ІТ як прыкмета ўсяго сучаснага і эфектыўнага

- 22:01Сацыяльны ракурс
Т.Ф. Мілова

Сёлета павінен з’явіцца рэестр ІТ-прафесій, актуальных для нашай краіны. Яго распрацоўвае аб’яднанне лідараў устаноў дадатковай адукацыі ў ІКТ-сферы — гэта шэсць буйных вучэбных цэнтраў і навукова-тэхналагічная асацыяцыя “Інфапарк”. Каб даведацца, для чаго прызначана гэтая распрацоўка, мы звярнуліся ў Інстытут бесперапыннай адукацыі БДУ, які з’яўляецца адным з удзельнікаў праекта. Тое, што гутарка з дырэктарам інстытута кандыдатам філасофскіх навук Таццянай Францаўнай МІЛОВАЙ выйшла за межы пастаўленай мэты, стала прыемным сюрпрызам.

Чаму асноўная адукацыя не канкурэнт дадатковай

— Напэўна, невыпадкова за рэестр ІТ-прафесій узяліся ўстановы дадатковай адукацыі. Гэта пасыл аб тым, што вышэйшая школа не можа забяспечыць ІТ-галіну кадрамі ў неабходнай колькасці і з неабходнымі кампетэнцыямі?

Т.Ф. Мілова— Сітуацыя з ІТ-спецыялістамі ў нашай краіне дастаткова складаная. Па ацэнках міжнародных экспертаў, для таго каб ІТ-сфера паспяхова развівалася і адыграла сваю ролю ў мадэрнізацыі беларускай эканомікі, трэба, каб штогадовы выпуск спецыялістаў, уключаючы перападрыхтоўку, павялічыўся на 4 тысячы. Сіламі асноўнай адукацыі гэта немагчыма зрабіць па розных прычынах. Па-першае, няма такой колькасці месцаў для студэнтаў у нашых універсітэтах. Па-другое, вялікія тэрміны навучання — гэта галоўная перашкода для развіцця многіх сучасных тэхналогій, асабліва ў праграмаванні. Тут, канечне, асноўная адукацыя не можа канкурыраваць з дадатковай.
Дадатковая адукацыя заўсёды бярэ ў разлік вынікі асноўнай і імкнецца надбудаваць, дапоўніць іх там, дзе яны недастатковыя. Да самага нядаўняга часу яна была больш свабодная ў вызначэнні зместу і форм навучання. Праўда, за апошні год яе рэгламентацыя рэзка ўзмацнілася, і гэтая тэндэнцыя працягвае развівацца. Будзе крыўдна, калі дадатковая адукацыя згубіць сваю мабільнасць. У гэтай сферы ёсць больш магчымасцей прыцягваць да выкладання лепшых практыкаў.
Дадатковая адукацыя імкнецца выконваць ролю “сцяжкі” паміж рэальным сектарам і дэфіцытам інавацый у адукацыі. Для эканомікі гэта важна таму, што яна атрымлівае больш кваліфікаваныя кадры, сучасныя тэхналогіі ўкараняюцца больш паспяхова, няма тэхналагічнай вайны, пры якой чалавек, які асвоіў нешта новае, выглядае разбуральнікам існуючага ладу, белай варонай. Для людзей, якія атрымліваюць дадатковую адукацыю, гэта заўсёды магчымасць змяніць сваё жыццё да лепшага. У сферы інфармацыйных тэхналогій яе многія ўспрымаюць як сацыяльны ліфт — магчымасць выйсці на больш высокі ўзровень даходаў, займець вялікую колькасць новых кантактаў. Дадатковая адукацыя працуе на тое, каб канкрэтныя людзі маглі ўгнацца за неймавернай дынамікай ІТ-сферы.

— ІТ — гэта галіна, якая больш за ўсё вучыцца і, галоўнае, сама стварае для гэтага ўсе магчымасці — і праз карпаратыўнае навучанне, і праз кампетэнтнасныя цэнтры пры ўніверсітэтах, і праз прафесійныя аб’яднанні. Магчыма, таму гэта і самая інавацыйная сфера. Будучым айцішнікам трэба настройвацца на тое, што адным універсітэтам яны не абмяжуюцца.
— Згодна з вамі. Але хачу дадаць: сёння няма ніводнай сферы, дзе можна атрымаць асноўную адукацыю і лічыць, што жыццё ўдалося. Якім бы ні быў першы дыплом, калі ў нейкі момант перастаеш вучыцца, становішся незапатрабаваным, некарысным. Поспех звязаны са здольнасцю асвоіць новае, а гэта новае сёння такое разнастайнае! Калі ў Беларусі ідэя “Адукацыя праз усё жыццё” пакуль што выглядае некалькі экзатычна, то для краін Еўропы гэта норма жыцця.

Мноства прычын вывучаць ІТ задоўга да ўніверсітэта

— У ІТ-сферы як нідзе важна, у якім узросце пачнеш вучыцца…
— Спецыфіка ІТ заключаецца ў вельмі раннім уваходжанні ў прафесію. Як сцвярджаюць эксперты, самыя лепшыя праграмісты — ва ўзросце ад 20 да 27 гадоў. Рабіць першыя крокі ў 22—23 гады, калі заканчваеш універсітэт, не лепшы спосаб распарадзіцца сабой, бо значная частка найбольш прадукцыйнага часу ўжо прайшла. Пасля 27 гадоў праграмісты пачынаюць перамяшчацца на іншыя пазіцыі. Тыя, хто забяспечыў сабе ўнутранае развіццё і чыя кваліфікацыя высокая, альбо растуць па лініі менеджменту, альбо становяцца аналітыкамі, архітэктарамі.
Каб зрабіць пачатак сваёй дзейнасці паспяховым, у ІТ, як ні ў якой іншай сферы, важна пачаць вучыцца нашмат раней, чым трапіш ва ўніверсітэт. Мы, напрыклад, запрашаючы старшакласнікаў у ІТ-школу, гаворым, што інфармацыйныя тэхналогіі — гэта шанс рабіць тое, што падабаецца, і пры гэтым забяспечваць уласны сацыяльны і эканамічны поспех. Бацькі, напэўна, ужо паспелі расказаць дзецям, што любая работа складваецца з таго, што хочацца і прыемна рабіць, і таго, што рабіць вымушаны. Вось гэтае спалучэнне бывае ў самых розных прапорцыях. У ІТ яно можа быць аптымальным.
ІТ — тая галіна, дзе трэба стымуляваць ранні пачатак практычнай дзейнасці. Не ў кожнай прафесіі гэта магчыма. Скажам, таму, хто хоча быць палітыкам, няма чаго рабіць у палітыцы ні ў 17, ні ў 20 гадоў: патрэбна ўнутраная сталасць. А вось праграмістам можна стаць у 17, проста для гэтага трэба нешта ведаць і нешта навучыцца рабіць. Ствараць сайты, абменьвацца інфармацыяй праз інтэрнэт, пісаць камп’ютарныя праграмы — чым гэта горш, чым ляжаць на канапе і піць піва ці ўсю ноч скакаць на дыскатэцы? Ды і адно з другім мірыцца: галаве трэба парой праветрыцца. Але перад усім яе трэба загрузіць. Адчуванне дабрабыту прыходзіць не толькі тады, калі зарабляеш грошы, а калі ты карысны. Чалавеку важна ведаць, што ён дастаткова добры і разумны, каб зрабіць нешта важнае і патрэбнае для іншых. Для падлеткаў мае значэнне таксама адчуванне ўцягнутасці ў сапраўдны дарослы свет. Гэта дае псіхалагічную ўстойлівасць, зусім іншае ўспрыняцце перспектывы жыцця. Зразумела, што ніхто не даручыць 16-17-гадовым юнакам нейкія складаныя задачы, але стаць удзельнікам буйнога праекта, скажам, напісаць частку кода, ім па сілах.
Інфармацыйныя тэхналогіі — гэта выдатны спосаб праверыць сваё мысленне, прымяняць неўласцівыя тыпы мыслення ў асноўнай дзейнасці. Напрыклад, юны мастак, якому трэба не толькі прыдумаць сюжэт карціны, але і стварыць яе пры дапамозе тэхнічных сродкаў, атрымлівае ўнікальную магчымасць: ён аперыруе і “машынным” спосабам мыслення, і ў той жа час захоўвае ўнікальнасць вобразнага ўспрыняцця свету. Гэта таксама важна для маладых: бачыць, як іх непаўторны спосаб успрымаць рэчаіснасць упішацца ў той гатовы свет, які ўжо існуе.
Сёння засталося вельмі мала такіх сфер, а ў найбліжэйшыя гады ўвогуле не застанецца, дзе можна абысціся без інфармацыйных тэхналогій. Некаторы час назад мы шукалі вадзіцеля ў інстытут і наўмысна размясцілі аб’яву ў інтэрнэце, бо хацелі бачыць чалавека, які ўмее карыстацца сеткай хаця б для таго, каб чытаць навіны. Аб чым гаворыць гэты прыклад? Вывучаючы ІТ у раннім узросце, чалавек паляпшае свае сацыяльныя і прафесійныя шансы незалежна ад таго, стане ён ІТ-спецыялістам ці будзе працаваць у нейкай іншай сферы альбо проста будзе карыстальнікам.
Чаму яшчэ важна вывучаць ІТ у той час, калі выбіраеш прафесію. Большасць спецыяльнасцей аказваюцца абсалютна непадобнымі на ўяўленні аб іх, калі пачынаеш працаваць. Ні ў каго з нас няма магчымасці “памацаць рукамі” шмат прафесій — у лепшым выпадку мы можам змяніць некалькі. Інфармацыйныя тэхналогіі дапамагаюць паспрабаваць сябе ў розных ролях — пры дапамозе эмулятараў, віртуальнага ўключэння ў пэўную дзейнасць. Даволі шмат работ сёння заказваюцца, выконваюцца і аплачваюцца праз інтэрнэт, прычым заказчык і выканальнік могуць нават ніколі не сустрэцца. Паспрабаваўшы работу ў некалькіх сумежных галінах, можна рабіць выбар ужо на рэальнай падставе.

— Але каб спрабаваць розную работу, трэба мець адпаведныя веды.
— Так, і магчымасцей для гэтага шмат: школа — раз, інфармацыйныя сеткі — два, установы дадатковай адукацыі — тры. Хаця школа, з майго пункта гледжання, дапускае адну вельмі сур’ёзную памылку: дае адказы на пытанні раней, чым у дзяцей узнікаюць самі пытанні, а парой і замест пытанняў. Тое, што сучасная адукацыя складаецца з адказаў, — небяспечная нагрузка для нармальнага чалавека, таму што ён перастае думаць. Тым не менш школа вучыць знаходзіць адказы на пытанні, калі тыя ўсё ж такі з’яўляюцца, — гэтую частку місіі яна выконвае.
У сучасным свеце можна вучыцца па сваім уласным плане, ізноў жа дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям. Вучыцца таму, што ты хочаш ведаць: ад найпрасцейшых да самых складаных рэчаў. Калі б мне ў 20 гадоў сказалі, што можна атрымліваць адукацыю ў Стэнфардзе, проста ўключыўшы камп’ютар, я не паверыла б.

Арыенціры пры выбары прафесіі і праграмы дадатковага навучання

— Калі вярнуцца да рэестра ІТ-прафесій, то якое яго прызначэнне? Як узнікла сама ідэя стварыць такі рэестр?
— Шэсць буйных вучэбных цэнтраў, якія ўваходзяць у аб’яднанне лідараў устаноў дадатковай адукацыі ў ІКТ-сферы,   вырашылі разабрацца, хто мы: канкурэнты альбо ў нас ёсць падставы для партнёрства. І высветлілі, што адзін аднаму не перашкаджаем, што работы ў сферы дадатковай адукацыі столькі, колькі мы не можам зрабіць нават агульнымі намаганнямі.
Ідэя рэестра, ці карты, матрыцы, каталога, ідзе ад практыкі ІТ-прадпрыемстваў. У пяці розных кампаніях пазіцыі супрацоўнікаў з адным і тым жа зместам дзейнасці і ўзроўнем складанасці могуць называцца пяццю рознымі словамі. З другога боку, зараз па пальцах адной рукі можна пералічыць назвы пасад, якія запісваюць ІТ-спецыялістам у працоўную кніжку. І людзі з аднолькавымі запісамі могуць выконваць абсалютна розную работу, ад іх патрабуюць розных вынікаў.
Патрэбна не толькі агульная мова для саміх кампаній, але і пэўныя арыенціры для тых людзей, якія глядзяць на ІТ-сферу звонку і спрабуюць вызначыць, як трапіць у гэтую сферу і дасягнуць у ёй поспеху. Выбіраючы свой шлях, сваю прафесію, чалавек павінен разумець, як яна суадносіцца з іншымі прафесіямі, ці дае магчымасці росту.
Пакуль мы вызначылі толькі крытэрыі для класіфікацыі прафесійных пазіцый у ІКТ-сферы, і нават іх спіс атрымаўся вельмі ўнушальным. У ідэале для ўсіх пазіцый мы хочам скласці так званыя карты кампетэнцый, каб на іх аснове распрацоўваць адукацыйныя праграмы.

— Што дазваляе Інстытуту бесперапыннай адукацыі ўваходзіць у лік лідараў устаноў дадатковай адукацыі ў ІКТ-сферы?
— Напрамак інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у інстытуце развіваецца з той пары, як існуе ўстанова. На ўзроўні перападрыхтоўкі мы вучым слухачоў па спецыяльнасцях “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных сістэм”, “Прыкладная матэматыка”, “Эканамічная кібернетыка”. Ёсць унікальная спецыяльнасць са складанай назвай, але вялікай будучыняй — “Актуарная матэматыка”. Матэматыкі-фінансісты — гэта спецыялісты, якія будуюць матэматычныя мадэлі і з іх дапамогай разлічваюць рызыкі і верагоднасці надыходу фінансавых падзей. Яны сёння патрэбны ў банках, страхавых кампаніях, буйных холдынгах, а заўтра будуць незаменныя. Акрамя таго, мы спрабуем пераканаць Міністэрства адукацыі наконт адкрыцця яшчэ дзвюх спецыяльнасцей перападрыхтоўкі: “Прыкладная інфарматыка”, каб вучыць праграмістаў не толькі з матэматычнай базай, але арыентаваных на рашэнне канкрэтных прыкладных задач, і “Дакументацыйнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, у межах якой плануем рыхтаваць тэхнічных пісьменнікаў, якіх нідзе не выпускаюць. Тое, што іх не вучаць на ўзроўні асноўнай адукацыі, можна растлумачыць: у іх падрыхтоўцы павінна спалучацца магутная інфармацыйна-тэхнічная база, з аднаго боку, і лінгвістычна-гуманітарная — з другога.
Інстытут заўсёды імкнуўся праводзіць курсы павышэння кваліфікацыі, звязаныя з новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, для прасунутых карыстальнікаў. Зараз мы ўкараняем ІТ у нашы кароткія праграмы, дзе толькі магчыма. Калі навучаем кадравікоў ці кіраўнікоў турыстычных арганізацый, то даём ім магчымасць папрацаваць з праграмнымі прадуктамі, што выкарыстоўваюцца ў рабоце кадравых службаў альбо ў турызме. Такія віды навучання, якія злучаюць розныя галіны, нездарма вельмі запатрабаваны, бо прыводзяць да прафесійнага росту спецыялістаў, якія атрымліваюць новыя веды, і эканамічнага эфекту ў тых галінах, у якіх яны працуюць.

— А для школьнікаў у інстытута таксама ёсць прапанова?
— Гэта ІТ-школа для старшакласнікаў, якую мы адкрываем у найбліжэйшы час. У яе праграме — асновы праграмавання на мове Java, асновы праграмавання баз даных, вэб-праграмаванне, магчыма, англійская мова для інфармацыйных тэхналогій, бо без яе ІТ нельга ўявіць.

— Таццяна Францаўна, якія вашы прагнозы наконт развіцця ІТ-сферы? Напрыклад, кажуць, што ўсё больш праграмнага забеспячэння будзе стварацца для бізнесу. Якія тэндэнцыі вы б адзначылі?
— ІТ у бізнесе ўжо вельмі развіты. У бізнесу, які не абапіраецца на інфармацыйныя тэхналогіі, няма ні будучыні, ні сучаснасці. Што да канкрэтных тэхналогій і ўнутраных сектараў ІТ-індустрыі, то тут лепшы прагноз зрабілі б яе прадстаўнікі. Для мяне відавочна наступнае. Інфармацыйныя тэхналогіі будуць развівацца і ў тых галінах, дзе іх ніколі не было. Непазбежна будзе “расці” пэўны буфер паміж чалавечай дзейнасцю і яе вынікам у выглядзе інфармацыйных структур, ІТ-пасрэднікаў. Ужо сёння няма нічога, што пабудавана без інфармацыйных тэхналогій і пры гэтым эфектыўна і якасна. І заўтра гэтая тэндэнцыя будзе толькі нарастаць.

Іна НІКІЦЕНКА.

nikitsenka@ng-press.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.