Днямі ў Беларусі стартаваў чарговы этап інфармацыйнай кампаніі “Дом без насілля”. На гэты раз увага спецыялістаў скіравана на праблему насілля ў адносінах да дзяцей. Таму і назва бягучай кампаніі адпаведная — “Дзіцячы пакой без насілля”. Нагадаем, мінулы этап праходзіў пад назвай “Кухня без насілля” і быў накіраваны супраць бытавых злачынстваў, у першую чаргу ў адносінах да жанчын. І, на жаль, як паказала практыка, і першы і другі аспект праблемы — актуальны для краіны.
Амаль палова ўсіх дзяўчынак-падлеткаў ва ўзросце ад 15 да 19 гадоў у свеце лічыць, што муж мае права біць жонку ў пэўных сітуацыях. Трое дарослых з 10 лічаць фізічныя пакаранні неабходным для выхавання дзяцей. Прыкладна 17% дзяцей у 58 краінах свету падвяргаюцца жорсткім фізічным пакаранням. Гэта сусветная статыстыка, прадстаўленая ў верасні бягучага года ў глабальным дакладзе ЮНІСЕФ аб насіллі ў адносінах да дзяцей “Схаванае на вачах ва ўсіх”. У Беларусі жорсткія фізічныя пакаранні дзяцей не распаўсюджаны. Тым не менш і нашы рэаліі даюць падставы для трывогі. Па даных “Шматіндыкатарнага кластарнага абследавання па ацэнцы стану дзяцей і жанчын” 2012 года, якое праводзіў Нацыянальны статыстычны камітэт пры падтрымцы ЮНІСЕФ, кожнае трэцяе дзіця ва ўзросце ад 2 да 14 гадоў падвяргалася фізічнаму пакаранню, сярод дзяцей 2—4 гадоў іх доля ўзрастае да 47%. Адпаведна, толькі адна трэць дзяцей ва ўзросце ад 2 да 14 гадоў выхоўвалася ненасільнымі метадамі, без фізічнага пакарання і псіхалагічнага ціску — просьбамі і тлумачэннямі.
Яшчэ больш трывожная крымінальная статыстыка. За 8 месяцаў бягучага года зарэгістравана 1400 злачынстваў у сферы быту. І 51 пацярпеўшы ў іх — менавіта дзеці, якім былі нанесены ў тым ліку і сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні. Былі і выпадкі гібелі дзяцей. Акрамя таго, у мінулым годзе было здзейснена 8 злачынстваў сексуальнага характару ў дачыненні да непаўналетніх, больш за тое, усе ахвяры гэтых злачынстваў — малалетнія дзеці. Вось адзін з апошніх выпадкаў: у Кобрыне грамадзянін Т. неаднаразова з 2011 па студзень 2014 года здзяйсняў дзеянні сексуальнага характару ў адносінах да малалетніх падчарыцы і роднай дачкі.
— Дзіцячы пакой павінен быць без насілля — разуменне гэтага павінна быць як на ўзроўні дзяржавы, так і грамадства, і кожнай асобнай сям’і ў цэлым, — адзначыў нацыянальны каардынатар праекта “Павышэнне нацыянальнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь па процідзеянні дамашняму насіллю” начальнік упраўлення прафілактыкі МУС Алег Каразей. — На гэта і накіравана інфармацыйная кампанія, падчас якой мы імкнёмся данесці да дарослых і дзяцей, што такое насілле ў адносінах да дзяцей і як яго пазбегнуць.
— Нярэдка дзеці і падлеткі становяцца не толькі ахвярамі, але і сведкамі насілля ў сям’і, — працягнуў Алег Каразей. — Пры гэтым невядома, ад чаго дзіця пакутуе больш: ад непасрэдна насілля ці ад таго, што пастаянна бачыць, як бацька здзекуецца з маці, і міжволі ўпітвае ў сябе стыль яго паводзін. Бо менавіта ў дзяцінстве закладваецца вопыт будучага сямейнага жыцця. У далейшым хлопчыкі, капіруючы дзеянні свайго бацькі, дазваляюць прымяняць насілле ў адносінах да членаў сваёй сям’і, а дзяўчынкі — гэтак жа, як калісьці і іх мамы, — такое насілле церпяць.
У Беларусі, згодна з праведзеным даследаваннем, толькі 8% дарослых лічаць, што да дзяцей неабходна прымяняць фізічнае пакаранне. А гэта значыць, што многія і жадалі б не прымяняць сілу, але ў пэўных сітуацыях не ведаюць, як гэта зрабіць. Такая інфармацыйная кампанія якраз і накіравана на тое, каб выкараніць гэтыя недахопы. Так, напрыклад, рэкамендацыі тым, хто жадае выхоўваць дзіця без насілля, утрымліваюцца ў брашурах, распрацаваных у рамках праекта. Акрамя таго, спецыяльна распрацаваны і ўжо дзейнічае сайт www.detskaya.unicef.by, дзе размешчана шмат спецыяльнай інфармацыі на гэтую тэму як для дарослых — бацькоў, педагогаў, іншых спецыялістаў, так і для дзяцей.
— Я думаю, многім бацькам будзе не вельмі проста ўсвядоміць свае паводзіны — прымяніць на сабе ролю агрэсара, абдумаць канфліктныя сітуацыі, пераасэнсаваць іх і змяніць свае паводзіны ў сям’і і ўзаемаадносіны з дзіцем, — адзначае прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Юрый Аксамітны. — Гэта вялікая работа і адказнасць. Але шчаслівыя дзеці і ўпэўненыя ў сваіх сілах дарослыя, якія вырастуць з іх пры даверлівых і шчырых адносінах, варты гэтых намаганняў.
Адметна, што як і на мінулым этапе зараз інфармацыйная кампанія праводзіцца сумеснымі намаганнямі грамадскіх і дзяржаўных арганізацый. Самы ж просты спосаб для любога грамадзяніна падтрымаць кампанію і тым самым не заставацца абыякавым да праблемы насілля ў адносінах да дзяцей, як адзначаюць арганізатары, — даць пачытаць брашуры “Выхаванне без насілля” родным і сябрам, размясціць іх электронныя версіі ці спасылкі ў сацыяльных сетках. І, канечне ж, самім прытрымлівацца ненасільных метадаў выхавання.
Алена МАРКЕВІЧ.