З 1 верасня супрацоўнікі ДАІ сталіцы раніцай дзяжураць каля практычна ўсіх мінскіх школ. Такія дзяжурствы ўстаноўлены з 7 гадзін 20 хвілін на працягу 2—3, а можа, і больш тыдняў. Асаблівую ўвагу дзяжурныя супрацоўнікі ДАІ збіраюцца ўдзяляць паркоўцы транспартных сродкаў на тэрыторыях, што прылягаюць да школ.
Па паведамленні прадстаўнікоў ДАІ, усе аўтамабілі, прыпаркаваныя з парушэннямі правіл прыпынку і стаянкі, плануецца эвакуіраваць.
Што ж, падобныя суровыя меры я, як, напэўна, і любая маці ці бацька школьніка, не палічаць залішне суровымі, асабліва пасля гібелі хлопчыка пад коламі аўтамабіля каля самага парога сталічнай навучальнай установы ў 2012 годзе. Аднак на практыцы заўважылі такіх дзяжурных прадстаўнікоў ДАІ каля школ не ўсе бацькі.
“Так, бачу машыну ДАІ кожную раніцу непадалёк школы і супрацоўніка ДАІ каля пешаходнага перахода”, — гаворыць маці першакласніка школы-новабудоўлі № 61, што на вуліцы Кірылы Тураўскага.
“ДАІ не бачыла, магчыма, проста не заўважыла, магчыма, нікога і не было, а вось вадзіцелі паркуюцца недалёка ад школы няправільна, і інспектарам абавязкова трэба ўмяшацца ў сітуацыю”, — кажа другая мая знаёмая, чыё дзіця вучыцца ў школе № 12, што па вуліцы Скрыпнікава ў мікрараёне Чырвоны Бор.
Пры гэтым школа размешчана няблізка ад дарогі, у дварах, вакол яе пастаўлена, як і належыць, агароджа. Са школай, такім чынам, у плане бяспекі ўсё ў парадку. Пытанні ёсць да манеры паркоўкі пэўных вадзіцеляў каля нерэгулюемага пешаходнага перахода. А між тым Правілы дарожнага руху забараняюць прыпынак транспартных сродкаў “на пешаходных пераходах бліжэй за 15 метраў ад іх у абодва бакі”. (Дзеля справядлівасці заўважым, што непадалёк ёсць і пешаходны пераход, які рэгулюецца святлафорам.)
Але, тым не менш, якія там 15 метраў! Паркуюцца ледзь ці не на самой “зебры”, так што ўбачыць, ці не з’явіцца дзіця з-за прыпаркаваных машын, немагчыма. Ды і вадзіцелям цяжка ўбачыць пешаходаў. Безумоўна, аўтамабілі павінны прыпыняць хуткасць каля пешаходных пераходаў, а “ляжачы паліцэйскі”, канечне, у пэўнай ступені выпраўляе сітуацыю, і ўсё ж поўнай гарантыі бяспекі, пагадзіцеся, не дае.
Вось яна, работа для даішнікаў. Верагодна штрафы, эвакуацыя няправільна прыпаркаваных аўтамабіляў могуць стаць дзейсным сродкам навядзення парадку. Тым больш, што сітуацый з няправільнай паркоўкай, у тым ліку непадалёк дзіцячых устаноў, у сталіцы, і не толькі ў ёй, можна адшукаць нямала.
Канечне, добра, што да новага навучальнага года каля мінскіх школ устаноўлены 34 дадатковыя святлафоры, на 28 участках з’явіліся новыя “ляжачыя паліцэйскія”, у канцы жніўня — пачатку верасня праходзіла традыцыйная акцыя “Увага — дзеці!”, калі супрацоўнікі ДАІ праводзілі як рэйдавыя мерапрыемствы па выяўленні парушэнняў Правіл дарожнага руху, так і прафілактычныя. Але трэба яшчэ шмат працаваць з тымі вадзіцелямі, якія няправільна паркуюцца, ствараючы патэнцыяльна небяспечныя сітуацыі, “забываюць”, пад’язджаючы да перахода, што там раптоўна можа з’явіцца чалавек, а таксама з пешаходамі, якія перабягаюць дарогу ў неналежным месцы.
Пры гэтым асноўнай прычынай наезду на юных пешаходаў, як сведчыць статыстыка, з’яўляецца парушэнне правіл праезду пешаходных пераходаў, якія не рэгулююцца. Для таго каб пазбегнуць трагедыі, трэба захоўваць устаноўлены хуткасны рэжым, зніжаць хуткасць, пад’язджаючы да перахода, а ў выпадку, калі агляд абмежаваны прыпаркаванымі аўтамабілямі, неабходна спыніцца, выйсці з машыны, уважліва паглядзець па баках і толькі пасля гэтага працягваць рух. Аўтамабілі, якія спыняюцца ў сярэднім радзе, часцей за ўсё прапускаюць пешахода. На гэта таксама трэба звяртаць увагу іншым вадзіцелям.
Клопатна? Патрабуе пэўных затрат часу, уважлівасці? Затое бяспечна. Такія нормы дыктуюць нам не толькі Правілы дарожнага руху, іх дыктуе жыццё. Зусім нядаўна ў Кобрыне жанчына-вадзіцель у двары жылога дома збіла другакласніка, які нечакана выбег з-за прыпаркаваных аўтамабіляў. А ў Бабруйску мапед збіў на пешаходным пераходзе дзесяцігадовую дзяўчынку. У абодвух выпадках дзеці атрымалі траўмы.
Ніякія меры перасцярогі, калі гаворка ідзе пра бяспеку дзяцей, не бываюць лішнімі. І ніякая асаблівая ўвага супрацоўнікаў дарожнай аўтаінспекцыі да недысцыплінаваных вадзіцеляў — таксама.
Марына ХІДДЖАЗ.