На скрыжаванні творчасці і поспеху

- 17:12Якасць адукацыі

Пастаянная работа педагога над удасканаленнем свайго прафесіяналізму вельмі важная з прычыны спецыфікі педагагічнай дзейнасці, накіраванай на навучанне і выхаванне школьніка. Пра гэта ішла размова на рэспубліканскай канферэнцыі “Кампетэнцыі педагога ХХІ стагоддзя”, арганізаванай Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі.

У лабірынце ідэй

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Горак Аксана Каткова прадставіла актыўныя формы супрацоўніцтва педагогаў, накіраваныя на павышэнне іх прафесійнай кампетэнтнасці. У такіх формах праводзяцца пасяджэнні метадычных аб’яднанняў, творчых груп, семінары і педсаветы. Адной з форм, якая прымяняецца ў названай установе адукацыі, з’яўляецца метадычны квест. Квест — гэта займальная, жывая гульня для каманды з некалькіх чалавек, падчас якой трэба выканаць пэўнае заданне (некалькі заданняў). Звычайна за абмежаваны прамежак часу (60—90 мінут) неабходна нешта адшукаць (прадмет, падказку, паведамленне), каб можна было рухацца далей.

— Метадычны квест — гульня, якая рэалізуе метадычныя задачы, — заўважае Аксана Васільеўна. — Як правіла, удзельнікам метадычнага квеста неабходна вырашыць прафесійныя праблемы, пэўныя задачы. Гэта дазваляе ўключыць настаўнікаў у практычнае засваенне тых ці іншых педагагічных практык. У форме метадычнага квеста ў школе быў паспяхова праведзены семінар “Маральная асоба”, педагагічны савет “Прымяненне эфектыўных адукацыйных практык у выкладанні вучэбных прадметаў на базавым і павышаным узроўнях — сродак удасканалення адукацыйнага працэсу”, семінар “У лабірынце ідэй: эфектыўны ўрок ад тэорыі да практыкі”. Удзельнічаючы ў такой форме работы, педагогі засвойваюць не толькі новыя тэхналогіі, метады і прыёмы, але і методыку правядзення квеста для прымянення ў сваёй далейшай дзейнасці.

У практыцы ўстановы адукацыі выкарыстоўваецца і такая форма правядзення метадычных мерапрыемстваў, як адукацыйнае падарожжа. Гэта форма інтэрактыўнага ўзаемадзеяння педагогаў. Так, адукацыйнае падарожжа “Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу на вучэбных занятках”  дазволіла рэаліза­ваць праграму педагагічнага савета. Яно ўключала шэраг этапаў: матывацыю, інструктаж, індывідуальнае і групавое пагружэнне, групавую работу, арганізацыю вяртушкі зносін, рэфлексію. Групы ўдзельнікаў “Дыягносты”, “Аналітыкі”, “Тэарэтыкі”, “Практыкі”, “Эксперты” на працягу пэўнага часу па сваім маршруце мелі магчымасць збіраць інфармацыю, дзяліцца ёй, узаемадзейнічаць адно з адным.

Адукацыйнае падарожжа прадугледжвае вывучэнне настаўнікамі дасягненняў навукі і перадавога вопыту, вырашэнне праблемных пытанняў з дапамогай мадэлявання сітуацыі і арганізацыі сумеснай дзейнасці, распрацоўку комплексу рэкамендацый па прымяненні пэўных прыёмаў, метадаў навучання.

На думку Аксаны Катковай, выкарыстанне актыўных форм узаемадзеяння ў сістэме метадычнай дзейнасці ўстановы адукацыі не толькі спрыяе знаёмству настаўнікаў з навінкамі педагогікі і методыкі выкладання прадметаў, іх пастаяннаму развіццю ў сваёй прафесіі, але і павышае ўзровень метадалагічнай культуры педагогаў. Пра гэта свед­чыць той факт, што за апошнія гады ў школе павялічылася коль­касць педагогаў, якія актыўна выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці інавацыі, сфарміравалі эфектыўны педагагічны вопыт, трансліру­юць лепшыя яго ўзоры. Усё гэта станоўча ўплывае на павышэнне якасці адукацыі.

Асабісты брэндынг настаўніка

“Якое значэнне мае асабісты брэнд для настаўніка?” — задаецца пытаннем намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Дзятлава Наталля Клімец. І адказвае: “Асабісты брэндынг для настаўніка адыгрывае важную ролю ў сучасным канкурэнтным спаборніцтве, дапамагае яму выбудаваць уласны шлях самаадукацыйнай дзейнасці, самавызначыцца, самасцвердзіцца, самарэалізавацца ў сваёй сферы дзейнасці і адчуць сябе не проста настаўнікам, а майстрам педагагічнай справы”.

Алгарытм фарміравання асабістага брэнда можна падзяліць на чатыры этапы. У першую чаргу настаўніку неабходна прааналізаваць свае асобасныя і прафесійныя якасці, вылучыць перавагі, таленты, навыкі, уменні. На наступным этапе ўзнікае неабходнасць разабрацца, у якім стылі педагагічнай дзейнасці настаўнік адчувае сябе як рыба ў вадзе, у якім яму лягчэй за ўсё дасягнуць высокіх вынікаў, дзе ён з высокай дакладнасцю зможа сябе запатэнтаваць як уладальнік уласнай катэгорыі педагагічных ведаў. Трэці этап — фарміраванне канцэпцыі асабістага брэнда. Кожны спецыяліст практыкуе ўласны стыль работы, і настаўнік — не выключэнне. Каб знайсці падыходзячы стыль, педагогу неабходна зразумець: які кірунак педагагічнай дзейнасці яму бліжэй, у чым яму будзе лягчэй дасяг­нуць выдатных вынікаў, дзе ён можа праявіць сябе як сапраўдны прафесіянал. Шырокія веды ў традыцыйным кірунку педагагічнай дзейнасці або распрацоўка новага прадукту дапамогуць педагогу стварыць сабе імя, на­быць вядомасць сярод калег. Пазіцыя­наванне — вядучая пазіцыя ў выбраным стылі як пастаўшчыка ўнікальных прадуктаў ці ідэй праз публікацыі, публічныя выступленні. Толькі такая тактыка дапаможа распаўсюдзіць свой вопыт і стаць больш вядомым у прафесійным коле.

Публікацыя педагагічных напрацовак — эфектыўная форма прапаганды, асваення і ўкаранення перспектыўнага педагагічнага вопыту. Гэта дапаможа настаўніку палепшыць прафесійную рэпутацыю і распаўсюдзіць інфармацыю пра сябе як пра выдатнага спецыяліста не толькі ў сваёй мясцовасці, але і за яе межамі.

— Каб быць паспяховым на завяршальным этапе фарміравання асабістага брэнда і яго падтрымкі, варта прытрымлівацца наступных парад, — адзна­чае Наталля Паўлаўна. — Па-першае, педагог павінен пастаянна займацца самаразвіццём, каб не адстаць ад змяненняў навакольнага свету, трымаць свой прафесійны статус на вяршыні педагагічнай дзейнасці. Па-другое, трэба выпрацоўваць і распаўсюдж­ваць інфармацыйныя прадукты па выбранай тэме: кампакт-дыскі, электронныя кнігі, даведнікі. Усё гэта прывя­дзе да практычнага пацвярджэння індывідуальнай прафесійнай значнасці сярод шырокага кола слухачоў. Па-трэцяе,
удзе­л у семінарах, педагагічных форумах, вэбінарах і вэб-канферэнцыях дапаможа раз­віць прамоўніцкае майстэрства,
стац­ь больш упэўненым, харызматычным, навучыцца арыгінальна прэзентаваць свае ідэі. А ўдзел у розных прафесійных конкурсах дасць магчы­масць параўнаць сябе з канкурэнтамі, выбуда­ваць асабістую педагагічную лінію творчасці і поспеху. Распрацоўка ўласнага прадстаўніцтва ў сетцы інтэрнэт дазво­ліць настаўніку  мець зносіны са сваімі калегамі, абменьвацца інфармацыяй і заўсёды быць у курсе ўсіх навін.

З дапамогай цьютара

Адукацыйная ўстанова павінна не толькі адгукацца на сучасныя трэнды адукацыі, але і працаваць на апярэджванне, і галоўны рэсурс тут — настаўнік. На думку педагогаў сярэдняй школы № 1 Астраўца Ягора Філіпава і Алы Каржанок, адным з ключавых інструментаў індывідуалізацыі асобы педагога выступае арганізацыя цьютарскага суправаджэння, якое ў межах установы адукацыі ўяўляе сабой цэласную сістэму для развіцця творчай асобы настаўніка, якога з пасіўнага аб’екта неабходна перавесці ў актыўнага, самастойнага, канкурэнтаздольнага суб’екта. Неабходна сарыентаваць педагога на фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі, на выбудоўванне індывідуальнай траекторыі прафесійнага раз­віцця.

Цьютар дапамагае свайму калегу ў стварэнні вобразу самога сябе, ва ўсведамленні сваіх адукацыйных інтарэсаў, у фарміраванні ключавых кампетэнцый, а таксама ў развіцці індывідуальнай сацыяльнай актыўнасці.

— Станаўленне педагога адбываецца падчас яго адукацыйнага руху па індывідуальнай траекторыі, якая пачынаецца з вывучэння яго адукацыйных запытаў і цяжкасцей у рабоце. Значным крокам у гэтай дзейнасці з’яўляецца дапамога цьютара, які сумесна з самім настаўнікам вызначае галоўны вектар у развіцці. Цьютар павінен навучыць ставіць перад сабой жыццёвыя мэты і выяўляць рэсурсы, неабходныя для іх дасягнення, — адзначае Ягор Філіпаў. — Асноўныя этапы цьютарскага суправаджэння: дыя­гнастычны (вызначаюцца індывідуальна-асобасныя асаблівасці, аналізуюцца ступень сфарміраванасці практычнай дзейнасці, устойлівасць пазнавальнай матывацыі, патрэбы ў паглыбленай і пашыранай адукацыі, вызначаюцца найбліжэйшыя і аддаленыя жыццёвыя перспектывы), праектны (пабудова індывідуальнай адукацыйнай траекторыі), рэалізацыйны (педагог далучаецца да навукова-даследчай дзейнасці і конкурсаў педагагічнага майстэрства). На аналітыка-рэфлексіўным этапе ажыццяўляецца маніторынг працэсу рэалізацыі індывідуальнай адукацыйнай праграмы настаўніка. Адбываецца фарміраванне адэкватнай самаацэнкі і рэфлексіўнага самакантролю. Падчас абагульняючага этапу афармляецца партфоліа дасягненняў. Ацэньваюцца вынікі сумеснай дзейнасці педагога і цьютара, ступень дасягнення запланаваных мэт, а таксама набыты практычны вопыт.

Лепшым асобасна значным псіхалагічным сродкам, які дазваляе ўбачыць сябе і свае дзеян­ні па-новаму, у іншым маштабе і іншым кантэксце, з’яўляецца стварэнне асобасна-рэсурснай карты. Рэсурсная карта — гэта наглядны малюнак чалавечых магчымасцей і рэсурсаў, звязаных з рухам чалавека, падчас якога ён можа паэтапна асвоіць гэтыя рэсурсы. “Перш чым прапанаваць маляваць карту, неабходна абмеркаваць, што яна сабой уяўляе і якія элементы неабходна на ёй адлюстраваць. Этапы цьютарскага суправаджэння пры рабоце з картай: назіранне, выяўленне схаваных рэсурсаў педагога, развіццё пазнавальных інтарэсаў, адкрыццё магчымасцей навакольнага свету, — тлумачыць Ала Каржанок. — Такім чынам, педагог стварае пэўную прадукцыю, выбудоўвае свой адукацыйны шлях, абапіраючыся на індывідуальныя якасці і здольнасці. Рэсурсаў для развіцця заўсёды дастаткова, трэба толькі заўважыць іх і прымяніць на практыцы”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.