Галоўны камбустыёлаг краіны — пра свае мары, дасягненні калег і маленькіх пацыентаў

- 9:04Моя школа, Проекты

Галоўны камбустыёлаг краіны Аляксей Часнойць расказаў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пра свае мары, дасягненні калег і маленькіх пацыентаў, у тым ліку Рамана Кагадоўскага, які ахвяраваў сабой, каб выратаваць з агню малодшага брата.

Шчаслівая пара

— Аляксей Часлававіч, вы нарадзіліся ў сям’і ваеннага. Шмат гарадоў і школ давялося змяніць?

— Мне давялося вучыцца ў трох школах у трох розных гарадах, але сваёй роднай я лічу сярэднюю школу № 9 Ліды, у якой атрымліваў веды з 4 па 11 клас. Гэта была звычайная ўстанова адукацыі, але самая новая і сучасная ў горадзе. Дзякуючы высокапрафесійнаму калектыву настаўнікаў, школа пастаянна развівалася, удзельнічала ў розных праектах і новаўвядзеннях. Так здарылася, што наш клас як самы моцны стаў першым у школе ліцэйскім класам з фізіка-матэматычным ухілам.

— Ці былі настаўнікі, якія асабліва паўплывалі на вас?

— Напэўна, толькі пасля заканчэння школы, праз гады ўсведамляеш у поўнай меры, якія педагогі паўплывалі на цябе і твой лёс у цэлым. Для мяне гэта наш класны кіраўнік Ірына Браніславаўна Кузіна. Яна выдатна выкладала гісторыю, мудра кіравала класам, аб’ядноўваючы ўсіх вучняў. Асаблівую ролю я адво­джу нашай настаўніцы матэматыкі Таццяне Яўгенаўне Кучура. Яна патрабавальны і строгі педагог і адначасова вельмі добры чалавек, які адносіцца да вучняў з вялікай цеплынёй. І гэтую любоў, і ўсе свае веды яна старалася перадаць кожнаму, прымяняючы індывідуальны падыход у навучанні. Незабыўным настаўнікам у маёй памяці назаўсёды застанецца выбітны педагог, выкладчык англійскай мовы і завуч па выхаваўчай рабоце Міхаіл Аляксандравіч Янкоўскі. Гэтыя і многія іншыя настаўнікі нашай школы ў першую чаргу навучылі нас вучыцца, выклікалі любоў да сваіх прадметаў і да працэсу пазнання новага, падрыхтавалі да самастойнага дарослага жыцця.

— Якія ўрокі былі самымі любімымі?

— Матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, англійская мова, фізічная культура. Увесь вольны ад заняткаў час я з хлопцамі праводзіў на вуліцы: гулялі ў футбол, каталіся на веласіпедах, хадзілі на рыбалку, бо вакол былі азёры, рака. Усё гэта не перашкаджала мне добра вучыцца, а блізкасць да прыроды выхавала любоў да жывёл, птушак і раслін, якіх я самастойна вывучаў, а потым станавіўся пераможцам школьных і гарадскіх алімпіяд і спаборніцтваў па біялогіі і хіміі.

— А ці былі прадметы, якія не выклікалі добрых пачуццяў? 

— Напэўна, маляванне і чарчэнне. Як я ні стараўся, заўсёды пацелі рукі і атрымлівалася брудна, за што мне і зніжалі адзнакі. (Усміхаецца.)

— Выпускны чымсьці запомніўся?

— Самым яркім момантам выпускнога балю была сустрэча світання як сімвал выхаду ў новае, самастойнае жыццё, нягледзячы на тое, што бацькі былі паблізу і ўпотай назіралі за намі.

— Ці шмат было сяброў сярод аднакласнікаў?

— У школьныя гады іх было шмат. З цягам часу сяброў станавілася менш, але з тымі, хто застаўся побач, мы да гэтага дня стараемся сустракацца, дзяліцца сваімі поспехамі, адзначаць святы. Я заўсёды казаў, што сябраваць — гэта вялікая праца, на якую трэба знаходзіць час і сілы, нягледзячы на стомленасць і сямейныя клопаты, што мы і імкнёмся рабіць.

— Сустрэчы з выпускнікамі наведваеце?

— Першыя 5 гадоў, пакуль былі студэнтамі, штогод збіраліся класам. Але, на жаль, з цягам часу сталі “сыходзіць” нашы настаўнікі, некаторыя аднакласнікі раз’ехаліся па гарадах і краінах, і гэтая выдатная традыцыя згасла.

— За што вы ўдзячны школе?

— Я перакананы: школа займае асаблівае месца ў жыцці кожнага чалавека. Нізкі паклон настаўнікам за падораныя веды, вопыт, сяброўства і любоў.

Кошт  неасцярожнасці

 — З лёгкасцю паступілі ў медыцынскі ўніверсітэт?

— Напэўна, ні адзін абітурыент ні раней, ні ў цяперашні час не можа сказаць, што паступіць у медыцынскі ўніверсітэт проста. Я, як і многія мае аднагодкі, некалькі гадоў рыхтаваўся да экзаменаў, займаўся дадаткова біялогіяй, хіміяй і беларускай мовай. Але яшчэ цяжэй было на 1 курсе, калі сутыкнуўся з велізарным аб’ёмам новай інфармацыі. Шчыра  прызнаюся, у гэты момант мне вельмі дапамаглі тыя навыкі, якія атрымаў у школе, перш за ўсё здоль­насць адбіраць і засвойваць інфармацыю.

— Вы з самага пачатку ведалі, што станеце хірургам?

— У нашай вялікай сям’і Часнойць ужо больш за 10 медыкаў, ад простых урачоў, медыцынскіх сясцёр да адміністратараў сістэмы аховы здароўя рэспубліканскага ўзроўню, але не было нівод­нага хірурга. Усё гэта ра­зам з медыцынскай аўрай, якая лунала дома (мама і сястра таксама ўрачы), вызначыла мой далейшы лёс — стаць хірургам. На 6 курсе ўніверсітэта я прайшоў субардынатуру па хірургіі і быў размеркаваны ў Лідскую цэнтральную раённую бальніцу. Аднак мне заўсёды хацелася не проста працаваць хірургам, а звязаць сваё жыццё з навукай. Марыў распрацаваць які-не­будз­ь сучасны від аперацыі, зрабіць адкрыццё. Таму адразу паступіў у аспірантуру Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі на кафедру неадкладнай хірургіі да вядомага прафесара хірурга Мікалая Васільевіча Завады. Гэта мой настаўнік, прафесіянал найвышэйшага ўзроўню, з якім я паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю.

Нізкі паклон нашым школьным настаўнікам. Яны прывілі любоў да сваіх прадметаў і да працэсу пазнання новага, падрыхтавалі нас да самастойнага дарослага жыцця.

— А чаму выбралі такую складаную спецыялізацыю — камбустыялогію? Пераканана, не ўсе нават  могуць уявіць, чым вы зай­маецеся.

 — Хутчэй за ўсё так і ёсць. Хірургі-камбустыёлагі знаходзяцца заўсёды ў цені, пра нас даведваюцца толькі тады, калі нешта здараецца. Пры гэтым мы ў пастаяннай гатоўнасці да аказання экстраннай медыцынскай дапамогі ў любой надзвычайнай сітуацыі. Нашы настаўнікі, мудрыя камбустыёлагі, заўсёды казалі: “У апёкавых аддзяленнях выпадковых людзей няма”. Застаюцца толькі тыя, хто шчыра і на ўсё жыццё палюбіў гэтую спецыяль­насць. Так здарылася і са мной. Пасля заканчэння аспірантуры паўстала пытанне, які кірунак хірургіі выб­раць, і мой настаўнік прапанаваў заняцца лячэннем апёкаў. Я пагадзіўся і лічу, што не памыліўся. Гэта, напэўна, самая складаная і ў фізічным, і ў маральным плане хірургічная спецыяльнасць, якая патрабуе поўнай аддачы ад доктара.

— Памятаеце свайго першага пацыента?

— Ніколі не забуду свой першы дзень. Для азнаямлення мяне завялі ў аперацыйную, дзе я ўпершыню ўбачыў, як загадчык аддзялення, у той час Уладзімір Цімафеевіч Лешчанка, і галоўны камбустыёлаг Міністэрства
аховы здароўя, мой будучы кіраўнік Якаў Якаўлевіч Кашалькоў, выконвалі аперацыю па выдаленні ў мужчыны невуса — радзімкі, якая займала ўсю плошчу спіны, з наступнай трансплантацыяй скуры. У нейкі момант загадчыку неабходна было тэрмінова пакінуць аперацыйную, і ён прапанаваў мне стаць асістэнтам Якава Якаўлевіча. Сказаць, што было трывожна, нічога не сказаць. Але калі ты бачыш, як апёкі, раны любой этыялогіі гояцца дзякуючы тваім намаганням, калі ўсведамляеш, што выратаваў чалавека, ты атрымліваеш неймавернае задавальненне ад сваёй працы.

— Якія самыя запамінальныя выпадкі з практыкі? І чаму?

— Кожны выпадак, кожны пацыент з’яўляецца ўнікальным, калі не з медыцынскага пункту гледжання, то з жыццёвага. Людзі, якія трапляюць да нас, як правіла, па неасцярожнасці апынуліся ў сітуацыі, якая прывяла да апёкавай траўмы або абмарожання. Часта прычынай траўм з’яўляецца невыкананне банальных правіл тэхнікі бяспекі ў абыходжанні з агнём, гарачымі вадкасцямі або іншымі прадметамі. Усяго толькі адзін прыклад: малады чалавек папраўляў бак грузавога аўтамабіля, у якім засталіся рэшткі паліва. Грэбаванне тэхнікай бяспекі прывяло да выбуху, ад якога ён атрымаў апёкі на плошчы больш за 70 працэнтаў паверхні цела, з якіх каля 45 працэнтаў былі глыбокія, з поўнай гібеллю скурнага покрыва і іншых структур. Звыш 40 высока­тэхналагічных аператыўных умяшанняў, больш за сотню га­дзін на аперацыйным стале — высокі прафесіяналізм нашага калектыву дазволіў вярнуць гэтага пацыента да жыцця. Бе­зумоўна, у памяці кожнага з нас застанецца геройскі ўчынак Рамана Кагадоўскага, які ахвяраваў сабой, каб выратаваць з агню малодшага брата. Улічваючы тое, што ён да нас паступіў у вельмі цяжкім стане, упэўненас­ці ў спрыяльным зыходзе было мала. Такога роду траўмы часта прыводзяць да трагічнага зыходу, але дзякуючы зладжанай працы нашага калектыву, кожны член якога гатовы і днём і ноччу прыйсці на дапамогу пацярпелым, гераізму і сіле духу Рамана, які на працягу ўсяго лячэння адчуваў клопат і падтрымку кіраўніка дзяржавы і ўсёй краіны, мы дасягнулі каласальнага выніку ў сваёй рабоце.

Акцэнты

— Хвалюецеся кожны раз, калі заходзіце ў аперацыйную? Або з вопытам гэта праходзіць?

— Спачатку, калі бачыш цяжкага пацыента, не можаш зразумець, як можна выжыць з такой траўмай. Потым думаеш, як дапамагчы чалавеку. Ро­зум заўсёды павінен заставацца халодным, галоўная задача камбустыёлага — правільна вызна­чыць дыяг­наз: прааналізаваць пло­шчу і глыбіню апёкаў, ад чаго залежыць прагноз, выжыве пацыент ці не, зрабіць разлік аб’ёму і тактыкі лячэння, у першую чаргу рэанімацыйных мерапрыемстваў, хірургічнага лячэння. Стрэсаваць тут няма часу. Наша праца, як ні ў якой іншай хірургічнай спецыяльнасці, патрабуе трапяткога стаўлення да пацярпелага, да кожнага сантыметра яго скуры.

Аляксей Часлававіч  Часнойць — дэкан хірургічнага факультэта БелМАПА, галоўны пазаштатны камбустыёлаг Міністэрства аховы здароўя і кіраўнік Рэспубліканскага апёкавага цэнтра. У 2019 годзе ўдастоены гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у ахове здароўя. У 2021 годзе ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

— Навука і медыцына хутка развіваюцца. Якія інавацыі прымяняюцца сёння для аказання дапамогі людзям з апёкамі і абмаражэннямі? 

 — У Рэспубліканскім апёкавым цэнтры сканцэнтраваны практычна ўсе асноўныя тэхналогіі і магчымасці для лячэння пацыентаў. Асаблівую гордасць за калектыў выкліка­юць нашы дасягненні па ўкараненні ў практычную дзейнасць такіх сучасных тэхналогій, як вакуумная тэрапія ран адмоўным ціскам, лазернае лячэнне рубцовых наступстваў апёкавай траўмы і прымяненне клетачных тэхналогій. Апошнім часам асаблівае значэнне набывае асваенне навыкаў і ўменняў у галіне мікрахірургіі, жыццёва неабходных у выпадках выкарыстання методык аператыўных умяшанняў, заснаваных на прымяненні скурных, скурна-мышачных і іншых складаных элементаў, неабходных для закрыцця ран і выканання рэканструктыўна-пластычных аперацый. Усё гэта дазволіла нам значна павысіць якасць аказання спецыялізаванай, у тым ліку высокатэхналагічнай, медыцынскай дапамогі пацыентам і вывесці нашу спецыяльнасць на высокі сусветны ўзровень.

— Якія рысы свайго характару лічыце моцнымі?

— Жыццёвы аптымізм нароўні з высокай працаздольнасцю і настойлівасцю ў дасягненні пастаўленых мэт. Лічу, што ўменне дзейнічаць у камандзе з’яўляецца, напэўна, самай галоўнай рысай любога паспяховага ча­лавека, якім я вельмі імкнуся стаць.

— Ці часта спраўджваліся вашы мары? Аб чым марыце зараз?

— Калі ставіш перад сабой чарговую вялікую або маленькую мэту, абавязкова марыш аб яе ажыццяўленні. Пакуль чалавек жывы, ён марыць. Але гэтага мала, трэба прыкладаць шмат намаганняў, каб рухацца наперад. Як кажа мой бацька, стаў перад сабой высокую планку, калі нават не пераскочыш — усё роўна максімальна наблізішся да яе. Так і стараюся жыць…

А як галоўнаму пазаштатнаму камбустыёлагу Міністэрства аховы здароўя мне вельмі хочацца, каб быў пабудаваны асобны Рэспубліканскі апёкавы цэнтр, у якім усё будзе зроблена па сучасных сусветных стандартах і патрабаваннях, дзе мы зможам значна павысіць якасць спе­цыялізаванай камбустыялагічнай дапамогі. Пра гэта і мару…

Марына ЖДАНАВА