Як захаваць гістарычную памяць, каб новае пакаленне ўсвядоміла цану мірнага жыцця

- 11:29Образование

Як захаваць гістарычную памяць, каб новае пакаленне ўсвядоміла цану мірнага жыцця і неабходнасць берагчы яго? Які фармат падачы інфармацыі знойдзе водгук у сэрцах моладзі?

У Дабрынскай сярэдняй школе Ельскага раёна лічаць, што адным з найважнейшых інструментаў фарміравання і захавання гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне з’яўляецца пошукавы рух.

Пошукавая работа ў школе пачалася ў 1967 го­дзе. Вялікая заслуга ў гэтым былога дырэктара школы Мікалая Сцяпанавіча Рудніка. Менавіта ён паставіў перад педагогамі і вучнямі школы задачу: да 30-годдзя Вялікай Перамогі, 9 мая 1975 года, наладзіць сувязь са сваякамі ўсіх загінуўшых герояў, пахаваных у брацкай магіле каля вёскі Млынок. Так пачалася карпатлівая работа.

Юныя следапыты не займаліся пошукам астанкаў салдат, не вялі раскопкі. Але яны пісалі лісты ў ваенкаматы і архівы, высвятлялі імёны загінуўшых воінаў, даглядалі брацкую магілу, шэфствавалі над ветэранамі, здзяйснялі паходы па месцах баёў, праводзілі вахты Памяці. Дзеці шукалі сваякоў загінуўшых герояў, пахаваных у брацкай магіле. Неўзабаве многія з іх адгукнуліся. І юныя следапыты запрасілі іх на святкаванне 30-годдзя Перамогі…

У тым жа 1975 го­дзе за актыўны ўдзел у рабоце па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі (актыўную пошукавую дзей­насць) Дабрынская школа была ўзнагароджана граматай Савецкага камітэта ветэранаў вайны. Грамата была падпісана адказным сакратаром камітэта А.Марэсьевым і старшынёй Савецкага камітэта ветэранаў вайны генералам арміі П.Батавым.

Часта ў школу прыязджалі ветэраны 415-й стралковай Мазырскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі, якія прымалі ўдзел у вызваленні вёскі Дабрынь. Яны расказвалі школьнікам пра баі, успаміналі баявых таварышаў.

Сёння ў Дабрынскай школе працягваюць справы і традыцыі юных следапытаў. У верасні 2022 года на савеце клуба старшакласнікаў было прынята рашэнне аб стварэнні атрада “Пошук”, у склад якога ўвайшлі навучэнцы 9—11 класаў. Ён дзейнічае пад дэвізам “Успомнім усіх пайменна…”. Атрад займаецца пошукам звестак аб жыхарах вёскі Дабрынь — удзель­ніках Вялікай Айчыннай вайны, аб тых, хто загінуў або прапаў без вестак, аб дзецях вайны, а таксама аб воінах Савецкай Арміі, якія загінулі пры вызваленні вёскі і пахаваны ў брацкай магіле.

Усе сабраныя матэрыялы, дакументы, фатаграфіі, лісты, успаміны ўдзельнікі атрада “Пошук” размяшчаюць на створаным імі вэб-сайце “Жывая памяць пакаленняў”, які дазваляе кожнаму атрымаць інфармацыю аб ваеннай гісторыі вёскі Дабрынь.

Дзеці з натхненнем расказваюць пра сваю работу на семінарах, канферэнцыях і бацькоўскіх сходах, а падчас сустрэч з аднагодкамі стараюцца захапіць іх пошукавай дзейнасцю.

Вопыт работы атрада тран­сліраваўся на творчай справаздачы школы па тэме “Патрыятычнае і грамадзянскае выхаванне як аснова ідэалагічнай работы ўстановы адукацыі: традыцыі, сучас­насць, перспектывы”. Прэзентаваліся вынікі дзейнасці атрада і на раённым метадычным аб’яднанні кіраўнікоў па ваенна-патрыя­тычным выхаванні “Патрыятычнае і грамадзянскае выхаванне як аснова работы ўстановы адукацыі: вопыт, сучаснасць, перспектыва”. Падчас пасяджэння вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў гістарычна-грамадазнаўчага цыкла адбылася прэзентацыя сайта “Жывая памяць пакаленняў”.

На абласным этапе XХ Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі за прэзентацыю вопыту “Пошукавы рух на варце захавання гістарычнай памяці народа” кіраўнік атрада “Пошук” была адзначана дыпломам ІІ ступені.

Удзельнікі атрада “Пошук” перакананы: мы не павінны забы­ваць пра тое, што зрабілі для мірнага жыцця нашы дзяды і пра­дзеды, якой цаной заваяваны мір.

Пры гэтым дзеці ўпэўнены, што той, хто сам займаецца пошукавай дзейнасцю, ужо ніколі не зможа абыякава ставіцца да гістарычнага мінулага краіны.

Таццяна ПАЎЛОЎСКАЯ,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства,

кіраўнік атрада “Пошук”
Дабрынскай сярэдняй школы