Завяршыўся трэці форум “Інарэгіён”, што праходзіў на базе філіялаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта ў Барысаве, Жодзіне і Салігорску на працягу некалькіх дзён. Адметнасцю мерапрыемства сталі сустрэчы прадстаўнікоў інжынерных устаноў адукацыі са школьнікамі.
Галоўная мэта ініцыятывы — развіццё інавацыйнага патэнцыялу Мінскай вобласці і падтрымка міжрэгіянальных сувязей па фарміраванні інтэлектуальнага капіталу на месцах. Агульныя намаганні ўстаноў адукацыі, буйных прадпрыемстваў і арганізацый накіраваны на вызначэнне механізмаў інавацыйнага росту рэгіёна, стварэнне ўмоў для падрыхтоўкі практыка-арыентаваных спецыялістаў, паляпшэнне кадравага складу і тэхналагічнай аснашчанасці розных галін, а таксама падтрымку маладзёжнай тэхнічнай творчасці.
Сёлета гасцямі форуму сталі больш як 30 прадпрыемстваў Мінскай вобласці, установы адукацыі, прадстаўнікі дзелавых і прафесійных асацыяцый, школьнікі.
— БНТУ выпускае інжынерныя кадры прыкладна па ста спецыяльнасцях, што пакрываюць увесь спектр патрэб нашай прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Мы супрацоўнічаем з многімі арганізацыямі. На вашых прадпрыемствах працуюць нашы выпускнікі. Развіцця навукі і адукацыі не можа быць без узаемадзеяння. Вы падказваеце нам, як рыхтаваць студэнтаў, — мы дапамагаем вам выпускаць вашу прадукцыю. На стыку гэтых працэсаў нараджаюцца новыя вытворчасці, спецыяльнасці, новы ўзровень адукацыі, — звярнуўся да калег прарэктар БНТУ Алег Гусеў.
Удзельнікі мерапрыемства спынілі ўвагу на выставе навукова-тэхнічных дасягненняў прадпрыемстваў, абмеркавалі пытанні інтэлектуальнага патэнцыялу вобласці. Для школьнікаў і настаўнікаў прываблівымі сталі нефармальныя сустрэчы з выкладчыкамі ўстаноў адукацыі і ўдзел у семінары па робататэхніцы, арганізаваны студэнтамі БНТУ Уладзіславам Ліпаўцавым і Уладзіславам Дубатоўкам.
Прадстаўнікі факультэтаў і філіялаў БНТУ расказалі моладзі пра некаторыя асаблівасці паступлення і вучэбнага працэсу. Так, механіка-тэхналагічны факультэт рыхтуе па 5 спецыяльнасцях: “Матэрыялазнаўства ў машынабудаванні”, “Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці”, “Машыны і тэхналогія апрацоўкі матэрыялаў ціскам”, “Металургічная вытворчасць і матэрыялаапрацоўка (па напрамках)”, “Абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці”. Тэрмін навучання складае 4 гады. Таксама для выпускнікоў сярэдніх спецыяльных устаноў ёсць магчымасць паступіць на скарочаны тэрмін (са здачай унутраных экзаменаў). Сёння на дзённай форме на факультэце вучацца больш за 730 студэнтаў і каля 30 магістрантаў.
Факультэт мае шэсць філіялаў на буйных прадпрыемствах. Яго выпускнікі працуюць у галіне металургіі, 3D-мадэляванні і інш. Больш за 40 працэнтаў вучэбнага часу студэнты праводзяць за камп’ютарамі.
— Факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі заўсёды быў на перадавой навукова-тэхнічнага прагрэсу. Умоўна нашы спецыяльнасці можна падзяліць на тры катэгорыі: спецыяльнасці праграмнага забеспячэння, інжынернай накіраванасці і спецыяльнасці, звязаныя з аўтаматызацыяй. Іх на факультэце шэсць: “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей (па напрамках)”, “Аўтаматызаваныя электрапрывады”, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у апрацоўцы і прадстаўленні інфармацыі)”, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у праектаванні і вытворчасці)”, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, а таксама “Прамысловыя робаты і робатэхнічныя комплексы”. Многіх студэнтаў бянтэжыць назва спецыяльнасці “Аўтаматызаваныя электрапрывады”. Насамрэч, прылады, аснашчаныя электрапрывадамі, знаходзяцца ў руках кожнага з нас: гэта нашы тэлефоны, — заўважыў намеснік дэкана факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі Аляксандр Манюкевіч. — Зараз робаты знаходзяцца на піку папулярнасці ў школьнікаў. Наш факультэт — адно з асноўных падраздзяленняў, дзе рыхтуюць спецыялістаў па гэтым профілі.
На факультэце горнай справы і інжынернай экалогіі БНТУ можна атрымаць адукацыю па трох спецыяльнасцях: “Распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў”, “Горныя машыны і абсталяванне” і “Экалагічны менеджмент і аўдыт у прамысловасці”. Яны лічацца ўнікальнымі, складанымі, але цікавымі.
— Наш факультэт адносна малады: ён з’явіўся 19 гадоў назад. Калі выступаеш перад школьнікамі, некаторыя дзівяцца: “Горны факультэт і ў Беларусі? А дзе ў нас горы? Навошта ён у краіне з раўнінамі і балотамі?” Сакрэт у тым, што ўсе карысныя выкапні, якія мы здабываем, называюцца горнымі, нават знойдзеныя пад зямлёй. Таму мы жартуем, што пераварочваем горы, — гаворыць намеснік дэкана Уладзімір Стасевіч.
Гэты факультэт па праве можна назваць адным з самых навуковых ва ўніверсітэце. Штогод студэнты перамагаюць на рэспубліканскіх і міжнародных навуковых конкурсах, атрымліваюць гранты на даследаванні.
— Тут спецыялісты заступаюць за гарызонты, — перакананы намеснік дэкана Рыгор Басалай. — Мы імкнёмся не пакідаць студэнта сам-насам з сабой. Толькі так нараджаецца творчасць.
Жодзінскі дзяржаўны політэхнічны каледж рыхтуе кадры па 5 спецыяльнасцях: “Мантаж і эксплуатацыя электроннага абсталявання”, “Тэхналогія машынабудавання”, “Тэхналагічная падрыхтоўка і наладка станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем”, “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы” і “Эксплуатацыя мехатронных сістэм прамысловага абсталявання”. Апошні напрамак новы для ўстановы, навучэнцаў сюды набралі толькі сёлета.
Агульныя намаганні ўстаноў адукацыі, буйных прадпрыемстваў і арганізацый накіраваны на вызначэнне механізмаў інавацыйнага росту рэгіёна, стварэнне ўмоў для падрыхтоўкі практыка-арыентаваных спецыялістаў, паляпшэнне кадравага складу і тэхналагічнай аснашчанасці розных галін, а таксама падтрымку маладзёжнай тэхнічнай творчасці.
Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж прапануе сваім абітурыентам 10 спецыяльнасцей: “Вытворчасць і тэхнічная эксплуатацыя прыбораў і апаратаў”, “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”, “Аўтамабілебудаванне”, “Гэадэзія”, “Прамысловая цеплаэнергетыка” і новыя — “Прамысловыя робаты і робататэхнічныя комплексы”, “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, а таксама “Тэхналогія машынабудавання”.
Па словах намесніка дырэктара Тамары Лявоцкай, апошняя спецыяльнасць актуальная не толькі для рэгіёна, але і для ўсёй краіны. А напрамак “Геадэзія” ўвогуле з’яўляецца ўнікальным: каледж адзіны рыхтуе такіх спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Усе спецыяльнасці інтэгруюцца ў сістэму вышэйшай адукацыі, што дазваляе выпускнікам працягваць навучанне на профільных факультэтах па скарочаным тэрміне.
Праблемы і перспектывы развіцця рэгіёна практыкі і навукоўцы змаглі абмеркаваць на трох канферэнцыях. Свае навуковыя пошукі прадставілі таксама студэнты БНТУ і навучэнцы каледжаў-філіялаў.
У рамках форуму быў складзены задачнік “Ад прадпрыемства — да навукі”. Выкладзеныя ў ім праблемныя пытанні закранаюць рэальныя праблемы арганізацый. Такі падыход зарэкамендаваў сябе яшчэ падчас першага форуму і стаў зыходным пунктам да заключэння кантрактаў па супрацоўніцтве паміж універсітэтам і буйнымі прадпрымствамі.
Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.