Галоўная прафесія — быць Чалавекам!

- 10:15Моя школа

Гэтыя словы з песні, якую яна выконвала ў школьныя гады, для тэлевядучай канала АНТ Кацярыны Цішкевіч сталі своеасаблівым жыццёвым дэвізам. 

 

Веды і спевы

— Кацярына, з чым звязаны самыя яркія ўспаміны падчас вучобы ў слуцкай гімназіі № 1? 

— Гэта, безумоўна, канцэрты, у якіх я нязменна прымала ўдзел. І сёння памятаю той адрэналінавы стан хвалявання перад выхадам на сцэну і апладысменты пасля. Тыя першыя публічныя выхады вельмі паўплывалі на развіццё маёй асобы. Пераканана, любую магчымасць публічнага праяўлення неабходна абавязкова выкарыстоўваць. Пры гэтым у мяне было шмат іншых захапленняў. Я не баялася спрабаваць новае, каб знайсці тое, што мне даспадобы. Аднак спевам было прысвечана больш за ўсё часу. 

— Ці падтрымліваеце зараз зносіны са сваімі настаўнікамі? 

— Многія настаўнікі для мяне з’яўляліся не проста прадметнікамі. Гэта былі асобы, да якіх я магла заўсёды звярнуцца па дапамогу і параду. Алена Рыгораўна Пурчэльянава, Таццяна Яўгенаўна Максіменка, Ірына Васільеўна Зарыцкая, Валянціна Якаўлеўна Горбач, Таццяна Аляксееўна Варанцова… А з Аленай Леанідаўнай Васільевай мы сябруем ужо 27 гадоў! Яна разам з маімі бацькамі прымала ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні майго вяселля, у хрэсьбінах маіх дзвюх дачок. Не адмаўлялася пабыць з імі, калі яны былі зусім маленькімі. Гэтыя зносіны ўжо шмат гадоў напаўняюць мяне святлом, цяплом і пачуццём бязмернай удзячнасці. 

— Ці былі ў ліку любімчыкаў? 

— Так, бо заўсёды добра вучылася. Вучоба для мяне была вельмі важнай у плане самаразвіцця і дасягнення мэт. А як вядома, настаўнікі заўсёды з цеплынёй ставяцца да вучняў, якія шчыра імкнуцца да ведаў, прыходзяць на ўрокі падрыхтаванымі.

— Якія моцныя рысы характару праявіліся ў школьныя гады? 

— Мэтанакіраванасць, самаарганізацыя, самадысцыпліна, самастойнасць у вучобе і захапленнях. Стаўшы мамай, разумею, што я ў дзяцінстве — гэта мара любых бацькоў, асабліва занятых!

Кацярына Цішкевіч — не толькі тэлевядучая, але і англамоўны “голас” АНТ. Менавіта яна агучвае дакументальныя фільмы і прэзентацыйныя ролікі, якія ствараюць на тэлеканале для дэманстрацыі за мяжой.

— На сустрэчы выпускнікоў прыхо­дзіце? 

— Усяго пару разоў была. Шчыра кажучы, у мяне няма ніякай настальгіі па зносінах з аднакласнікамі. А вось па самой школе… Пару гадоў назад, калі была ў Слуцку, выпадкова заехала на вуліцу Камсамольскую ў госці. Прайшлася па калідорах, пагаварыла з цяперашнім кіраўніцтвам і сваімі настаўнікамі… Была вельмі здзіўлена і ўзрадавана, што герб школы, які я намалявала 20 га­доў назад, стаў гербам гімназіі. І яго можна ўбачыць, увахо­дзячы ў будынак. Ну і канечне, ёсць у школе куток, прысвечаны вядомым выпускнікам. Там пра мяне таксама можна даведацца шмат чаго цікавага. (Усміхаецца.)

Удалы дэбют

— Наколькі асэнсаваным быў выбар педагагічнай прафесіі? 

— Я марыла пра розныя прафесіі. Шчыра кажучы, у настаўнікі пайсці параіла мама. І аб гэтым выбары я ніколі не пашкадавала. Гісторыя і англійская мова — мае самыя любімыя прадметы ў школе. А вопыт работы з крэйдай каля дошкі дапамагае мне і сёння, як у прафесіянальным, так і ў асабістым жыцці.

— Колькі гадоў працавалі настаўніцай? 

— Пяць. Прычым асвойваць прафесію пачала студэнткай Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. На чацвёртым курсе пайшла працаваць настаўніцай гісторыі ў сталічную сярэднюю школу № 35. Вельмі хацела выкладаць англійскую мову, але адразу не знайшлося для мяне гадзін. Калі мне іх выдзелілі, графік стаў вельмі насычаным — вучылася і працавала ў дзве змены. Пасля размеркавання маім месцам працы стала сталічная школа № 110, у сценах якой склалася сапраўдная творчая каманда аднадумцаў, з якой я прымала ўдзел у конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Дэбют” і перамагла. Пасля гэтага трыумфу атрымала другую катэгорыю датэрмінова. А з былымі калегамі мы і сёння на
сувязі. 

Эфірны час

— Работа на тэлебачанні была марай ці… 

— Яна здарылася ў маім жыцці выпадкова. З’явілася магчымасць паспраба­ваць сябе ў новым амплуа, і я яе не магла ўпусціць. Працавала ў школе і вучылася на курсах тэлевядучых. Асвойваць новую прафесію заўсёды складана. І на гэтым этапе жыцця мая працаздольнасць і настойлівасць адыгралі галоўную ролю. Поспех у любой справе на 90 працэнтаў залежыць ад працы і ўсяго на 10 ад таленту. А яшчэ ад умення ўступаць у камунікацыю. Без гэтага сёння нікуды! 

З маёй настаўніцай Аленай Леанідаўнай Васільевай мы сябруем ужо 27 гадоў! Яна разам з маімі бацькамі прымала ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні майго вяселля, у хрэсьбінах маіх дзвюх дачок. Гэтыя зносіны ўжо шмат гадоў напаўняюць мяне святлом, цяплом і пачуццём бязмернай удзячнасці.

— Пасля завяршэння курсаў вас запрасілі весці “Навіны рэгіёна” на “Беларусь 1”, а затым паступіла прапанова ад АНТ. За 15 гадоў на тэлебачанні, мабыць, былі ў эфіры ўжо тысячы разоў. А ёсць асаблівыя сярод іх?  

— Заўсёды хвалюючыя святочныя эфіры: пад Новы год, 9 мая, 3 ліпеня… У такія дні адчуваеш сваё дачыненне да святкавання разам з усёй краінай. Самыя свежыя эмоцыі, якія не пакідаюць маю душу, ад канцэрта каля стэлы “Мінск — горад-герой” у гонар Дня Незалежнасці Беларусі і гала-канцэрта майстроў мастацтваў Беларусі на “Славянскім базары ў Віцебску”. Гэта таксама былі прамыя эфіры. Для мяне гэта выхад не толькі са звыклай студыйнай атмасферы на вялікую сцэну, але і з уласнай зоны камфорту. 

— Калі адчулі, што гатовы самі ву­чыць жадаючых прыгожа гаварыць? Чаму падабаецца гэтым займацца? 

— Зараз у маім жыцці пачаўся новы перыяд: я зноў прыйшла да настаўніцтва. Ключавым момантам стала ўсведамленне таго, што ў прафесійнай сферы паступова ідзе працэс змены пакаленняў. У эфір прыходзяць маладыя, амбіцыёзныя людзі. У сувязі з гэтым хочацца быць карыснай для іх: падтрымаць, падказаць, падзяліцца вопытам, а дзесьці і навучыць. І я вельмі рада, что гэта супадае з напрамкам маёй асноўнай дзейнасці — работай у эфіры. Калі ты гуляючы трэнер, твой статус вельмі высокі!     

— На ваш погляд, дзіцячая і падлеткавая аўдыторыя незваротна страчана для тэлебачання? Ёсць шансы выправіць сітуацыю? 

— Сёння тэлебачанне не раўно тэлевізар. Яно ўсюды: у YouTube, у сацыяльных сетках, месенджарах. Каб заціка­віць дзіцячую аўдыторыю, тэлекампаніі павінны адчуваць трэнды і ствараць сучасны кантэнт з конкурсамі, інтэрактывамі і зваротнай сувяззю. На мой погляд, такім чынам можна сітуацыю змяніць, было б жаданне. Мне вельмі падабаецца праект “Я ведаю!”, які зусім нядаўна выходзіў на “Беларусь 1”. Галоўныя героі — школьнікі, якія дэманструюць веды на самыя розныя тэмы. Праграма “Талент краіны” на АНТ дае цудоўны шанс раскрыць дзецям свае рознабаковыя таленты. Калі даваць юнаму пакаленню рэальную магчымасць з’явіцца ў кадры, паказаць, на што яны здольны, паверце, ніхто не адмовіцца.

— Вы праводзіце экскурсіі ў рэдакцыі тэлеканала АНТ. Якая галоўная задача стаіць перед вамі?  

— Да нас прыязджаюць госці з усёй Беларусі, як дарослыя, так і дзеці. І мне здаецца, што пасля наведвання тэлеканала ў людзей карэнным чынам мяняецца ўяўленне аб тэлебачанні ў цэлым і аб рабоце вядучых у прыватнасці. І пацвярджэнне гэтаму — рэакцыя экскурсантаў, эмоцыі падчас нашых зносін і шматлікія водгукі пасля. Людзям сапраўды цікава. Я сустракаю групу ў грыме, эфірным касцюме — і гэта стварае зусім іншае ўспрыманне. 

— Вы з’яўляецеся загадчыкам аддзела тэлевядучых інфармацыйна-аналітычных праграм тэлеканала АНТ. Што самае складанае на гэтай пасадзе? 

— Работа з людзьмі. Будучы кіраўніком, лічу, што аснова поспеху — эфектыўная камунікацыя і справядлі­васць у адносінах да кожнага супрацоўніка. На тым і стаю! 

Не за што, а навошта

— Верыце ў лёс? Ці ўсё ж чалавек сам творца свайго шчасця? 

— Я веру ў знакі лёсу, веру ў магчымасці, якія жыццё дае чалавеку. Лічу, што ўсё гэта мае месца быць. Галоўнае, навучыцца правільна трактаваць тое, што табе пасылаецца. За добрае абавязкова быць удзячным. Ну а калі здараецца нешта дрэннае, не пытацца “За што?”, а пашукаць адказ на пытанне “Навошта?”.

— Што для вас азначае выраз “Жыць поўным жыццём”? Наколькі вам гэта ўдаецца? 

— Перш за ўсё — вызначаць мэты і ісці да іх, чэрпаць энергію і натхненне ў любімай рабоце, каб побач былі блізкія людзі, якія падораць любоў і падтрымку, памятаць і клапаціцца аб сваім здароўі… Каб жыць поўным жыццём, трэба не адкладваць яго на заўтра, а пастаянна знаходзіцца ў моманце. 

Кацярына Цішкевіч пяць гадоў працавала настаўніцай гісторыі і англійскай мовы ў сталічнай школе. 

— Быць публічным чалавекам вас не стамляе?

— Да сваёй публічнасці я адносілася і адношуся вельмі спакойна. Мне асабіста яна не перашкаджае ў жыцці. Калі хо­чуць сфатаграфавацца са мной, калі ласка! Бывае, аўтографы просяць у самых нечаканых месцах, таксама не адмаўляю. У школьныя гады была ў маім рэпертуары цудоўная песня, словы з яе сталі для мяне своеасаблівым дэвізам: “Самая галоўная прафесія ў жыцці — быць Чалавекам!”.

Марына ЖДАНАВА.