Тэатральныя крокі ў Празарокі

- 11:27Культура

Завітаць “у госці да дзядзькі Ігната” — такая магчымасць выпала нам, журналістам “Настаўніцкай газеты”, на Глыбоччыне. У Празароках дзейнічае адзіны ў сваім родзе музей Ігната Буйніцкага, выхадца з гэтага краю.

Калі спытаць мінакоў на любой беларускай вуліцы, хто такі Ігнат Буйніцкі, мала хто падрабязна пра яго раскажа. Жыхары Мінска, Глыбокага ці Вілейкі, магчыма, яшчэ суаднясуць яго прозвішча з сугучнымі назвамі вуліц у сваіх гарадах. Сапраўды, Беларусь дала свету нямала выдатных людзей, імёны многіх з іх сёння на слыху, але пра Буйніцкага ведаюць не так добра. А тое, што ён быў ініцыятарам стварэння Першага таварыства беларускай драмы і камедыі ў Мінску, з якога пасля вырас Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, увогуле памятаюць хіба толькі спецыялісты. Педагогі і вучні Празароцкай школы шмат гадоў выпраўляюць гэтую несправядлівасць і на базе свайго музея не толькі захоўваюць спадчыну выдатнага культурнага дзеяча, але і працягваюць яго справу.

У Празароках пра Буйніцкага расказваюць не толькі педагогі школьнікам, але і самі школьнікі добра ведаюць пра свайго знакамітага земляка. Акрамя таго, што ён працаваў землямерам, ён быў яшчэ і таленавітым артыстам з адукацыяй Віленскай драматычнай студыі, балетмайстрам, рэжысёрам і збіральнікам песеннага і танцавальнага фальклору свайго народа. Спачатку ў “вечарынках Буйніцкага” прымалі ­ўдзел­ толькі ён сам, яго дочкі і зяці. Паступова да іх сталі далучацца сябры, суседзі, аматары сама­дзейнасці. Так гурток ператварыўся ў сапраўдны тэатр. Гэта быў першы прафесійны беларускі тэатр XX стагоддзя.

Акрамя ўласна экскурсіі, празароцкія школьнікі прапануюць вам майстар-клас па развучванні беларускіх народных танцаў з рэпертуару трупы І.Ц.Буйніцкага, правядзенне абрада “Жаніцьба Цярэшкі” і шмат іншага.

Калі вы трапіце сюды, вам у дробязях раскажуць і на экспанатах пакажуць, што Ігнат Буйніцкі любіў простых людзей і не прапускаў выпадку як мага паўней пазнаваць народнае жыццё. Назіраў за жыццём простых людзей, блізка да сэрца прымаў іх беды. Адукаваны і разам з тым просты і таварыскі, ён хутка заваёўваў сімпатыі людзей і заўсёды быў жаданым госцем у сялянскіх хатах. З задавальненнем вывучаў танцы і песні, прымаючы ўдзел разам з моладдзю ў вясёлых вечарынах.

У музеі можна дакрануцца да прадметаў той мінулай эпохі. Гэта і стол, прывезены з памесця Анкудаў, якое знаходзілася непадалёк Празарок і куды часта прыязджаў на паляванне Буйніцкі, і камізэлька яго дачкі Гэлі, якую яна падарыла маленькай Аленцы Ткач, якая збірала і прывозіла ў іх дом суніцы. Тут жа знаходзіцца план царквы па магнітным мерыдыяне, падпісаны самім Буйніцкім (ён распрацоўваў план месца, на якім будзе стаяць праваслаўны храм), арнат і стула святара, у якіх, магчыма, хрысцілі Буйніцкага, і інш.

Кіраўнік музея Святлана Іванаўна Кузняцова гаворыць: “Прыемна, што апошнім часам не толькі мы захоўваем памяць нашага славутага земляка, але і прыязджаюць людзі, якія наведваюць наш музей і нават до­раць нам новыя экспанаты. Так, нядаўна ў нас з’явілася дуда, якую ахвяраваў для музея Віталь Воранаў, наш зямляк-глыбачанін. Засталося набыць толькі скрыпку для поўнага арсенала музычных інструментаў трупы Буйніцкага”. 

Пра тэатральную трупу і яе гастрольнае жыццё тут таксама можна даведацца ў дэталях. Пункт адпраўлення ў вандроўку па месцах, дзе выступалі народныя артысты, — круглая тумба з тэатральнымі афішамі пачатку мінулага стагоддзя. Хоць яна знаходзіцца ў холе школы, прызнаюся, дзякуючы антуражу, адчуваеш сябе недзе на брукаваным бульвары ці на плошчы ў прадчуванні прэм’еры якога-­небудзь “Моднага шляхцюка”. У наш час вярнула мяне хіба толькі адсутнасць сонечнага парасона ў руцэ і пышнай сукенкі да падлогі. 

Доўгі час у Купалаўскім тэатры захоўвалася світка, у якой Ігнат Буйніцкі выступаў на сцэне. Яна перадавалася лепшым выканаўцам яго роляў.

Мы змаглі адчуць атмасферу вечарын танцораў, спевакоў, музыкантаў, якія Буйніцкі рэгулярна ладзіў у Празароках і Палачанах, іх знакамітых музычных спектакляў на піцерскіх вечарынах студэнцкай беларускай і рабочай моладзі. Пазнаёміліся з дочкамі Ігната Цярэнцьевіча (Ванда выступала як драматычная актрыса, дэкламатар, а Гелена была ў танцавальнай групе) і іншымі ўдзель­нікамі яго трупы, з іх рэпертуарам. Уявіць іх дапамага­юць шматлікія фотаздымкі, а таксама кнігі, прысвечаныя Ігнату Буйніцкаму і яго творчасці. 

За гады работы яго тэатр шмат выступаў у мястэчках і гарадах Беларусі — ад Паставаў і Глыбокага да Мінска і Полацка, а таксама ў Вільні, Варшаве, Пецярбургу. Ставіліся яркія, выкрывальнага характару спектаклі на аснове твораў А.Чэхава, Э.Ажэшкі, М.Крапіўніцкага, В.Дуніна-Марцінкевіча і інш. У антрактах паміж дзеяннямі спектакля даваліся канцэртныя інтэрмедыі, якія ішлі пад акампанемент народных інструментаў. Буйніцкі не толькі кіраваў трупай і фінансаваў яе. Ён быў і першым танцорам, выступаў у хоры, сам удзель­нічаў у спектаклях. Яму пад сілу былі і вершы, і проза на бытавыя, сацыяльныя і лірычныя тэмы. Ігра Буйніцкага адрознівалася жыццёвай і бытавой дакладнасцю, глыбокай самабытнасцю і тонкім гумарам.

Аматарам спектакляў Буйніцкага быў Янка Купала. Пасля аднаго з іх, у Пецярбургу ў 1911 го­дзе, свае ўражанні ён перадаў у вершы “Ігнату Буйніцкаму”, а праз 2 гады — у знакамітай “Паўлінцы”, аздобленай народнымі песнямі і танцамі, якая і да цяперашняга часу не сыходзіць са сцэны беларускага тэатра. Дзейнасць Ігната Буйніцкага падтрымлівалі Якуб Колас, Ядвігін Ш., З.Бядуля, А.Пашкевіч (Цётка выступала ў яго спектаклях яшчэ і як актрыса) і іншыя дзеячы беларускай культуры. Аднак па розных прычынах Ігнат Буйніцкі быў вымушаны закрыць тэатр, а яго планы на новы тэатр спыніла Першая сусветная вайна — ён загінуў на фронце, быў пахаваны ў Палачанах, потым дачка перахавала яго ў родных Папівачах. 

Прыемна, што справа, пачатая Ігнатам Буйніцкім, жыве ў Празароках і сёння. І хто ведае, можа, нехта з вучняў, натхніўшыся, працягне гэтую справу ўжо на прафесійным узроўні.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.