У сувязі са скарачэннем тэрміну навучання ўніверсітэты перагледзелі спісы педагагічных спецыяльнасцей. Расказвае адказны сакратар прыёмнай камісіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Сяргей Уладзіміравіч ЯКАВЕНКА:
— З 2013 года ўніверсітэт цалкам пераходзіць на 4-гадовы тэрмін навучання. У сувязі з гэтым шмат спецыяльнасцей змянілі назвы. Напрыклад, спецыяльнасць “Матэматыка. Інфарматыка” стала называцца “Матэматыка і інфарматыка”, “Фізіка. Інфарматыка” — “Фізіка і інфарматыка”, “Біялогія. Хімія” — “Біялогія і хімія” і інш. Для будучых выпускнікоў тут няма нічога прынцыпова новага — яны змогуць працаваць настаўнікамі і першага, і другога прадмета. Некаторыя трансфармацыі адбудуцца ў змесце адукацыйных праграм: будзе выключана дубліраванне тэм, сыдуць неактуальныя, другарадныя тэмы і г.д.
Спецыяльнасць “Гісторыя. Сацыяльна-палітычныя дысцыпліны” пераўтворана ў спецыяльнасць “Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны”.
Некаторыя так званыя здвоеныя спецыяльнасці страцілі другую, дадатковую, спецыяльнасць. Так, факультэт спецыяльнай адукацыі цяпер прапаноўвае спецыяльнасць “Лагапедыя” замет “Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія”, “Алігафрэнапедагогіка” — замест “Алігафрэнапедагогіка. Дашкольная адукацыя”. Без “дадаткаў” прапаноўваюцца спецыяльнасці “Сурдапедагогіка”, “Тыфлапедагогіка”. Набор сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання спатрэбіцца, як і раней, па беларускай ці рускай мове, гісторыі і біялогіі. Тое ж датычыцца ўсіх астатніх спецыяльнасцей — пералік іспытаў застаецца такі самы.
На факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій таксама не стала дадатковых спецыяльнасцей: замест “Сацыяльнай педагогікі. Практычнай псіхалогіі”, “Сацыяльнай педагогікі. Выхаваўчай работы ў адукацыйных установах” мы будзем набіраць проста на “Сацыяльную педагогіку”.
З іншага боку, на факультэце эстэтычнай адукацыі спецыяльнасць “Музычнае мастацтва” пашырылася да “Музычнага мастацтва, рытмікі і харэаграфіі”. Чаму так? Таму што настаўнікі музыкі ўжо не так запатрабаваны, як раней. Але адразу папярэджу, што спецыяльнасць прапаноўваецца на завочнай форме навучання ў скарочаны тэрмін.
Факультэт беларускай і рускай філалогіі ўзнаўляе набор на спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)”.
Увогуле, змены закранулі 10 з 12 факультэтаў БДПУ імя Максіма Танка. Два факультэты — фізічнага выхавання і псіхалогіі — падрыхтаваліся да пераходу на 4-гадовы тэрмін навучання яшчэ раней. Тут назвы спецыяльнасцей сёлета не мяняюцца.
Што да новаўвядзенняў, то абітурыентам няма чаго палохацца. Як бачыце, пераважна змены маюць фармальны характар. Сярод нашых спецыяльнасцей кожны можа знайсці той прадмет, да якога ляжыць душа.
Ёсць, праўда, спецыяльнасці, на якія ўніверсітэт не будзе прымаць абітурыентаў у 2013 годзе. Гэта, напрыклад, “Біялогія. Фітадызайн ландшафту і інтэр’ера”, “Геаграфія. Экскурсійна-краязнаўчая работа”.
Таксама не будзе набору на спецыяльнасць “Фізіка. Матэматыка”. Але каго цікавіць фізіка, той можа выбіраць спецыяльнаці “Фізіка і інфарматыка”, “Фізіка і тэхнічная творчасць”. Не будзе ажыццяўляцца прыём на спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя. Беларуская мова і літаратура”, але, тым не менш, ва ўніверсітэце можна атрымаць і спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя” на факультэце пачатковай адукацыі, і спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура” — на факультэце беларускай і рускай філалогіі.
Канечне, здвоеныя спецыяльнасці давалі маладому спецыялісту больш магчымасцей для манеўраў пры працаўладкаванні. Але мяркую, што можна без праблем асвоіць дадатковую спецыяльнасць, напрыклад, на перападрыхтоўцы альбо паралельна падчас навучання на першай спецыяльнасці.
Як змены адаб’юцца на колькасці паступаючых у наш універсітэт? Прагназаваць складана, але я думаю, што маладыя людзі, арыентаваныя на педагагічную прафесію, прыйдуць да нас у любым выпадку. Абітурыенты ахвотна выбіраюць спецыяльнасці факультэтаў дашкольнай, пачатковай, спецыяльнай адукацыі, факультэта псіхалогіі. Мяркую, што і на іншых факультэтах калі і знізіцца колькасць заяў, то нязначна. Цікавасць да ўніверсітэта расце, аб чым сведчыць істотны прагрэс БДПУ імя Максіма Танка ў рэйтынгу Webometrics Ranking of World Universities. Як вядома, паводле яго апошняга абнаўлення, наш універсітэт падняўся на 1,5 тысячы пунктаў! Сваю ролю тут адыгралі і рэсурсы для патэнцыяльных абітурыентаў, якія вельмі запатрабаваны ў карыстальнікаў інтэрнэту.
Можна прадбачыць цяжкасці з наборам на матэматычны і фізічны напрамкі: на адпаведныя спецыяльнасці ў мінулым годзе не было конкурсу. А тым больш сёлета плануецца павысіць мінімальны станоўчы бал цэнтралізаванага тэсціравання…
Што да колькасці бюджэтных месцаў на дзённай форме навучання, то ў мінулым годзе іх было 915, а сёлета плануецца 855. Удакладню, што пакуль гэта папярэднія звесткі, яны будуць яшчэ ўзгадняцца з Міністэрствам адукацыі. Найбольш істотнае скарачэнне адбудзецца якраз на фізічным і матэматычным факультэтах. Мы цвяроза глядзім на сітуацыю: відавочна, што абітурыентаў не прыбавіцца.
На многіх факультэтах стане менш літаральна на некалькі бюджэтных месцаў, паколькі паступае шмат заявак на настаўнікаў ад устаноў адукацыі. У прыватнасці, на спецыялістаў па дашкольнай адукацыі запытаў больш, чым мы запланавалі набор у гэтым годзе. Таму, магчыма, лічбы прыёму яшчэ будуць павялічвацца.
Асабіста я не бачу неабходнасці радыкальна скарачаць прыём на педагагічныя спецыяльнасці. Пры планаванні падрыхтоўкі настаўнікаў трэба ўлічваць яшчэ і тое, што пэўная частка патэнцыяльных спецыялістаў адсейваецца падчас вучобы, а маладыя настаўнікі мяняюць месца работы пасля адпрацоўкі па размеркаванні. Педагогі патрабуюцца ўвесь час, па ўсіх спецыяльнасцях, што прапаноўвае наш універсітэт.
23 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка — дзень адкрытых дзвярэй. Прадстаўнікі факультэтаў падрабязна раскажуць аб канкрэтных спецыяльнасцях, умовах паступлення, навучанні і пражыванні. Дарэчы, у БДПУ ўсім без выключэння іншагароднім першакурснікам пры іх жаданні прадастаўляюцца месцы ў інтэрнаце.
Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна — вядомы ў краіне цэнтр па падрыхтоўцы настаўнікаў працоўнага навучання. У 2013 годзе гэты напрамак дзейнасці ўніверсітэта дапоўніцца “прадпрымальніцкім” складнікам.
Так, адна з навін 2013 года ў МДПУ імя І.П.Шамякіна — адкрыццё на факультэце тэхналогіі новых спецыяльнасцей: “Тэхнічная праца і прадпрымальніцтва”, “Абслуговая праца і прадпрымальніцтва”. У іх межах факультэт будзе рыхтаваць настаўнікаў працоўнага навучання з багажом ведаў па рамёствах (вырабы з дрэва, металу, саломкі і інш.), якія выпускнікі змогуць прымяняць у будучыні ў сферы пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў адукацыі.
На гэтым жа факультэце адкрыецца яшчэ адна новая для ўніверсітэта спецыяльнасць — “Сацыяльная работа (сацыяльна-педагагічная дзейнасць)”. Яна выходзіць за межы педагагічнага профілю і мае на ўвазе работу выпускнікоў у тым ліку ў сферы сацыяльнай абароны насельніцтва.
— Мы прадбачылі, што пераход на 4-гадовыя тэрміны навучання выкліча пэўныя змяненні ў наменклатуры спецыяльнасцей, таму, каб не дапусціць закрыцця важных для сістэмы адукацыі нашага рэгіёна напрамкаў падрыхтоўкі, своечасова прапанавалі альтэрнатыву, — расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі МДПУ імя І.П.Шамякіна П.Р.Кошман.
Павел Рыгоравіч паведаміў і пра іншыя змены ў сувязі з пераходам на 4-гадовыя праграмы. Напрыклад, калі ў мінулым годзе фізіка-матэматычны факультэт набіраў абітурыентаў на спецыяльнасці з 5-гадовым тэрмінам навучання — “Фізіка. Інфарматыка”, “Матэматыка. Інфарматыка”, то сёлета яны трансфармаваліся ў “Фізіку і інфарматыку”, “Матэматыку і інфарматыку”, дзе другі прадмет з’яўляецца не дадатковым, а раўназначным. Падобным чынам змянілася спецыяльнасць філалагічнага факультэта “Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны”.
У параўнанні з мінулым годам засталіся нязменнымі спецыяльнасці факультэта фізічнай культуры і інжынерна-педагагічнага факультэта. У той жа час у парадку прыёму з’явіліся “ўмоўна новыя” спецыяльнасці — тыя, якія засталіся без дадатковых. Напрыклад, гэта “Лагапедыя” (замест “Дашкольная адукацыя. Лагапедыя”), “Пачатковая адукацыя” (раней — “Пачатковая адукацыя. Практычная псіхалогія”), “Дашкольная адукацыя” (замест “Дашкольная адукацыя. Фізічная культура”), “Руская мова і літаратура” (летась гэта была спецыяльнасць “Руская мова і літаратура. Гісторыя”). З іншага боку, узноўлены спецыяльнасці, якія наадварот аб’ядноўваюць два прадметы: “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова” (з англійскай або нямецкай мовамі).
Па словах адказнага сакратара прыёмнай камісіі, у 2012 годзе адной з самых запатрабаваных у абітурыентаў была спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя. Лагапедыя”, папулярнасцю карысталіся таксама спецыяльнасці, звязаныя з фізічнай культурай, біялогіяй, замежнымі мовамі. Дарэчы, калі раней біялагічны факультэт рыхтаваў толькі настаўнікаў біялогіі, то ў 2013 годзе пачнецца набор на спецыяльнасці “Біялогія і хімія” і “Біялогія (навукова-педагагічная дзейнасць)”. Выпускнікі названых спецыяльнасцей змогуць, адпаведна, выкладаць хімію і займацца навукова-даследчай работай.
Прадстаўнік МДПУ раіць абітурыентам быць вельмі ўважлівымі і звяртаць увагу на прадметы, якія трэба здаваць пры паступленні, бо іх пералікі перагледжаны і могуць адрознівацца ад мінулагодніх.
Пра кантрольныя лічбы прыёму дакладна гаварыць пакуль рана, але П.Р.Кошман падкрэслівае, што яны заснаваны на патрэбах рэгіёна (Гомельская вобласць, некаторыя раёны Брэсцкай) у настаўніках. Так, па даных аддзелаў адукацыі, з якімі супрацоўнічае МДПУ імя І.П.Шамякіна, патрэбны “дашкольнікі”, настаўнікі працоўнага навучання, фізічнай культуры, замежных моў (з чым, відавочна, і звязана ўвядзенне дадатковых спецыяльнасцей па англійскай і нямецкай мовах), фізікі і матэматыкі.
Змены ў Агульнадзяржаўным класіфікатары “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” ўнеслі карэктывы і ў парадак прыёму Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова.
Напрыклад, калі раней тут была здвоеная спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура. Руская мова і літаратура” з 5-гадовым тэрмінам навучання, то зараз універсітэт будзе весці набор на дзве асобныя, 4-гадовыя: “Беларуская мова і літаратура”, “Руская мова і літаратура”.
На змену спецыяльнасці “Гісторыя. Сацыяльна-палітычныя дысцыпліны” прыйшла “Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны”. Замест “Матэматыкі. Інфарматыкі” з’явілася “Матэматыка і інфарматыка”, замест спецыяльнасцей “Геаграфія. Біялогія”, “Геаграфія (навукова-педагагічная дзейнасць)” — “Біялогія і геаграфія”, “Біялогія і хімія”.
У мінулым годзе МДУ прымаў на спецыяльнасць “Фізічная культура” з чатырма спецыялізацыямі, а сёлета яны не прадугледжваюцца. Спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя. Беларуская мова і літаратура” стала проста “Пачатковай адукацыяй” (тут, дарэчы, трэба звярнуць увагу, што замест іспыту па літаратуры абітурыентам трэба здаваць ЦТ па гісторыі Беларусі). Спецыяльнасць “Музычнае мастацтва”, наадварот, вырасла да “Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія”.
— Фактычна ўсе педагагічныя спецыяльнасці, па якіх рыхтуе МДУ імя А.А.Куляшова, так ці інакш змяніліся, — зазначае адказны сакратар прыёмнай камісіі ўніверсітэта Л.Я.Старавойтаў.
На некаторыя спецыяльнасці набор спынены часова, на іншыя, наадварот, — адноўлены. Так, у МДУ ёсць дазвол на падрыхтоўку па спецыяльнасці “Фізіка і інфарматыка”, але сёлета сюды вырашылі не набіраць абітурыентаў. Таксама на факультэце замежных моў набор будзе ісці толькі на спецыяльнасць “Рамана-германская філалогія”, у межах якой будуць рыхтаваць выкладчыкаў англійскай і нямецкай моў і літаратур, а таксама выкладчыкаў англійскай і французскай моў і літаратур.
— Мяняючы пералік спецыяльнасцей, мы кіруемся попытам на настаўнікаў у рэгіёне, конкурснай сітуацыяй і тымі рашэннямі, якія прымае Міністэрства адукацыі, — гаворыць адказны сакратар прыёмнай камісіі.
Хоць класічны ўніверсітэт ахоплівае не толькі педагагічны напрамак, усё ж у спісе спецыяльнасцей МДУ імя А.А.Куляшова прадстаўлена большасць школьных прадметаў. Трэба адзначыць і “непедагагічную” навіну: у 2013 годзе ва ўніверсітэце адкрываецца спецыяльнасць “Бізнес-адміністраванне”.
У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна больш за палову спецыяльнасцей — педагагічнага профілю. Значная частка з іх таксама выглядае па-іншаму.
Адказны сакратар прыёмнай камісіі БрДУ С.М.Ткач падкрэслівае, што змяненні ва ўніверсітэцкім парадку прыёму адбыліся таму, што цэлы шэраг спецыяльнасцей выключаны з Агульнадзяржаўнага класіфікатара “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”.
— Іх проста не існуе. Таму не стала гэтых спецыяльнасцей і ў нашым універсітэце, — удакладніла Святлана Мікалаеўна.
Затое іх замянілі іншыя, падобныя, спецыяльнасці, якія не дубліруюць адна адну, больш актуальныя — адпавядаюць, як лічыцца, патрэбам адукацыйнай сферы рэгіёна.
Напрыклад, замест дзвюх спецыяльнасцей “Хімія. Біялогія” і “Біялогія. Хімія” ў 2013 годзе ўніверсітэт будзе весці набор на адну, якая складаецца з двух прадметаў — “Хімія і біялогія”. На гістарычным факультэце з’явілася спецыяльнасць “Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны”. Узнаўляецца набор на спецыяльнасці: “Матэматыка (навукова-педагагічная дзейнасць)”, “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)”, “Пачатковая адукацыя” (у мінулым гэтая спецыяльнасць была ў пары з дадатковай спецыяльнасцю). Таксама будзе весціся прыём на спецыяльнасці —“Дашкольная адукацыя”, “Практычная псіхалогія” без “дадаткаў”.
Змяніўся пералік спецыяльнасцей і на завочнай форме навучання. Напрыклад, летась у БрДУ набіралі на спецыяльнасць “Матэматыка”, а цяпер у парадку прыёму мы бачым “Матэматыку і інфарматыку”. “Геаграфію” замяніла “Біялогія і геаграфія”. На псіхолага-педагагічным факультэце дадаецца спецыяльнасць “Практычная псіхалогія”, на гістарычным — замест “Гісторыі” можна будзе паступаць на “Гісторыю і грамадазнаўчыя дысцыпліны”.
— Мы лічым перавагай скарачэнне тэрмінаў навучання, якое ў нашым універсітэце закранае амаль усе педагагічныя спецыяльнасці, — гаворыць адказны сакратар прыёмнай камісіі, — і нават спадзяёмся, што гэта згладзіць негатыўны ўплыў тых “мінусаў”, якія мы атрымліваем у выніку скасавання дадатковых спецыяльнасцей. “Надбудоўваць” веды і навыкі над базай, атрыманай на першай ступені, больш глыбока развівацца ў вузкай вобласці, дазволіць магістратура.
С.М.Ткач расказала, што школы Брэстчыны традыцыйна маюць патрэбу ў кадрах фізіка-матэматычнага профілю, таму на адпаведныя спецыяльнасці варта было б набіраць больш студэнтаў. Але ў мінулым годзе, напрыклад, на фізічным факультэце быў недабор, і сёлета тут з пэўнай асцярогай чакаюць, які будзе ўстаноўлены мінімальны станоўчы бал цэнтралізаванага тэсціравання.
— Універсітэт не можа пераадолець такія аб’ектыўныя акалічнасці, як дэмаграфічны спад, адток нашых абітурыентаў у сталіцу, за мяжу, — зазначае Святлана Мікалаеўна.
З іншага боку, БрДУ зацікаўлены развіваць тыя напрамкі падрыхтоўкі, якія карыстаюцца попытам не толькі ў наймальнікаў, але і ў насельніцтва. Так, у будучыні, верагодна, адкрыюцца спецыяльнасці, звязаныя з камп’ютарнай графікай, інфармацыйнымі тэхналогіямі.
Ва ўніверсітэце ўжо ёсць такія спецыяльнасці для ІТ-сферы, як “Эканамічная кібернетыка” і “Прыкладная матэматыка”.
У Брэсцкай вобласці педагогаў, як вядома, рыхтуе і Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Тут ёсць факультэт педагогікі і псіхалогіі, а таксама факультэт славянскіх і германскіх моў, дзе можна атрымаць прафесію настаўніка.
На першым факультэце ў 2013 годзе не засталося ніводнай так званай здвоенай спецыяльнасці. У парадку прыёму можна бачыць спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” (прыйшла на змену “Дашкольнай адукацыі. Практычнай псіхалогіі”), “Пачатковая адукацыя” (раней гэтая спецыяльнасць была з некалькімі дадатковымі, якія сышлі), “Практычная псіхалогія” і “Геаэкалогія” (засталіся без змяненняў), “Сацыяльная педагогіка” (вырасла з дадатковай спецыяльнасці), а таксама дзве новыя спецыяльнасці — “Абслуговая праца і прадпрымальніцтва”, “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва”.
Адразу звяртае на сябе ўвагу набор даволі складаных прадметаў ЦТ, якія трэба здаваць на спецыяльнасць “Абслуговая праца і прадпрымальніцтва” — гэта, акрамя беларускай ці рускай мовы, матэматыка і замежная мова. Але ў БарДУ разлічваюць, што абітурыентаў гэта не спыніць. Пры паступленні на спецыяльнасць “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва” трэба будзе здаць ЦТ па беларускай ці рускай мове і матэматыцы, а таксама іспыт па творчасці непасрэдна ва ўніверсітэце.
— Мы чакалі, што змены ў класіфікатары могуць негатыўна адбіцца на наборы, таму імкнуліся пашырыць выбар спецыяльнасцей для абітурыентаў, — расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі ўніверсітэта Н.А.Клімко. — Раней мы рыхтавалі па спецыяльнасцях “Тэхналогія (абслуговая праца). Сацыяльная педагогіка” і “Практычная псіхалогія. Тэхналогія (абслуговая праца)”. У мінулыя гады абітурыенты іх ахвотна выбіралі, таму спадзяёмся, што праявяць цікавасць і сёлета. Базу і кваліфікаваных спецыялістаў для таго, каб наладзіць навучанне па новых спецыяльнасцях, мы маем.
На факультэце славянскіх і германскіх моў ёсць спецыяльнасці, якія аб’ядноўваюць дзве мовы — “Англійская мова. Нямецкая мова” і “Нямецкая мова. Англійская мова”. Разам з тым без дадатковых спецыяльнасцей засталіся “Беларуская мова і літаратура”, “Замежная мова (англійская)”.
Ёсць змяненні на завочнай форме навучання. Так, на факультэце педагогікі і псіхалогіі захаваліся спецыяльнасці “Геаэкалогія”, на якую набор ажыццяўляецца не кожны год, і “Практычная псіхалогія”. “Дашкольная адукацыя” згубіла дадатковую спецыяльнасць. Выпускнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі могуць атрымаць завочна ў скарочаны тэрмін спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” і “Пачатковая адукацыя”, таксама без дадатковых. Для гэтай катэгорыі абітурыентаў у 2013 годзе ўводзіцца ўнутранае выпрабаванне па педагогіцы і псіхалогіі. Акрамя таго, яны павінны прад’явіць сертыфікат ЦТ па адной з дзяржаўных моў. Тэрмін скарочанага навучання складае 3 гады і 6 месяцаў, тады як поўны тэрмін завочнага — 5 гадоў.
Акрамя педагогікі, псіхалогіі, лінгвістыкі, у БарДУ развіваецца інжынерны напрамак падрыхтоўкі спецыялістаў, вельмі неабходных на прадпрыемствах машынабудавання і сельскай гаспадаркі рэгіёна. Ніводная ўстанова вышэйшай адукацыі, напэўна, не абыходзіцца і без падрыхтоўкі эканамістаў. У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце менавіта гэты напрамак, хутчэй за ўсё, закране скарачэнне бюджэтных месцаў. З 2013 года спыняецца набор на спецыяльнасць “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”.
На педагагічных жа спецыяльнасцях бюджэтнае навучанне не плануецца скарачаць, бо размеркаванне маладых педагогаў ва ўніверсітэце 100-працэнтнае, запэўніла адказны сакратар прыёмнай камісіі.
Расказвае адказны сакратар прыёмнай камісіі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава А.Л.ДЗЯДЗІНКІН:
— З парадку прыёму мы выключылі спецыяльнасці, якія раней называлі “здвоенымі”. Напрыклад, “Дашкольная адукацыя. Лагапедыя”, “Пачатковая адукацыя. Сацыяльная педагогіка”. Цяпер у нашым універсітэце ёсць толькі “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя”. Тут логіка зразумелая: за 4 гады дзве спецыяльнасці асвоіць вельмі складана, таму скасаванне дадатковых спецыяльнасцей — вымушаны крок. Але, на мой погляд, гэта менш цікава для абітурыентаў. Хаця ў той жа час патрэба ў Віцебскай вобласці ў настаўніках пачатковых класаў, а асабліва ў педагогах дашкольнай адукацыі, вельмі высокая. Абітурыентам жа гэта не растлумачыш. Паглядзім, як пройдзе першы набор.
Зараз мы вядзём індывідуальную работу з выпускнікамі школ вобласці: праводзім анкетаванне, выяўляем, хто і на якія спецыяльнасці нашага ўніверсітэта збіраецца паступаць. Затым запрашаем школьнікаў на факультэцкія мерапрыемствы — інтэгруем ва ўніверсітэцкае жыццё. Вядзём банк “Абітурыент-2013”. У гэтай рабоце нам дапамагае ўпраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама, зацікаўленасць якога цалкам зразумелая: калі ва ўніверсітэт не прыйдуць студэнты, то некага будзе размяркоўваць у школы, дзіцячыя садкі Віцебшчыны.
Калі вяртацца да спецыяльнасцей, то выключаны з класіфікатара, напрыклад, “Гісторыя. Англійская мова”, а таксама вельмі папулярная ў нашым універсітэце “Сацыяльная педагогіка. Практычная псіхалогія”. Цяпер мы будзем набіраць толькі на “Сацыяльную педагогіку”. Лічу, што гэта не павысіць цікавасць да спецыяльнасці.
На мастацка-графічным факультэце з’явілася спецыяльнасць “Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы”, якая прыйшла на змену спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне. Тэхналогія”. Вось гэта, на мой погляд, станоўчы факт.
Акрамя трох спецыяльнасцей — “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (вырабы з керамікі)”, “Дызайн”, “Рамана-германская філалогія”, — усе спецыяльнасці ВДУ імя П.М.Машэрава пераходзяць на 4-гадовы тэрмін падрыхтоўкі. Гэта датычыцца і спецыяльнасцей такога кшталту, як “Матэматыка і інфарматыка”, якія ўжо не лічацца здвоенымі. Чаму іх не раз’ядналі? Таму што настаўніка толькі інфарматыкі ў школе немагчыма было б забяспечыць нават адной стаўкай. Таму гэты прадмет і аб’ядналі з матэматыкай. Такім жа чынам грамадазнаўчыя дысцыпліны прымацавалі да гісторыі. Вучэбныя планы такіх спецыяльнасцей складзены так, каб навучыць будучага настаўніка абодвум прадметам у поўным аб’ёме.
Якіх спецыялістаў не хапае ва ўстановах адукацыі вобласці? Па-першае, у нас ёсць дэфіцыт сацыяльных педагогаў. Яшчэ адна праблема — настаўнікі замежных моў, тут мы таксама штогод не закрываем патрэбы школ, бо гэтыя спецыялісты вельмі хутка сыходзяць у іншыя сферы. Таксама не хапае педагогаў дашкольнай адукацыі. Па астатніх педагагічных спецыяльнасцях універсітэт задавальняе запыты наймальнікаў.
Само жыццё дыктуе неабходнасць скарачаць прыём на тыя педагагічныя спецыяльнасці, на якія попыт у вобласці невысокі. Калі ў мінулым годзе было 493 бюджэтныя месцы на дзённай форме навучання, то ў гэтым, па папярэдніх даных, — 460. На завочнай форме мы плануем скараціць колькасць месцаў з 305 да 240.
У 2013 годзе пачнём прыём на дзве новыя спецыяльнасці на дзённай форме навучання: “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка” і “Сацыяльная работа (сацыяльна-эканамічная дзейнасць)”. У межах апошняй будзем рыхтаваць сацыяльных работнікаў-эканамістаў.
Падрыхтавала Іна НІКІЦЕНКА.
nikitsenka@ng-press.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.
© Сайт арыгіналу Абітурыент, 2013.
Тэгі: А.Л. Дзядзінкін, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна, падрыхтоўка настаўнікаў для ўстаноў адукацыі, педагагічныя спецыяльнасці, С.У. Якавенка
Feed enhanced by Better Feed from Ozh