Ленінскі раён Мінска імкліва развіваецца і лічыцца адным з лепшых у горадзе. У сферы адукацыі — таксама. Тут рэалізуецца шмат інавацыйных пачынанняў, перспектыўных праектаў, творчых знаходак і ідэй. Сёлета ў раёне адкрылася новая сучасная школа.
— Новы навучальны год пачаўся з папярэдняга аналізу выкананых задач і вызначэння далейшых планаў, — расказала Наталля Генадзьеўна Кучынская, начальнік упраўлення па адукацыі Адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска. — Перспектыўную танальнасць рабоце надалі рашэнні, прынятыя на Рэспубліканскім педагагічным савеце, гарадскім і раённым форумах педагогаў. “Вектар развіцця —
якасць,” — гэта нязменны дэвіз работы ўпраўлення і ўстаноў адукацыі нашага раёна.
Вядучым напрамкам дзейнасці ўпраўлення па адукацыі з’яўляецца арганізацыя ва ўстановах выхаваўчай работы, якая павінна весціся пры цесным узаемадзеянні з бацькамі. Дзейнасць раённага бацькоўскага ўніверсітэта, які працуе ў сталічным рэгіёне з мінулага навучальнага года, сёлета набывае новае гучанне. У рамках універсітэта ўжо праведзены 3 бацькоўскія сустрэчы-сходы ў рэжыме анлайн, што дазволіла ахапіць вялікую аўдыторыю. Сходы былі прысвечаны бяспецы дзяцей у інтэрнэце, пытанням выхавання дзяцей у апякунскіх сем’ях, школьнаму харчаванню.
Падчас бацькоўскіх субот праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, дыялогавыя пляцоўкі, у ходзе якіх умацоўваюцца зносіны з бацькамі. Тэлеграм-канал “Адукацыя. Ленінскі. Мінск” карыстаецца папулярнасцю ў раёне. Ён мае шмат актуальных рубрык, у тым ліку накіраваных на выхаванне бацькоўскай свядомасці і вызначэнне новых крокаў узаемадзеяння сям’і і школы. Там змяшчаюцца парады спецыялістаў раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, педагогі дзеляцца сваімі напрацоўкамі.
Характэрным для раёна стала развіццё лічбавізацыі сферы адукацыі. На працягу шэрага гадоў будуецца лічбавае асяроддзе. З гэтай мэтай праводзяцца раённыя навукова-практычныя канферэнцыі па тэме выхавання школьнікаў ва ўмовах лічбавага грамадства. Заслугоўвае ўвагі раённы конкурс SMART-кабінетаў, якія маюць сучаснае тэхнічнае аснашчэнне і метадычнае забеспячэнне. Такім кабінетам могуць карыстацца педагогі, навучэнцы, бацькі.
У школах раёна адкрыты рэсурсныя цэнтры рознай накіраванасці. Адзін з іх — гарадскі цэнтр мэдыяцыі — працуе на базе гімназіі № 17 і скіраваны на павышэнне ўвагі педагогаў да індывідуальнай работы з навучэнцамі, у тым ліку з дапамогай мастацкіх сродкаў. Захоўваецца ў рабоце і іміджавы кірунак. Гэтаму, безумоўна, спрыяе агляд-конкурс “Брэнд адукацыі Ленінскага раёна”, які ахоплівае адукацыйны (у тым ліку інклюзію — работу як з адоранымі навучэнцамі, так і з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця), выхаваўчы, спартыўна-масавы, метадычны, кіраўніцкі напрамкі дзейнасці, а таксама стварэнне бяспечных умоў у навучальнай установе. У фарміраванні іміджу ўстаноў адукацыі асобнае месца займае профільнае навучанне, якое дазваляе развіваць інтарэсы і схільнасці навучэнцаў. У школах раёна дзейнічаюць педагагічныя класы, дзе вучацца дзеці, якія выбіраюць прафесію педагога. Безумоўна, сённяшнія выхаванцы ўстаноў адукацыі ў будучыні папоўняць каманду прафесіяналаў сферы адукацыі Ленінскага раёна сталіцы.
Скараціць дыстанцыю
У Ленінскім раёне сталіцы актыўна развіваецца рэгіянальная сістэма спецыяльнай адукацыі, ствараюцца неабходныя ўмовы для навучання ўсіх катэгорый дзяцей: з парушэннямі інтэлекту, маўлення, зроку, слыху, апорна-рухальнага апарату і інш. Флагманам у аказанні спецыяльнай дапамогі дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з’яўляецца Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Ленінскага раёна Мінска. Ужо шмат гадоў цэнтрам кіруе Таццяна Барысаўна Піваварчык.
— Наш цэнтр — гэта поліфункцыянальная ўстанова спецыяльнай адукацыі, у якой адным з самых значных напрамкаў дзейнасці з’яўляецца развіццё ў грамадстве інклюзіўнай культуры ў адносінах да людзей з асаблівымі патрэбамі, — адзначае Т.Б.Піваварчык. — Стала добрай традыцыяй праводзіць мерапрыемствы для такіх навучэнцаў з удзелам аднагодкаў са школ і гімназій Ленінскага раёна. Цяпер калектыў установы рэалізуе праект “#БЕССАЦФІЛЬТРАЎ”. У чым яго сэнс? Сёння сярод моладзі і людзей старэйшага пакалення назіраецца недахоп сацыяльных ведаў. Таму для сучаснага чалавека з’яўляецца актуальным авалоданне сацыяльнымі кампетэнцыямі, сярод якіх зносіны з людзьмі з інваліднасцю і асаблівасцямі развіцця.
Па ініцыятыве цэнтра ў школьны каляндар устаноў адукацыі раёна ўключаны сацыяльна значныя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў інтэрактыўнай форме. Сёння ў цэнтры прадстаўлены фотапраект “#БЕССАЦФІЛЬТРАЎ” (фатограф Ігар Калашнікаў). Яго мэта — убачыць жыццё дзяцей з асаблівасцямі ў іншым ракурсе. Фатаграфіі расказваюць пра тое, што гэтыя дзеці маюць патрэбу не столькі ў доглядзе, колькі ў навучанні, паказаны метады і прыёмы, якія выкарыстоўваюцца для навучання дзяцей такой катэгорыі. У кожнай фотарабоце можна адчуць бязмежныя пяшчотныя пачуцці бацькоў да сваіх асаблівых дзяцей. Праз фатаграфію расказваецца аб магчымасцях гэтых сем’яў жыць поўным жыццём і быць шчаслівымі са сваімі дзецьмі. Педагогі цэнтра працуюць з кіраўніцтвам устаноў адукацыі, педагагічнай грамадскасцю раёна, праводзячы дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы, розныя мерапрыемствы.
— Задачай нашага супрацоўніцтва з’яўляецца павышэнне ўзроўню сфарміраванасці талерантнасці ва ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, каб яны былі дастаткова інфармаваны пра людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, умелі прымяняць гэтую інфармацыю ў рэальным жыцці, — разважае Таццяна Барысаўна. — Сёння мы адчуваем павышэнне эфектыўнасці кіраўніцкіх рашэнняў у школах раёна ў адносінах да дзяцей з асаблівымі патрэбамі, назіраем фарміраванне ўважлівых адносін да іх бацькоў.
Наступнай знакавай падзеяй у рамках рэалізацыі праекта стала стварэнне інтэрактыўнай пляцоўкі “Звычайныя людзі: пачуць, убачыць, адчуць…” на базе аднаго з памяшканняў сярэдняй школы № 130 Мінска. Быў распрацаваны яго сучасны дызайн-праект, за кошт спонсарскіх сродкаў праведзены рамонтныя работы, а цяпер вядзецца абсталяванне кабінета і пошук сродкаў на яго зместавае напаўненне. Ва ўдзельнікаў інтэрактыўнай пляцоўкі будзе магчымасць адчуць на сабе штодзённыя перашкоды, з якімі сутыкаюцца людзі з інваліднасцю: цяжкасці самаабслугоўвання, перамяшчэння, камунікацыі. Гэта дапаможа скараціць сацыяльна-псіхалагічную дыстанцыю ва ўзаемадзеянні з асаблівымі людзьмі. Пляцоўка зможа служыць прасторай для правядзення інклюзіўных мерапрыемстваў і нефармальных зносін. Новым напрамкам работы з’яўляецца ўзаемадзеянне з грамадскімі аб’яднаннямі і арганізацыямі. Яны сталі партнёрамі цэнтра ў правядзенні раённага марафону інклюзіўных практык “#БЕССАЦФІЛЬТРаў”, які стартаваў у канцы кастрычніка, а яго вынікі будуць падводзіцца напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў.
Як расказала дырэктар цэнтра, ва ўсіх установах адукацыі раёна ўдасканальваецца безбар’ернае асяроддзе: існуюць кнопкі выкліку, усе пандусы ў школах прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі, зроблена яркая маркіроўка шкляных дзвярэй, кантрасная маркіроўка прыступак. Пры правядзенні рамонтных работ ва ўстановах выкарыстоўваецца тактыльная плітка на лесвіцах. Прадстаўлена візуальная інфармацыя, у тым ліку выкананая шрыфтам Брайля, усіх значных памяшканняў ва ўстанове (гардэроб, туалет, прыёмная, актавая зала), пачата ўстаноўка маўленчых інфарматараў, забяспечаны доступ да сайтаў устаноў адукацыі. Работа калектыву па фарміраванні інклюзіўнай культуры павышае сацыяльны статус дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці, адкрывае перспектывы сем’ям, якія выхоўваюць такіх дзяцей.
Гульня ў інфарматыку
Яслі-сад № 372 Мінска мае даўнюю гісторыю з багатымі традыцыямі. Сёння гэта ўтульны дом для 215 дзяўчынак і хлопчыкаў, у якім створаны спрыяльныя ўмовы для іх камфортнага знаходжання і рознабаковага развіцця. Кожнае дзіця акружана ўвагай, клопатам і ласкай і знаходзіць сабе занятак па душы. Педагогі разам з выхаванцамі ствараюць, гуляюць, мараць і перамагаюць.
Як расказала загадчыца ясляў-сада Л.Я.Герасімава, ужо трэці год працягваецца супрацоўніцтва ўстановы дашкольнай адукацыі з Паркам высокіх тэхналогій па рэалізацыі адукацыйнага праекта “Інфарматыка без разеткі”. Адметнай асаблівасцю гэтага праекта з’яўляецца навучанне выхаванцаў без выкарыстання камп’ютараў і планшэтаў. У спецыяльных гульнях дашкаляты ўзаемадзейнічаюць не з рэальнымі аб’ектамі, а з вобразамі, сімваламі, малюнкамі, прадметамі з нерэальнымі ўласцівасцямі і функцыямі.
— Па сутнасці, гэта комплексныя гульнявыя заняткі, накіраваныя на развіццё памяці, увагі, мыслення і творчага ўяўлення, — адзначыла Ларыса Яўгенаўна. — Адзін з выхаванцаў, даведаўшыся, што ён будзе займацца інфарматыкай, спытаў: “Мы будзем гуляць на камп’ютарах?” Атрымаўшы адмоўны адказ, сказаў: “Я зразумеў, нас навучаць думаць, як камп’ютар! ”Такім чынам, зусім не сам камп’ютар, а звязаныя з ім ідэі і паняцці складаюць сутнасць праекта “Інфарматыка без разеткі”. У кагосьці матэматычны склад розуму, а нехта мысліць больш творча. Аднак развіць аналітычнае мысленне ў дзіцяці магчыма. Менавіта гэтым і займаюцца педагогі на занятках у рамках праекта.
Ларыса Яўгенаўна Герасімава з’яўляецца старшынёй савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі Ленінскага раёна, які створаны з мэтай удасканалення механізмаў кіравання ўстановамі дашкольнай адукацыі і павышэння якасці паслуг дашкольнай адукацыі. Савет распрацоўвае прапановы па асноўных напрамках развіцця дашкольнай адукацыі раёна, аказвае дзейсную арганізацыйную і інфармацыйную дапамогу кіраўнікам устаноў дашкольнай адукацыі па ўсіх напрамках дзейнасці.
Ажыццяўляючы эфектыўнае кіраванне ўстановай дашкольнай адукацыі, Ларыса Яўгенаўна Герасімава перадае свой вопыт маладым калегам, дапамагаючы ім знаходзіць шляхі аптымізацыі сумеснай работы, прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць, мэтанакіравана ўздзейнічаць на педагагічны калектыў, а праз яго на адукацыйны працэс для дасягнення максімальна станоўчых вынікаў выхавання, навучання і развіцця дзяцей.
Ала КЛЮЙКО.