Пра функцыянальную дасведчанасць

- 9:16По делу с Наталией Бушной

Мнагамерная рэальнасць XXI стагоддзя, глабалізацыя, бесперапынныя інавацыі і трансфармацыі ва ўсіх сферах дзейнасці чалавека ставяць перад ім мноства праблем. Гэта тлумачыць высокія патрабаванні грамадства і дзяржавы да фарміравання функцыянальнай дасведчанасці чалавека і вызначае перад школай важную задачу — фарміраванне ўніверсальных глабальных міждысцыплінарных і надпрадметных уменняў, перамяшчаючы акцэнт з набыцця навучэнцамі канкрэтных вузкапрадметных ведаў на авалоданне практычнымі навыкамі, якія дазваляюць ім рэалізоўваць сябе ў пастаянна пераменлівым соцыуме XXI стагоддзя. Функцыянальная дасведчанасць разглядаецца ў якасці найважнейшага навыку XXI стагоддзя, уваходзіць у пералікі ключавых кампетэнцый сучаснага чалавека, яе фарміраванне становіцца адной з найважнейшых задач агульнай сярэдняй адукацыі.

Функцыянальная дасведча­насць з’яўляецца параметрам міжнародных ацэначных сістэм адукацыі, у тым ліку даследавання PISA, да якога Рэспубліка Беларусь падключылася ў 2018 годзе. Міжнароднае параўнальнае даследаванне якасці адукацыі PISA (The Programme for International Student Assessment) выступае адным з комплексных даследаванняў адукацыйных дасягненняў навучэнцаў. PISA-даследаванне дазваляе атрымаць цэласнае ўяўленне аб адукацыйных дасягненнях навучэнцаў, правесці супастаўляльны аналіз вынікаў беларускіх навучэнцаў з навучэнцамі іншых краін.

Наша краіна мае невялікі, гэта значыць аднаразовы, вопыт удзелу ў такім даследаванні. Зараз педагагічныя калектывы рыхтуюцца да правядзення чарговага даследавання. Ідзе пошук метадычных інструментаў, якія дазволілі б нашым навучэнцам паспяхова справіцца з заданнямі і паказаць добрыя вынікі. Асаблівасць PISA-даследавання заключаецца ў тым, што яно не замярае акадэмічныя веды навучэнцаў, а вызначае ўзровень іх здольнасцей прымяняць гэтыя веды ў розных сітуацыях, з якімі чалавек можа сутыкнуцца ў працэсе сваёй жыццядзейнасці. У гэтым закладзены пэўныя рызыкі, паколькі наша школа арыентуецца перш за ўсё на акадэмічныя веды навучэнцаў. Педагогі адчуваюць недахоп інфармацыі і глыбокай аналітыкі вынікаў апошняга PISA-даследавання. Складаецца патрэба і ў метадычных інструментах, якія дазвалялі б мэтанакіравана рыхтаваць навучэнцаў да даследавання.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Група беларускіх экспертаў у складзе доктара педагагічных навук прафесара Г.С.Кавалёвай, доктара педагагічных навук прафесара В.Л.Жук, доктара педагагічных навук дацэнта А.В.Пазняк, кандыдата педагагічных навук дацэнта Т.М.Канашэвіч, кандыдата педагагічных навук дацэнта Т.Я.Цітавец, кандыдата педагагічных навук М.Б.Гарбуновай правяла сістэмны аналіз вынікаў, якія беларускія навучэнцы паказалі па чытацкай, матэматычнай і прыродазнаўчанавуковай дасведчанасці, сацыякультурнага кантэксту і фактараў, што ўплываюць на адукацыйныя дасягненні 15-гадовых школьнікаў. Паглыблены аналіз і рэкамендацыі педагогам прадстаўлены ў спецыяльных выданнях серыі “PISA-2018 у Рэспубліцы Беларусь”.

Адзначу: гэта доўгачаканае і вельмі патрэбнае выданне.

Прадстаўленыя матэрыялы ў нагляднай форме ў выглядзе схем, малюнкаў, табліц адлюстроўваюць змест кожнага з напрамкаў функцыянальнай дасведчанасці. Такая інфармацыя неабходна для таго, каб у педагогаў склалася цэласнае ўяўленне аб самім паняцці функцыянальнай дасведчанасці. Аналіз выканання беларускімі школьнікамі розных заданняў і ацэнка відаў пазнавальнай дзейнасці вызначаюць асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу па канкрэтных прадметах на аснове кампетэнтнаснага падыходу. Аўтарамі дэталёва раскрываюцца прычыны, што абумовілі невысокія вынікі навучэнцаў пры выкананні імі асобных відаў заданняў, аналізуюцца цяжкасці, з якімі сутыкнуліся навучэнцы пры выкананні адпаведных заданняў.

Асаблівай каштоўнасцю ў гэтых выданнях з’яўляюцца рэкамендацыі. Яны ўключаюць у сябе рэкамендацыі для педагогаў па павышэнні якасці адукацыі, якія паслядоўна і сістэмна раскрываюцца праз канкрэтызацыю мэт, задач, чаканых вынікаў, зместу і методык выкладання. Аўтарамі праведзены аналіз дзеючых вучэбных праграм і вучэбных дапаможнікаў па канкрэтных прадметах. Упэўнена, што рэкамендацыі, дадзеныя распрацоўшчыкам вучэбна-метадычнага забеспячэння, выступяць арыенцірам у будучай рабоце.

Аўтарскім калектывам выканана сур’ёзная работа. Выданне паступіла ў беларускія школы. Сёння ідзе актыўнае вывучэнне і абмеркаванне матэрыялаў на пасяджэннях метадычных аб’яднанняў і педагагічных саветаў. Ад імя педагагічнай грамадскасці выказваю падзяку навуковаму калектыву за сучасную і якасна выкананую работу. Ёсць цалкам абгрунтаваная ўпэўне-­
насць у тым, што прадстаўленыя ў выданні матэрыялы ва ўмелых руках педагогаў стануць эфектыўным метадычным інструментарыем фарміравання прадметных, метапрадметных і сацыяльна-асобасных кампетэнцый навучэнцаў. І яны дазволяць ім прымяняць, інтэрпрэтаваць прадметныя веды за межамі вучэбных аўдыторый і адукацыйных праграм для вырашэння задач у розных кантэкстах рэальнага свету.

Вядучая рубрыкі — дырэктар сталічнай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Наталля Бушная