STEАМ-падыход у адукацыі: разглядаем на вопыце гімназіі № 1 Ваўкавыска

- 16:14Образование

Атрымліваць веды праз рашэнне творчых задач, правяраць факты, мадэляваць рэальныя працэсы і з’явы з дапамогай лічбавых тэхналогій маюць магчымасць навучэнцы 1­-й ваўкавыскай гімназіі, дзе з гэтага навучальнага года пачаў працаваць STEAM­-клас. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты». 

Сучасныя дзеці ў большасці сваёй актыўна ўключаюцца ў тую ці іншую работу, толькі калі дакладна ўяўляюць канчатковы яе вынік, калі гэтая работа цікавая і захапляльная, калі ў іх ёсць адказы на пытанні “А навошта мне гэта трэба?”, “Дзе я змагу прымяніць гэта ў жыцці?”, — адзначае дырэктар гімназіі Алена Рыбак. — STEАМ-падыход у адукацыі, калі ўсе галіны прыродазнаўчанавуковага і тэхнічнага профіляў аб’яднаны, якраз і дазваляе ім атрымаць адказы на гэтыя пытанні. Устанаўленне міжпрадметных сувязей, арыентаванасць на работу са значнымі практычнымі праблемамі, камандная работа, высокая ступень самастойнасці — вось далёка не поўны пералік прынцыпаў новага падыходу.

Па ініцыятыве ўпраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама ў гімназію ў 2022 годзе былі набыты 3D-прынтар, ноўтбукі, наборы LEGO-Education. Акрамя таго, установа стала адной са 150 школ краіны, куды Міністэрствам адукацыі былі пастаўлены наборы Robbo, смартборд, 3D-прынтар. Усё гэта дало магчымасць у 2022/2023 навучальным годзе адкрыць STEAM-клас. З дапамогай пералічанага абсталявання дзеці могуць вывучаць асновы робататэхнікі, мікраэлектронікі, 3D-мадэлявання і 3D-друку. Работу факультатыўных заняткаў і аб’яднанняў па інтарэсах праводзяць настаўніца матэматыкі Маргарыта Пракаповіч і настаўнік інфарматыкі Васіль Гуляй.

Магчымасці абсталявання STEAM-класа выкарыстоўваюць і настаўнікі-прадметнікі. Так, на ўроках інфарматыкі навучэнцы распрацоўваюць камп’ютарныя праграмы, якія актыўна прымяняюцца на ўроках фізікі, матэматыкі, хіміі, біялогіі, геаграфіі для стварэння аб’ектаў вывучэння і канструя­вання іх мадэлей, а таксама на занятках навуковага таварыства навучэнцаў гімназіі ў межах работы секцый “Компас” і “Юныя эколагі”.

На ўроках фізікі пры вывучэнні будовы цвёрдых цел і вадкасцей вучні разглядалі пакрыццё фрактала. Навучэнцы 10 класа распрацавалі праграму для 3D-прынтара па вырабе сняжынкі. Гэты матэрыял быў выкарыстаны пры падрыхтоўцы да турніру юных фізікаў і напісанні даследчай работы па тэме “Фрактальныя пальцы”. Робасхематэхніка актыўна выкарыстоўваецца пры вывучэнні раздзела “Электрычныя з’явы”. На факультатыўных занятках “Асновы алгарытмізацыі і праграмавання ў віртуальным асяроддзі Scratch” гімназісты вывучаюць магчымасці крэатыўнага праграмавання робатаў LEGO, Robbo-лабараторый.

Для ўрокаў біялогіі навучэнцамі былі падрыхтаваны макеты малекул, а на геаграфіі прадстаўлены макет “Рэльеф мясцовасці” на прыкладзе шведскай гары. На ўроку матэматыкі пры вывучэнні тэмы “Восевая і цэнтральная сіметрыя” навучэнцы азнаёміліся з асаблівасцямі беларускага арнаменту, з варыянтамі яго выкарыстання ў элементах нацыянальнага адзення. З мэтай візуалізацыі вывучанага матэрыялу ўзоры арнаменту раздрукавалі на 3D-прынтары.

Па словах Маргарыты Пракаповіч, STEAM-клас дазваляе дзецям праяўляць сябе. Яны самастойна могуць займацца па асноўных STEAM-напрамках і працаваць над уласнымі праектамі. Гімназісты вучацца пісаць праграмы, ствараць сайты і электронныя дадаткі. Захапляе іх і канструяванне робатаў, прымяненне законаў фізікі, матэматыкі, хіміі, біялогіі на практыцы. Акрамя таго, яны могуць займацца медыяжурналістыкай, лічбавай музыкай і жывапісам, фатаграфіяй. Гэта павышае цікавасць да прыродазнаўчых навук і агульны ўзровень ведаў навучэнцаў, а ў будучыні матывуе на выбар тэхнічнай спецыяльнасці.

З мэтай укаранення STEAM-падыходу ў гімназіі была створана педагагічная лабараторыя “ІТ на вучэбных занятках: ад тэорыі да практыкі”. Педагогі вывучалі асновы выкарыстання STEAM-падыходу ў адукацыйным працэсе, апрабоўвалі іх на сваіх занятках. Атрыманыя вынікі яны прадставілі педагагічнаму калектыву ў межах метадычнага тыдня.

Метадычны тыдзень дазволіў заціка­віць новым падыходам педагагічны калектыў, — адзначае Алена Вікенцьеўна. —  А значыць, мы не спынімся на дасягнутым, бо STEAM-адукацыю можна выкарыстоўваць не толькі на вучэбных занятках, але і пры арганізацыі дадатковай адукацыі, пазабюджэтнай дзейнасці і нават аздараўлення навучэнцаў. У гімназіі, дарэчы, распрацаваны праект профільнага аздараўленчага 18-дзённага лагера з дзённым знаходжаннем “STEAM-Сусвет”, які будзе рэалізаваны ў чэрвені бягучага года. Работа лагера будзе пабудавана па чатырох асноўных напрамках. Яна прадугледжвае дзейнасць выхаванцаў лагера ў лабараторыях, творчае прадстаўленне і абарону створаных праектаў.

Разам з тым нашы навучэнцы яшчэ не прайшлі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Таму сёння ўпор робім на рашэнне задач на аналітычнае мысленне, логіку, лікавую паслядоўнасць і агульны кругагляд з мэтай падрыхтоўкі да тэсціравання на адборачны тур адукацыйнай змены. Наша задача — сумесна з бацькамі прадумаць траекторыю росту навучэнцаў з выхадам на паступленне ў тэхнапарк і потым у тэхнічную УВА.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара