Яшчэ адзін крок да агенцтва

- 12:13Якасць адукацыі

Нядаўна нашу краіну наведала дэлегацыя з Расійскай Федэрацыі, у склад якой увайшлі спецыялісты Нацыянальнага акрэдытацыйнага агенцтва ў сферы адукацыі і прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі. У ходзе візіту расійская дэлегацыя дасканала азнаёмілася з сістэмай акрэдытацыі, ліцэнзавання навучальных устаноў і працэдурай забеспячэння якасці адукацыі Рэспублікі Беларусь, сустрэлася з прадстаўнікамі Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі нашай краіны, кіраўнікамі ўстаноў вышэйшай адукацыі Беларусі.

У дзень прыезду расійскіх калег у галіновым міністэрстве нашай краіны была арганізавана сустрэча з першым намеснікам міністра адукацыі І.А.Старавойтавай, якая ў сваім прывітальным слове адзна­чыла значнасць візіту расійскіх калег у паглыбленні інтэграцыі ў адукацыйнай сферы пад эгідай Саюзнай дзяржавы. Папярэдне наша краіна дакладна вывучала ўжо існуючы вопыт Расіі. У час паездак супрацоўнікі нашага дэпартамента і прадстаўнікі вышэйшай школы азнаёміліся з падыходамі да ажыццяўлення кантролю і ацэнкі якасці адукацыі расійскіх калег, вывучалі мадэлі і асаблівасці дзейнасці адпаведных структур.

— Блізкасць сістэм адукацыі дзвюх дзяржаў абумовіла падобнасць падыходаў у гэтым напрамку і вызначыла выбар мадэлі стварэння ў нашай краіне Нацыянальнага агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі, — падкрэсліла І.А.Старавойтава. — Таму я шчыра вітаю наша творчае супрацоўніцтва, якое прынясе пэўны плён для адукацыі як Расіі, так і Беларусі.

Дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі галіновага міністэрства М.У.Мірончык нагадаў, што візіт расійскіх калег праходзіць у рамках падпісанага год назад у Маскве Пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Федэральнай службай па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі. У пагадненні вызначаны асноўныя напрамкі супрацоўніцтва ў галіне дзяржаўнай акрэдытацыі ўстаноў вышэйшай адукацыі (адукацыйнай дзейнасці арганізацый, якія яе ажыццяўляюць па адукацыйных праграмах вышэйшай адукацыі).

— Акрамя таго, партнёрскае ўзаемадзеянне дзвюх краін са­дзейнічае павышэнню якасці адукацыі ў Саюзнай дзяржаве, спрыяе паглыбленню інтэграцыйных працэсаў паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй, — падкрэсліў Міхаіл Уладзіміравіч. — Згодна з пагадненнем, мы рэалізуем план сумесных мерапрыемстваў на гэты год, які дзейнічае паміж Нацыянальным акрэдытацыйным агенцтвам у сферы адукацыі (Расакрэдагенцтва) і нашым дэпартаментам. Мы ў гэтым асабліва зацікаўлены, таму што ў нас вядзецца актыўная работа па стварэнні ў нашай краіне Нацыянальнага агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі.

Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт стаў пляцоўкай для працягу размовы па гэтай тэме. Ва ўстанове быў праведзены вучэбны семінар, у якім прынялі ўдзел кандыдаты ў эксперты (назіральнікі) Федэральнай службы па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі, прадстаўнікі Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі, педагагічныя работнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны. Частка ўдзельнікаў семінара была падключана да работы ў рэжыме відэа-канферэнц-сувязі. Таксама было арганізавана суправаджэнне тэсціравання кандыдатаў у эксперты (назіральнікі). У парадак дня семінара былі ўключаны пытанні заканадаўства ў сферы адукацыі Рэспублікі Беларусь, асабліва ў частцы новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, дзяржаўнай рэгламентацыі адукацыйнай дзейнасці ў Расійскай Федэрацыі, парадку правя­дзення акрэдытацыйнай экспертызы (роля эксперта / кіраўніка экспертнай групы), тэсціравання прэтэндэнтаў у эксперты.

Па словах намесніка дырэктара Дэпартамента кантролю якасці адукацыі галіновага міністэрства А.Т.Зямновай, напярэдадні візіту расійскай дэлегацыі ў Дэпартамент кантролю якасці адукацыі былі прадстаўлены звесткі аб кандыдатурах прэтэндэнтаў у эксперты з ліку найбольш падрыхтаваных педагагічных работнікаў устаноў вышэйшай адукацыі, каб з іх ліку сфарміраваць групу экспертаў (назіральнікаў) і арганізаваць іх далейшую работу. Семінар быў працягнуты на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў Магілёве.

Візіт у Беларусь прадстаўнікоў расійскага Нацыянальнага акрэдытацыйнага агенцтва ў сферы адукацыі завяршыўся ў Магілёве. Тут на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта адбыўся яшчэ а­дзі­н сумесны семінар па пытаннях арганізацыі дзяржаўнай акрэдытацыі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Мерапрыемства таксама праходзіла ў рамках двухбаковага Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Федэральнай службай па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі.

Дарэчы, месца правядзення семінара было выбрана невыпадкова. Беларуска-Расійскі ўніверсітэт — міждзяржаўная адукацыйная ўстанова. Гэта адзіная ў краіне УВА, дзе вучэбны працэс ажыццяўляецца як па беларускіх, так і па расійскіх адукацыйных праграмах.

— Зараз адбываецца трансфармацыя нацыянальнай сістэмы якасці адукацыі ў кантэксце новых падыходаў у заканадаўстве аб адукацыі. Наогул, з прыняццем праекта новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі ўсю адукацыйную сферу чакаюць працэсы, звязаныя з далейшым паступальным развіццём. Змяненні прадугледжаны ў тым ліку і ў арганізацыі забеспячэння якасці адукацыі. Будзе створана новая структура, якая ажыццяўляе дзяржаўную акрэдытацыю, — Нацыянальнае агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі. Мадэль агенцтва выбрана аналагічна той, якая ўжо існуе ў Расіі. Гэта абумоўлена блізкасцю сістэм адукацыі дзвюх дзяржаў, падабенствам падыходаў да забеспячэння якасці адукацыі. Галоўная мэта гэтага семінара і візіту расійскіх калег у цэлым — наладжванне плённых узаемаадносін і абмену вопытам у гэтым напрамку, — адзначыла намеснік дырэктара Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі А.Т.Зямнова.

— Плённае супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Федэральнай службай па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі наладжа­на даўно. Узаемадзеянне мае шэраг станоўчых вынікаў. Адзін з найбольш значных — стварэнне беларускага Нацыянальнага агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі па расійскай аналогіі. Гэта надзвычай прыемна і яшчэ раз пацвярджае наша ўзаемаразуменне па самых розных пытаннях, — паведаміла намеснік дырэктара расійскага Нацыянальнага акрэдытацыйнага агенцтва ў сферы адукацыі Т.К.Бібік.

Будзе створана новая структура, якая ажыццяўляе дзяржаўную акрэдытацыю, — Нацыянальнае агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі.

Арганізаваны ў БРУ семінар стаў значнай падзеяй для кіраўнікоў структурных падраз­дзяленняў, прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэта. У ходзе канструктыўнага дыялогу закраналася шмат актуальных тэм. Гутарка ішла аб новых асаблівасцях у дзяржаўнай акрэдытацыі адукацыйнай дзейнасці ў Расіі, патрабаваннях федэральных дзяржаўных стандартаў вышэйшай адукацыі да рэалізацыі асноўных адукацыйных праграм, дыстанцыйных тэхналогіях ацэнкі якасці падрыхтоўкі навучэнцаў. Асаблівы акцэнт быў зроблены на алгарытмах падрыхтоўкі навучальнай установы да дзяржаўнай акрэдытацыі адукацыйнай дзейнасці.

— У перыяд падрыхтоўкі да дзяржаўнай акрэдытацыі навучальнай установе неабходна прааналізаваць патрабаванні дзяржаўнага адукацыйнага стандарту і правесці самаабследаванне наконт таго, як выконваюцца гэтыя патрабаванні пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы. Увагу трэба ўдзяліць аналізу кадравага патэнцыялу, матэрыяльна-тэхнічных умоў, вучэбна-метадычнага суправаджэння. Таксама трэба падрыхтаваць студэнтаў да кантрольных работ па вучэбных дысцыплінах, якія праводзяцца з мэтай праверкі якасці падрыхтоўкі навучэнцаў. Але галоўны фактар паспяховага праходжання акрэдытацыі — якасная і сістэмная арганізацыя вучэбнага працэсу ў адпаведнасці з усімі дзяржаўнымі патрабаваннямі, — расказала прарэктар па адукацыйнай дзейнасці Маскоўскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, доктар юрыдычных навук, прафесар, эксперт расійскага Нацыянальнага акрэдытацыйнага агенцтва ў сферы адукацыі Л.А.Петручак.

Важным момантам пасля заканчэння семінара стала дыскусія ў межах праблемнага поля, падчас якой кіраўніцтва і выкладчыкі БРУ змаглі атрымаць кампетэнтныя адказы на ўсе хвалюючыя іх пытанні. Па выніках мерапрыемства было прынята агульнае рашэнне аб прадаўжэнні ўсебаковага абмену вопытам.

Ала КЛЮЙКО,
Ганна СІНЬКЕВІЧ,
Фота аўтараў.