З новага навучальнага года ўмовы дзейнасці школьных сталовых і буфетаў зменены, гэта прадугледжана новымі Санітарнымі правіламі і нормамі. А вось нормы грашовых расходаў на харчаванне выхаванцаў і навучэнцаў пакуль што застаюцца тымі ж, гэтак жа як і катэгорыі дзяцей, якія маюць права на льготы пры аплаце харчавання ва ўстановах адукацыі.
Найперш адзначаныя змены тычацца асартыменту школьных буфетаў. Як расказала загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Антонаўна Малахава, упершыню прыкладны пералік тавараў школьных буфетаў быў зацверджаны пастановай Галоўнага санітарнага ўрача ў 2004 годзе.
— Гэта была вымушаная мера, бо на той час у школьных буфетах рэалізоўвалася вельмі шмат некарыснай і нават шкоднай для дзяцей прадукцыі, — адзначыла спецыяліст. — З таго часу гэты пералік увесь час удасканальваецца. У гэтым годзе ўнесены чарговыя змены, у прыватнасці, у буфетах абмяжоўваецца выкарыстанне мучных вырабаў — піц, смажанак, сасісак у цесце, гэта не здорава для арганізма. Акрамя таго, уводзіцца забарона на продаж напітаў прамысловай вытворчасці. Больш увагі скіроўваецца на абавязковую наяўнасць малочнай прадукцыі, садавіны і гародніны.
Не менш важны аспект дзейнасці харчаблокаў устаноў адукацыі — бяспека харчавання. У гэтым пытанні, па словах спецыяліста, можа спрацаваць толькі належны ўнутраны кантроль. “Ніякая праверка не зможа арганізаваць штодзённы кантроль за якасцю харчавання, — падкрэсліла Ала Антонаўна. — Таму сённяшняе патрабаванне — дакладнае размежаванне абавязкаў па кантролі за арганізацыяй харчавання паміж работнікамі ўстаноў адукацыі і дакладнае адсочванне кожнага з працэсаў. Бацькоўскі камітэт таксама можа і павінен удзельнічаць у кантролі за арганізацыяй харчавання — ад пытання, што ядуць дзеці, да пытання, як гатуецца ежа”.
Пры гэтым адзначаныя патрабаванні датычацца ўсіх ўстаноў адукацыі, незалежна ад таго, арганізавана там харчаванне намаганнямі непасрэдна сістэмы адукацыі ці пабочнымі арганізацыямі.
Як паведаміла на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела арганізацыі грамадскага харчавання Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь Ларыса Іосіфаўна Камарова, у мінулым навучальным годзе харчаванне навучэнцаў у 44% устаноў адукацыі было наладжана арганізацыямі спажывецкай кааперацыі, што ахоплівае каля 60% навучэнцаў, у 56% — установамі адукацыі. У гарадах створаны 33 камбінаты школьнага харчавання. На пачатак 2014/2015 навучальнага года ў краіне функцыянуе больш за 3200 аб’ектаў грамадскага харчавання пры ўстановах адукацыі. Для больш поўнага задавальнення патрэб навучэнцаў ва ўстановах адукацыі плануецца работа 176 кафэ і кафетэрыяў. Да новага навучальнага года ўведзены ў эксплуатацыю 13 аб’ектаў грамадскага харчавання ва ўстановах адукацыі, на харчаблоках праведзена 30 капітальных рамонтаў, укладзена больш за 50 млрд рублёў.
— Мінскім гарвыканкамам, аблвыканкамамі ўстаноўлены нацэнкі на прадукцыю, якая рэалізуецца арганізацыямі грамадскага харчавання ва ўстановах адукацыі. Яна розная — залежыць ад рашэння мясцовых улад: ад 30 да 50%, — адзначыла спецыяліст. — Пры гэтым суб’ектам грамадскага харчавання, якія арганізуюць абслугоўванне навучэнцаў, прадастаўляюцца прэферэнцыі: бясплатнае прадастаўленне памяшканняў, вызваленне ад аплаты камунальных плацяжоў.
Зразумела, гэта робіцца з мэтай зрабіць харчаванне дзяцей больш танным і пры гэтым імкнуцца да максімальна магчымага адпавядання харчавання фізіялагічным патрэбам навучэнцаў.
Грашовыя нормы расходаў на харчаванне ўстаноўлены пастановай № 317 Савета Міністраў. Акрамя таго, ва ўстановах адукацыі сталіцы Мінскім гарвыканкамам і гарсаветам прынята рашэнне, згодна з якім асобным катэгорыям навучэнцаў дадаткова ўстаноўлена даплата ў памеры 2,1% ад базавай велічыні ў дзень да грашовых норм расходаў на харчаванне. У выніку натуральныя нормы харчавання выконваюцца на большы працэнт.
— Ахоп гарачым харчаваннем у школах і прафесійна-тэхнічных установах складае да 95%, у сярэдніх спецыяльных і вышэйшых установах адукацыі — да 70%, — прывяла даныя спецыяліст. — Пры гэтым за кошт бюджэту гарачым харчаваннем забяспечваецца каля 50% навучэнцаў.
— У 2014/2015 навучальным годзе харчаванне навучэнцаў, як і раней, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Палажэннем аб арганізацыі харчавання навучэнцаў, якія атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю, спецыяльную адукацыю на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 лютага 2005 года № 177, — паведамілі ў Міністэрстве адукацыі. — У гэтым палажэнні вызначаны катэгорыі навучэнцаў, якім прадастаўляецца аднаразовае харчаванне за кошт сродкаў рэспубліканскага і (ці) мясцовых бюджэтаў.
Так, да гэтых катэгорый адносяцца дзеці з малазабяспечаных сем’яў, тыя, што пражываюць ў інтэрнатах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дзеці, якія пражываюць на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі, навучэнцы спецыяльных агульнаадукацыйных школ, школ-інтэрнатаў, дапаможных школ-інтэрнатаў, цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, а таксама ўся пачатковая школа і 5—11 класы устаноў агульнай сярэдняй адукацыі сельскай мясцовасці, дзеці з сем’яў, дзе адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам 1 ці 2 групы, дзеці з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і некаторыя іншыя.
Алена МАРКЕВІЧ.