Гаворачы “студэнцкі атрад”, мы перш за ўсё маем на ўвазе занятасць моладзі, нядрэнную магчымасць для студэнтаў і навучэнцаў зарабіць, і, канечне, грамадскую карысць, якую прыносіць іх праца. Пра ахову такой працы ўзгадваем радзей, хаця гэта найважнейшы складнік студатрадаўскага руху. Сёння я запрашаю пагаварыць менавіта пра бяспеку і ахову працы ў студатрадах. Тым больш, што падстава ёсць вельмі годная.
Праверкі паказваюць…
Адразу скажу, што гэта за падстава: сёлета пры правядзенні маніторынгу выканання заканадаўства аб працы студэнцкага атрада на базе Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта не было выяўлена ніводнага, нават самага нязначнага парушэння. Здавалася б, што тут незвычайнага? Гэта норма. Норма, канечне, ды часцей у тэорыі, чым на практыцы. Як кажа галоўны тэхнічны інспектар працы ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марына Леанідаўна Лясун, такое бездакорнае выкананне заканадаўства аб ахове працы ў студэнцкім будаўнічым атрадзе яна сустракае ўпершыню з 2005 года. Таму вопыт атрада можна і трэба рэкамендаваць для пераймання арганізатарам студатрадаў іншых навучальных устаноў Беларусі.
Чаму мы з М.Л.Лясун вядзём гаворку менавіта пра 2005 год, як пункт адліку? Таму што менавіта з гэтага года тэхнічная інспекцыя працы галіновага прафсаюза здзяйсняе праверкі і маніторынгі. У той год у Магілёўскай вобласці адбыўся няшчасны выпадак у будаўнічым атрадзе, калі абвалілася цагляная сцяна і два студэнты атрымалі цяжкія траўмы. Увага да арганізацыі працы ў падобных атрадах значна павысілася.
Марына Леанідаўна не ўтойвае, што за дзевяць гадоў дасканалых праверак з боку тэхнічнай інспекцыі выяўлена значная колькасць парушэнняў заканадаўства аб працы і ахове працы. Напрыклад, удзельнікі студатрадаў дапускаліся да работ з павышанай небяспечнасцю без навучання, стажыроўкі і праверкі ведаў па ахове працы, без адпаведнага інструктажу, а таксама без заключэння працоўных дагавораў з усімі членамі атрадаў. А няма індывідуальных дагавораў — фармальна на студатрадаўцаў не распаўсюджваецца заканадаўства аб працы.
Здаралася, што маладыя людзі, якія не дасягнулі 18 гадоў, дапускаліся да выканання асобных відаў работ, на якіх забаронена выкарыстанне працы непаўналетніх. Працоўныя месцы нярэдка не адпавядалі патрабаванням нарматыўных прававых і тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Акрамя таго, інспектары адзначалі і адзначаюць шматлікія выпадкі адсутнасці ва ўдзельнікаў студатрадаў спецыяльнага адзення і абутку, іншых сродкаў індывідуальнай абароны, незабяспечанасць санітарна-бытавымі памяшканнямі. Выяўляліся і іншыя парушэнні.
Усе падобныя факты сведчаць толькі пра адно: неналежнае выкананне сваіх абавязкаў арганізацыямі, якія прымаюць і якія накіроўваюць моладзь на работу ў студэнцкіх атрадах.
— Бок, які накіроўвае студэнтаў на работу, адказвае за навучанне іх асновам заканадаўства аб працы, у тым ліку аб ахове працы, якое ажыццяўляюць службы аховы працы, што ёсць практычна ва ўсіх установах вышэйшай адукацыі, — тлумачыць М.Л.Лясун. — Большая частка абавязкаў па арганізацыі аховы працы ўскладваецца на тых, хто прымае такія атрады: будаўнічыя, сельскагаспадарчыя арганізацыі, гандлёвыя цэнтры і г.д. Пры выяўленні парушэнняў мы выносім прадпісанні аб ліквідацыі недахопаў, а вось дзяржаўная інспекцыя мае права накласці штраф.
За час, які прайшоў з 2005 года, у атрадах, што працавалі на базе ўстаноў адукацыі, дзякуй Богу, няшчасных выпадкаў не было (яны былі ў іншых арганізацыях), але, як кажуць, на Бога спадзявайся, але і сам старайся. Ахова працы, безумоўна, не той выпадак, калі вышэйназваныя парушэнні можна лічыць дробязнымі. Дзеля справядлівасці скажам, што Марына Леанідаўна адзначае агульную тэндэнцыю да паляпшэння выканання заканадаўства аб працы і ахове працы ў студатрадах.
Дасканаласць у квадраце
Тэхнічныя інспектары зусім не лічаць парушэнні дробязямі. Як не лічаць гэтага ў студатрадах БДЭУ. Старшыня прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў універсітэта старшыня рэспубліканскага каардынацыйнага савета старшынь прафкамаў навучэнскай моладзі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Міхаіл Фляр’янавіч Барэйша гаворыць, што і раней да студатрадаў эканамічнага ўніверсітэта сур’ёзных заўваг ад правяраючых арганізацый не было. Але так, каб ніводнай, усё ж не здаралася.
Сёлета, дарэчы, М.Ф.Барэйша сам узначаліў студэнцкі будаўнічы атрад — быў яго камандзірам, працаваў на палову стаўкі. Студэнцкі прафсаюз ён узначальвае з 1998 года, але камандзірам стаў упершыню. Міхаіл Фляр’янавіч займаўся арганізацыйнымі і фінансавымі пытаннямі, рабочыя моманты курыраваў яго намеснік, цяпер трэцякурснік БДЭУ Яўген Грыцэнка, які ўжо меў на той момант вопыт работы ў студэнцкім атрадзе на пасадзе і намесніка, і камандзіра.
Будаўнічы атрад складаўся з 45 чалавек, якія працавалі падсобнымі рабочымі на рамонце вучэбных карпусоў і інтэрнатаў сваёй навучальнай установы. Спецыялісты інжынернай службы ўніверсітэта, прынамсі, засталіся цалкам задаволены якасцю работы студатрадаўцаў. А хлопцы і дзяўчаты, думаецца, засталіся задаволены сваёй зарплатай — у сярэднім па тры з паловай мільёна рублёў у месяц. Плюс па выніках работы прафкам БДЭУ ўзнагародзіў 11 лепшых работнікаў будатрада падзякамі, яшчэ 5 чалавекам уручылі граматы навучальнай установы. І тыя і другія атрымалі грашовыя прэміі са сродкаў прафсаюзнага бюджэту.
У выпадку гэтага атрада, бокам, які накіроўваў студэнтаў на работу, і бокам, які іх прымаў, выступаў эканамічны ўніверсітэт, таму за ўсе моманты адказвала адна ўстанова. Так, на работу ў будаўнічы атрад накіроўваліся толькі тыя студэнты, якім гэта дазваляла здароўе. Будатрадаўцы шмат працавалі з лакамі і фарбамі. Малады чалавек або дзяўчына з алергіяй на такіх работах, канечне, працаваць не зможа. Камусьці нельга падымаць груз вагой больш чым 1,5 ці, скажам, 5 кілаграмаў. Значыць, ён таксама не можа працаваць у будаўнічым атрадзе. Такім студэнтам, прынамсі, не адмаўлялі ў магчымасці стаць удзельнікам атрада, проста раілі змяніць профіль — накіроўвалі ў сэрвісныя студэнцкія атрады, члены якіх, напрыклад, працавалі ў прыёмнай камісіі.
Канечне, усе студатрадаўцы прайшлі папярэдні інструктаж па ахове працы, які правяла для іх начальнік аддзела аховы працы ўніверсітэта Наталля Генадзьеўна Аскерка, якая потым і кантралявала неабходнае навучанне студэнтаў. Удзельнікі атрадаў пад роспіс азнаёміліся з картай выяўлення небяспек і ацэнкі рызыкі. На працягу двух дзён, што адзначыла ў дадатку да даведкі па выніках маніторынгу галоўны тэхнічны інспектар працы, была арганізавана стажыроўка студэнтаў з пазнейшай праверкай ведаў перад допускам да лакафарбавых работ.
Акрамя таго, членам студатрадаў выдалі індывідуальныя сродкі абароны: касцюмы, галаўныя ўборы, баваўняныя і гумавыя пальчаткі, рэспіратары, гель і мыла, належны інвентар. У размове з М.Ф.Барэйшам я даведалася, што студэнты былі забяспечаны нават крэмам для рук. Для студатрадаўцаў, большасць з якіх дзяўчаты, момант не такі ўжо і дробязны.
Адзначыла Марына Леанідаўна Лясун і належную арганізацыю харчавання (у буфетах БДЭУ), і наяўнасць памяшканняў для захоўвання спец-адзення, і абавязковае страхаванне кожнага студатрадаўца, і іншыя станоўчыя моманты арганізацыі работы. Усё, як патрабуе заканадаўства. Звернемся ж да яго.
Закон патрабуе
Зараз арганізацыя часовай працоўнай занятасці моладзі рэгулюецца Палажэннем аб парадку арганізацыі і фінансавання часовай працоўнай занятасці моладзі, якая вучыцца ва ўстановах адукацыі, у свабодны ад вучобы час, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
ад 23 чэрвеня 2010 года № 958.
Акрамя таго, два гады назад уступіў у дзеянне Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 красавіка 2012 года № 181 “Аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. Назавём яшчэ Указ прэзідэнта ад 10 сакавіка 2014 года № 118 “Аб маладзёжных будоўлях”, пастанову Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 27 чэрвеня 2013 года № 67 “Аб устанаўленні спіса работ, на якіх забараняецца прымяненне працы асоб, маладзейшых за 18 гадоў”, пастанову Міністэрства аховы здароўя ад 13 кастрычніка 2010 года № 134 “Аб устанаўленні гранічных норм пад’ёму і перамяшчэння непаўналетнімі грузаў уручную”. Існуюць і іншыя дакументы, якія неабходна вывучаць арганізатарам работы студэнцкіх атрадаў. Усе іх, між іншым, можна знайсці ў зборніку нарматыўных прававых актаў і метадычных матэрыялаў “Навучэнцы і ахова працы”, падрыхтаваным і выдадзеным Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі ў 2014 годзе.
Дзеля захавання працоўных правоў удзельнікаў студэнцкіх і вучнёўскіх атрадаў, лагераў працы і адпачынку, іншых працоўных аб’яднанняў, а таксама дзеля папярэджання няшчасных выпадкаў з імі прафсаюз рэкамендуе арганізацыям, якія накіроўваюць і прымаюць студэнтаў на работу, акцэнтаваць увагу на заключэнні дагавору, які вызначае ўмовы дзейнасці студэнцкага атрада з улікам патрабаванняў заканадаўства аб працы, аб ахове працы. Абавязкова патрабуецца, каб арганізацыі, якія прымаюць студатрадаўцаў, не дапускалі іх да работ без інструктажу, а да работ з павышанай небяспекай — без навучання, стажыроўкі і праверкі ведаў па ахове працы, без неабходных па нормах спецыяльных адзення і абутку, іншых сродкаў індывідуальнай абароны.
Дасканалае выкананне ўсіх гэтых і іншых правіл прадэманстраваў сёлета адзін з правераных тэхнічнымі інспектарамі працы ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі студэнцкіх будаўнічых атрадаў — атрад БДЭУ. Праверыць за лета паспяваюць, канечне, не ўсіх, таму, магчыма, сёлета дзейнічалі і іншыя ўзорныя ў плане аховы працы студатрады. Ды і М.Л.Лясун узгадвае, напрыклад, невялікі атрад з прафесійна-тэхнічнага каледжа, які працаваў у аздараўленчым лагеры Барысаўскага раёна Мінскай вобласці і да якога таксама амаль не было прэтэнзій. Пры жаданні і пэўным старанні ўсё атрымліваецца.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.