Услед за марай

- 13:57Культура

Жадаючы стаць артысткай, у свае 16 гадоў барысаўчанка Настасся Чычына пакінула бацькоўскі дом і перабралася жыць у Магілёў, дзе скончыла каледж мастацтваў з чырвоным дыпломам. Сёння яна малады спецыяліст Магілёўскага драматычнага тэатра.

Як рыба ў вадзе

У маленстве Насця з задавальненнем чытала вершы, спявала песні, кружылася ў танцы. У дзіцячым садку наведвала тэатральную студыю, а ў школе вучылася ў тэатральным класе. Сцэна заўсёды вабіла дзяўчынку і ніколі не страшыла, на ёй яна адчувала сябе як рыба ў вадзе.

— З ранняга дзяцінства я, у адрозненне ад многіх сваіх аднагодкаў, не баялася выступаць перад гледачамі, не адчувала ніякай сарамлівасці, — успамінае Настасся Чычына. — Пасля 9 класа, вагаючыся пры выбары прафесіі, думала пра паступленне ў філалагічны клас ліцэя Барысава і нават паспела падаць туды дакументы, але ў апошні момант вырашыла крочыць услед за марай — павезла дакументы ў Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў, дзе набіралі навучэнцаў на тэатральнае аддзяленне пасля 9 класа.

Бацькі праявілі мудрасць, адгаворваць не сталі: творчасць — значыць твор­часць, і яны падтрымалі выбар дачкі. Апынуўшыся ў незнаёмым горадзе, дзяўчына ў 16 гадоў раптам акунулася ў дарослае жыццё. Побыт у інтэрнаце, першая сесія, няпростая вучоба, вялікія нагрузкі — усё было ў навінку, многае спачатку давалася з цяжкасцю.

Цяжка ў вучэнні — лёгка ў баі

— Аднак не было і думкі ўсё кінуць, я ведала, што гэта тое, чым я хачу займацца ў жыцці, і верыла: калі зараз цяжка ў вучэнні, то потым будзе лягчэй на сцэне, — успамінае мая суразмоўніца першы год вучобы і адаптацыі да новых умоў жыцця. — Па сабе і сваіх аднагодках ведаю, што большасць абітурыентаў памылкова лічаць акцёрскую прафесію не надта складаным рамяством. Здаецца, што вывучыў некалькі роляў, выступіў на сцэне — і неўзабаве цябе заўважаць, пачнуць запрашаць у кіно, тэатр. Але вельмі хутка разумееш, што для таго, каб рэалізавацца ў прафесіі, трэба шмат чаму навучыцца: рэгулярна рыхтавацца да заняткаў, з максімальнай аддачай працаваць на спецыяльных прадметах і шмат займацца самаразвіццём. Без гэтага не дасягнуць максімальна праўдзівага існавання ў ролях, а калі ўпусціш нешта ў гады вучобы, нагнаць потым будзе вельмі складана.

Падчас рэалізацыі абласнога праекта “Песня роднай зямлі” навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў аб’ехалі больш за дзесяць устаноў адукацыі Магілёўшчыны з пастаноўкай, створанай па матывах твораў Алеся Казекі — паэм “Медуніца” і “Марыйка”.

Асновы самаразвіцця студэнты каледжа вывучаюць па кнізе К.С.Станіслаўскага “Работа акцёра над сабой”.

— Самастойная работа — працэс бясконцы, — кажа Настасся. — Мы вучыліся глядзець на свет не вачамі абывацеля, а прафесійным поглядам. Па дарозе дадому аналізуеш тое новае, што засвоіў на парах. У побыце стараешся прымячаць дэталі і нюансы, якія могуць быць выкарыстаны на сцэне. Запамінаеш перажытыя эмоцыі, прайграваеш варыянты іх праяўлення. Мэта — дасягненне поўнай псіхалагічнай дакладнасці акцёрскай гульні. Важна не карыстацца гатовымі штампамі, па якіх глядач зразумее, якія эмоцыі хоча перадаць акцёр, а асвоіць мас­тацтва адчуваць сапраўдныя перажыванні.

— А якія спецпрадметы вам асабліва запомніліся, акрамя майстэрства акцёра і сцэнічнага маўлення, якія навучэнцы засвойваюць з 1 па 4 курс? — пытаюся ў дзяўчыны.

— На гісторыі кіно мы знаёміліся з першымі фільмамі, акцёрамі розных эпох. Гісторыя кінематографа — гэта асаблівы погляд на свет мінулага, яно бачыцца такім, якім намаляваў яго рэжысёр, з тым ці іншым наборам візуальных вобразаў, метафар, эксперыментам з колерам, формай, святлом і г.д. Праз карціны мінулага вельмі часта бачныя зусім не знаёмыя грані розных часоў. Гэтыя нітачкі звычайна цягнуцца і да сённяшняга дня, іншы раз ствараючы такі сэнсавы клубок, які цалкам не разматаць. Асвойваючы асновы тэорыі драмы, студэнты вучацца прафесійна “чытаць” тэкст п’есы, праз сюжэт пранікаць у падтэкст, разумець змест і структуру драматычнага твора, ба­чыць аўтарскую задуму, якая чырвонай лініяй праходзіць праз увесь твор.

На месцы педагога

На старшых курсах 19-гадовай Настассі Чычынай давялося год выкладаць акцёрскае майстэрства навучэнцам Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа.

— Гэта быў вельмі цікавы вопыт, — успамінае ўчарашняя студэнтка. — Я не ведала, якога ўзросту будуць мае выхаванцы, таму, убачыўшы на першых занятках падлеткаў 15—18 гадоў, крыху разгубілася. Спачатку сумнявалася, ці змагу стаць для іх аўтарытэтам, ці будуць мяне ўспрымаць сур’ёзна, ці не здадуцца будучым кухарам і тэхнолагам тэатральныя веды і навыкі чымсьці малапрыдатным для жыцця. Аднак даволі хутка мы знайшлі агульную мову і ўсе сумненні развеяліся.

Адказна рыхтуючыся да кожнай сустрэчы, малады педагог да дробязей прадумвала заданні і практыкаванні, каб на занятках кожнаму яе выхаванцу было цікава. Хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем удзельнічалі ў пастаноўцы харэаграфічных і вакальных нумароў, тэатральна-мастацкіх замалёвак і эцюдаў, адточ­валі розныя элементы сцэнічнага маўлення. Калі падчас першай сустрэчы высветлілася, што толькі 5 чалавек з двух дзясяткаў умеюць спяваць, танцаваць ці іграць на музычным інструменце, то ўжо да канца года тыя ці іншыя творчыя здольнасці — голас, музычны слых, пачуццё рытму, пластычнасць — выявіліся ў кожным вучню.

— Напрыканцы года мы зрабілі невялікую выніковую пастаноўку на ваенную тэматыку, — расказвае Настасся Чычына. — Па сюжэце, маленькі хлопчык, знаходзячыся ў дзіцячым канцлагеры, назіраў, як дзень пры дні сыходзяць яго сябры. Іх забіралі фашысты і больш ужо ніхто іх не бачыў. Ледзь трымаючыся на нагах ад голаду, маленькі палонны раптам убачыў выпушчаную фашыстам скарынку хлеба і прагна ўчапіўся ў яе. Немец паспрабаваў выбіць здабычу з дзіцячых рук, але хлопчык, душачыся чэрствымі дробкамі, дагрызаў хлебныя рэшткі. Карнік працягваў з нянавісцю біць нагой кволае дзіця. Неўзабаве хлопец замёр і больш ужо не паварушыўся.

— Як падобныя пастаноў­кі ў прыватнасці і тэатральнае мастацтва ў цэлым уплываюць на навучэнцаў? — задаю пытанне Настассі і чую ў адказ:

— Я заўважыла, што многія з навучэнцаў значна змяніліся пад канец года. Сталі больш сур’ёзнымі. У іх з’явіліся новыя інтарэсы. Хтосьці стаў больш чытаць кнігі, а хтосьці пачаў глядзець добрыя, якасныя фільмы. А яшчэ юныя тэатралы, прапусціўшы праз сябе мноства эмоцый, сталі праяўляць больш спагады і разумення да іншых. Да таго ж удзел у тэатральнай дзей­насці спрыяе фарміраванню камунікатыўных якасцей, развіццю фантазіі, памяці, увагі, мыслення, гатоўнасці да ўзаемадзеяння.

Першы вопыт на вялікай сцэне

Скончыўшы ў мінулым годзе каледж з чырвоным дыпломам, выпускніца-выдатніца да апошняга моманту не ведала, як складзецца размеркаванне і куды яе адпра­вяць працаваць. Аднак мара першакурсніцы Настассі Чычынай здзейснілася, і вось ужо 5 месяцаў яна пакарае сцэну Магілёўскага драматычнага тэатра.

Майстар-клас ад Настассі Чычынай

Актыўнае, эмацыянальнае і дзейснае авалоданне тэкстам драматургічных твораў ажыццяўляецца шляхам выразнага чытання па ролях падчас падрыхтоўкі спектакля, завучвання ўрыўкаў, пераказ­вання. Механічнае завучванне матэрыялу без унікання ў яго сэнс прыводзіць да таго, што праз гадзіну помніцца каля 60% новай інфармацыі, праз 10 гадзін — 35%, а праз 6 дзён — не больш за 20%. Пры асэнсаваным вывучэнні, калі чалавек даследуе сутнасць тэксту, яго запамінанне праходзіць у 9 разоў хутчэй, а вывучанае адкладваецца ў доўгачасовай памяці, асабліва калі перыядычна паўтараць гэты тэкст.

— Прызнацца, крыху хвалявалася перад знаёмствам з будучымі калегамі, шмат чула аб канкурэнцыі ў тэатральных кулуарах, — дзеліцца ўспамінамі аб першых працоўных буднях малады спецыяліст. — Але асцярога аказалася марнай. У верасні паплечнікі па тэатральным цэху сустрэлі цёпла, яны заўсёды гатовы дапамагчы парадай, падзяліцца вопытам, ды і з першай роллю пашанцавала: у спектаклі “Бяда ад далікатнага сэрца” іграю капрызную Любачку, якая хоча замуж па каханні, а ніяк не па разліку, на чым настойвае яе ­бацька.

Першы працоўны дэбют маладой актрысы адбыўся ў канцы верасня на фестывалі ў Брэсце, а сёння спектакль збірае гледачоў на магілёўскай сцэне. Зараз Настасся задзейнічана ў 5 спектаклях, усе яе ролі розныя.

— У пастаноўцы па камедыі Мальера “Тарцюф” я іграю маўклівую пакаёўку Фліпоту, у казцы “Чырвоная Шапачка” выконваю галоўную ролю, адпраўляючыся з піражкамі праз лес да хворай бабулі, а яшчэ рэпецірую ролю хуліганкі Анечкі ў казцы “Усе хлапчукі — дурні”, — прыво­дзіць прыклады пачынаючая актрыса. — Цудоўна, калі, выконваючы разнапланавыя ролі, перажываеш букет розных эмоцый, многія з якіх табе не ўласцівыя. Выходзіць з зоны камфорту ў рабоце — гэта заўсёды выдатна, гэта новыя ўражанні і навыкі!

Марына КУНЯЎСКАЯ.