У мажорным настроі

- 12:25Метадычная скарбонка

“Музыка патрэбна сучаснаму школьніку не для таго, каб абавязкова стаць музыкантам, а для таго, каб развіваць моцныя якасці характару, адчуваць сябе ўпэўнена ў любой сітуацыі, нарэшце выхоўваць сябе ўсебакова развітой асобай”, — пераканана суперфіналіст конкурсу “Настаўнік года — 2017” настаўніца музыкі сярэдняй школы № 53 Мінска Вольга Мікалаеўна Махітка.

Творчая і натхнёная настаўніца пастаянна шукае такія метады і прыёмы навучання свайму прадмету, якія б дапамагалі ў развіцці творчых здольнасцей яе выхаванцаў. Доказ гэтаму — сённяшні наш рэпартаж з урока музыкі ў трэцякласнікаў. У трэцяй чвэрці ўрокі падпарадкаваны агульнай тэме — “Развіццё музыкі”. Чарговыя заняткі павінны сфарміраваць веды школьнікаў аб яе ладавым развіцці. “Паняцце “музычны настрой” школьнікі ведаюць яшчэ з першага класа, але з тэрмінамі “лад” і “ладавае развіццё” будуць знаёміцца ўпершыню”, — заўважае напярэдадні заняткаў Вольга Мікалаеўна.

Мэта ўрока, якую акрэслівае настаўніца, — фарміраванне ўяўлення аб паняцці ладу ў музыцы і яго развіцці. Падчас заняткаў яна ставіць наступныя задачы: арганізаваць адукацыйныя сітуацыі развіццёвага тыпу, якія садзейнічаюць засваенню новых ведаў, уменняў і навыкаў (адукацыйны кампанент); садзейнічаць развіццю творчых здольнасцей навучэнцаў, іх пазнавальнай актыўнасці (развіццёвы кампанент); стварыць умовы для фарміравання ўнутранага свету навучэнцаў, іх духоўнай культуры, музычнай выхаванасці (выхаваўчы кампанент). Метады навучання, якімі педагог плануе скарыстацца на ўроку, — вербальны, слыхавы, практычны, тлумачальна-ілюстрацыйны.

Ужо на пачатку ўрока відаць, што Вольга Мікалаеўна рыхтавалася да яго з прадбачлівасцю вопытнага настаўніка, улічваючы ўзроставыя асаблівасці і інтарэсы малодшых школьнікаў. Да заняткаў падрыхтаваны мультымедыйны праектар з экранам, ноўтбук з аўдыязапісамі песень з дзіцячых казак і мультфільмаў. На настаўніцкім стале — папяровыя фігуры “гасцей” урока — Бураціна і П’еро, дыдактычны матэрыял, на дошцы, згодна з тэматыкай заняткаў, размешчаны выявы “ладавых чалавечкаў” — мажорнага і мінорнага, якіх падчас урока будуць характарызаваць, “апранаць” і размалёўваць навучэнцы. На партах — ударныя музычныя інструменты (маракасы і званочкі), падручнікі, тэкст беларускай народнай песні “Захацела бабуленька разам збагацеці”, рэфлексіўныя карткі-маскі, табліца самаацэнкі, смайлы для ацэнкі свайго настрою. У класе знаходзіцца і фартэпіяна, да якога настаўніца таксама звернецца падчас заняткаў.

Урок педагог праводзіць у 3 “А” класе. Магчымасці гэтых навучэнцаў настаўніца вельмі добра ведае, бо выкладае ў іх музыку з першага класа, таму ўсе іх індывідуальныя асаблівасці ўлічаны пры падрыхтоўцы да ўрока. Трэба адзначыць, што паралель трэціх класаў адзіная, дзе Вольга Мікалаеўна, засяроджаная апошнім часам на факультатыўнай і канцэртнай дзейнасці, выступае ў якасці педагога.

— Сёння на заняткі я прыйшла не адна — са мной сюды трапілі казачныя героі. Хочаце ведаць, хто гэта? Увага на экран, — настаўніца пачынае заняткі з дапамогай візуальнай інфармацыі. На экране з’яўляецца ўрывак з песняй “Бураціна” з экранізацыі казкі Аляксея Талстога “Прыгоды Бураціна”. Трэцякласнікі здагадваюцца, што адным з герояў урока будзе Бураціна, звяртаючыся да курса рускай літаратуры, успамінаюць, хто аўтар твора пра вясёлага драўлянага чалавечка. Пасля Вольга Мікалаеўна просіць дзяцей ахарактарызаваць музычны настрой песні, выкарыстаўшы прыметнікі (гучаць сінонімы вясёлы, сонечны, яркі, заўзяты, радасны), і надаць аднаму з музычных чалавечкаў, размешчаных на класнай дошцы, адпаведны настрой пры дапамозе намаляванай усмешкі. Такім чынам, малодшыя школьнікі вучацца характарызаваць музыку праз слоўнае мадэляванне.

Выявы музычных чалавечкаў адразу захопліваюць навучэнцаў і дапамагаюць педагогу наладзіць прадукцыйную камунікатыўную сітуацыю на ўроку.

— Але Бураціна прыйшоў не адзін. Давайце паглядзім, каго ж ён з сабой прывёў, — педагог працягвае падводзіць клас да тэмы ўрока.


На праектары з’яўляецца ўрывак з той жа экранізацыі з песняй П’еро, пасля прагляду якога дзеці падбіраюць прыметнікі, каб ахарактарызаваць настрой гэтага героя (сумны, журботны, жалобны, тужлівы), і малююць другому музычнаму герою сумную ўсмешку.

— Мы з вамі вызначылі, што музычныя героі адрозніваюцца настроем. На мове музыкі настрой называецца ладам. Сёння тэмай нашай вандроўкі стане ладавае развіццё музыкі, іншымі словамі, змяненне ладу ў музыцы, — агучвае тэму ўрока настаўніца.

Педагог расказвае класу, што вясёлы лад у музыцы называецца мажор (“апранае” вясёламу музычнаму чалавечку з дошкі мажорны капялюш), а сумны лад — мінор (другі чалавечак атрымлівае ад настаўніцы мінорны капялюш).

Згодна з прынцыпамі развіццёвага навучання, дзеці самастойна вызначаюць мэту ўрока і задачы, якія неабходна падчас яго вырашыць. Школьнікі заўважаюць, што падчас заняткаў трэба даведацца, што такое лад і які ён бывае, вызначыць на слых змену ладу ў музычных творах.


Разабрацца ў пытаннях, якія навучэнцы паставілі перад сабой у пачатку ўрока, дапамагае праслухоўванне беларускай народнай песні ў выкананні хору.

— Ваша задача — паслухаць і вызначыць, які ў музыкі настрой. Калі хтосьці здагадаецца, які пры гэтым гучыць лад — мажорны ці мінорны, — выдатна, — папярэджвае педагог.

Пасля праслухоўвання дзеці абмяркоўваюць настрой песні (спачатку мажорны лад, пасля мінорны), складаюць яе выканальніцкі план, вызначаючы, якія сродкі выразнасці будуць выкарыстаны для больш поўнага раскрыцця зместу песні, і выконваюць яе самастойна, звяртаючыся адно да аднаго ў парах падчас песеннага дыялогу (дзяўчаты спяваюць словы бабулі, хлопцы — дзеда, разам — словы аўтара).

Трэба адзначыць, што калектыў у 3 “А” класе зладжаны — дзеці спяваюць народныя песні з запалам і гумарам, прычым інтанацыйна чыста. Справа ў тым, што частка класа наведвае харавыя факультатыўныя заняткі і заняткі па вакале.


Між тым Вольга Мікалаеўна звяртаецца да пройдзенага раней матэрыялу, прыгадваючы асаблівасці выканання народных песень: выразная дыкцыя (утрыраванае цвёрдае “р” і г.д.), яркія інтанацыйныя акцэнты, простая мелодыя, якая пастаянна паўтараецца.

Трэніроўка вызначэння песеннага ладу працягваецца выкананнем рускай народнай песні “Жылі ў бабусі дзве вясёлыя гусі”, у якой школьнікі выступаюць яшчэ і як музыканты. Тыя, у каго на партах размешчаны званочкі, іграюць на іх, калі гучыць мінорны лад, а ў каго маракасы — мажорны. Такім чынам, музыкантам удаецца ўлавіць момант пераходу з аднаго лада ў другі.

— Як вы лічыце, удалося пачуць, дзе гучаў мажор, а дзе мінор? — звяртаецца настаўніца да вучняў і, атрымаўшы станоўчы адказ, згаджаецца. — Вы змаглі не толькі правільна вызначыць лад, але вытрымаць тэмп і рытмічны малюнак музыкі.

Паралельна клас вучыцца аналізаваць музычны матэрыял: рытмічны малюнак песні, яе тэмпавыя асаблівасці. Навучэнцы прыходзяць да высновы: мажорны ці мінорны лад не залежыць ні ад рытму, ні ад тэмпу, у якім выконваецца музычны твор.

Урок працягваецца падборам сінонімаў да слоў “мажор” і “мінор”, якія дзеці размяшчаюць побач з выявамі чалавечкаў на дошцы.

Замацаваць тэму ладавага развіцця ў музыцы педагог прапануе наступным чынам:

— Зараз я буду іграць фрагменты музычных твораў. Ваша задача — вызначыць лад музыкі і пацвердзіць свой адказ пры дапамозе картак-масак Бураціна і П’еро, размешчаных на партах. Задача ўскладняецца тым, што ў адным творы можа быць ладавае развіццё — пераход з мажору ў мінор і наадварот. Тады ўзнімаем абедзве карткі, — азадачвае юных слухачоў настаўніца.

Вольга Мікалаеўна, якая выдатна валодае інструментам, выконвае на фартэпіяна ўрыўкі з твораў “Анданціна” А.Хачатурана, “У краіне гномаў” А.Роўлі і “Прэлюдыю” Іагана Себасцьяна Баха, якая выклікае ў дзяцей найбольшыя цяжкасці пры вызначэнні ладу. Адзін з твораў — эцюд Н.Бургмюлера “Прастадушнасць” — Вольга Мікалаеўна запрашае выканаць навучэнку класа, якая паралельна займаецца ў музычнай школе па класе фартэпіяна.

Этапы ўрока чаргуюцца з фізкультхвілінкай, таксама звязанай з тэмай “Ладавае развіццё музыкі”. Дзеці прагаворваюць лічылку-скорагаворку “Пяць маленькіх рыбак”, пры дапамозе картак вызначаюць настрой вершаваных радкоў.

— Сёння вы выступілі ў ролі выканаўцаў — спявалі некалькі песень, былі і слухачамі музычных твораў. Запрашаю вас, нарэшце, стаць кампазітарамі, — прапануе вучням творчае заданне Вольга Мікалаеўна.

Клас звяртаецца да падручніка па музыцы, дзе размешчаны верш В.Берастава. Настаўніца просіць прыдумаць мелодыю да твора:

Тучка с солнышком опять

В прятки начали играть.

Только солнце спрячется,

Тучка вся расплачется.

А как солнышко найдётся,

В небе радуга смеётся.

На першы погляд нялёгкае творчае заданне не выклікае ніякіх цяжкасцей у вучняў Вольгі Мікалаеўны. Дзеці працуюць па схеме, якую прапаноўвае педагог. Спачатку вызначаюць радкі верша, якія характарызуюцца мінорным і мажорным настроем, звяртаюць увагу на тое, дзе ў мелодыі можа адбыцца ладавае развіццё. Пасля робяць пластычны малюнак мелодыі: рукой у паветры малююць напрамак руху будучай мелодыі, пэўныя радкі верша прагаворваючы на фортэ, іншыя на піяна. Пасля юныя кампазітары пры дапамозе настаўніцы складаюць рытмічны малюнак папеўкі, адбіваючы рытм далонямі, складаюць выканаўчы план песні, вызначаючы, дзе саліруе адзін голас, а дзе ансамбль. Работа працягваецца ў звёнах: першы рад выконвае словы аўтара, у ролі галоўнай гераіні папеўкі выступае адна з вучаніц, астатнія спяваюць хорам.


— Кампазітар перадае настрой пры дапамозе ладу, паэт — пры дапамозе слоў. Адкажыце, калі ласка, пры дапамозе чаго перадае настрой мастак. Згаджуся з вамі, што гэта колер. У мяне аказаліся пераблытанымі часткі адзення нашых музычных чалавечкаў, іх трэба сабраць па колерах. Вырашыце, калі ласка, якія колеры дастануцца мажорнаму чалавечку, а якія — мінорнаму, — звяртаецца да дзяцей Вольга Мікалаеўна.

Пакуль некалькі хлопчыкаў каля дошкі самастойна “апранаюць” ладавых чалавечкаў, клас вучыцца вусна характарызаваць музычныя лады пры дапамозе колеравага мадэлявання: вызначае, якія колеры можна аднесці да мінорных (чорны, карычневы, шэры і г.д.), а якія з’яўляюцца мажорнымі (чырвоны, аранжавы, малінавы і г.д.). Цяжкасці ў дзіцячага калектыву выклікае белы колер, трэцякласнікі вырашаюць, што ён усё ж з’яўляецца нейтральным.

Фінальная частка ўрока — рэфлексія. Дзеці запаўняюць табліцы самаацэнкі, адказваючы на пытанні “Я ведаю, што такое ладавае развіццё музыкі?”, “Я здольны, слухаючы музыку, вызначыць змяненне ладу?”, “Я магу растлумачыць змяненне ладу ў песні?” і “Я выкарыстоўваю змяненне ладу ва ўласных кампазіцыях?”.

На апошняй хвіліне заняткаў Вольга Мікалаеўна звяртае ўвагу вучняў на рознакаляровыя (яркія і бляклыя) смайлікі для самаацэнкі, якія засталіся незадзейнічанымі. Педагог прапануе навучэнцам, для якіх заняткі прайшлі займальна і прынеслі прыемныя эмоцыі, размаляваць яркі смайлік і падзяліцца сваім мажорным настроем з суседам па парце. Назіраючы за выбарам трэцякласнікаў, магу сцвярджаць: чарговы ўрок музыкі для навучэцаў таленавітага педагога скончыўся ў мажорным ладзе.

* * *

Пасля ўрока В.М.Махітка падзялілася галоўнымі прынцыпамі выкладання музычнага мастацтва:

— Не выкладаю музыку дзеля музыкі, а стараюся пабудаваць адукацыйны працэс так, каб чалавек мог скарыстацца атрыманымі на маім прадмеце ведамі ў штодзённым жыцці. Курс музыкі ў сярэдняй школе нядоўгі — 4 пачатковыя класы, што для такога творчага прадмета вельмі мала. Крыху адчуваецца, што малодшым школьнікам не хапае больш усвядомленага ўспрымання музычнага мастацтва. Але, з іншага боку, усё, што ты паказваеш на занятках дзецям, яны запамінаюць імгненна і фатаграфічна. Таму ўрокі музыкі ў пачатковай школе павінны быць яркімі, насычанымі візуальнай карцінкай. З гэтага і вынікае прынцып візуалізацыі ўсяго, што адбываецца на ўроку.

Яшчэ адзін прынцып, важны для мяне як педагога, — мадэляванне мастацкага творчага працэсу праз усе віды дзейнасці. На кожны этап урока я планую свой від дзейнасці. Так, сёння дзеці і спявалі, і слухалі, і самі складалі мелодыю. Стварэнне ўласных музычных кампазіцый не выклікае ў маіх навучэнцаў панікі, таму што дзейнічаем мы па адпрацаванай схеме, я падказваю, “дырыжырую” класам.

Падчас выкладання прадмета абавязкова звяртаюся да міжпрадметных сувязей. На сённяшнім уроку мы неаднаразова звярнуліся да рускай літаратуры, беларускай і рускай моў, выяўленчага мастацтва. Напрыклад, па беларускай мове мае трэцякласнікі праходзяць сінонімы і антонімы — мы падбіралі сінонімы да паняццяў “мажор” і “мінор”, характарызавалі музыку пры дапамозе колеравага і слоўнага мадэлявання, згадалі аўтарства казкі “Прыгоды Бураціна” і г.д. Гэта пашырае межы прадмета і кругагляд школьнікаў.

Каб навучыць дзяцей чыста інтанаваць мелодыю, шырока выкарыстоўваю на ўроках прыём пластычнага інтанавання. Навучэнцы суадносяць пластыку сваіх рук з маімі жэстамі, што дапамагае развіць слых, справіцца з недакладнымі нотамі падчас прапявання мелодыі. Напрыклад, на сённяшніх занятках мы малявалі пластычны малюнак мелодыі да верша В.Берастава. Часам адлюстроўваем мелодыю і графічна: прапаную пры дапамозе стрэлак выявіць некалькі тактаў з песні, якую вывучылі напярэдадні. У гэтым выпадку спрацоўвае ўжо сувязь з графічнай навукай — матэматыкай, дакладней, геаметрыяй. Трэба адзначыць, што працэс “бачу, чую і малюю” вельмі складаны для школьнікаў.

Няма выразнай дыкцыі — няма і выразнага маўлення. Работу над дыкцыяй праводжу не толькі для вырашэння музычных задач, але і для таго, каб развіць камунікатыўныя навыкі дзяцей. Толькі так іх штодзённае маўленне будзе зразумелым і нязмушаным. Для развіцця дыкцыі і артыкуляцыі выкарыстоўваю папеўкі і скорагаворкі (на сённяшнім уроку гучала лічылка-скорагаворка “Пяць маленькіх рыбак”), у якіх часта паўтараецца зычны “р”.

Але, напэўна, самы галоўны прынцып, якім кіруюся, — гэта прынцып паспяховасці для ўсіх дзяцей. 3 “А” ў большасці вакальна і музычна падрыхтаваны да прадмета: частка дзяцей з першага класа наведвае мае факультатыўныя заняткі па хоры і вакале, некаторыя паралельна займаюцца ў музычнай школе. Зразумела, дзякуючы гэтаму я магу рабіць заняткі больш разнастайнымі, размаўляць з вучнямі на музычнай мове, ужываю музычную тэрміналогію без боязі быць незразумелай. Але, як і ў любым іншым класе, тут ёсць навучэнцы, якія добра інтануюць, і тыя, хто з цяжкасцю перадае мелодыю, тыя, хто з лёгкасцю ўлоўлівае рытм, і тыя, для каго гэта праблематычна. Таму важным з’яўляецца стварэнне для ўсяго класа сітуацыі поспеху, псіхалагічнага камфорту на ўроку. Для гэтага ў ход ідуць творчыя заданні. Частку з іх прыдумваю сама, некаторыя бяру з падручніка па музыцы.

Працую не на моцнага навучэнца, а на кожнага, люблю, калі мой прадмет прыносіць дзецям асалоду і ўзнімае настрой.

Акрамя педагагічнай дзейнасці, займаюся вакальным і харавым развіццём навучэнцаў падчас факультатыўных заняткаў. Вынік 8 гадоў працы ў гэтым кірунку — вакальны калектыў “Глорыя”, у склад якога ўваходзіць хор “Алегрыя”, эстрадныя дзіцячыя ансамблі, а таксама сольныя выканаўцы. Сваім выхаванцам-вакалістам заўсёды кажу: прыгожа спяваць вы павінны не для мяне, а для людзей, якія вас слухаюць. Мы абавязкова ўдзельнічаем у конкурсах, абараняем гонар школы як на рэспубліканскім, так і на міжнародным узроўні.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.