«Настаўнікі года» Гомельшчыны падзяліліся эмоцыямі пасля таго, як даведаліся пра сваю перамогу

- 13:30Образование

У Гомелі ўшанавалі пераможцаў двух прафесійных спаборніцтваў: абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют” і абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Усе ўдзельнікі атрымалі шматлікія прызы ад спонсараў мерапрыемства, у ліку якіх — рэдакцыя “Настаўніцкай газеты”.

Ствараць настрой і матывацыю

У першым этапе рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года Рэс­публікі Беларусь” прынялі ўдзел больш за 2500 педагогаў Гомельшчыны. У фінал выйшлі 24 настаўнікі. Яны правялі міні-ўрокі і прадставілі публічныя выступ­ленні перад педагагічнай грамадскасцю. Ацэньвалі канкурсантаў 54 члены журы, сярод якіх вопытныя педагогі, лаўрэаты і прызёры конкурсаў, супрацоўнікі Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і многія іншыя.

— Настаўнік — гэта цэнтр прыцягнення, настаўнік — гэта гордасць усёй краіны, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў. — Прадстаўнікі нашай вобласці ўжо станавіліся лепшымі на рэспуб­ліканскім этапе конкурсу “Настаўнік года”. Спадзяюся, і ў 2023-м годзе хрустальны журавель зноў прыляціць да нас.

Перад тым як назваць пераможцаў, якія прадставяць Гомельшчыну ў фінале конкурсу ў Мінску, галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама сумесна з Гомельскай абласной арганізацыяй Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі ўпершыню ўручылі спецыяльны памятны настольны знак усім суперфіналістам. Старшыня абласной прафсаюзнай арганізацыі Жанна Ждановіч адзначыла, што ён сімвалізуе агонь сэрцаў, энтузіязму і імкненняў педагогаў.

Эмоцыі і адказнасць

Лепшыя педагогі Гомельскай вобласці ў васьмі намінацыях падзяліліся сваімі эмоцыямі і думкамі адразу пасля таго, як даведаліся пра сваю перамогу.

Вольга Афанасьева, настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 7 Калінкавіч:

Я не чакала, што выйду ў фінал. Але гэтага чакала мая каманда. Яны спадзяваліся і дапамагалі мне дзень і ноч, і я не магла іх падвесці. Мая сям’я — муж і трое сыноў — таксама вельмі дапамагала мне. Робататэхніка — гэта мой канёк. Яшчэ адзін мой кірунак — гэта праектная дзейнасць з навучэнцамі розных узростаў. Нягледзячы на тое, што інфарматыка вывучаецца з 6 класа, ужо з першага я выкладаю гэты прадмет факультатыўна. Было цяжка, але вельмі цікава. Дзякуй конкурсу за знаёмства з цудоўнымі калегамі і за адкрыцці ў сабе.

Надзея Гардзіенка, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Акцябрскага:

— Я была настроена атры­маць “Зорнае крыло” і стаць удзель­нікам аднайменнага абласнога клуба, які аб’ядноўвае пераможцаў і лаўрэатаў конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. І мне гэта ўдалося. Мой педагагічны стаж — 8 гадоў. Вучні мяне сілкуюць энергіяй і эмоцыямі. Я ўдзячна групе падтрымкі і адміністрацыі школы. Цяжка было дзве першыя секунды, а пасля атрымлівала асалоду, бо рабіла тое, што сапраўды люблю.

Яўген Есіс, настаўнік бела­рус­кай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Мазыра:

— Фенаменальныя, класныя, феерычныя эмоцыі. Я 6 гадоў назад ужо быў пераможцам у гэтай жа намінацыі. Аднак дрэнны той салдат, які не хоча стаць генералам. Мне ёсць чым здзівіць, што паказаць калегам. Галоўнае, каб зоркі сышліся.

Іна Беразюк, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 5 Рагачова:

— Настаўнік павінен быць не транслятарам, а такім жа вучнем, як яго выхаванцы. Ён павінен вучыцца на працягу ўсяго свайго жыцця і імкнуцца да важнай мэты. Калі мне гаварылі: “Ты — настаўнік ад Бога”, я працягвала шукаць сябе, вучыцца, удасканальвацца, мяняцца. Быў момант выгарання. Аднак пасля атрымання другой — эканамічнай — адукацыі я зразумела, як трэба вучыць маленькіх дзяцей, што рабіць, каб іх падрыхтоўка да дарослага жыцця была больш прадукцыйнай. 

Сяргей Шамінскі, настаўнік выяўленчага мастацтва Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна:

— Настаўнік — гэта вельмі высокае званне, і яно абавязвае нас у любой жыццё­вай сітуацыі заставацца чалавекам. Удзел у “Настаўніку года” — вялікая адказнасць, паколькі мы прадстаўляем не толькі школу, рэгіён, але і сваю педагагічную сутнасць.

Наталля Нікіценка, настаўніца геаграфіі гімназіі Светлагорска:

— Маё крэда — “Каб ву­чыць іншых, трэба вучыцца самой, каб выхоўваць іншых, трэба выхоўвацца самой, каб развіваць іншых, трэба развівацца самой”. Конкурс і ёсць прыступка да майго самаразвіцця. Я буду вучыць сваіх выхаванцаў таму, каб кожны стаў паспяховым у жыцці.

Таццяна Лашакова, настаўніца хіміі сярэдняй школы № 4 Рагачова імя У.С.Вялічкі:

— Мой былы вучань Андрэй Мамаеў зараз услаўляе нашу Рагачоўшчыну. Ён аўтар сур’ёзных навуковых распрацовак у галіне хіміі, шматразовы прызёр розных прэстыжных алімпіяд і конкурсаў. Над першай распрацоўкай мы пачыналі працаваць з ім ра­зам, а цяпер ён працягвае гэта ра­біць ужо з прафесарамі БДУ. Хімія паўсюль, таму вельмі важна, каб дзеці захапіліся гэтай навукай, — тады ім стане прасцей жыць.

Любоў Палын, выхавальніца дзіцячага сада № 40 Мазыра:

— Я вельмі шчаслівая. Буду прадстаўляць на рэспубліцы свае інавацыйныя тэхналогіі: навучанне дашкольнікаў алгарытмічнаму мысленню з выкарыстаннем робатаў. Спадзяюся, што ўсіх здзі­вім і дакажам, што за сучаснымі тэхналогіямі — будучыня.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара