Ад чаго залежыць поспех вучня ў вывучэнні хіміі?

- 10:04Образование

Для Ганны Міхайлаўны Варошка хімія — гэта навука нумар 1. Малады педагог біялогіі і хіміі сярэдняй школы № 1 імя А.А.Нікандравай Дуброўны Віцебскай вобласці расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”, ад чаго залежыць поспех вучня.

Ганна Міхайлаўна яшчэ ў школе цікавілася біялогіяй і хіміяй. Гэтыя два прадметы адразу здаліся ёй лёгкімі, зразумелымі і лагічнымі. Натхнілі на любоў да гэтых навук, вядома ж, настаўнікі. Ёй падабаўся нават працэс падрыхтоўкі да ўрока, выкананне дамашняга задання, асаб­ліва калі яно творчае. Матывацыі ў вывучэнні хіміі і біялогіі дадавалі і пахвальныя словы ад педагогаў.

Трэба кожнаму

— Хімія спазнае свет, выпрацоўвае сістэму ведаў аб рэчывах, іх узаемадзеянні, грунтуючыся на фундаментальных законах прыроды, — гаворыць Ганна Міхайлаўна.

Ведаць гэты прадмет неабходна кожнаму: элементарныя веды хіміі дапамогуць як мінімум дасведчана чытаць інфармацыю аб складзе прадуктаў харчавання, тавараў бытавой хіміі і касметыкі.

— Як бы я ні любіла хімію, не буду адмаўляць, што гэта адзін з самых складаных прадметаў, — прызнаецца выкладчыца. — Поспех вучня ў яе вывучэнні ў першую чаргу залежыць ад матывацыі. Калі на ўроку адцягнуцца на 5 мінут — на дошцы ўжо новая і незразумелая формула. А адцягваюцца навучэнцы, зразумела, часта, таму многія спяшаюцца апусціць рукі і проста сказаць: “Я не хімік”.

Але Ганна Міхайлаўна проста так не здаецца. Любы настаўнік павінен памятаць, што самае важнае ў яго рабоце не прадмет, а вучань. Нават калі дзіця выбірае самы хуткі і просты шлях, сказаўшы, што гэта не яго, педагог імкнецца захапіць яго прадметам і прапрацаваць упушчаныя тэмы.

Вось наглядны прыклад. Ганна Міхайлаўна летась з вучаніцай 9 класа ўдзельнічала ў раённым конкурсе “Крок у будучыню”. Тэма работы — “Вызначэнне вітаміну Р у чаі і каве”. Мэтай з’яўлялася якаснае і колькаснае вызначэнне вітаміну ў розных гандлёвых марках чаю і кавы. Педагог з вучаніцай правялі аналіз літаратуры і эксперымент: вывучылі, для чаго вітамін Р патрэбен чалавечаму арганізму, яго сутачную патрэбнасць, яго колькасць у чаі і каве. Вынік: даследаванне заняло 1-е месца ў раёне на конкурсе “Крок у будучыню” і прайшло адбор на абласны этап конкурсу “Эўрыка”.

Такіх поспехаў у вучобе, на думку Ганны Міхайлаўны, вучань дасягае выключна пры правільнай матывацыі. І частая прычына яе адсутнасці — гэта неразуменне, для чаго вывучаецца прадмет. У такія моманты неабходна простай мовай растлумачыць значнасць дысцыпліны і ўмець утрымлі­ваць увагу вучняў на ўроку. А дапамагае ў гэтым змена ўмоў, новы від дзейнасці, іншая інтанацыя і гумар: смешная гісторыя не толькі прыцягне ўвагу дзяцей, але і спрацуе на збліжэнне настаўніка і вучня.

— Думаю, што мне як настаўніцы хіміі ў гэтым плане пашанцавала больш, чым астатнім, — тлумачыць Ганна Міхайлаўна. — Хімія — прадмет наглядны, на большай частцы ўрокаў праводзіцца дэманстрацыйная работа. Таму метады і формы навучання, якія працуюць заўсёды, — практычныя і лабараторныя. Можна здзі­віць вучняў парай эксперыментаў, і яны будуць пад уражаннем усе заняткі.

Галоўныя цяжкасці

Дарэчы, пра шанцаванне. Так можна сказаць і пра першае рабочае месца Ганны Міхайлаўны. Педагог успамінае свой першы працоўны дзень з удзячнасцю і цеплынёй, зрэшты, як і ўсе наступныя два гады работы.

Калектыў адыгрывае асаблівую ролю ў тым, якое ўражанне пакіне месца працы. І мае эмоцыі выключна станоўчыя. Мне сапраўды пашанцавала як са школай, так і з педагагічным калектывам, — расказ­вае Ганна Міхайлаўна. — Я працую ў новым і цалкам абсталяваным кабінеце. Педагогі нашай школы, на мой погляд, самыя шчаслівыя людзі. Усе ўсмешлівыя, адкрытыя, з добрым сэрцам, мне заўсёды ёсць пра што з імі пагаварыць і чаму ў іх павучыцца. А калі звярнуцца па дапамогу — ніхто ніколі не адмовіць.

Ганна Міхайлаўна выкладае хімію і біялогію ў 7—11 класах. Ёй даволі проста знайсці падыход да дзяцей, зрэшты, праб­лемы знайсці агульную мову з дзіцем у маладой настаўніцы і не ўзнікала. Вучні самі цягнуцца да яе, з задавальненнем дзеляцца сваімі перажываннямі і захапленнямі.

Гэта, безумоўна, радуе, бо я бачу, што ў іх няма заціскаў у зносінах са мной, — каменціруе Ганна Міхайлаўна. — Але мне трэба быць вельмі ўважлівай, каб вучні не захапіліся аповедамі пра сябе падчас урока. Падобнае адразу спыняю і даю зразумець, што галоўны тут настаўнік, хоць яшчэ і малады.

Трымаць дысцыпліну на ўроку аказалася значна прасцей, чым наступнае выпрабаванне Ганны Міхайлаўны — абавязкі класнага кіраўніка. Гэта, на думку педагога, адна з галоўных цяжкасцей, з якой сутыкаецца малады спецыяліст.

Адсутнасць вопыту работы класным і ў зносінах з бацькамі — сапраўды праблема, — прызнаецца педагог. — Калі я прыйшла працаваць у школу, то стала класным кіраўніком 7 класа. Усе дзеці розныя, да кожнага патрэбен падыход, перш чым зрабіць з іх дружную каманду. Таксама трэба навучыцца наладжваць камунікацыю з бацькамі, бо яны галоўныя памочнікі ў працэсе выхавання. Акрамя таго, класнае кіраўніцтва — гэта шмат дакументаў, з якімі часам цяжка справіцца. Але ўсе гэтыя перажыванні праходзяць. З вопытам бачыш больш плюсоў, чым мінусаў. У мяне кожны дзень адбываецца нешта новае, няма руціннай працы. Дзеці заўсёды рады мяне бачыць, зараджаюць энергіяй і пазітывам на цэлы дзень.

Соф’я ЦЫКУНОВА