Якія прэферэнцыі дае навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку

- 10:00Образование

У сёлетнюю прыёмную кампанію ўпершыню будуць дадзены прэферэнцыі выпускнікам Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Тыя, хто паспяхова скончыў школу, адукацыйную змену і мае рэкамендацыі назіральнага савета, могуць паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, мінуючы цэнтралізаваны экзамен і цэнтралізаванае тэсціраванне, а толькі праходзіць субяседаванне ва УВА на спецыяльнасці профіляў “Тэхніка і тэхналогіі”, “Прыродазнаўчыя навукі”, пералік якіх устаноўлены Міністэрствам адукацыі. Узначальвае назіральны савет тэхнапарка віцэ-прэм’ер нашай краіны Ігар Петрышэнка, у склад органа ўваходзяць міністр адукацыі Андрэй Іванец, рэктары вядучых УВА, прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук, Парка высокіх тэхналогій.

Ільготы для паступлення ва ўніверсітэты тэхнічнага профілю матывуюць адораную моладзь паступаць ў нашы нацыянальныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, дзе маладыя людзі будуць працягваць займацца навуковай і даследчай дзейнасцю, і ў далейшым дапоўняць склад маладых вучоных, —адзначыў дырэктар дзіцячага тэхнапарка Сяргей Сачко. — Дзейнасць нашай установы накіравана на выяўленне і падтрымку высокаматываваных і адораных навучэнцаў. Мы дапамагаем ім выбудаваць іх адукацыйную траекторыю, каб у далейшым яны ўвайшлі ў нацыянальна-арыентаваны кадравы рэзерв для навукаёмістых і высокатэхналагічных галін эканомікі нашай краіны.

Гэтымі днямі адбылася абарона даследчых праектаў, распрацаваных навучэнцамі красавіцкай адукацыйнай змены. Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў БДУ, БДУІР, БНТУ і іншых вядучых універсітэтаў было распрацавана 95 даследчых праектаў рознай тэматыкі і з высокай эфектыўнасцю.

Сёння ў тэхнапарку вучацца звыш 1,5 тыс. чалавек па 15 сучасных напрамках інжынернай накіраванасці, у тым ліку “Авіякасмічныя тэхналогіі”, “Архітэктура і дызайн”, “Біятэхналогіі”, “Інжынерная экалогія”, “Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі”. Вучэбны працэс ідзе ў сучасных лабараторыях, аснашчаных высокатэхналагічным абсталяваннем. Заняткі праводзяць вучоныя, практыкі, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў. Вучэбны працэс складаецца з 10 адукацыйных змен (па 24 дні), на кожную з іх прыязджаюць парадку 150 лепшых навучэнцаў 9-х, 10-х, 11-х класаў з усёй краіны. Можна наведваць не адну адукацыйную змену, а нават дзве, але не па адным і тым жа напрамку.

Ужо аб’яўлены набор школьнікаў 9—11-х класаў для навучання ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку ў рамках вераснёўскай адукацыйнай змены, якая пройдзе з 29 жніўня па 21 верасня.

Больш падрабязна аб дзейнасці тэхнапарка можна даведацца ў бліжэйшым нумары «Настаўніцкай газеты».

Ала КЛЮЙКО
Фота з сайта Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка