Альма­-матар дбайных гаспадароў

- 10:21Адукацыйная прастора, Вышэйшая школа

Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт за амаль 70 гадоў падрыхтаваў каля 60 тысяч спецыялістаў. Прыкладна столькі ж людзей жыве ў Слуцку, крыху больш — у Жодзіне. Уявіце сабе — універсітэт выхаваў цэлы буйны горад спецыялістаў­аграрыяў, дбайных гаспадароў! 

Мы пагаварылі з рэктарам БДАТУ Мікалаем Мікалаевічам Раманюком пра тое, што чакае абітурыентаў, якія вырашаць паступіць у гэты ўніверсітэт, а таксама пра тое, чаму аграрныя УВА — гэта заўсёды добры выбар.

Інавацыі, якасць, перспектыва

— Мікалай Мікалаевіч, у разгары ўступная кампанія, і я прапаную адразу пачаць з самага актуальнага пытання — чаму сёння абітурыентам варта выбраць БДАТУ? 

— Я магу назваць для гэтага безліч прычын! Пачну з таго, што вучыцца ў БДАТУ прэстыжна, бо ўніверсітэт уваходзіць у эліту навукова-адукацыйных і інавацыйных цэнтраў краіны. Якасць адукацыі ва ўніверсітэце пацверджана ўзнагародамі і сертыфікатамі міжнародных арганізацый. Гэтаму адпавядае і дэвіз універсітэта — “БДАТУ — інавацыі, якасць, перспектыва!”.

У нашых студэнтаў максімальныя магчымасці для росту і развіцця — можна паралельна атрымліваць другую вышэйшую адукацыю па эканамічным, тэхнічным профілі. Таксама можна атрымаць шэраг рабочых прафесій. 

Важна, што навучанне адбываецца ў камфортных умовах. Студгарадок кампактна размешчаны ў цэнтры сталіцы, усіх першакурснікаў дзённай формы навучання, якім патрэбна жыллё, забяспечваем месцамі ў інтэрнатах.

Увогуле, навучанне ў БДАТУ — гэта магчымасць атрымаць запатрабаваную і перспектыўную прафесію, гэта насычанае студэнцкае жыццё, уладкаваны побыт і мноства бонусаў. 

— На працягу свайго амаль 70-гадовага гістарычнага шляху БДАТУ застаецца верным сваёй аграрнай накіраванасці і рыхтуе кадры для аграпрамысловага комплексу.  Чаму сёння варта выбі­раць прафесіі, звязаныя з сельскай гаспадаркай? Наколькі запатрабаваныя такія спецыялісты?  

— Такія спецыялісты былі і будуць запатрабаваны ва ўсе часы. Як бы ні мянялася наша жыццё, сельская гаспадарка ніколі не страціць свайго выключнага значэння для чалавека. 

Аграпрамысловы комплекс і яго базавая галіна — сельская гаспадарка з’яўляюцца для нашай краіны вядучымі сістэмаўтваральнымі сферамі эканомікі, якія забяспечва­юць харчовую і эканамічную бяспеку краіны. А харчовая бяспека з’яўляецца найважнейшым складнікам нацыянальнай бяспекі і неабходнай умовай для захавання высокіх жыццёвых стандартаў насельніцтва і гарманічнага развіцця асобы.

Сёння ўкладваюцца вялікія сродкі ў мадэрнізацыю сельскагаспадарчай вытворчасці і развіццё сацыяльнай сферы сяла. Больш складанай становіцца тэхніка і абсталяванне, удасканальваюцца тэхналогіі, доля ручной працы істотна скарачаецца. Усё гэта патрабуе высокакваліфікаваных спе­цыялістаў. І да такіх запытаў нашы выпускнікі гатовы. Яны без праблем уладкоўваюцца на работу, у тым ліку і на кіруючыя пасады, на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу і іншых галін народнай гаспадаркі.

Акрамя таго, дзяржава аказвае значную падтрымку маладым спецыялістам — выпускнікам аграрных устаноў адукацыі: гэта даплаты да заработнай платы на працягу ад 2 да 5 гадоў работы, прадастаўленне льготных крэдытаў, адтэрміноўка ад прызыву на вайсковую службу, вырашэнне жыллёвых пытанняў маладых спецыялістаў і работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый. Так што прафесіі аграрнага напрамку, відавочна, вельмі перспектыўныя.

З апераджальным характарам

— Адна з безумоўных пераваг БДАТУ — моцная практычная падрыхтоўка: адукацыя не адарвана ад жыццёвых рэалій. Раскажыце, колькі часу адво­дзіцца практычнаму навучанню. 

— Сапраўды, нашы студэнты атрымліва­юць сур’ёзны падмурак з практычных уменняў і навыкаў. Мы пастаянна працуем над удасканаленнем вучэбна-праграмнай дакументацыі, і ў новых планах ­удзельная вага практычнага навучання ў агульным аб’ёме падрыхтоўкі студэнтаў займае 75%, у тым ліку непасрэдна практыкі — 32%. Згадзіцеся, гэта нямала. 

Нашы студэнты падчас навучання атрымліваюць рабочыя прафесіі слесара па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, трактарыста-машыніста катэгорыі А, B, D, вадзіцеля механічных транспартных сродкаў катэгорыі В, электраманцёра. 

Непасрэдна практыка ва ўніверсітэце праводзіцца ў 3 этапы, якія прадугледжваюць паступовае назапашванне студэнтамі прафесійных кампетэнцый. Агульная яе працягласць складае ад 28 да 30 тыдняў.  

Толькі ў БДАТУ вядзецца падрыхтоўка інжынерных кадраў для АПК у сферы тэхнічнага і энергетычнага забеспячэння вытворчасці, захоўвання і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, тэхнічнага сэрвісу, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, кіравання аховай працы.

— Для такой падрыхтоўкі патрэбны адпаведныя ўмовы, тэхніка…

— Так, і ўсё гэта ва ўніверсітэце ёсць. У нас 11 вучэбных карпусоў. Заняткі право­дзяцца ў 183 спецыялізаваных майстэрнях, лабараторыях і вучэбных аўдыторыях. Для правядзення вучэбнай практыкі абсталяваны 6 майстэрань: станочная, слясарная, электрагазазварачная, кавальска-тэрмічная, электрарамонтная і станцыя тэхнічнага абслугоўвання. Актыўна выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе Рэспубліканскі вучэбны цэнтр практычнага навучання новым тэхналогіям і асваення комплексаў машын. Ёсць аўтадром і трактарадром, глебавы канал, вучэбна-выставачны павільён і вучэбна-даследчы корпус.

— Думаю, практычнае навучанне не абмяжоўваецца ўніверсітэцкімі майстэрнямі і лабараторыямі?  

— Канечне! Мы паглыбляем студэнтаў і ў рэальныя працоўныя ўмовы. Універсітэтам створаны 36 філіялаў кафедр на перадавых прадпрыемствах аграрнага сектара, прамысловых прадпрыемствах і навукова-практычных цэнтрах НАН Беларусі, а таксама дзейнічаюць 3 вучэбна-вытворчыя цэнтры практычнай падрыхтоўкі ў Мінскай вобласці.

Вызначаны базавыя арганізацыі, на якіх студэнты ўніверсітэта праходзяць вытворчыя практыкі. Сярод партнёраў універсітэта— 194 гаспадарчыя арганізацыі АПК ва ўсіх абласцях краіны.   

Спачатку студэнты праходзяць вытворчую практыку ў базавых (перадавых) гаспадарках, а пераддыпломную практыку і дыпломнае праектаванне — па месцы размеркавання. Гэта робіцца для таго, каб практычныя веды і ўменні, атрыманыя ў перадавых гаспадарках, выпускнікі змаглі прымяніць па месцы сваёй будучай работы.

Дадам, што стварэнне філіялаў кафедр на вытворчасці і практыка ў базавых гаспадарках дазволілі нам змястоўна ўвязаць аграінжынерную адукацыю з сучасным узроўнем тэхнічнага абсталявання сельскагаспадарчай вытворчасці.

— Наш свет імкліва мяняецца, і сельскагаспадарчая галіна не выключэнне. Сёння па палях шчыруюць энерганасычаныя трактары, распрацаваны не адзін беспілотны трактар, інфармацыю на палях збіраюць дроны. Відавочна, што ў такіх умовах і адукацыя павінна ісці па інавацыйным шляху. 

— Так, перад намі стаіць задача на­даць адукацыі інавацыйны характар. І для гэтага мы імкнёмся ствараць матэрыяльна-тэхнічную базу, якая б адпавядала і нават апераджала па тэхнічным узроўні матэрыяльна-вытворчую базу сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Працуем па двух напрамках. Першы — стварэнне пры інавацыйных аб’ектах навукова-практычных цэнтраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі філіялаў кафедр. Гэта дазваляе на аснове сучасных дасягненняў навукі і вытворчасці арганізоўваць павышэнне кваліфікацыі прафесарска-выкладчыцкага складу і даваць студэнтам найноўшыя навуковыя і вытворчыя веды.

Другі напрамак — перадача ўніверсітэту доследных узораў тэхнікі, якія паспяхова прайшлі дзяржаўныя прыёмачныя выпрабаванні. Так самыя свежыя інавацыі выкарыстоўваюцца ў вучэбным працэсе.

Адначасова адбываецца і лічбавая трансфармацыя. З 2020 года БДАТУ далучыўся да рэалізацыі праекта “Лічбавы ўніверсітэт”. Пры падрыхтоўцы спецыялістаў сёння шырока прымяняюцца электронныя сродкі навучання, праводзяцца анлайн-лекцыі і вэбінары, выкарыстоўваюцца тэсціруючыя і  кантралюючыя праграмы, электронныя падручнікі, мультымедыйныя  рэсурсы і інш. Карацей кажучы, універсітэт упэўнена рухаецца на інавацыйнай хвалі.  

Усе фарбы студэнцкага жыцця

— БДАТУ дае не толькі адукацыю, але і магчымасць рэалізаваць свой навуковы патэнцыял. Як арганізавана навуковая работа?  

— У навуковай рабоце прымаюць удзел больш за 70% студэнтаў. Уключаюцца ў яе з першага курса. І такая работа з’яўляецца неад’емным элементам практыка-арыентаванай падрыхтоўкі, аб чым мы гаварылі раней. А ўсё таму, што ўніверсітэцкія навуковыя распрацоўкі маюць прыкладны характар — вырашаюць пэўныя праблемы сельскагаспадарчых арганізацый і прадпрыемстваў. 

Сёння навуковыя даследаванні ва ўніверсітэце ажыццяўляюцца па 9 асноўных напрамках, якія цесна звязаны з прыярытэтнымі напрамкамі даследаванняў у нашай краіне. БДАТУ ўдзельнічае ў выкананні 6 дзяржаўных праграм і 2 міжнародных праектаў з французскімі і ўзбекскімі УВА.

Сярод распрацовак нашых навукоўцаў— камп’ютарная праграма для аптымізацыі структуры сыравіннага канвеера па забеспячэнні гаспадарак кармамі. Праграма выкарыстоўваецца ў 28 арганізацыях і прадпрыемствах Беларусі! Імпартазамяшчальную тэхналогію ўмацавання дэталей рабочых органаў глебаапрацоўчых і кормаўборачных сельскагаспадарчых машын укаранілі на 17 прадпрыемствах краіны. Толькі ў 2021 годзе ААТ “Мінскі аграсэрвіс” рэалізаваў прадукцыі, вырабленай пры выкарыстанні названай тэхналогіі, больш чым на 50 тысяч долараў ЗША. 

Ва ўніверсітэце ажыццяўляецца падрыхтоўка кадраў па 12 спецыяльнасцях на першай і 7 спецыяльнасцях на другой ступені вышэйшай адукацыі, па 10 спецыяльнасцях перападрыхтоўкі і 20 спецыяльнасцях пасляўніверсітэцкай адукацыі.

— Студэнцкае жыццё — гэта, бадай, самыя яркія і насычаныя гады. Што адбываецца ва ўніверсітэце па-за заняткамі? 

— Скажу так: вольны час нашых студэнтаў — гэта час асобаснага росту і творчага самапраяўлення. Кожны можа знайсці для сябе цікавыя і карысныя актыўнасці. Ва ўніверсітэце дзейнічаюць 56 клубаў і аб’яднанняў па інтарэсах. Многія з творчых аб’яднанняў працуюць практычна на прафесійным узроўні: арт-фольк гурт “Велес”, калектыў сучаснага танца “Оксіджэн”, народны студэнцкі тэатр “Праметэй” штогод становяцца пераможцамі і лаўрэатамі міжнародных і рэс­публіканскіх конкурсаў. 

Запрашаюць на заняткі 16 спартыўных секцый. А наша спартыўная база з’яўляецца адной з лепшых у краіне. 

Актыўна развіваецца і валанцёрскі рух. Дзейнічае студэнцкае аб’яднанне валанцёраў-аграрыяў “САВА”, да якога далучыліся больш чым 400 чалавек. 

Нашы студэнты штогод шчыруюць у буд­атрадах. З 2016 года дзейнічае міжнародны атрад “Зорка”, які не раз прызнаваўся лепшым студэнцкім атрадам Мінска. У складзе атрада таксама працуюць студэнты з Курскай і Ніжагародскай дзяржаўных сельскагаспадарчых акадэмій. А паколькі буд­атрадаўцы працуюць у сельскагаспадарчых арганізацыях, то гэта яшчэ і садзейнічае фарміраванню практычных навыкаў. І, дарэчы, тыя, хто працуе ў складзе студэнцкіх атрадаў у летні перыяд, зарабляюць ад 800 да 2000 рублёў у месяц.

Пра ўсе магчымасці складана раска­заць— газеты не хопіць. Аднак з упэўненасцю магу сказаць, што ў БДАТУ ёсць усё, каб гады вучобы ва ўніверсітэце сталі прыемнымі і незабыўнымі, насычанымі яркімі па­дзеямі.

— Мікалай Мікалаевіч, дзякуй за размову!

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.