Буда-кашалёўскія школьнікі актыўна бяруць мэтавыя накіраванні

- 9:54Образование

Вясна — гарачы час для выпускнікоў 9-­х і 11­-х класаў, бо пытанне прафесійнага самавызначэння стаіць першым нумарам у іх найбліжэйшых жыццёвых планах.

Буда-кашалёўскія школьнікі таксама выбіраюць для сябе спецыяльнасць, але для многіх гэтае  пытанне ўжо вырашана. Якім чынам, карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Буда-Кашалёўскага райвыканкама Гомельскай вобласці Алена Парфененка.

— У гэтым навучальным годзе ў 9-х класах школ раёна вучыцца 321 чалавек, 11 класаў заканчваюць 147 юнакоў і дзяўчат. Некаторыя з іх ужо з мэтавымі накіраваннямі, таму не задаюцца пытаннем, куды паступаць. Па апошняй інфармацыі, мэтавыя накіраванні на навучанне па сельскагаспадарчым профілі ўзялі 28 чалавек (выпускнікі як 9-х, так і 11-х класаў). 11 чалавек плануюць паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, 17 — у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. І гэта не апошнія лічбы. Ёсць нямала дзяцей, якія выказалі намер узяць мэтавае накіраванне.

У мінулым годзе 129 нашых выпускнікоў паступілі ў навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю, 36 вучацца па мэтавых дагаворах. І 11 чалавек па мэтавых накіраваннях атрымліваюць педагагічныя спецыяльнасці.

Трэба адзначыць, што ўстановы адукацыі і мясцовыя органы ўлады прафесійнаму вызначэнню выпускнікоў удзяляюць вялікую ўвагу. Праводзяцца прафарыентацыйныя мерапрыемствы, арганізуюцца сустрэчы з прадстаўнікамі каледжаў і ўніверсітэтаў. Прынамсі, падчас камандзіроўкі ў Буда-Кашалёва мне давялося папрысутнічаць на такой сустрэчы, якая праходзіла пры ўдзеле прадстаўнікоў райвыканкама.

У Доме культуры было мнагалюдна, у зале прысутнічалі старшакласнікі разам з педагогамі. Перад імі па чарзе выступалі прадстаўнікі каледжаў і Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі. Старшакласнікі задавалі пытанні наконт умоў навучання і перспектыў працаўладкавання. І тут да размовы падключыліся прадстаўнікі мясцовых органаў улады, якія расказалі пра перспектывы працаўладкавання ў раёне і ўмовы атрымання жылля.

У Буда-Кашалёве клапоцяцца пра сваіх выпускнікоў і імкнуцца ствараць максімальна спрыяльныя ўмовы для іх будучага жыцця на малой ра­дзіме. Той факт, што яны даволі актыўна бяруць мэтавыя накіраванні, яскрава свед­чыць пра эфектыўнасць сумеснай праф­арыентацыйнай работы. 

На тэрыторыі Буда-Кашалёўскага раёна дзейнічаюць 22 агульнаадукацыйныя ўстановы, з якіх 1 пачатковая школа, 1 гімназія, 2 базавыя школы і 18 сярэдніх. Агульная колькасць навучэнцаў — 3243.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара

Навіна па тэме: 

В тесной привязке к конкретному предприятию. Минобразования — о преимуществах целевой подготовки