Студэнтка МДУ імя А.А.Куляшова – пра размеркаванне: магчымасцей праявіць сябе ў сельскай школе больш

- 10:47Образование

У МДУ імя А.А.Куляшова не за гарамі завяршэнне навучання студэнтаў выпускных курсаў. Нядаўна ва ўніверсітэце прайшло размеркаванне маладых людзей, якія вучацца на бюджэтнай аснове. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

МДУ імя А.А.Куляшова — галоўная кузня педагагічных кадраў рэгіёна. Тут рыхтуюць будучых педагагічных работнікаў рознага профілю. Усяго ў гэтай УВА навучанне вядзецца больш чым па 30 спецыяльнасцях. Напрыканцы сакавіка выпускнікі ўсіх факультэтаў універсітэта вызначыліся з будучым месцам працы.

— Размеркаванне традыцыйна праходзіць у некалькі этапаў. Спачатку адбываюцца інфармацыйныя сустрэчы на кафедрах і факультэтах, пасля чаго афіцыйная камісія вырашае, куды адправіцца на працаўладкаванне кожны студэнт-бюджэтнік, — паведаміла вядучы спецыяліст аддзела кадраў універсітэта Аліна Васіленка.

Паводле яе слоў, адразу задавальняюцца запыты ад заказчыкаў кадраў. Як правіла, заявак заўсёды больш, чым студэнтаў, якія падлягаюць размеркаванню, таму ў мола­дзі ёсць выбар. Кіраўніцтва УВА імкнецца задавальняць персанальныя запыты на размеркаванне, бо многія студэнты ўжо на выпускных курсах пачынаюць працаваць.

Менавіта так зрабіла студэнтка 4 выпускнога курса кафедры пачатковай і музычнай адукацыі Валерыя Кажэўнікава. Дзяўчына без пяці хвілін дыпламаваны настаўнік пачатковых класаў і свае сілы ў педагогіцы вырашыла паспрабаваць загадзя: увесь бягучы навучальны год працуе ў сярэдняй школе № 45 Магілёва.

— Універсітэт пайшоў насустрач: мне склалі індывідуальны графік навучання. Вядома, бывае цяжкавата. У школе звыш 2 тысяч вучняў, адпаведна, і нагрузка вялікая. У прафесіі не расчаравалася, але да моманту размеркавання зразумела, што хачу прайсці прафесійнае станаўленне ў менш напружанай абстаноўцы. Сама я з Горак, але трапіць на адпрацоўку ў родны горад не атрымалася. Маладым спецыялістам паеду ў Міхееў­скую сярэднюю школу Дрыбінскага раёна. Адразу крыху засмуцілася, але зараз настрой пазітыўны. Школа знаходзіцца недалёка ад Горак, туды штодня хо­дзяць аўтобусы, таму пакуль застануся ў бацькоўскай хаце, жыллёвае пытанне перада мной не стаіць. Ды і магчымасцей прая­віць сябе ў сельскай школе больш, — па­дзялілася меркаваннем Валерыя.

Яшчэ адна студэнтка кафедры пачатковай і музычнай адукацыі Дар’я Волкава таксама паедзе працаваць у вёску. Але пра гэта дзяўчына ведала яшчэ да пачатку вучобы, бо паступала ва ўніверсітэт па мэтавым дагаворы.

— Мяне з дзяцінства прыцягвала педагогіка. Выбар прафесіі рабіла свядома і дакладна ведала, што хачу вярнуцца на малую радзіму — у Магілёўскі раён, таму і ўзяла мэтавае накіраванне. На размеркаванні даведалася, што паеду яшчэ і ў родную Кадзінскую школу. Радасці не было мяжы. Але зараз разумею, што гэта не толькі плюс, але і вялікая адказнасць. У калектыве мяне ўсе ведаюць. Аднак зараз з маімі настаўнікамі мы станем калегамі — гэта вельмі хвалююча. Але, думаю, спраўлюся, ва ўніверсітэце нам далі добрую тэарэтычную і практычную базу. У нашай школе, як і ў раёне, аказваюць усебаковую падтрымку маладым педагогам, — расказала Дар’я.

Усяго ў МДУ А.А.Куляшова сёлета былі размеркаваны 286 маладых людзей. У хуткім часе студэнтаў выпускных курсаў чакае здача дзяржаўных экзаменаў і абарона дыпломных работ. А пасля ўжо ­дыпламаваныя педагогі раз’едуцца па ўсім рэгіёне. Напера­дзе ў іх — працоўнае жыццё, білет у якое яны ўжо атрымалі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара