Са сваім укладам

- 20:55Год гістарычнай памяці

У духу цеплыні, сяброўства і своеасаблівай сямейнасці. Са сваім укладам, традыцыямі і поспехамі. Так жыве Сухарэўская сярэдняя школа імя Ю.М.Двужыльнага Магілёўскага раёна.

Размешчаная ў маляўнічым аграгарадку, школа — сапраўдны другі дом для мясцовых настаўнікаў і навучэнцаў. Кожны дзень тут напоўнены маленькімі, але значнымі для калектыву падзеямі. Педагогі разам з дзецьмі даследуюць і ствара­юць цікавыя праекты, актыўна ўдзельнічаюць у раённых, абласных і рэс­публіканскіх мерапрыемствах, ладзяць грамадска значныя ініцыятывы і акцыі.

— Мы жывём у атмасферы ўзаемадапамогі, падтрымкі, агульных мэт і задач. Галоўны прыярытэт, вядома, дзеці. Сумесна мы імкнёмся стварыць усе ўмовы, каб раскрыць таленты і здольнасці вучняў, — расказвае дырэктар школы Ігар Емцаў.

Даюць веды, вучаць жыццю

Сёння школу наведваюць 67 хлопчыкаў і дзяўчынак. Іх навучаннем займаюцца 22 педагогі. Вучэбны працэс ва ўстанове наладжаны якасна. Да кожнага вучня настаўнікі шукаюць свой падыход, імкнуцца разгледзець яго моцныя бакі, распрацаваць індывідуальную траекторыю развіцця. Для старшакласнікаў функцыянуюць профільныя класы аграрнай накіраванасці. Усё гэта садзейнічае эфектыўнаму навучанню. Сухарэўскія школьнікі дэманструюць дастаткова высокі ўзровень паспяховасці, рэгулярна праяў­ляюць сябе ў алімпіядным руху, спартыўных турнірах і творчых конкурсах.

Акрамя стандартнай вучобы, у школе мясцовая дзятва вучыцца жыць. Кіраўніцтва і педагагічны калектыў перакананы: задача сучаснай навучальнай установы заключаецца не толькі ў тым, каб даць адукацыю.

— Трэба яшчэ і выхаваць падрастаючае пакаленне дастойнымі людзьмі, падрыхтаваць да далейшага жыцця ў грамадстве. У цяперашніх рэаліях важныя не проста трывалыя веды. Не меншую значнасць набывае выхаванне, — упэўнены Ігар Емцаў.

Юрый Міхайлавіч Двужыльны — Герой Савецкага Саюза, камандзір батальёна, капітан. У 1940 годзе пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію, браў удзел у савецка-фінскай вайне. З лютага 1943 года ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай. Удзельнічаў у вызваленні Данбаса, але асабліва вызначыўся пры вызваленні Магілёўскай вобласці. Падчас цяжкіх баёў за вёску Харашкі ў крытычны момант капітан Двужыльны павёў салдат у контратаку. Падчас гэтага бою трапіў пад варожы артылерыйскі агонь і быў забіты асколкам на беразе ракі Раста. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, Залатой зоркай Героя СССР. Пахаваны ў брацкай магіле разам з байцамі свайго батальёна.

Паводле яго слоў, педагогі стараюцца выхоўваць вучняў добрымі і справядлівымі людзьмі, дасягаюць гэтага праз таварыскасць і сямейнасць, якія пану­юць у школе.

— Наша школа невялікая, але ў гэтым ёсць плюс. Усе настаўнікі, бацькі і дзеці як адна сям’я. Для таго каб яшчэ больш умацаваць гэтае яднанне, пастаянна право­дзім адпаведныя мерапрыемствы. У пазаўрочны час, а асабліва ў шосты школьны дзень, у нас праходзяць конкурсы, спартландыі, тэматычныя святы і валанцёрскія акцыі. Усе яны масавыя. Удзель­нічаюць, як правіла, усе вучні, падключаюцца і родныя. У бацьках, дарэчы, мы бачым сваіх галоўных паплечнікаў, — адзначае Ігар Мікалаевіч.

Цеснае ўзаемадзеянне з сям’ёй і агульная лінія ў выхаванні дзяцей даюць свае вынікі. Сярод навучэнцаў школы няма дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Ніхто з вучняў не стаіць ні на якіх формах уліку, не здзяйсняе супрацьпраўных дзеянняў і ўчынкаў. А вось працягнуць руку дапамогі, аказаць неабходную падтрымку тым, хто мае ў гэтым патрэбу, сухарэўскія вучні заўсёды гатовы.

Захоўваюць памяць

— Мы стараемся прывіць навучэнцам духоўна-маральныя якасці, правільныя каштоўнасці і арыенціры. Але асаблівы акцэнт робім на грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Гэта не толькі патрабаванне часу. Наша школа носіць імя Героя Савецкага Саюза Юрыя Двужыльнага. Чалавека, чый жыццёвы шлях — яркі прыклад сапраўднага патрыятызму і любові да Радзімы, — паведамляе намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Святлана Шуцікава.

Па яе словах, школа ў Сухарах была пабудавана ў 1962 годзе. А ўжо праз два гады навучальнай установе прысвоілі імя Двужыльнага. На гэта былі важкія прычыны. Юрый Міхайлавіч загінуў пры вызваленні гэтых земляў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і пахаваны ў брацкай магіле ў вёсачцы Харашкі.

— На землях Сухарэўскага сельскага Савета прайшло нямала кровапралітных баёў. У ходзе ажыццяўлення аперацыі “Баграціён” было здзейснена шмат по­дзвігаў. Наша школьная піянерская дружына носіць імя яшчэ аднаго героя СССР — Міхаіла Цярэшчанкі, які таксама загінуў тут, у наваколлях аграгарадка, — заўважае Святлана Міхайлаўна.

Усяго на тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 17 мемарыялаў з брацкімі воінскімі пахаваннямі. Чатыры з іх школа даглядае, па неабходнасці добраўпарадкоўваючы і наводзячы парадак. Часта тут праводзяцца ўрачыстыя мітынгі і рэквіемы.

— Радуе, што навучэнцы часта самі праяўляюць актыўнасць і ініцыятыву ў гэтых справах. Дзеці дакладна разумеюць, што за сённяшняе мірнае неба мы павінны быць удзячны мужнасці, адвазе і гераізму савецкіх салдат. Кожны наш вучань ведае біяграфію і бая­вы шлях Юрыя Двужыльнага, іншых герояў-вызваліцеляў роднага краю. А мы, педагогі, стараемся захаваць у сэрцах маладога пакалення гэтую памяць, — падкрэслівае Святлана Шуцікава.

Выхоўваюць патрыётамі

З асобай Юрыя Двужыльнага звязана ўся выхаваўчая работа Сухарэўскай школы. Звесткі пра яго настаўнікі часта згадваюць і на ўроках у ходзе вывучэння тэм, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. Аднак галоўным захавальнікам памяці пра Юрыя Міхайлавіча і яго подзвігі з’яўляецца школьны музей.

— Музей баявой славы адкрыўся ўсяго праз пару гадоў пасля прысваення нашай школе імя Двужыльнага. Вялікі ўклад у яго заснаванне ўнёс пошукавік, краязнавец, журналіст Георгій Фралоў, настаўнік гісторыі Васіль Антонаў, піянерважатыя Іван Несцярэнка і Людміла Бардзілоўская. Інфармацыю аб жыцці, подзвігах і баявым шляху Юрыя Двужыльнага па драбніцах збіралі ўсе настаўнікі, навучэнцы і іх бацькі, — заўважае кіраўнік музея педагог дадатковай адукацыі Мікалай Валюжэніч.

Наталля Колас, начальнік аддзела па адукацыі Магілёўскага райвыканкама: 

— Грамадзянска-патрыя­тычнаму выхаванню мола­дзі ўдзяляем вялікую ўвагу. Сумесна з раённым саветам ветэранаў ладзім мноства тэматычных мерапрыемстваў у гэтым кірунку. Прывіць навучэнцам любоў да роднай зямлі стараемся праз творчасць, спорт, даследаванні. Многае робіцца і ў рамках захавання гістарычнай памяці. Арганізуем мітынгі ля мемарыялаў і воінскіх пахаванняў, інфармацыйныя акцыі, падчас якіх дзеці даведваюцца пра факты генацыду беларускага народа, гераізм салдат Чырвонай Арміі. Захаванню гэтай памяці садзейнічае таксама прысваенне ўстановам адукацыі імён герояў Вялікай Айчыннай вайны. Толькі ў верасні бягучага года коль­касць такіх школ павялічылася на тры. Бракаўскай сярэдняй школе прысвоена імя партызанкі Настассі Шанцовай. Вендаражская сярэдняя школа зараз носіць імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Раманькова, а Сідаравіцкая базавая школа — імя ветэрана Вялікай Айчыннай вайны заслужанага настаўніка БССР Івана Гуркова.

Зараз у фондах музея каля 500 экспанатаў, сярод якіх шматлікія фатаграфіі, дакументы, асабістыя рэчы салдат-герояў, артэфакты часоў вайны. Экспазіцыя падзелена на восем тэматычных раздзелаў. Тут можна даведацца не толькі пра тое, як жыў і ваяваў Юрый Двужыльны. Ёсць раздзелы, прысвечаныя абаронцам і вызваліцелям горада і раёна, этапам вызвалення Беларусі, землякам, якія не вярнуліся з франтоў. Значна, што экскурсіі ў музеі праводзяць самі школьнікі. У якасці юных экскурсаводаў выступаюць вучні, якія наведваюць гурток “Музеязнаўства” пад куратарствам Мікалая Валюжэніча.

— Юрый Двужыльны быў адважным афіцэрам, які праяўляў выключную доблесць і мужнасць у баях за вызваленне Радзімы. Мы вельмі ганарымся, што наша школа носіць яго імя. Імкнёмся памятаць пра здзейсненыя ім подзвігі, расказваць пра іх, каб захаваць мір і не паўтарыць памылкі мінулага, — дзеліцца вучаніца 11 класа Паліна Васільева.

— Важна, што пошукавая работа ў музеі не спыняецца, экспазіцыі папаўняюцца. Музей таксама з’яўляецца цэнтрам патрыятычнага выхавання. Экскурсіі для дзяцей пачынаем праводзіць яшчэ з дашкольнага ўзросту. Да нас прыходзяць выхаванцы нашага дзіцячага сада. Для школьнікаў арганізуем урокі мужнасці, інфармацыйныя га­дзіны, сустрэчы з ветэранамі. Усё гэта садзейнічае таму, каб памяць аб гераізме савецкіх салдат жыла сярод нашчадкаў, — лічыць Мікалай Дзмітрыевіч.

Такой жа думкі прытрымліваецца і кіраўнік школы Ігар Емцаў.

— У выхаваўчай рабоце нельга абысціся без захавання гістарычнай памяці. Нашы вучні ведаюць: будучыню можна будаваць, толькі абапіраючыся на гісторыю. Ведаюць, што Беларусі ёсць чым ганарыцца, пра што памятаць. Яны любяць свой край і Радзіму ў цэлым. Сваімі выпускнікамі мы вельмі ганарымся, бо са школы яны выходзяць сапраўднымі патрыётамі, гатовымі жыць і працаваць на карысць роднай краіны, — падкрэслівае дырэктар.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.