Свіслацкая школа Гродзенскага раёна адзначана дыпломам І ступені на конкурсе «Лепшы сайт установы адукацыі»

- 14:30Образование

Свіслацкая сярэдняя школа Гродзенскага раёна адзначана дыпломам І ступені на дыстанцыйным конкурсе “Лепшы сайт установы адукацыі”, які правёў Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. З настаўніцай геаграфіі Наталляй Куліковай карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла пра сайт і не толькі.

— Наталля Уладзіміраўна, як распрацоўваўся сайт, што паслужыла штуршком для такой работы?

Альбом-размалёўку “Мае падарожжы па Гарадзеншчыне. Даведнік для малых” мы зрабілі ра­зам з вучаніцай 7 класа Кацярынай Васільевай (цяпер яна студэнтка 1 курса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы). Гэтую работу прэзентавалі на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Першыя крокі ў навуку”. Потым сталі ўдзельнікамі абласнога этапу конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, дзе атрымалі сертыфікат у намінацыі “Мая ініцыятыва на карысць Гродзеншчыны”.

Размалёўка выклікала вялікую цікавасць у нашых школьнікаў. Многія нават пыталіся, дзе яе можна купіць. Таму мы вырашылі скарыстацца самым даступным спосабам папулярызацыі альбома — інтэрнэтам. Але проста выкласці ў сетку малюнкі не захацелі. Разам з Кацяй заняліся стварэннем сайта, з дапамогай якога планавалі расказаць пра архітэктурнае багацце Гродзенскага раёна.

Асноўную тэхнічную работу выканала я (навучанне прайшла на дыстанцыйных курсах у Гро­дзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі). Каця дапамагала ў стварэнні відэаролікаў, малюнкаў, віктарын. У 2021 годзе наш сайт мы прадставілі на ІІІ Рэспубліканскім маладзёжным фестывалі-конкурсе “Медыясфера-2021” і атрымалі дыплом “За папулярызацыю ведаў пра культавае дойлідства”. У 2022 го­дзе ўжо з новым пакаленнем школьнікаў дапоўнілі сайт новай старонкай — “Святыні Свіслачы”.

— Вы амаль 30 гадоў аддалі педагагічнай працы, а якія адкрыцці зрабілі для сябе пры стварэнні сайта?

— Калі казаць пра змест сайта, то адкрыццём для мяне стала багатая і шмат у чым трагічная гісторыя храмаў Гродзеншчыны, напрыклад, гісторыя страчаных цэркваў і сінагог. А калі гаварыць аб пра­цэсе распрацоўкі сайта, то адкрыццём стала літаральна ўсё: гэта мой першы такі вопыт.

— Вы стварылі і віртуальны кабінет геаграфіі. Што ён дае настаўніку і вучням?

— Гэта практычная дапамога. Для настаўніка ён з’яўляецца карыснай скарбонкай матэрыялаў, якая заўсёды пад рукой. А для вучняў гэта магчымасць вывучыць тэмы самастойна, пашырыць і праверыць свае веды, падрыхтавацца да алімпіяды або цэнтралізаванага тэсціравання і проста палюбіць геа­графію.

— Геаграфія і сучасныя дзеці — наколькі цікавы ім гэты прадмет?

— Сучасныя дзеці цікавяцца геаграфіяй. Калі геаграфія сапраўды захапіла, то такія школьнікі з задавальненнем займаюцца дадаткова, рашаюць геаграфічныя галаваломкі, вывучаюць карту, здзяйсняюць свае першыя падарожжы. Дзецям падабаецца даведвацца пра розныя краіны, народы, пра тое, дзе вырабляюцца рэчы, якімі яны карыстаюцца.

Свой педагагічны вопыт прэзентую на школьных і раённых метадычных аб’яднаннях, а мае вучні ўдзельнічаюць у алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях, пішуць даследчыя работы.

— Наталля Уладзіміраўна, а самі вы любіце падарожні­чаць? Якія месцы Гродзеншчыны ў вас любімыя?

— Падарожнічаць вельмі люблю, стараюся выкарыстоўваць для гэтага любыя магчымасці — паездкі са школьнікамі, з сям’ёй, вандроўкі падчас адпачынку. Вельмі люблю хадзіць са сваімі вучнямі ў паходы. Мяне прыцягвае не толькі прырода, але і гісторыя Гродзеншчыны. Таму люблю падарожні­чаць па Гродне, дзе кожная вулачка і кожны дом — гэта гісторыя. Мая мара — пабываць на Браслаўскіх азёрах, а таксама ў старадаўнім Полацку.

— Ці ёсць планы па развіцці сайта?

— З шасцікласнікамі, у якіх я цяпер класны кіраўнік, плануем працягнуць работу па напаўненні сайта і ўключыць у яго старонкі пра сядзібы і палацы Гродзеншчыны, а таксама новыя малюнкі для размалёўкі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ