Наталля Юр’еўна Ясонава — педагог фізічнай культуры і здароўя, класны кіраўнік і кіраўнік двух аб’яднанняў па інтарэсах сярэдняй школы № 13 Жлобіна. Педагог падзялілася сваім вопытам работы і расказала, што матывуе яе працаваць яшчэ больш.
Наталля Юр’еўна з самага дзяцінства ведала, што стане настаўніцай. Толькі не магла вызначыцца з прадметам. І тады ў справу ўступіў спорт, якім будучая настаўніца займалася з юных гадоў, прадстаўляла школу на спаборніцтвах. У выніку скончыла Рагачоўскі дзяржаўны педагагічны каледж па спецыяльнасці “Выхавальнік у дашкольных установах”, а пазней прайшла перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Настаўнік фізічнай культуры і здароўя” і прысвяціла сваё жыццё гэтай цудоўнай прафесіі.
Наталля Юр’еўна — педагог са стажам работы 28 гадоў і ўжо другі раз класны кіраўнік. Першым яна выпусціла спартыўны клас па плаванні і валейболе.
— У вучняў спартыўных класаў няма ўрока фізкультуры, — адзначае педагог. — Такія класы створаны для найбольш перспектыўных спартсменаў-навучэнцаў, і ў іх ажыццяўляецца паглыблены трэніровачны працэс. Спецыфіка работы класнага кіраўніка такога класа адрозніваецца ад звычайнага. Трэба быць у курсе ўсіх спаборніцтваў, трэніровак дзяцей, але і не забываць аб агульнаадукацыйных прадметах.
Наталля Юр’еўна падкрэслівае, што быць класным кіраўніком — вялікая адказнасць. Гэта абумоўлена тым, што настаўніку трэба быць на сувязі з дзецьмі і бацькамі фактычна круглыя суткі. Але гэта адначасова з’яўляецца адным з лепшых момантаў працы.
Абмяркоўваючы розніцу паміж класным кіраўніком і выкладчыкам-прадметнікам, мы з Наталляй Юр’еўнай хутка прыйшлі да высновы: першыя бяруць на сябе ролю бацькоў і ведаюць аб усіх поспехах і няўдачах вучняў, а другія адказваюць толькі за свой прадмет.
Чытайце матэрыял Соф’і Цыкуновай у нумары ад 20 студзеня 2023 года.