«Пчаліная школа» і «Зялёная акадэмія»: якія яшчэ праекты рэалізуюць у Здзітаўскай школе

- 9:04Образование

Дзе знаходзіцца цэнтр Зямлі? На Тыбеце? У Ціхім акіяне? А можа, сярод джунгляў Амазонкі?.. У настаўнікаў і вучняў Здзітаўскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна свой адказ. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Паміж трох азёр

— Цэнтр Зямлі там, дзе жыве чалавек. Для нас гэта вёска Здзітава з яе старажытнай гісторыяй, унікальнай прыродай і цудоўнымі людзьмі, — такімі словамі сус­трэла журналістаў “Настаўніцкай газеты” дырэктар Здзітаўскай сярэдняй школы Таццяна Сяргееўна Ажажа.

Пра старажытную гісторыю, унікальную прыроду і цудоўных людзей Таццяна Сяргееўна сказала не дзеля прыгожага слова. Упершыню Здзітава згадваецца аж у 1005 годзе, а на тэрыторыі населенага пункта знаходзяцца дзве стаянкі эпохі неаліту. Людзі невыпадкова аблюбавалі гэтыя мясціны — у ваколіцах Здзітава тры возеры (Белае, Чорнае і Спораўскае), а сама вёска прытулілася да біялагічнага заказніка “Спораўскі” з яго 123 відамі птушак, 34 відамі рыб і незлічонай колькасцю раслін, насякомых, сярод якіх самае любімае, самае паважанае ў мясцовых жыхароў — пчала. Гэтую маленькую працаўніцу можна смела на­зваць сімвалам школы. Чаму? Пра гэта крыху пазней.

Унікальныя мясціны

А пакуль што дадзім слова юным экскурсаводам. Нездарма ж яны старанна рыхтаваліся да прыезду гасцей.

Наша вёска — самае старажытнае паселішча Бярозаўшчыны. Першая пісьмо­вая згадка пра летапісны горад Здзітава змяшчаецца ва ўстаўной грамаце пра заснаванне Тураўскага епіскапства і датуецца 1005 годам. Старажытнае гарадзі­шча знаходзілася ў пойме Ясельды. Яшчэ ў раннім сярэдневякоўі горад быў разбураны, а жыхары перасяліліся на месца сучасных вёсак Здзітава Спораўскага і Здзі­таўскага сельсаветаў. Вось так летапісны горад раздзяліўся на два населеныя пункты. У часы ВКЛ ён быў вядомы як Здзітаў Гарадок або Здзітаў Дварэц. З цягам часу статус змяніўся, і горад перайшоў ва ўладанне прыватных асоб, быў мястэчкам. Сёння гэта самабытная вёска ў складзе Спораўскага сельсавета Бярозаўскага раёна, — расказва­юць вучні.

“Думаць глабальна — дзейнічаць лакальна!” — гэтыя словы сталі нефармальным лозунгам дзейнасці школы ў галіне ўстойлівага развіцця.

Далей школьнікі прапанавалі ад старажытнага гарадзішча, дзе знаходзіўся Здзітаў Дварэц, перанесціся бліжэй да самой вёскі, а дакладней, на раку Драгабуж з яе балоцістымі берагамі — тэрыторыю рэспубліканскага біялагічнага заказніка “Спораўскі”, які ў 1999 годзе быў абвешчаны Рамсарскай тэрыторыяй. Балота, якое раскінулася адразу за вёскай, з’яўляецца адным з найбольш натуральных нізінных балот у Еўропе. Яно славіцца рэдкімі відамі раслін і жывёл.

Калі рухацца ад моста праз раку ў цэнтральную частку вёскі, то з левага боку можна ўбачыць пясчаную пляцоўку з размешчанымі на ёй пабудовамі, — працягваюць юныя экскурсаводы. — Звярніце ўвагу на валун. На ім шыльда Міністэрства культуры, якая сведчыць, што вёска Здзітава згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1272 годзе. Што тычыцца назвы Здзітава, то, як мяркуюць вучоныя, яна паходзіць ад слова “зодчы” (будаўнік). Адсюль Здзі­таў — будоўля. Таксама ёсць версія, што назва вёскі ўтварылася ад назвы ракі Дзітва. Калі ў нашых продкаў пыталі, адкуль яны, тыя адказвалі, што з Дзітвы.

“Мы са Здзітава!”

Сённяшнія настаў­нікі і вучні з гордасцю гавораць: “Мы са Здзітава!” Ганарыцца, сапраўды, ёсць чым. Гэта не толькі багатая гісторыя і ўнікальныя мясціны, але і вынікі працы, якая вядзецца Здзітаўскай сярэдняй школай у галіне ўстойлівага развіцця.

— Удзел навучэнцаў у рэалізацыі сацыяльна значных праектаў з’яўляецца адной з эфектыўных форм грамадзянска-патрыятычнага выхавання. “Думаць глабальна — дзейнічаць лакальна!” — гэтыя словы сталі нефармальным лозунгам дзейнасці нашай школы ў галіне ўстойлівага развіцця. Згодна з прынцыпамі ўстойлівага развіцця, маладыя людзі вучацца самі прапаноўваць ідэю і знаходзіць шляхі яе вырашэння. Нашу школу можна на­зваць хрэстаматыяй па ўстойлівым развіцці. Гэтай справай пачалі займацца яшчэ ў 2007 го­дзе. Актыўна вывучаем вопыт калег, прапагандуем свой. Галоўны прынцып нашай дзейнасці такі: калі хочаш нешта змя­ніць, то пачні з сябе, — дзеліцца дырэктар школы.

У рамках распрацаванай у 2010 годзе стратэгіі ўстойлівага развіцця вёскі Здзітава “Школа + вёска: разам да ўстойлівага развіцця” для вучняў праводзяцца заняткі “Здзітавазнаўства”. Таксама ў 2009 го­дзе сумесна з зацікаўленымі вяскоўцамі, супрацоўнікамі ААТ “Спорава”, Спораўскага лясніцтва ў вёсцы быў створаны эколага-этнаграфічны музей “Здзітаўскі фальварак”.

Падчас наведвання музея госці даведваюцца, як на практыцы можна рэалізоўваць такія прынцыпы ўстойлівага развіцця, як прынцып каштоўнасці і захавання мясцовай культуры і традыцый, прынцып каштоўнасці ўнікальнага прыроднага асяроддзя для будучых пакаленняў. Вучні любяць адзначаць тут фальклорныя святы, сустракаць гасцей і проста весела праводзіць вольны час. Мы нават стварылі герб, а таксама гімн вёскі. Дзеці сабралі і вывучылі легенды і паданні, а педагогі выдалі кнігу “Здзі­тава — радзіма мілая”. Мы асабліва ганарымся слоўнікам дыялектаў, які сведчыць пра нашу багатую гісторыю, адмет­насць краю. У ім сабрана 900 слоў, некаторыя з якіх не сустрэнеш нават у “Дыялектным слоўніку Брэстчыны”, — працягвае Таццяна Сяргееўна.

Усе гэтыя выданні, шматлікія даследчыя работы, напісаныя настаўнікамі і вучнямі, захоўваюцца ў кабінеце гісторыі. Любую кнігу, даведнік дзеці могуць узяць у рукі. Тут жа знаходзіцца і краязнаўчая экспазіцыя. На думку Таццяны Сяргееўны, калі проста прыходзіш у музей і слухаеш экскурсавода, то гэта амаль не кранае. А вось калі патрымаеш у руках музейны прадмет, даследуеш яго біяграфію, напішаш у выніку навуковую работу, то зусім па-іншаму бу­дзеш успрымаць гісторыю малой радзімы. У экспазіцыі можна ўбачыць прадметы часоў Вялікай Айчыннай вайны, якія расказваюць пра знакамітую Здзітаўскую абарону — баявыя дзеянні партызан супраць карнікаў у 1944 годзе. Галоўным экспанатам музея з’яўляецца арыгінал газеты “Праўда” 1945 года. Таксама тут ёсць рэпрынтнае выданне аднаго з першых нумароў “Настаўніцкай газеты”.

Не толькі “Пчаліная школа”

Акрамя кабінета гісторыі, цэнтрам выхаваўчай работы Здзітаўскай сярэдняй школы з’яўляецца кабінет пчалярства. На тэарэтычных занятках “Пчалінай школы” вучні знаёмяцца з біялагічнымі асаблівасцямі пчол, вывучаюць будову вуллёў. Незабыўнай была першая экскурсія на пчальнік тэматычнага каардынатара школы Віктара Іосіфавіча Дземідовіча. Наступным этапам рэалізацыі праекта стала стварэнне пчальніка побач з музеем “Здзітаўскі фальварак”.

Каб пчол вадзіць — трэба сэрцам іх любіць… Мы зразумелі, што праца пчаляра складаная, патрабуе шмат ведаў і ўменняў. Пчолы, як і любыя жывыя істоты, адчува­юць, з якім настроем і намерам прыходзіць да іх чалавек. Прадукты пчалярства — мёд, пярга, пылок, матачнае малачко — вельмі карысныя. Мы рэкамендуем ужываць гэтыя каштоўныя прадукты штодзень. Таксама лічым, што займацца пчалярствам у нашай вёсцы выгадна, — паведамілі навучэнцы.

Акрамя “Пчалінай школы”, у Здзітаве дзейнічае “зялёная акадэмія”. Яе сут­насць у тым, каб эфектыўна выкарыстоўваць закінутыя вясковыя ся­дзібы. На прышкольным доследным участку настаўнікі і вучні паспрабавалі прадэманстра­ваць, як рацыянальна і эканамічна выгадна можна выкарыстоўваць зямлю. У сакавіку 2017 года быў урачыста адкрыты мала­дзёжны бізнес-інкубатар у напрамку “Раслінаводства”. Былі распрацаваны і праве­дзены тэматычныя заняткі па пасадцы пладовых і ягадных культур і іх догля­дзе, па асваенні тэхналогіі іх вырошчвання. Да таго ж дзеці пераканаліся, што праца на зямлі можа прыносіць не толькі фінансавую выгаду, але і маральнае задавальненне.

Ідэі для маладзёжнай ініцыятывы могуць быць самымі рознымі і ўзні­каць выпадкова. Здаецца, звычайная з’ява — велапаркоўка каля школы. Каля некаторых устаноў адукацыі можна ўбачыць з добрую сотню прыпаркаваных двухколавых сяброў. Дык чаму б гэты факт не выкарыстаць для маладзёжнай ініцыятывы? Прыкладна так падумалі стваральнікі здзітаўскай “Веламайстэрні”. Тут будучыя механікі атрымалі веды пра будову веласіпеда, прызначэнне розных іх відаў, навучыліся дыягнаставаць няспраўнасці і падтрымліваць веласіпед у добрым тэхнічным стане.

Кожны праект, за які б ні ўзяліся здзі­таўскія настаўнікі і вучні, прасякнуты любоўю да малой радзімы. Яна для іх — цэлы Сусвет, крыніца натхнення, цэнтр Зямлі.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара