95 гадоў гучаць над светам піянерскія горны і песні, а тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак заўсёды гатовы рабіць добрыя справы. Сёлета піянерыя святкуе 95-годдзе. Піянеры Міншчыны адзначылі гэтую дату вялікім святам, што прайшло ў знакавым для кожнага беларуса месцы — мемарыяльным комплексе “Курган Славы”.
Абласны Дзень піянерскага сяброўства “95 слаўных гадоў піянерыі” сабраў больш за 300 чалавек з усіх раёнаў цэнтральнага рэгіёна. Гэта лідары і актыў Мінскай абласной піянерскай арганізацыі, пераможцы і прызёры рэспубліканскіх конкурсаў.
Сімвалічна, што на святочным мерапрыемстве ў дружную піянерскую сям’ю ўліліся 95 хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх раёнаў вобласці, прыняўшы эстафету 95- гадовай гісторыі піянерыі. Гальштукі ім завязалі ганаровыя госці мерапрыемства: намеснік старшыні Мінаблвыканкама В.І.Сірэнка, начальнік упраўлення адукацыі Г.М.Казак, старшыня Цэнтральнага савета БРПА В.В.Мяннанава і ветэраны піянерскага руху.
— 95 гадоў — гэта сур’ёзны тэрмін для дзіцячай грамадскай арганізацыі. Гэта і тэрмін, і выпрабаванне, якое піянерыя годна вытрымала, — павіншаваў наваяўленых піянераў Віктар Іванавіч Сірэнка. — Упэўнены, гэты дзень запомніцца вам надоўга. Гэта новы этап у жыцці, калі вы папаўняеце шэрагі людзей, якія займаюць актыўную грамадзянскую, жыццёвую пазіцыю. Поспехаў вам на піянерскім шляху!
Сёння на Міншчыне больш за 100 тысяч піянераў. Дзеці актыўныя, шчырыя, яны здзейснілі мноства добрых спраў, а ў планах іх яшчэ больш.
— Піянеры Беларусі — гэта ў першую чаргу лідары. Яны смелыя і ўпэўненыя, яны ведаюць, што кожны дзень павінен быць днём здароўя, працы, добрых спраў, — лічыць першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Т.В.Апраніч. — Сённяшняе мерапрыемства — пацвярджэнне таго, што піянерскі маладзёжны рух у нашай краіне развіваецца, прырастае новымі працоўнымі акцыямі, ініцыятывамі, валанцёрскімі дасягненнямі.
Пасля ўрачыстай лінейкі піянераў чакала разнастайная святочная праграма. Праект-дэманстрацыя “Міншчына піянерская” запрасіў на інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе прадстаўнікі раённых піянерскіх арганізацый праводзілі майстар-класы, паказвалі тэатралізаванае прадстаўленне, прапанавалі паўдзельнічаць у гульнях і інтэлектуальных спаборніцтвах. Пазнаёміцца з піянерскімі справамі, што здзяйсняюцца ў розных раёнах, дзеці маглі, зазірнуўшы ў “Альбом піянерскага сяброўства”. Свята мела цудоўнае музычнае аздабленне — на сцэне гучалі ўсім вядомыя піянерскія хіты і новыя музычныя кампазіцыі піянераў Міншчыны, падрыхтаваныя ў рамках рэспубліканскага конкурсу “Піянерская дваццатка”. Лепшыя акцябраты, піянеры і дарослыя лідары ўзнагароджаны дыпломамі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама за актыўную і змястоўную работу па папулярызацыі піянерскага руху.
Свой запал, кемлівасць і спрытнасць піянеры праявілі ў квест-гульні “Піянеры Міншчыны салютуюць!”. Каманды адправіліся па станцыях, дзе выконвалі разнастайныя заданні. Так, на станцыі “Піянерская песенная” дэманстравалі сваё веданне піянерскіх і дзіцячых песень, на станцыі “Гарністы і барабаншчыкі” спраўляліся з галоўнымі піянерскімі музычнымі інструментамі, на станцыі “Цімураўцы” дапамагалі дзядулю пасадзіць бульбу, прынесці вады і скласці дровы.
У завяршэнне свята піянеры запусцілі ў неба кампазіцыю з паветраных шароў, якія сімвалізуюць 95-годдзе піянерскай арганізацыі. І следам за рознакаляровымі шарамі ляцелі абяцанні юных шчырых сэрцаў любіць сваю Радзіму, быць добрымі, сумленнымі і справядлівымі.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.