Педагагічная гасцёўня сабрала ў школе № 11 Брэста 50 маладых спецыялістаў

- 16:01Образование

У свеце шмат розных прафесій. І кожная з іх па­свойму важная. Але знайсці сваё прызванне і не пашкадаваць пра выбраны шлях удаецца, на жаль, не ўсім.

Гэтага не скажаш пра ўдзельнікаў педагагічнай гасцёўні “Працяг будзе?”, якая сабрала ў сярэдняй школе № 11 Брэста 50 маладых спецыялістаў другога года работы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта Настаўніцкай газеты.

Арганізатарам традыцыйнага мерапрыемства выступіла гарадская арганізацыя галіновага прафсаюза пры падтрымцы гарадскога аддзела па адукацыі.

Органы кіравання адукацыяй удзяля­юць шмат увагі маладым педагогам, для паспяховага замацавання якіх праводзяць розныя матывацыйныя мерапрыемствы ра­зам з сацыяльным партнёрам — прафсаюзам, — адзначыў начальнік гарадскога ад­дзела па адукацыі Анатоль Наскоў. — Дзякуючы сістэмнай рабоце па сацыяльнай пад­трымцы і абароне маладых спецыялістаў, каля 80% з іх застаюцца працаваць у сістэме адукацыі. Гэта сведчыць пра ўсвядомлены прафесійны выбар і гарантуе пераемнасць педагагічных кадраў. Радуе, што ва ўстановы адукацыі Брэста прыходзіць ініцыятыўная, мэтанакіраваная і перспектыўная моладзь, якая любіць сваю работу і імкнецца стаць высакакласнымі спецыялістамі.

— Настаўніцкая прафесія шматгранная, бо дазваляе праявіць творчыя здольнасці, пабываць у ролі псіхолага, рэжысёра і акцёра, самарэалізавацца і адчуць сваю запатрабаванасць, — прадоўжыла старшыня гарадской прафсаюзнай арганізацыі Іна Жак. — Гэта, бадай, адзіная прафесія, дзе немагчыма працаваць без самааддачы і душы. А каб работа была максімальна паспяховай і прадукцыйнай, настаўнік павінен быць упэўнены ў сваіх сілах і ведах. Галіновы прафсаюз не застаецца ў баку ад прафесійнага станаўлення маладых педагогаў, якім аказвае шырокую метадычную, прававую і матэрыяльную дапамогу.

Са словамі падтрымкі да маладой змены звярнуліся член савета ветэранаў працы ўстаноў адукацыі Брэста Ала Гопша, загадчык ВМК Ленінскага раёна горада Людміла Калеснік і намеснік загадчыка ВМК Маскоўскага раёна горада Ніна Дрык, якія расказалі пра свой шлях у прафесію і пажадалі працаваць у ёй натхнёна, адказна і самааддана.

За амаль два гады работы ў школах і дзіцячых садах маладыя спецыялісты ўжо набылі пэўны педагагічны вопыт, вызначылі перспектывы і напрамкі далейшага прафесійнага росту. Удзельнікі гасцёўні ахвотна дзяліліся ім адно з адным.

Маладзёжны савет гарадской прафсаюзнай арганізацыі зладзіў для іх займальную квест-гульню. Падзяліўшыся на каманды, удзельнікі адправіліся ў дзіўнае падарожжа ў свет педагагічнай прафесіі, каб вызначыць, ці будзе ёй працяг. На першай станцыі моладзь знаёмілася, расказвала, дзе працуе, прызнавалася, што любіць у рабоце больш за ўсё, дзялілася цікавымі навінамі, марамі і планамі, цікавілася, як хто спраўляецца з цяжкасцямі, хвалілася першымі прафесійнымі дасягненнямі, а таксама разважала над тым, якія якасці дапамагаюць стаць паспяховым і дасягнуць пастаўленых мэт.

Пасля знаёмства, напоўненага шчырымі ўсмешкамі, удзельнікі накіраваліся на наступную станцыю, дзе складалі сінквейны са словам “педагог” і падбіралі асацыяцыі да кожнай літары паняцця “поспех”. На трэцяй станцыі педагогі запісвалі на дошцы пад рознымі тэмамі (“Першы дзень на рабоце”, “Свята на рабоце”, “Камандзіроўка”, “Самы лепшы дзень на рабоце”, “Самы смешны выпадак” і “Самы кранальны момант”) свае ўспаміны ці дасягненні. Не менш цікавай аказалася станцыя, дзе прапаноўвалася паў­дзельнічаць у віктарыне пра Брэст, выканаць практыкаванне “Лесвіца поспеху” і сфармуляваць сакрэты поспеху педагога. На апошняй станцыі патрабавалася скласці “Топ-10 быць настаўнікам” у выглядзе калажа і абара­ніць яго. Каманды падышлі да справы даволі крэатыўна. 

Удзельнікі гасцёўні не толькі цікава і весела правялі час у дружнай кампаніі адна­думцаў, але яшчэ раз пераканаліся, што зрабілі правільны прафесійны выбар.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ