.Купала) слова абапал — прыслоўе. 9. З поўнымі дзеепрыметнікамі, калі пры іх няма паясняльных слоў і супрацьпастаўлення, часціца не заўсёды пішацца асобна. 10. Формаўтваральныя часціцы ўтвараюць формы дзеясловаў умоўнага і загаднага ладу.

№ 31. Устанавіце нумары з няправільнымі сцвярджэннямі. Утварыце ад гэтых нумароў парадкавыя лічэбнікі і запішыце ў форме творнага склону адзіночнага ліку.

Максімальны бал — 5.

1. Лічэбнік — часціна мовы, якая абазначае абстрактныя лікі, колькасць, сукупнасць ці парадак прадметаў пры лічэнні, колькасныя прыкметы прадметаў. 2. Паводле значэння і граматычнай структуры вылучаюцца колькасныя, зборныя, парадкавыя. 3. Лічэбнікі два, тры, чатыры маюць родавыя адрозненні. 4. Калі лічнік у дробавым лічэбніку выражаецца словамі дзве, тры, чатыры, то назоўнік ужываецца ў назоўным склоне. 5. Лічэбнікі паўтара ў спалучэнні з назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду і паўтары з назоўнікамі жаночага роду ва ўсіх склонах маюць аднолькавую форму і захоўваюць родавыя адрозненні. 6. У сказе Шэсць на шэсць — трыццаць шэсць першыя два самастойныя словы — дзейнік, а лічэбнік трыццаць шэсць — выказнік. 7. У сказе Калі памножыць шэсць на шэсць, то атрымаем трыццаць шэсць — шэсць на шэсць — дапаўненне, а трыццаць шэсць — дзейнік. 8. У сказе Калі памножыць шэсць на шэсць, то атрымаем трыццаць шэсць — шэсць на шэсць і трыццаць шэсць — дапаўненні. 9. У сказе На пашпарт патрабуецца фота пяць на шэсць лічэбнік пяць з’яўляецца азначэннем, а лічэбнік шэсць — акалічнасцю. 10. Спалучэнне “4,2 метра” ў творным склоне трэба запісаць так: чатырма цэлымі двума дзясятымі метрамі.

№ 32. Дайце граматычную характарыстыку словам (1 бал). Патлумачце іх значэнне (0,5 бала за кожнае слова). Складзіце сказ з адным з гэтых слоў на свой выбар (0,5 бала).

Бэж, індыга, марэнга, масака, хакі.

Сінтаксіс. Пунктуацыя

№ 33. Замяніце словазлучэнні такімі сінанімічнымі канструкцыямі, якія адрозніваліся б ад папярэдніх сінтаксічнай сувяззю. Укажыце сінтаксічную сувязь кожнага словазлучэння.

Максімальны бал — 6 (0,4 бала за кожную правільна запоўненую клетку).

СловазлучэннеСінтаксічная сувязьСловазлучэннеСінтаксічная сувязь
фанарныя слупы   
сябар чалавека   
напружана дыхае   
цагляная эстрада   
працаваць з радасцю   

№ 34. Запішыце словамі парадкавыя лічэбнікі — нумары сказаў.

Максімальны бал — 3.

І. У якіх з прапанаванага ў дужках неабходна выбраць канструкцыі з прыназоўнікам ЗА? Падкрэсліце гэтыя канструкцыі.

1. У той вечар схадзіць (за камандзірам роты, па камандзіра роты) было даручана сяржанту Пятрову. 2. Хоць паспяховасць у Валіным класе была не з горшых, яе пясочылі (больш усіх, больш за усіх). 3. Дзеці вырашылі пайсці (у грыбы, за грыбамі) раніцай у нядзелю. 4. За шэсць дзён, пáлячы паперы валасных праўленняў, валячы тэлеграфныя слупы і затрымліваючы пошту, атрад прайшоў палявымі і ляснымі дарогамі (больш за сотню вёрст, больш сотні вёрст). 5. Дзялянка наша была (кіламетрах у сямі, кіламетраў за сем) ад сяла.

ІІ. У якіх простая мова аформлена ў адпаведнасці з нормай?

6. “Што ж? — падумаў Васіль сам сабе, — трэба быць а дзявятай гадзіне, значыць, буду.” 7. “Радзіма ў кожнага адна!” — званы на вежы прамаўляюць. 8. “Чаго праз столькі гадоў ён адшукаў мяне? — падумаў Зубрыцкі. — Пра што папытацца хоча?” Але маўчаў, не прыспешваў госця. 9. — Дык я чаго да вас, Васіль Андрэевіч, — адпіўшы колькі глыткоў гарбаты, распачаў госць пра галоўнае: — Гадзіннік мне было даручана аддаць адразу, як прыеду ў вёску.10. Настаўнік крыху саркастычным, крыху ментарскім голасам тлумачыў:

— Да маладых людзей, якім я давяраю, я стаўлюся як да родных дзяцей. Таму часам бываю рэзкі.

№ 35. Сінтаксічная аманімія — з’ява, “калі ў сказе ўзнікае пабочнае значэнне (змест), не прадугледжанае аўтарам і выкліканае сінтаксічнымі сродкамі” (М.Калеснікаў). Запішыце па два аманімічныя значэнні, уласцівыя сказам.

Максімальны бал — 5.

1. Сярод прысутных Алесь першы пазнаў Алесю. 2. Ён прапанаваў ёй сёння ехаць на вяселле Пятра і Тамары. 3. У буклеце апісваюцца новыя выданні і часопісы. 4. Сябру нельга здраджваць. 5. Вывады камісіі пацвярджаюць факты.

Стылістыка. Тэкст

№ 36. Са сказаў, у якіх прапушчаны знакі прыпынку, складзіце тэкст.

Максімальны бал — 3 (0,5 бала за кожны сказ).

1. А ў сына была паэтычная душа як у жаўранка. 2. Паўлюк Багрым нарадзіўся пад Баранавічамі у вёсцы Крошын. 3. Толькі на зямлі ў той час на пачатку мінулага стагоддзя спяваліся невясёлыя песні. 4. Бацька каваль часта браў сына ў кузню прыахвочваў да свайго рамяства. 5. Боль і скарга на сваю долю чуліся ў іх сумных песнях аратых і жней. 6. Вучыўся ў пачатковай школе пасталеўшы працаваў парабкам.

№ 37. Прачытайце пераклад верша, зроблены вучнем з рускай мовы на беларускую. Выканайце заданні пасля тэксту.

Максімальны бал — 6.

Мама. Казка. Каша. Кошка. Кнiжка. Вокладка. Гармошка. Бурацiна. Карабас. Сумка. Школа. Першы клас. Бруд у сшытку. Двойка. Кол. Тата. Крык. Сям’і раскол. Лета. Луг. Рака. Салома. Восень. Збор металалома. Колас. Пушкiн. Дарвiн. Ом. Цётка. Брыль. Напалеон. Мендзялееў. Герастрат. Выпускны баль. Атэстат. ВНУ. Экзамен. Нервы.Конкурс. Лекцыi. Курс первы. Пастаноўка на ўлiк. Радасць. Сесiя. Залiк. Трэнiроўкi. Семiнары. Песнi. Танцы. Тары-бары. Будатрад. Жара. Работа. Культпаход. Газета. Фота. Iнтэрнат. Дзяньжонак — мiзер. Кiнатэатр. Тэлевiзар. Карандаш. Лапата. Лом. Пяты курс. Праект. Дыплом. Адпачынак. Параход. Па Каўказе турпаход…

Заданні.

1. Якія па структуры сказы пераважаюць у вершы? (0,5 бала). 2. Выпішыце словы, якія не адпавядаюць лексічным нормам беларускай літаратурнай мовы. Побач запішыце літаратурныя адпаведнікі (1 бал = 1 пара). 3. Выпішыце слова з граматычнай памылкай. Падкрэсліце ў гэтым слове ненарматыўны канчатак (0,5 бала). 4. Растлумачце праз сінонімы значэнне размоўнага нескланяльнага назоўніка тары-бары (1 бал). 5. Тып маўлення тэксту (0,5 бала).

№ 38. Выявіце і запішыце стылістычныя (лексічныя) недакладнасці ў сказах. Адзначце, пад уплывам чаго яны ўзніклі? Запішыце выпраўленыя сказы.

Максімальны бал — 6

(0,5 бала за ўказанне на выяўленую недакладнасць +

0,5 бала за адказ на пытанне + 0,5 за правільна запісаны сказ).

1. Пятрусь умеў адплаціць дабром на дабро. 2. У час зносін з арабам амерыканец лічыць, што той умешваецца ў яго інтымную зону, і будзе імкнуцца павялічыць дыстанцыю зносін, а араб, насупраць, будзе імкнуцца гэтую дыстанцыю скараціць. 3. Камандзе спатрэбілася неабходнасць скарыстаць іншую гульнёвую практыку. 4. Указ прэзідэнта адыграў вялікае значэнне ў справе наладжвання стасункаў паміж еўрапейскімі дзяржавамі.

№ 39. Запішыце акуратна і разборліва тэкст, устаўляючы прапушчаныя знакі, раскрываючы дужкі і падзяляючы на абзацы.

Максімальны бал — 5.

(1) Вясна была ў пар.. ранішніх замара..каў і дзён..ых пр..параў ціхіх зорных начэй туман..ў і цёплых в..троў. (2) У лес.. у зас..ні калматых елак яшчэ трымаліся гурбы (брудна) сіняга снег.. і было вільготна а ў хмызняках і на выс..чках ужо заз..л..нела трава ц..віла в..рба. (3) Пал..соўшчык Іван Азаровіч в..ртаўся (да) дом.. стомл..ны хоць і быў яшчэ маладзён. (4) Нац..гаўся ён сёння па лес.. узяў на ўлік паламан..ыя за зіму дрэвы праверыў ці не бралі см..лакуры маладыя хвоі на падсочку зірнуў на леташнія паса..кі сасоннік.. . (5) (Не) спяшаючыся крочыў л..сной дарогай цешыўся ц..плом вод..рам паветра. (6) За два..цаць год працы л..сніком ён трымаў у пам..ці пах кожнай м..сціны ў сва..м лес.. вось у гэтай нізіне пахне грыбамі і дз..разою на палян(ке, цы) сярод сасновага хмызняк.. пралескамі а ў арэшні(ке, ку) узаранай зямлёй і дымам. (7) І яшчэ ўяўляў як пры..дзе (да) дом.. вып..е конаўку сырадо.. якую падас..ць яму Марыся як потым с..дуць в..чэраць і ён гледз..чы ў яе прыва..ныя блакітныя вочы ра..павядзе што бачыў і абавязкова прыдумае што (небудзь) в..сёлае ці жахлівае а яна будзе пазіраць на смуглы цыганісты муж(ын, аў) твар усміхнецца і пад канец скажа што яму трэба было б ..рабіцца піс..меннікам вельмі ж спрытна ўмее брахаць. (8) Азаровіч ажывіўся паскорыў хаду але раптам спыніўся (на) перадзе ляжала штос..ці цёмнае і вялікае.

№ 40. Запішыце адказы на пытанні да папярэдняга тэксту.

Максімальны бал — 5.

1. Стыль тэксту (0,5 б.). 2. Тып другога сказа (0,5 б.). 3. Запішыце від даданай часткі ў трэцім сказе (0,5 б.) і сродак сувязі паміж часткамі (0,5 б.). 4. Тып восьмага сказа тэксту (0,5 б.). 5. Што значыць у чацвёртым сказе “браць на падсочку”? (0,5 б.). 6. Выпішыце з тэксту слова, якое адпавядае значэнню ‘месца, закрытае чым-н. ад прамянёў сонца’ (0,5 б.). 7. Запішыце ў форме інфінітыва дзеясловы, якімі можна замяніць падкрэсленыя ў тэксце словазлучэнні (1 б.). 8. Выпішыце з першага абзаца слова (словы), у якіх усе зычныя гукі — глухія (0,5 б.).

№ 41. Рэдактары і мовазнаўцы адзначаюць, што мова беларускамоўных газет адлюстроўвае моўную сітуацыю ў краіне і сведчыць пра тое, як “прышчэпваюцца” неўласцівыя ёй моўныя факты. У кожным сказе такія ненарматыўныя словы і канструкцыі падкрэслены. Запішыце замест іх нарматыўныя варыянты.

Максімальны бал — 5.

1. Серабро першынства дасталася камандзе БФСА “Дынама”. 2. Дзірку ў металічнай пласціне можна высвідраваць дрылем. 3. І калі ў Беларусі ас­ноўныя дзяржаўныя праграмы па будаўніцтве не будуць звернутыя, то мы будзем жыць. 4. Калі ўсё стала зразумелым, камусьці зноў няймецца: маўляў, тады абмяжуюць вываз валюты. 5. Калі верыць слыху, то аднойчы падчас афіцыйнага прыёму ў Перу Браўн запрасіў патанчыць нейкую асобу ў фіялетавым. 6. У жніўні Зімбабвэ правяло дэнамінацыю, у ходзе якой з купюры зімбабвійскага долара знялі 10 нулёў. 7. Кіраўнік падзякаваў усіх удзельнікаў будаўніцтва газаправода за тое, што яны выканалі яго даручэнне. 8. Калона грузавікоў выехала з Кабула ў раён вадасховішча  за пяском для будаўнічых патрэб. 9. Мне давялося браць бальнічны лісток па догляду за хворымі дзецьмі. 10. Па хрысціянскай традыцыі лічаць, што хрышчэнне адбылося ў васьмі кіламетрах ад старажытнага горада Іерыхон.

№ 42. Прачытайце тэкст запішыце адказы на заданні пасля тэксту.

Максімальны бал — 6.

Працэс пісьма ў той час быў вельмі складаны і марудны. Кнігі пісалі на пергамене ўставам — буйным і прамым, без нахілу, почаркам, у якім кожная літара аддзялялася ад суседняй і, можна лічыць, не пісалася, а малявалася (злітнае пісьмо з’явілася толькі ў ХV стагоддзі). Каб тэкст хутчэй высыхаў, яго прысыпалі пяском. Атрамант рабілі з адмысловых арэхаў, з адвару дубовай ці альховай кары, з жалезнай іржы вішнёвага клею. Каб перапісываць кнігі, неабходна мець і мастацкія здольнасці, бо пачатковыя літары і загалоўкі трэба аздабляць жывёльным ці раслінным арнаментам.

Заданні.

1. Выпішыце з тэксту займеннікі, укажыце іх разрады (0,25 бала за кожны займенік + 0,25 бала за кожнае правільнае напісанне яго разраду). 2. Запішыце тры прыметнікі-антонімы да выдзеленага ў першым сказе слова (0,5 бала за кожны антонім). 3. Выпішыце з тэксту слова, у якім ёсць чатыры мяккія гукі (0,5 бала). 4. Выпішыце з тэксту два словы, напісанне якіх не адпавядае арфаграфічным нормам сучаснай беларускай мовы (словы запісваем правільна) (0,25 бала за адно слова). 5. Запішыце словам у адпаведнай склонавай форме лічэбнік, ужыты ў тэксце (0,5 бала). 6. Выпішыце з тэксту ўстарэлае слова са значэннем ‘водны раствор якога-небудзь каляровага рэчыва, што ўжываецца для пісання’ (0,5 бала). 7. Запішыце ў пачатковай форме прыметнікі (1 бал): стыль тэксту — …; тып тэксту — … .

№ 43. Знайдзіце абрэвіятуры, напісанне якія не адпавядае нормам беларускай мовы. Запішыце замест іх нарматыўныя варыянты і патлумачце прычыны памылак.

Максімальны бал — 5.

1. Азаранка ўпершыню выйграла турнір ВТА. 2. У 2008 годзе ІЦ “Марка” РУП “Белпошта” выпусціў марку “200 гадоў з дня нараджэння Луі Брайля”. 3. Падробліваюцца сёння як дарагія, так і танныя лекі, падкрэслівае ВОЗ. 4. Па спецыяльнасці я пасля заканчэння свайго УВА буду трэнерам па плаванні. 5. Прафком студэнтаў БДТУ арганізоўвае за год шмат цікавых экскурсій.

№ 44. Беларускі мовазнавец Алесь Каўрус адзначаў: “Трэба адрозніваць шматпрыназоўнікавасць як стылістычны прыём (А па рэчцы па Арэсе / Бегае “маторка”) і стылістычна нематываваны паўтор прыназоўніка”. Прачытайце сказы і прапануйце свой варыянт рэдагавання. Выпраўленыя канструкцыі запішыце.

Максімальны бал — 5.

1. Сцены ад кароўніка пацямнелі ад дажджу. 2. Праз тыдзень праз вёску прайшлі нашы. 3. Быў праведзены аптовы кірмаш па продажы бакалейных тавараў і заключэнні дагавораў па іх пастаўцы. 4. За дапушчаную безгаспадарчасць ва ўліку гаручага, непрыняцце мер па ліквідацыі выяўленых недахопаў па выкарыстанні нафтапрадуктаў інжынеру аб’яўлена вымова. 5. Старшына Іваноў па сваёй рэдкай “забыўлівасці” даваў заяўкі ў гаспадарчую частку палкá па старым спісе. 

Літаратура

№ 45. Адкажыце пісьмова на пытанні.

Максімальны бал — 5.

1. Як называецца верш, апошнія радкі якога: “І тчэ, забыўшыся, рука / Заміж персідскага ўзора / Цвяток радзімы васілька”? 2. Хто аўтар верша? 3. Якое значэнне маюць у радках з верша падкрэсленыя словы “цвяток радзімы”? Растлумачце апісальна або праз сінонімы (2 балы). 4. Як называецца нізка вершаў з адзінага прыжыццёвага зборніка гэтага паэта, якая, на думку літаратуразнаўцаў, стала першым узорам урбаністычнай лірыкі ў новай беларускай паэзіі?

№ 46. Насупраць імёнаў і прозвішчаў пастаўце адпаведныя знакі: знак +, калі пісьменнік з’яўляецца паэтам, празаікам, драматургам, перакладчыкам; знак –, калі не з’яўляецца.

Максімальны бал — 8 (1 бал за кожны правільна запоўнены радок).

Імя, прозвішча пісьменнікаПаэтПразаікДраматургПеракладчык
1. Данута Бічэль    
2. Васіль Быкаў    
3. Анатоль Вярцінскі    
4. Леанід Галубовіч    
5. Уладзімір Караткевіч    
6. Якуб Колас    
7. Іван Навуменка    
8. Віктар Шніп    

№ 47. Запішыце: 1) назву вершаванага памеру кожнай страфы; 2) аўтара радкоў.

Максімальны бал — 5.

Вершаваныя радкіВершаваны памерАўтар
Партызаны, партызаны, / Беларускія сыны! / За няволю, за кайданы / Рэжце гітлерцаў паганых, / Каб не ўскрэслі век яны  
Спакойнага шчасця не зычу нікому: / Навошта грымотам маланка без грому  
Ад родных ніў, ад роднай хаты / У панскі двор дзеля красы  
Міжалешын, кустоў, / Дзе пяе салавей, I шуміць і грыміць Срэбразвонны ручэй  
Вобразы мілыя роднага краю, / Смутак і радасць мая!   

№ 48. Запоўніце табліцу, паставіўшы ў пустыя клеткі адпаведныя знакі: знак +, калі пісьменнік з’яўляецца народным, паэтам, празаікам, драматургам, сцэнарыстам, перакладчыкам, або –, калі не з’яўляецца.

Максімальны бал — 5 (1 бал за правільныя адказы насупраць пісьменніка. Пры наяўнасці аднаго няправільнага знака, а астатніх правільных, залічваецца 0,5 бала).

Імя, прозвішча пісьменнікаНародны пісьменнікПаэтПразаікДраматургСцэнарыстПеракладчык
Янка Маўр (1883—1917)      
Алесь Разанаў (нар. у 1947 г.)      
Рыгор Барадулін (1935—2014)      
Аркадзь Куляшоў (1914—1978)      
Адам Русак (1904—1987)      

№ 49. Запоўніце табліцу, паставіўшы ў пустыя клеткі адпаведныя знакі: знак +, калі пісьменнік з’яўляецца народным, паэтам, празаікам, драматургам, сцэнарыстам, перакладчыкам, або –, калі не з’яўляецца.

Максімальны бал — 5 (1 бал за правільныя адказы насупраць пісьменніка. Пры наяўнасці аднаго няправільнага знака, а астатніх правільных, залічваецца 0,5 бала).

Імя, прозвішча пісьменнікаНародны пісьменнікПаэтПразаікДраматургСцэнарыстПеракладчык
Янка Брыль (1917—2006)      
Пятрусь Броўка 1905—1980)      
Алег Лойка (1931—2008)      
Уладзімір Караткевіч (1930—1984)      
Ніл Гілевіч (1931—2016)      

№ 50. Запішыце ў пустыя клеткі назвы відаў рыфмы.

Максімальны бал — 6 (0,5 бала за кожную правільна запоўненую клетку).

АфарызмПа месцы націскуПа гукавым складзеПа размяшчэнні ў страфе
Ад чужога хлеба губы абсядаюць, Што чужога прагнуць, то сваё кідаюць. Ф.Багушэвіч   
Мы помнім выразна і свежа, Што спее ў Турцыі ў садах, А казку дзіўнай Белавежы Ледзь разбіраем па складах. М.Рудкоўскі   
Як бы цяжкім крок ні здаўся, Калі нават грозіць згубай, Не шкадуйце, аддавайце Палавіну века любым. М.Лужанін   
Голас незнаёмага можа здзівіць, Голас друга — на хвіліну спыніць, Голас любай — сагрэць сонцам лета, Голас маці — вярнуць з таго свету. М.Танк   

№ 51. Вызначце і запішыце назву вершаванага памеру кожнай страфы.

Максімальны бал — 4.

Вершаваныя радкіВершаваны памер
Мароз, зіма, / Снягі вакол, / І спіць трава, / Пад снегам дол (Я.Колас). 
Я бачыў, як вецер па полі гуляў, / Зямлю ўзрываў і бярозкай хіляў (Я.Купала). 
Не кляніце мяне,/ Што так смутна пяю (Я.Купала). 
Гэй, наперад, покі сэрца / Б’ецца, рвецца на прастор…(Я.Купала) 

№ 52. Прачытайце урывак, расстаўце прапушчаныя знакі прыпынку і запішыце адказы на пытанні (лічэбнікі запісваем словамі).

1. Колькі і якіх знакаў прыпынку прапушчана ў фрагменце? 2. Хто аўтар гэтых радкоў? 3. Як называецца твор? 4. Да якога жанру адносіцца? 5. Якому паэту прысвечаны твор?

Максімальны бал — 5.

Змораны Джукі сядзеў на пагурку ля шашы пад Стралічавам і глядзеў на поўдзень дзе несціхана гулі ў небе самалёты і далёка недзе ўжо на Украіне падымалася і стаяла як і ўсе гэтыя дні густое бурае воблака. Ён не ведаў чаму але яму раптам захацелася завыць і ён задзёршы ўгару галаву і гледзячы на рудое воблака пад якім кружылі дробныя чорныя мушкі самалёты зацягнуў як воўк.

Уладзімір КУЛІКОВІЧ.