Як павысіць цікавасць вучняў пачатковых класаў да вучэння

- 12:19Образование

Вучоба — цяжкая праца, якую не варта аблягчаць. Ужо з пачатковых класаў дзеці павінны разумець, што ўсё ў жыцці дасягаецца працай, а настаўніку трэба рабіць усё магчымае, каб адукацыйны працэс прыносіў выхаванцам радасць і заахвочваў да пазнання новага.

Для гэтага неабходна актывізаваць разумовую дзейнасць школьнікаў і павышаць іх цікавасць да вучэння з дапамогай розных форм, метадаў і відаў работы. Сярод іх — дэферэнцыраваны падыход, індывідуальныя заданні, дыдактычныя, ілюстрацыйныя і раздатачныя матэрыялы.

Вучні працуюць з задавальненнем, калі выконваюць пасільныя практыкаванні. Адна з прычын нежадання вучыцца якраз у тым, што дзецям прапануюцца заданні, да якіх яны не падрыхтаваны. Гэта патрабуе ад педагогаў добрага ведання індывідуальных асаблівасцей вучняў. Важна дапамагчы кожнаму з іх знайсці ўласны шлях да рашэння задачы ці прыкладу.

Прапаноўваю першакласнікам некалькі груп гульнявых заданняў і практыкаванняў, работа над якімі ім вельмі падабаецца. Да 1-й групы адносяцца заданні, якія патрабуюць ад дзяцей запамінання, развіваюць адвольную памяць і мысленне ўвогуле. Мэтазгодна ўключаць такія заданні ў вуснае лічэнне не менш як 2 разы на тыдзень.

“Запомні словы”. Спачатку прапаноўваю дзецям групы аб’яднаных сэнсава слоў: больш, менш, столькі ж; квадрат, трохвугольнік, круг; плюс, мінус, роўна; два, шэсць, адзін; першы, чацвёрты, другі; справа, паміж, злева. Затым чытаю першае слова з групы, а вучні па парадку ці хорам называюць другое і трэцяе. Словы, звязаныя па сэнсе, запамінаюцца лягчэй.

“Дапоўні і паўтары”. Называю адно слова, напрыклад, “тры”. Адзін з вучняў паўтарае яго і дадае сваё, напрыклад, “плюс”. Наступны паўтарае гэтыя словы і дадае яшчэ адно і г.д. Спіс слоў павялічваецца. Той, хто не зможа паўтарыць усе словы ці пераблытае іх парадак, выбывае. Перамагае той, хто дакладна назаве ўвесь ланцужок слоў.

“Вока фатографа”. Гэтае заданне можна выкарыстоўваць пры вывучэнні табліц складання і аднімання. На дошцы запісваю прыклады з адказамі, прапаную іх “сфатаграфаваць” і даю час на запамінанне. Праз некалькі мінут адказы выціраю, а вучні ўзнаўляюць іх.

Да 2-й групы адносяцца гульнявыя заданні, якія патрабуюць ад дзяцей практычнай дзейнасці. Гэтыя гульні накіраваны на фарміраванне навыкаў параўнання, складання і аднімання ў межах 10.

“Памылкі-невідзімкі”. Запіс­ваю на дошцы некалькі матэматычных выразаў, якія ўтрымліваюць яўныя памылкі. Дзецям трэба зрабіць памылкі нябачнымі (ліквідаваць іх). Напрыклад:

10 < 10   1 + 6 = 7      6 + 3 = 10

10 < 9     3 + 6 = 7      6 + 3 = 10 – 1

8 < 10     6 = 4 + 2      1 + 6 + 3 =10

“Лепшы рыбак”. Размя­шчаю на магнітнай дошцы рыбак, на адваротным баку якіх запісаны прыклады на складанне і адніманне. Па чарзе выклікаю дзяцей да дошкі, яны знімаюць (“ловяць”) рыбку, чытаюць прыклад. Вучні, якія рашылі прыклад першымі, атрымліваюць рыбку. Хто больш за ўсіх “наловіць” рыбак, той лепшы рыбак.

“Знайдзі заканамернасць”. Назіральнасці і кемлівасці патрабуюць лагічныя ланцужкі, якія трэба прадоўжыць улева і ўправа, папярэдне вызначыўшы заканамернасць пабудовы рада лікаў: … 4  6  8 …; … 2  3  6  7 …; … 6  9 …

3-я група заданняў патрабуе ад дзяцей выканання пэўнай дзейнасці. З дапамогай такіх практыкаванняў развіваюцца навыкі кантролю і самакантролю. Вучні відазмяняюць прыклады і задачы ў лагічна звязаныя з імі.

“Матэматычныя ручайкі”. Дзеці, якія сядзяць на адным радзе, устаюць, становяцца насупраць адно аднаго. Паведамляю, што нядаўна прайшоў незвычайны дождж — матэматычны. Утварыліся бурныя матэматычныя ручайкі (вучні ў радзе), якія весела бягуць, пераганяючы адно аднаго, з пагорка ўніз да возера. Які з ручайкоў хутчэй дабяжыць да возера? Па маім сігнале першы вучань з кожнага рада (ручайка) называе любы прыклад на адніманне ці складанне, напрыклад, 7 + 2 = …, і кідае мяч суседу па парце. Той ловіць мяч, называе адказ і складае наступны выраз, выкарыстоўваючы ў якасці зыходнага ліку лік адказу (у гэтым выпадку 9), складае новы выраз 9 – 4 = … і кідае мяч далей. Перамагае той ручаёк, які раней за ўсіх дабяжыць да возера.

Узнавіць склад лікаў у межах 10 дапамагае гульня “Матэматычныя карты”. Выкладваю перад вучнямі карты, на адваротным баку якіх запісаны лічбы. З гэтай калоды карт выцягваю адну і тлумачу: каб даведацца, якой карты не хапае, трэба злучыць парамі тыя карты, сума якіх роўная 10. Дзеці выкладва­юць карты і знаходзяць карту (лічбу), якой не хапае. Гэтую гульню можна выкарыстоўваць для адпрацоўкі ведаў па складзе лікаў да 20.

Вельмі важна, каб на кожным этапе дзеці адчувалі радасць адкрыцця, каб у іх фарміравалася ўпэўненасць у сваіх сілах і пазнавальная цікавасць.

Эфектыўным сродкам самарэалізацыі з’яўляюцца творчыя заданні, пры выкананні якіх дзеці штосьці прыдумваюць, складаюць, вынаходзяць. Такія заданні варта прапаноўваць вучням сістэматычна. Напрыклад,  прыдумаць прыклад на вывучаны вылічальны прыём; скласці задачу па прапанаваным выразе, па зададзеным сюжэце; прыдумаць задачу-казку; намаляваць узоры ці геаметрычныя фігуры зададзенай уласцівасці; расшыфраваць ці зашыфраваць назву горада, прадмета з дапамогай вылічальных прыкладаў.

У рабоце са школьнікамі часта выкарыстоўваю развіццёвыя гульні.

“Паспрабуй сабраць малюнак”. Разразаю малюнкі прадметаў рознай формы (кветка, ваза, квадрат, трохвугольнік) на асобныя кавалкі і прапаную вучням з атрыманых элементаў скласці іх.

“Дамалюй па ўяўленні”. Вучні прыдумваюць і малю­юць прадмет з прапанаваных геаметрычных фігур (квадрат, круг, трохвугольнік). Напрыклад: “Што можна намаляваць, выкарыстоўваючы квадрат… (домік), трохвугольнік… (сцяжок), круг… (сонейка)?”

Таццяна МАРЧЫК,
настаўніца пачатковых класаў
Конькаўскай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна