Пляцоўка для разумнікаў

- 9:43Рэпартаж

У сярэдзіне восені павінен запрацаваць вучэбна-­лабараторны корпус і інтэрнат Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Частка студэнцкіх атрадаў Мінска дапамагае будаўнікам гэтых аб’ектаў.

“Усе будаўнічыя работы будуць завершаны да верасня. Зараз ідуць аддзелачныя, пусканаладачныя, сантэхнічныя і электрамантажныя чыставыя работы. Пасля пачнецца мантаж абсталявання і мэблі. Усяго на гэтым аб’екце працуе каля 400 чалавек, у тым ліку каля 40 байцоў студатрадаў БДУІР, БНТУ, БДАТУ, БДУ. Яны дапамагалі рабіць дах, усталёўвалі падвесныя столі, добраўпарадкоўвалі тэрыторыю — працуюць усюды, дзе ёсць неабходнасць”,— паведаміў намеснік начальніка філіяла БУ-13 ААТ “Будтрэст № 4” Андрэй Віктаравіч Русскіх.

Выдатны аб’ект

На тэрыторыі інтэрната нас сустрэлі байцы атрада БДУ: другакурснік факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій Дзмітрый Раманчук і студэнт 2 курса факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Антон Губко. Яны расказалі, што працоўны дзень — з 8 да 17 гадзін. Ён пачынаецца з планавання спраў — разнарадкі. У апошнія дні ў асноўным займаюцца прыбіраннем дваровай тэрыторыі і жылых пакояў.

“Мы дапамагаем і будаўнікам, пераймаючы іх вопыт у розных справах. Да таго ж тут мы набылі навыкі работы ў камандзе, сталі больш адказнымі і камунікабельнымі. Бо куды прасцей спраўляцца з пастаўленымі задачамі, калі ўсе разумеюць адно аднаго і могуць правільна размеркаваць работу”, — сказаў Дзмітрый.

Уладзіслаў Шабека.

Антон жа звярнуў увагу, што прафесійныя будаўнікі ставяцца да іх добразычліва: “Думаю, успаміны пра працу тут застануцца на ўсё жыццё, бо мы і сяброў знайшлі, і грошы зарабілі, а яшчэ і месца ва ўніверсітэцкім інтэрнаце заслужылі. Дарэчы, пакуль мы тут працавалі, неаднаразова адзначалі, які гэта выдатны аб’ект, бо тут усё вельмі зручна і камфортна. І было б добра, калі б такіх сучасных аб’ектаў станавілася больш. Нам вельмі прыемна, што мы маем дачыненне да будаўніцтва такой значнай установы. Канечне, калі б была магчымасць самім пабы­ваць на змене ў тэхнапарку — зрабілі б гэта з задавальненнем”.

Апынуўшыся ўнутры інтэрната, разумееш, наколькі камфартабельным будзе знаходжанне там школьнікаў. У адным будынку размешчаны не толькі двухмесныя спальныя пакоі, але і сталовая, трэнажорная і спартыўная залы. А ў актавай зале, плошчай амаль 400 кв. м, можна бу­дзе праводзіць разнастайныя мерапрыемствы. Калі мы зазірнулі ў яе, то засталі там студэнтаў БДУІР— байцоў атрада “Праваднік” імя Героя Савецкага Саюза Ц.Бумажкова за мантажом падвесных столяў. Па іх прызнанні, гэта не самая складаная работа, якую ім даво­дзілася выконваць.

“Мы навучыліся “кантаваць”: калі вялікі груз, напрыклад, жалезныя дзверы, неабходна пранесці праз вузкі праём, то іх трэба павярнуць на бок і такім чынам несці, — усміхаючыся, растлумачыў Уладзіслаў Шабека, студэнт 2 курса факультэта камп’ютарнага праектавання. — Я больш інжынер, чым праграміст, і будоўля мяне цікавіць з інжынернага боку”.

Камандзір атрада “Праваднік” Аляксандр Манько, другакурснік факультэта камп’ютарных сістэм і сетак, адзначыў, што калі раптам узнікаюць складаныя сітуацыі, то даводзіцца нестандартна думаць. Гэта выпрацоўвае новыя навыкі і адказнасць. “Я ўпэўнены: такі працоўны вопыт спатрэбіцца ў жыцці, бо як мінімум многія рэчы мы навучыліся рабіць самі, а таксама ацэньваць, наколькі якасна зроблены рамонт, заўважаць схаваныя хібы”, — перакананы юнак.

Месца для даследаванняў 

Адразу за інтэрнатам стаіць вучэбна-лабараторны корпус. У ім размесцяцца шматлікія лабараторыі з найноўшым, у тым ліку і эксперыментальным, абсталяваннем — усё для таго, каб школьнікі маглі на практыцы праяўляць задаткі вынаходнікаў, право­дзіць уласныя даследаванні і ствараць унікальныя распрацоўкі. У гэтым корпусе з фінальнымі аддзелачнымі работамі дапамагаюць справіцца студэнты БНТУ з атрада “Усход” імя Героя Савецкага Саюза А.Лявонава. Восем байцоў на чале з Уладзіславам Юрэвічам, студэнтам 4 курса факультэта энергетычнага будаўніцтва, на будоўлі працуюць упершыню. Ім, бадай, пашанцавала больш за іншыя студ­атрады, бо іх універсітэцкі інтэрнат знаходзіцца побач з аб’ектамі тэхнапарка.

Вучэбна-лабараторны корпус

“Афіцыйна наша пасада — “Падсобны рабочы 2-га разраду”, таму нам у асноўным давяраюць перанос будаўнічых матэрыялаў і падрыхтоўку памяшканняў пад канчатковую аддзелку. Фізічная праца — умерана складаная, хоць часам і няпроста вытрымаць цэлы дзень на нагах. Аднак гэта куды лепш, чым проста дома праседжваць час. Да таго ж работа тут для нас, студэнтаў тэхнічнага ўніверсітэта, карысная тым, што мы паглядзелі знутры пра­цэс будаўніцтва. Напрыклад, мы займаемся праектаваннем, вывучаем яго, ведаем, як і што павінна быць у тэорыі, але тут спазнаём праблемы, якія ўзнікаюць непасрэдна ў час мантажу”,— падзяліўся Уладзіслаў.

Яго паплечнік Антон Малаковіч, студэнт 3 курса ФЭБ, падкрэсліў, што ім як інжынерам-будаўнікам карысна параўнаць тэорыю і практыку пачынаючы ад усталявання ліфтавых шахт да зазямлення на даху. Юнакі прызналіся, што пасля завяршэння ўсіх работ ім вельмі хацелася б пабываць у лабараторыях тэхнапарка і паглядзець, на якім абсталяванні будуць праводзіцца заняткі для юных навукоўцаў і як будзе выкладацца вучэбны матэрыял.

У канцы ліпеня ў час наведвання новых будынкаў тэхнапарка намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка паведаміў, што будаўнічыя работы амаль завершаны і абсталяванне закуплена: “У тэхнапарку ўсё зроблена для таго, каб дзеці маглі не проста вучыцца і бавіць вольны час, але і рэалізоўваць свой творчы і тэхнічны патэнцыял”.

Зразумела, што студэнты працуюць не толькі для набыцця вопыту, але і каб зарабіць грошы, якія нашы героі збіраюцца патраціць як на падарожжа па роднай краіне, паходы ў цікавыя месцы, так і на самаразвіццё— кнігі, падручнікі і курсы.

Увогуле, усе байцы, працуючы на важным дзяржаўным аб’екце, стараюцца якасна выконваць свае працоўныя абавязкі, бо адчуваюць адказнасць за развіццё інфраструктуры сталіцы. “У будучыні і мы зможам сказаць, што дапамагалі пабудаваць тэхнапарк”, — выказаў меркаванне Антон Малаковіч.

У сваю чаргу Аляксандр Манько дадаў: “Вялікае пачынаецца з малога — гэтая думка вельмі падыходзіць да таго, што мы тут робім”

Сучасная, яркая, зручная

Сярэдняя школа № 225

Наведвальнікі адукацыйных змен тэхнапарка не павінны адставаць ад школьнай праграмы. А таму звычайныя ўрокі яны будуць наведваць у школе № 225, якую здалі ў эксплуатацыю яшчэ ў мінулым годзе. Гэты аб’ект, як і ўсе астатнія, нетыповы — сучасны, яркі і зручны. Асноўная вучэбная частка — чатырохпавярховая, да якой прымыкае спартыўны двухпавярховы блок. На школьнай тэрыторыі таксама размешчана дадатковая інфраструктура, падзеленая на сектары: спартыўны (школьны стадыён і пляцоўкі для розных відаў спорту), вучэбна-доследны (участкі для вырошчвання агародніны і палявых культур, пладовых дрэў, кветак і г.д.), пачатковай ваеннай падрыхтоўкі і адпачынку.

Ідэя стварэння тэхнапарка ўзнікла некалькі гадоў назад. У 2019 годзе выйшаў адпаведны ўказ Прэзідэнта і пачалося фарміраванне ўнікальнага аб’екта. А 1 студзеня 2021 года на базе Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці пачаў функцыянаваць Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Але ўсе яго педагогі і навучэнцы з нецярпеннем чакалі адкрыцця новых будынкаў: школы, вучэбна-лабараторнага корпуса і інтэрната на 300 месцаў, якія знаходзяцца побач, што вельмі зручна. Усе яны размешчаны каля ЖК “Магістр” і карпусоў БНТУ, што ў Першамайскім раёне сталіцы ля МКАДа.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.