Дыялог дзвюх краін

- 11:35Рэпартаж

Тры насычаныя дні, сотні кіламетраў, шматлікія знаёмствы і мноства ўражанняў — на мінулым тыдні Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы запрасіў беларускіх журналістаў у чарговы прэс­тур. На гэты раз — па Маскве і Калужскай вобласці.

Інтэграцыя навукі, космасу і адукацыі

Прэс-тур пачаўся экспертна-медыйным форумам “Прамысловае і тэхналагічнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Навука. Космас. Адукацыя”, які прайшоў у Маскве на пляцоўцы медыягрупы “Расія сёння”. Эксперты — прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў дзвюх краін, дзяржкарпарацыі “Раскосмас”, рэктары вядучых расійскіх і беларускіх УВА, вучоныя, інжынеры, лётчыкі-касманаўты і журналісты — абмеркавалі супрацоўніцтва ў касмічнай сферы, навуцы і адукацыі.

Міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец нагадаў, што айчыннымі ўніверсітэтамі і навуковымі ўстановамі праводзяцца даследаванні практычна ва ўсіх асноўных галінах ведаў і напрамках навукі: лічбавых, інфармацыйна-камунікацыйных, хімічных і біялагічных тэхналогіях, у сферы энергетыкі, будаўніцтва, экалогіі, машынабудавання. Важным складнікам застаюцца даследаванні ў галіне касмічных тэхналогій. 

На палях форуму старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў расказаў, што вядзецца работа па стварэнні беларуска-расійскага спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, а таксама паводле дамоўленасцей паміж “Раскосмасам” і НАН Беларусі працягваецца сумесная работа па арганізацыі палёту беларускага касманаўта восенню 2023 года.

“Мы павінны прадставіць групу нашых прэтэндэнтаў у складзе 20 чалавек у найбліжэйшыя дні. У Расіі яны прой­дуць медыцынскае абследаванне, а далей — падрыхтоўка. І тут найвялікшая дапамога Расіі па ўсіх пытаннях. Думаю, што і асноўным касманаўтам, і дублёрам стане дзяўчына. Стварэнне сумеснага спадарожніка звышвысокага разрознення 0,35 м і касмічнай сістэмы на яго аснове пла­нуем распачаць ужо 1 студзеня 2023 года. А завершыцца падрыхтоўка да яго запуску арыен­ціровачна ў 2028 годзе”, — дадаў Ула­дзімір Рыгоравіч.

Дарэчы, беларускі бок працуе над оптыка-электроннай апаратурай для гэтага спадарожніка. І тут неацэнны ўклад унеслі маладыя вучоныя вядучых УВА нашай краіны.

Дырэктар Мядынскай школы Рэна Прокшына: 

“Тут вялікія магчымасці і вялікія перспектывы для развіцця нашых дзетак. Радуецца душа, што ў нас ёсць такая школа“.

“Сапраўдная інтэграцыя пачынаецца тады, калі школьнікі і студэнты Беларусі і Расіі могуць свабодна ўдзельнічаць у розных праектах, праграмах, абменах, знаёміцца не толькі з культурай, але і з дасягненнямі абедзвюх краін”, — заявіў міністр навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі Валерый Фалькоў.

Па яго словах, ужо два гады дзейнічае праграма для выпускнікоў школ і студэнтаў Беларусі на базе расійскіх універсітэтаў. Колькасць беларускіх школьнікаў, якія паступаюць у расійскія УВА ў апошнія гады, ці застаецца стабільнай, ці павялічваецца. Таксама сёлета распачаўся новы сумесны адукацыйны праект БНТУ і Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, што перамог сярод 89 універсітэтаў у конкурсе “Перадавыя інжынерныя школы” Мінадукнавукі Расійскай Федэрацыі.

Мядынская супершкола

Другі дзень прэс-туру стаў асабліва насычаным. Спачатку дэлегацыя журналістаў адправілася ў горад Мядынь Калужскай вобласці. Там, дзякуючы намаганням беларускіх будаўнікоў, 1 верасня адкрыла дзверы суперсучасная школа на тысячу месцаў. “Гэтую ўстанову адукацыі нам пабудавалі прадстаўнікі “Белбудцэнтра”. Мы вырашылі, што будзе правільным паве­сіць перад школай не толькі расійскі, але і беларускі сцяг. Бачыце пчолку на фаса­дзе будынка? Гэта не малюнак — гэта мазаіка ад “Кераміна”. Назва Мядынь пахо­дзіць ад слова “мёд”, вось беларусы і зрабілі нам такі падарунак”, — патлумачыў кіраўнік адміністрацыі Мядынскага раёна Мікалай Казлоў.

Усяго за апошнія 5 гадоў у Калужскім рэгіёне нашымі будаўнікамі ўзведзены пяць школ і столькі ж дзіцячых садоў, а ў планах да канца 2025 года — яшчэ тры школы. “Мядынская школа па маштабнасці, доб­раўпарадкаванні тэрыторыі, напаўненні, мабыць, самы выбітны праект, які мы рэалізавалі ў Калужскай вобласці”, — адзначыў генеральны дырэктар “Белбудцэнтра” Вячаслаў Тураў.

Сапраўды, гэты аб’ект уражвае сваімі маштабамі! Уявіце сабе, тэрыторыя школы — 8,3 га! Плошча будынка — 30 тысяч кв. м. Ён складаецца з трох блокаў: для пачатковай школы, сярэдняй і старшакласнікаў, кожны — з прасторнымі холамі і зручнымі класамі, абсталяванымі па апошнім слове тэхнікі. Ёсць тут і класы галаграфіі, 3D-ма­дэлявання, робататэхнікі, цэнтр дзіцячых ініцыятыў для творчых заняткаў, прасторны інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, фота- і кінастудыя, актавая зала на 450 месцаў, сталовая на 360 чалавек, што дазваляе пакарміць усіх вучняў за два перапынкі. А яшчэ — два басейны (маленькі для малодшых школьнікаў і вялікі з 25-метровымі дарожкамі для старэйшых), спартыўная, гімнастычная і трэнажорная залы. Да таго ж на вуліцы ля школы размешчаны футбольнае поле, стадыён, пляцоўкі для варкаўта, баскетбола і валейбола, тэнісны корт, дзіцячыя гульнявыя комплексы — усяго не пералі­чыць.

“Тут вялікія магчымасці і вялікія перспектывы для развіцця нашых дзетак. Радуецца душа, што ў нас ёсць такая школа. Пры яе праектаванні ўлічваліся ўсе нашы пажаданні”, — паведаміла дырэктар Мядынскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы Рэна Прокшына.

У Мядынскай школе функцыянуюць агракласы. Будаўнікі падарылі сертыфікат на міні-трактар. “Наладжваецца супрацоўніцтва з ТАА “Калужская ніва”, каб яго супрацоўнікі агітавалі школьнікаў займацца сельскай гаспадаркай, — дадала Рэна Клаўдзіеўна. — Сёлета мы набралі і педагагічныя класы — вывучылі вопыт беларускіх калег і вырашылі, што гэта вельмі добры варыянт. Тым больш што школа новая і необходны новыя кадры. А яшчэ ёсць кадэцкія класы, з двух выпускаў больш за 20 чалавек паступілі ў ваенныя вучылішчы”.

Папяровая мануфактура і музеі касманаўтыкі

Уражвае і школьная храмакейная з найноўшым абсталяваннем. Яна тут створана невыпадкова. Як сказаў кіраўнік раёна, было б недарэчна не арганізаваць кіна­школу, калі пад бокам ёсць кінакомплекс “ВаенФільм-Мядынь”. На тэрыторыі больш за 90 га пабудаваны маштабныя дэкарацыі вёскі, выкапана і запоўнена вадой рака, размешчаны ангары з ваеннай тэхнікай, ёсць магчымасць для размяшчэння і ўзвя­дзення дэкарацый і арганізацыі піратэхнічных рашэнняў любой складанасці. Узна­чальвае “ВаенФільм-Мядынь” заслужаны артыст Расіі, рэжысёр і прадзюсар Ігар Угольнікаў. Сустрэць яго ў Мядынскай школе было вельмі нечакана.

Міністр навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі Валерый Фалькоў: 

“Сапраўдная інтэграцыя пачынаецца тады, калі школьнікі і студэнты Беларусі і Расіі могуць свабодна ўдзельнічаць у розных праектах, праграмах, абменах“.

“Для мяне гэтая школа — фантастыка. Я бачыў, як яна будавалася, зараз у левай секцыі абсталёўваецца тэле- і кінастудыя. І праз нейкі час у старшакласнікаў пачнуцца тут заняткі. Хацелася б прывіць ім ціка­васць да нашай прафесіі. Нехта, магчыма, пасля стане рэжысёрам, акцёрам, нехта будзе зай­мацца камп’ютарнай графікай, стане касцюмерам, каскадзёрам або піратэхнікам. Няхай яны паглядзяць, як ствараецца кіно. На кінакомплексе вучні будуць стажыравацца, каб пасля самыя таленавітыя маглі пасту­піць у профільныя УВА”, — падзяліўся планамі Ігар Станіслававіч.

Зараз на кінастудыі “ВаенФільм” здымаюцца сцэны новай карціны “Па поклічы сэрца” пра народнае апалчэнне, а таксама 4-серыйны фільм “Франтавая разведка. Пазыўны “Жураўлі”. “Здымкі будуць да 1 лістапада, а далей мантаж, камп’ютарная графіка, штосьці пакажам мядынскім школьнікам, каб яны зразумелі кінатэхналогію. Плануем прэм’еру зрабіць 9 мая ў нашых абедзвюх краінах, — дадаў Ігар Угольнікаў.

Пасля наведвання кінапляцоўкі журналісты зазірнулі на адно з найстарэйшых прамысловых прадпрыемстваў Расіі — Палатняна-Заводскую папяровую мануфактуру ў Дзяржынскім раёне, заснаваную ў 1718 годзе па ўказе Пятра I. 

А затым госці пабывалі ў Дзяржаўным музеі гісторыі касманаўтыкі імя К.Э.Цыял­коўскага ў Калузе. Гэта першы ў свеце і найбуйнейшы ў Расіі музей касмічнай тэматыкі, створаны пры непасрэдным удзе­ле Сяргея Каралёва і Юрыя Гагарына. Функцыя­нуе ён з 3 кастрычніка 1967 года. Унікальныя экспазіцыі знаёмяць з гісторыяй паветраплавання, авіяцыі, ракетна-касмічнай тэхнікі ад першага штучнага спадарожніка Зямлі да сучасных арбітальных станцый. Завяршыўся трохдзённы
прэс-тур наведваннем Музея гісторыі касмічнага навукова-вытворчага цэнтра імя М.В.Хрунічава.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.