Як добрушскія педагогі дашкольных устаноў займаюцца прафарыентацыяй выхаванцаў праз даследчую дзейнасць

- 9:14Образование

Педагогі добрушскіх устаноў дашкольнай адукацыі — цэнтра развіцця дзіцяці і дзіцячага сада № 6 — праз даследчую дзейнасць займаюцца ранняй прафарыентацыяй выхаванцаў. Хто ведае, магчыма, менавіта яны рыхтуюць змену прафесіяналам, якія цяпер працуюць на двух добрушскіх горада­ўтваральных прадпрыемствах — фарфоравым заводзе і папяровай фабрыцы “Герой працы”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Загадкі фарфоравага кубка

Выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Добруша Ганна Герман разам са сваім выхаванцам Уладзіславам Волкавым на працягу года шукалі разгорнуты адказ на пытанне дзіцяці “Чаму мама называе фарфоравы кубак белым золатам Беларусі?”.

Ганна Даналаўна адзначае, што разам яны разважалі пра тое, чаму некаторыя кубкі становяцца для людзей любімымі, чаму менавіта фарфоравымі кубкамі карыстаюцца часцей за ўсё:

— Улад, напрыклад, даведаўся, што ў бабулі любімым кубкам з’яўляецца гліняны, бо нагадвае ёй маладосць. У дзяцей з групы, іх мам і татаў таксама ёсць любімыя кубкі. Вынікі апытання хлопчык замаляваў і высветліў, што любімымі людзі называюць тыя кубкі, якія нагадваюць ім пра штосьці важнае. Улад адзначыў, што людзі больш за ўсё любяць фарфоравыя кубкі. Да даследавання далучылася мама хлопчыка — яны разам шукалі інфармацыю і дзяліліся ёй з іншымі дзецьмі. Усім было цікава даведацца, што ў Кітаі фарфоравы кубак каштаваў даражэй, чым кубак з сапраўднага золата, — як і з чаго яго рабілі, было сакрэтам.

Дзеці даведаліся, што ёсць і іншы падобны матэрыял для вырабу посуду — фаянс. Акрамя таго, на занятках яны ляпілі кубкі з пластыліну, цеста і гліны. Намеснік загадчыка Добрушскага цэнтра развіцця дзіцяці Ірына Мосіна гаворыць, што выхаванцы право­дзілі сапраўдныя доследы ў дзіцячай лабараторыі:

Яны разглядалі розныя кубкі праз лупу і ўбачылі, што абадок дна можа быць белы ці шэры. На падставе гэтага зрабілі выснову, што адзін кубак фарфоравы, а другі — фаянсавы. Падчас іншага доследу малыя самастойна высветлілі, што толькі фарфоравы кубак прапускае святло і вельмі звонкі. Таксама яны вызначалі вагу кубкаў: фарфоравы лягчэйшы. Усе гэтыя адкрыцці фіксаваліся ў дзённіку назіранняў. Вельмі цікавай была экскурсія ў выставачную залу Добрушскага фарфоравага завода — адзінага ў Рэспубліцы Беларусь, дзе выраб­ляюць фарфоравы посуд.

Там дзеці даведаліся, што посуд вырабляюць з рэдкай белай гліны. Уладзіславу Волкаву, які праводзіў даследаванне, далі магчымасць зляпіць з фарфору медаль для матулі.

— Пасля экскурсіі на прамысловае прадпрыемства нашы выхаванцы сталі яшчэ больш ганарыцца родным Добрушам і сваёй краінай, — падагульняе загадчыца Добрушскага цэнтра развіцця дзіцяці Ала Васілеўская. — Вядома, усе нашы дзеці зразумелі, чаму фарфоравы кубак можна назваць белым золатам Беларусі. Упэўнена, што Улад і яго сябры будуць ганарыцца не толькі нашым добрушскім фарфорам, але і сваёй малой радзімай, дзе жывуць выдатныя людзі, якія ўмеюць ствараць гэты цуд — фарфор.

Гэты даследчы праект узнагароджаны дыпломам I ступені ў намінацыі “Мая Радзіма — Беларусь” па выніках рэспубліканскага этапу конкурсу даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык”.

Папера і электронная газета

Намеснік загадчыка дзіцячага сада № 6 Добруша Галіна Ярац з захапленнем расказвае пра даследчы праект сваіх выхаванак Вікторыі Літвінкевіч, Кіры Ярац і Алісы Вярхолы пад назвай “Таямніца газетнага камячка”:

Пачалося ўсё з таго, што Віка задала пытанне “Як ствараецца газета?”. Мы разам з дзецьмі вырашылі раскрыць гэтую таямніцу. Каб спазнаць увесь працэс, пабывалі ў музеі папяровай фабрыкі “Герой працы” і даведаліся, што наша прадпрыемства — гістарычны помнік. Фабрыцы споўнілася 150 гадоў. Гэта адно з самых старых прамысловых прадпрыемстваў Беларусі. З мінулага года тут пачаў працаваць новы комплекс, дзе вырабляюць мелаваны і немелаваны шматпластавы кардон. На адкрыцці комплексу прысутнічаў сам Прэзідэнт.

У музеі выхаванцы ўбачылі сшыткі, альбомы для малявання, пісчую паперу, паперу для камп’ютара і нават узоры шпалер — усю гэтую прадукцыю вырабляюць на фабрыцы. Прадукцыя вельмі якасная і карыстаецца попытам у пакупнікоў. Аднак дзеці даведаліся і пра тое, што газетную паперу на добрушскай фабрыцы не вырабляюць. Тым не менш працягнулі даследаванне і заняліся вывучэннем уласцівасцей газетнай і звычайнай паперы, заносілі вынікі ў табліцу і зрабілі параўнальны аналіз.

Пад мікраскопам разгле­дзелі кавалачкі газетнай і звычайнай паперы. Параўналі іх па колеры і структуры. Малым важна было асабіста пераканацца, што газетная папера больш цёмная, шурпатая, менш шчыльная, лёгкая, добра ўбірае фарбу, таму падыхо­дзіць для друкавання. Зараз яны ведаюць, што газетную паперу выраб­ляюць з макулатуры на адзіным у краіне заводзе ў Шклове Магілёўскай вобласці.

Выхавальнікі разам з дзецьмі пабывалі ў рэдакцыі газеты “Доб­рушскі край”, дзе пазнаёміліся з журналістамі, фатографамі, мастакамі… У выніку дзеці загарэліся ідэяй і стварылі ўласную рэдакцыю ў дзіцячым садзе.

— Наша рэдакцыя, — расказ­вае Галіна Мікалаеўна, — падрыхтавала выпуск газеты пад назвай “Камячок навін”. А для таго, каб усе даведаліся пра наша даследаванне, мы адправілі артыкул у раённую газету “Добрушскі край”. Да таго ж разам з бацькамі стварылі электронную газету, дзе расказалі пра тое, што  цяпер ведаем самі. Убачыць яе можна на сайце нашага дзіцячага сада. У свеце шмат таям­ніц, таму мы працягнем нашы да­следаванні.

Намеснік загадчыка дзіцячага сада № 6 Добруша адзначае, што даследчая дзейнасць — гэта магчымасць акунуцца ў свет нязведаных дзіцячых фантазій, дазво­ліць дзецям адчуць адказнасць за вынікі сумеснай працы, павысіць прафесійнае майстэрства. Дарэчы, даследчы праект узнагароджаны дыпломам III ступені ў намінацыі “Бюро знаходак” па выніках абласнога этапу конкурсу “Я — даследчык”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара