Такую выснову зрабіў “Жэньмін жыбао анлайн”. У якасці прыкладу інтэрнэт-выданне прыводзіць гутарку з кандыдатамі на пазіцыю настаўніка біялогіі, якая была арганізавана адной са школ горада Шэньчжэнь. У ёй узялі ўдзел 7 чалавек, 4 з якіх — дактары навук. Увогуле у гэтай школе дактары навук складаюць звыш 40% выкладчыкаў.
Шэньчжэнь — адзін з найлепшых гарадоў з пункту гледжання зарплатных прапаноў па розных прафесіях. Аднак тэндэнцыя росту заробку настаўнікаў і, адпаведна, прэстыжнасці гэтай прафесіі характэрна для краіны ў цэлым. Сёння кітайскія настаўнікі зарабляюць у сярэднім ад 5 да 10 тысяч юаняў у месяц (1 долар ЗША = 6,44 юаня), расце і ўдзельная вага прэстыжных універсітэтаў, якія рыхтуюць настаўнікаў.
Рост заработнай платы настаўнікаў у апошнія гады стаў асноўнай прычынай папулярнасці гэтай пасады сярод выпускнікоў ВНУ. Для шматлікіх маладых людзей стабільны даход, аплачваемы адпачынак, дастойнае сацыяльнае забеспячэнне і добры грамадскі імідж сталі моцным імпульсам для выбару прафесіі.
Паводле апошніх даных Міністэрства адукацыі КНР, сёлета 1,91 млн чалавек прайшлі атэстацыю і атрымалі “сертыфікат настаўніка”, што на 28,7% больш за леташні паказчык.
Разам з тым, эксперты Міністэрства адукацыі КНР адзначылі, што ў краіне па-ранейшаму захоўваецца нераўнамернае размеркаванне педагагічных рэсурсаў. У эканамічна больш развітых гарадах настаўнікі атрымліваюць больш субсідый, аднак у асобных бедных раёнах па-ранейшаму назіраецца недахоп педагогаў. Выйсце прапануецца простае — павялічыць субсідзіраванне ў бедных раёнах, матываваць таленты з вышэйшай педагагічнай адукацыяй застацца ў вёсках. Толькі такім чынам атрымаецца дасягнуць балансу ў галіне.
Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.