У фармаце трэнінгаў: як праводзіцца выхаваўчая работа з дзяўчынкамі на занятках аб’яднання па інтарэсах «Веста»

- 14:44Образование

У сярэдняй школе № 4 Баранавіч ужо чацвёрты год праводзіцца выхаваўчая работа з дзяўчынкамі­-падлеткамі на занятках аб’яднання па інтарэсах “Веста”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Хлопчыкам не ўваходзіць!

Размовы дзяўчынкі 14—16 гадоў вядуць па панядзелках з педагогам-арганізатарам школы Вольгай Бацкалевіч. Заняткі праходзяць у фармаце трэнінгаў, насычаны псіхалагічнымі гульнямі. У іх аснове — навучанне здароваму ладу жыцця, выбудоўванне гарманічных адносін з бацькамі, сябрамі, аднакласнікамі, хлопцамі.

Усе падлеткі ў пераходным узросце перажываюць аднолькавыя цяжкасці: непаразуменне з бацькамі, незадаволе­насць сабой, сваёй знешнасцю. Многім складана мець канструктыўныя зносіны з педагогамі і аднагодкамі, а хтосьці рызыкуе апынуцца ўцягнутым у небяспечныя сітуацыі (часта дзеці наўмысна падвяргаюць сябе небяспецы дзеля атрымання задавальнення або вопыту).

— Улічваючы інтарэсы і патрэбы аўдыторыі, на трэнінгах мы працуем над павышэннем самаацэнкі дзяўчат, развіццём крытычнага мыслення, адпрацоўваем навыкі пабудовы мэт і прагназавання перспектыў свайго развіцця, — расказ­вае Вольга Іванаўна. — Увага ўдзяляецца ўсведамленню ўласнага патэнцыялу, уменню прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць, а таксама пытанням інтэлектуальнага, маральнага і фізічнага ўдасканалення. Прапрацоўваюцца і розныя формы, мадэлі рызыкоўных паводзін і іх наступствы. Пры навучанні дзяўчынак я магу задаваць пытанні і выслухоўваць іх меркаванні, але не кажу, што правільна, а што не, яны разважаюць і робяць высновы самастойна. Магу выказаць сваё меркаванне толькі тады, калі ад іх паступае такі запыт.

Праграма заняткаў разлічана на год. Пабываўшы на навучанні ў Брэсцкім абласным ІРА, пераняўшы вопыт калег з Пінска, дзе падобныя заняткі ў адукацыйнай практыцы з’явіліся раней, Вольга Бацкалевіч разам з калегамі пад кіраўніцтвам метадыста БАІРА Алены Дзмітрыевай распрацавала свае трэнінгі.

Ад трэнінгу да трэнінгу

Працэс навучання ўмоўна дзеліцца на 5 блокаў. Першы — “Спазнаю сябе і іншых людзей”. Другі — “Зносіны і адносіны”. Трэці — “Маё здароўе”. Чацвёрты — “Бяспечныя паводзіны”. Пяты — “Мая будучыня”.

Спачатку праводзяцца гульні для знаёмства, збліжэння калектыву і прапрацоўкі ўпэўненасці ў сабе. Так, напрыклад, адны з першых заняткаў прысвечаны ўсведамленню сваёй унікальнасці. Дзяўчынкі, седзячы ў коле, агучваюць тыя свае якасці і ўласцівасці, якія лічаць унікальнымі. Дарэчы, педагогу давялося сутыкнуцца з праблемай, калі аднагодкі з розных класаў катэгарычна не хацелі займацца разам, аднак дзесьці да шостых заняткаў сітуацыю ўдалося выправіць, а пасля яны вельмі пасябравалі.

Гульня “Паветраныя вежы”

Удзельнікі сядзяць на крэслах у цесным коле. Вядучы агучвае прапанову, якая ўключае ў сябе нейкі факт. (Напрыклад: “Я першае дзіця ў сям’і”, “Я люблю насіць джынсы”, “Я не пераношу часнок”. Можна ў жартоўнай форме: “Няма чаго мне больш сказаць”, “Я ненавіджу шлёпанцы” і г.д.) Тая дзяўчынка, чый адказ бу­дзе «не», застаецца на месцы. А хто скажа “так”, садзіцца або на свабоднае крэсла, або да кагосьці на калені. З часам выстройваюцца “паветраныя вежы”: некалькі дзяўчынак сядзяць адна ў адной на каленях на адным і тым жа крэсле (гульня дапамагае з’яднаць калектыў).

У выніку трэнінгаў дзяў­чынкі-падлеткі прапрацоўваюць многія надзённыя пытанні, вырашаюць праблемы ў сям’і, пачынаюць паважаць меркаванне іншых, вучацца сябраваць, становяцца больш удумлівымі і разважлівымі.

Практыкаванне “Так, не, мо­жа быць” дапамагае лепш спа­знаць свет, людзей, сябе, ву­чыць паважаць меркаванне іншых, а правільна падабраная камбінацыя пытанняў выяўляе тыя ці іншыя праблемы.

— Падчас практыкавання высветлілася, што бацькі многага не ведаюць пра дачок, і тыя не лічаць патрэбным усё пра сябе расказваць. Вельмі мала ў каго складваюцца даверлівыя адносіны ў сем’ях, — адзначае Вольга Бацкалевіч. — Часта менавіта сямейная бязладзіца або дзіцячыя траўмы становяцца прычынай праблем, якія ўзнікаюць у пераходным узросце. Таму наступным крокам становіцца правядзенне комплексу практыкаванняў для ўстанаўлення ўзаемаразумення ў сям’і, развіцця ўмення слухаць і чуць суразмоўніка. Напрыклад, у ходзе гульні-форуму “Пятровы і Пятрушыны” ўдзельнікі, прымяраючы на сябе ролі малодшых і старэйшых членаў сем’яў, прайграваюць розныя ролі ў канфліктных сітуацыях з бацькамі, шукаюць аптымальныя спосабы вырашэння канфліктаў, вучацца пры­маць рашэнні. Праблемнае поле — гэта рознасць поглядаў на інта­рэсы і перавагі ў жыцці, вобразы і стылі ў знешнасці, выбар сяброў. У цэнтры ўвагі апынуліся таксама бацькоўскія амбіцыі і не­апраўданыя чаканні двух бакоў.

“Так, не, можа быць”

Практыкаванне праводзіцца ў 2 этапы: 1 — адказы на пытанні; 2 — аналіз таго, што адбываецца. Падрыхтоўка: 3 плакаты з надпісамі  “так”, “не”, “можа быць”. Крайнія плакаты вывешваюцца ў двух канцах аўдыторыі, а сярэдні — у цэнтры. Пасля пытання вядучага ўдзельнікі пераходзяць да таго плаката, які адпавядае іх адказу. Камбінацыя пытанняў можа дапамагчы выявіць праблемы ў розных галінах. Затым праводзіцца комплекс практыкаванняў, якія развіваюць уменні слухаць і чуць у працэсе зносін, узаемадзейнічаць з іншымі.

Вынікі работы жаночага аб’яднання па інтарэсах раду­юць і школьніц, і педагагічны калектыў. Дзяўчынкі па-новаму раскрываюцца і для сябе, і для навакольных, пачынаюць рабіць поспехі ў вучобе. Многія становяцца валанцёрамі ў праекце педагога “Беражы сябе для жыцця”, а некаторыя дапамагаюць праводзіць заняткі ў “Весце”.

Станоўчыя вынікі

На заняткі ў “Весту” Насцю Т., якая вучылася ў 8 класе, у мінулым навучальным го­дзе прывёў сацыяльны педагог школы. Пры гэтым вучоба ў школе для дзяўчынкі-падлетка была далёка не бязвоблачнай.

— Насця тады прагульвала заняткі, не хацела вучыцца. У яе былі праблемы ў камунікацыі як з педагогамі, так і з аднагодкамі. Яна мне практычна адразу паведаміла: “Я не такая як усе”, што пацвярджаў яе знешні выгляд: рознакаляровыя валасы, розныя па колеры і даўжыні шкарпэткі, — успамінае Вольга Іванаўна сваё знаёмства з вучаніцай, якая сёння яе першая памочніца. — Вельмі хутка стала зразумела, што ёсць непара­зуменні ў сям’і. Над гэтым мы і сталі працаваць. Прычым з бацькамі я не сустракалася, не размаўляла. Было дастаткова групавых трэнінгаў, каб дзяўчынка змяніла стаўленне да сябе і бацькоў, пачала па-іншаму ўспрымаць усё, што з ёй адбываецца ў жыцці.

Важна

Школьніц вельмі цікавіць такая далікатная тэма, як узаемаадносіны з хлопчыкамі. Настаўнік раіць не спяшацца ў гэтым пытанні. Важна як след вывучыць хлопца: чым захапляецца, чым цікавіцца, якія мэты перад сабой ставіць. Для гэтага трэба не раз сустрэцца і пагаварыць. Абмяркоўваецца і небяспечнасць віртуальных знаёмстваў. Калі дзяўчынкі пытаюцца, у якім узросце лепш пачы­наць блізкія адносіны з хлопчыкамі, педагог кажа, што лепш за ўсё рабіць гэта з мужам, стварыўшы моцную, здаровую сям’ю. Такі адказ часам выклікае ўсмешкі або папрокі ў старамоднасці. Аднак калі пытаюцца, значыць разважанні педагога дзяўчынкам цікавыя і важныя.

Праз паўгода заняткаў па­зітыўныя змяненні пачалі заўважаць усе настаўнікі: школьніца спраўна і з цікавасцю наведвала ўрокі, выраўняліся зносіны з педагогамі і аднагодкамі. А на наступны год Насця па сваім уласным жаданні папрасіла дазволу працягнуць навучанне ў “Весце”, стала валанцёрыць, дапамагаючы педагогу праводзіць заняткі з іншымі дзяўчынкамі. Сёння школьніца кажа:

— Пасля заняткаў з Вольгай Іванаўнай я стала ўпэўненай у сабе, разняволенай. Навучылася паважаць сябе, ацэньваць учынкі навакольных, вылучаць станоўчае і адмоўнае ў адносінах да сябе і іншых. Найбольш цікавымі для мяне былі тэмы “Зносіны і адносіны”, “Бяспечныя паводзіны”, “Гендар і мода”. Я знайшла новых сябровак, мне стала прасцей у зносінах з баць­камі і настаўнікамі, бо я пачала іх разумець. Быў час, калі я спрабавала курыць. На занятках у “Весце” я зрабіла выснову, што самае каштоўнае ў жыцці — гэта здароўе, яго трэба берагчы, весці здаровы лад жыцця. Цяпер, як мне здаецца, я магу сарыентавацца ў многіх жыццёвых сітуацыях, даць слушную параду. І я адкрыта для новых эмоцый!

 Марына КУНЯЎСКАЯ