Пашыраць эканамічную самастойнасць дашкольных устаноў

- 12:57Апошнія запісы, Рознае, Стратэгія развіцця адукацыі

Па рашэнні прэзідэнта краіны створана рабочая група па комплексным вывучэнні стану спраў у айчыннай сістэме адукацыі. У склад гэтай групы ўвайшлі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, рэгіянальнай сістэмы адукацыі, вопытныя педагогі. Першая нарада рабочай групы была прысвечана функцыянаванню дашкольнай адукацыі і прайшла на базе санаторнага ясляў-сада Капыля. У шчырай зацікаўленай размове ўзялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра А.А.Тозік, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі і сацыяльна-культурнай сферы Апарату Савета Міністраў І.Я.Пяткевіч, намеснік міністра адукацыі В.А.Будкевіч, начальнік аддзела дашкольнай адукацыі галіновага міністэрства А.Л.Давідовіч.

На пачатку сустрэчы Анатоль Афанасьевіч Тозік заявіў, што стварэнне такой рабочай групы зусім не азначае, што сёння сістэма адукацыі патрабуе карэнных пераўтварэнняў. Якраз-такі гэтая сфера сёння развіваецца даволі паспяхова, але, як у любой з’яве, у развіцці адукацыі ўзнікаюць некаторыя пытанні, якія трэба своечасова вырашыць, каб адукацыйная галіна не толькі не адставала ад патрабаванняў дзяржавы і грамадства, але і рухалася наперад.
У рамках рабочай групы будзе праведзена серыя нарад па кожным узроўні адукацыі. Потым работа будзе абагульнена, усе высновы будуць даложаны кіраўніку краіны. Пасля далейшага ўзгаднення найбольш слушныя заўвагі і прапановы будуць рэалізаваны ў заканадаўчай і нарматыўнай прававой базе адукацыйнай галіны.
— Сёння перад намі стаіць задача выявіць тыя праблемы, якія не даю ць працаваць сістэме дашкольнай адукацыі з большай эфектыўнасцю і больш рацыянальна, — сказаў Анатоль Афанасьевіч. — Таму мы павінны акрэсліць хвалюючыя пытанні і знайсці шляхі іх вырашэння. У рамках існуючых рэсурсаў мы можам забяспечыць самыя спрыяльныя ўмовы для развіцця дашкольнай адукацыі, але даўно наспеў час адыходзіць ад стэрэатыпаў і зыходзіць з цвярозага розуму.
У першую чаргу, на што звярнуў увагу віцэ-прэм’ер, неабходна паднімаць статус работніка дашкольнай адукацыі, паклапаціцца аб больш якаснай падрыхтоўцы кадраў для дашкольных устаноў, працягваць работу па пашырэнні для іх сацыяльнага пакета.

Як заўважыў віцэ-прэм’ер, сёння адна з праблем, якія існуюць у дашкольнай адукацыі, — недахоп месцаў у дзіцячых садах. З аднаго боку, гэта пацвярджае той факт, што нарэшце нараджальнасць у нашай краіне пачала расці, але і тое, што мы не падрыхтаваліся да гэтага. Сёння ў цэлым па краіне стаяць у чарзе на атрыманне месца ў дзіцячым садку 29 тысяч дзяцей, а толькі ў мікрараёне Мінска Каменная Горка жадаючых наведваць дзіцячы сад больш за 7 тысяч. І такая праблема, дарэчы, існуе ў Мінску не першы год.
Анатоль Афанасьевіч звярнуўся да гарадскіх улад Мінска з пытаннем, як можна будаваць цэлы мікрараён і не прадугледзець для яго жыхароў адпаведнай сацыяльна-культурнай сферы, у прыватнасці аб’ектаў дашкольнай адукацыі, і патрабаваў звярнуць на гэтую праблему павышаную ўвагу.
А.А.Тозік адзначыў і тое, што існуе тэндэнцыя, калі бацькі не адпраўляюць сваіх 6-гадовых дзяцей у школу, а імкнуцца пакінуць іх у дзіцячым садку. Сёння прыкладна 24 тысячы дзяцей-шасцігодак наведваюць дзіцячы сад, а не ходзяць у школу, і пры гэтым у іх няма ніякіх уважлівых прычын — проста таму, што так захацелі іх бацькі. Такое бацькоўскае жаданне абыходзіцца дзяржаве ў палову трыльёна рублёў. Як бачна, гэта дастаткова вялікая сума, таму трэба спыніць гэтую тэндэнцыю і прымаць у дзіцячыя садкі толькі тых шасцігодак, якія маюць медыцынскія проціпаказанні наведваць школу.
Патрабуе вырашэння і праблема, звязаная з павелічэннем колькасці дзяцей у дашкольных установах ва ўзросце да трох гадоў. Як вядома, маці пры нараджэнні дзіцяці атрымліваюць дзяржаўную дапамогу па доглядзе дзіцяці да трох гадоў. Але сёння назіраецца сітуацыя, калі некаторыя маці толькі атрымліваюць дапамогу, а догляд давяраюць дзіцячаму садку.
Выклікае заклапочанасць і тое, што ў сярэднім 25 працэнтаў дзяцей кожны дзень без уважлівых прычын не наведваюць дзіцячы садок. Узнікае ўражанне, што сад ім не вельмі патрэбен, і фактычна бацькі забраніравалі месца ў ім, а далей хачу важу дзіця, хачу — не. І гэта ў той час, калі многім дзецям дзіцячы сад вельмі неабходны, а яны стаяць у чарзе.
Улічваючы тое, што на кожнае дзіця дзяржавай выдаткоўваецца істотная сума, трэба перагледзець гэтае пытанне, каб бацькі з большай адказнасцю ставіліся да наведвання сваімі дзецьмі дзіцячых устаноў, вызначыць нейкія крытэрыі для гэтага, у тым ліку прадугледзець, каб адсутнасць дзіцяці была аргументавана толькі медыцынскай даведкай альбо адпачынкам бацькоў.
— Чаму мы не можам зрушыць праблему адкрыцця невялікіх дзіцячых садкоў? — задаў пытанне А.А.Тозік. — Садкоў, арганізаваных дома, так званых сямейных, асабліва ў невялікіх населеных пунктах, калі сям’я можа ўзяць даглядаць дзіця з іншай сям’і. Можна паўтарыць ранейшы вопыт у тым, каб арганізоўваць невялікія дзіцячыя сады на першых паверхах вышынных жылых дамоў. Хаця ў нас ёсць для гэтага адпаведная нарматыўная база, але справа рухаецца вельмі марудна і амаль стаіць на месцы.

А.А.Тозік яшчэ раз звярнуў увагу на развіццё прыватнага сегмента ў дашкольнай адукацыі.
— У нас за апошнія гады практычна нічога не зрушылася ў гэтым кірунку. Чаму? Што трэба зрабіць, каб ініцыятыўныя людзі, якія маюць адпаведную адукацыю, пайшлі ў гэтую сферу? Ёсць прапанова ў наступным годзе ўвесці ў бюджэтным заканадаўстве норму, якая б дазваляла з мясцовых бюджэтаў выдаткоўваць грошы любой юрыдычнай асобе, якая плануе ажыццяўляць паслугі дашкольнай адукацыі. Мы павінны далучыць у гэтую сферу прыватную ініцыятыву, прыватны капітал, каб адкрыць новыя магчымасці для развіцця дашкольнай адукацыі, у тым ліку і пазбегнуць чэргаў у дзіцячы сад, — адзначыў Анатоль Афанасьевіч.
Начальнік аддзела дашкольнай адукацыі галіновага міністэрства Альбіна Леанідаўна Давідовіч прызнала, што сёння, сапраўды існуе чарга на месцы ў дзіцячых садах. У многіх групах, асабліва ў новых мікрараёнах, напаўняльнасць перавышана. Павялічылася і колькасць дзяцей, якія без прычыны не наведваюць установу дашкольнай адукацыі, а таксама выхаванцаў 6-гадовага ўзросту, якія застаюцца яшчэ на ад зін год у дзіцячым садзе. Па меркаванні Альбіны Леанідаўны, існуючыя праблемы можна вырашыць за кошт распрацаваных міністэрствам мер. Так, неабходна будаўніцтва не менш як 143 дзіцячых садоў на 30 тысяч месцаў не толькі за кошт мясцовых бюджэтаў, але і прыцягваючы сродкі забудоўшчыка (для гэтага спатрэбіцца не менш за 8,6 трлн рублёў). Пачаць размяшчаць дзіцячыя садкі альбо групы на першых паверхах жылых дамоў, павялі-чыць колькасць сямейных дзіцячых садкоў у тых раёнах (мікрараёнах), дзе будаўніцтва асобнага сада нерэнтабельна (кошт аднаго сямейнага дзіцячага садка ў сярэднім 22 млн рублёў). Для павелічэння колькасці сямейных дзіцячых садоў можна спрасціць патрабаванні, якія да іх прад’яўляюцца, як гэта зроблена ў расійскіх калег. Прадстаўнік міністэрства адзначыла, што неабходна павялічыць колькасць груп кароткачасовага знаходжання хаця б да трох тысяч адзінак, сарыентаваўшы адкрыццё такіх груп на дзяцей ранняга ўзросту да 3 гадоў і дзяцей 5-гадовага ўзросту па падрыхтоўцы да школы. Гэта дазволіць захаваць, а ў некаторых рэгіёнах і павялічыць працэнт ахопу дашкольнай адукацыяй і пры гэтым вызваліць месцы для тых дзяцей, якія маюць у іх патрэбу. Было б мэтазгодна ўстанавіць бацькоўскую плату за тыя дні, якія былі прапушчаны дзіцем без прычыны, як, дарэчы, было раней. На заканадаўчым узроўні трэба вызначыць узрост паступлення дзіцяці ў школу не пазней як 6 гадоў, што дазволіць застацца на адзін дадатковы год у дзіцячым садку толькі тым дзецям, хто мае адпаведныя медыцынскія паказчыкі. Усе гэтыя кірункі патрабуюць не толькі арганізацыйных мер, але і ўнясення змяненняў і дапаўненняў у адпаведныя нарматыўныя прававыя акты.
Па меркаванні Альбіны Леанідаўны, гэтыя меры дазволяць забяспечыць усеагульны доступ дзяцей да дашкольнай адукацыі, іх роўныя стартавыя магчымасці да пачатку навучання ў школе, знізіць аб’ёмы фінансавання на будаўніцтва дзіцячых садкоў.

Наступная праблема, якая была ўзнята на нарадзе, — гэта развіццё прыватна-дзяржаўнага партнёрства ў сферы дашкольнай адукацыі. З боку міністэрства было пацверджана, што, нягледзячы на створаныя на дзяржаўным узроўні ўмовы для адкрыцця дзіцячых прыватных садоў, ёсць усё ж фактары, якія перашкаджаюць развіццю гэтага працэсу. Таму было вырашана ў самы бліжэйшы час наладзіць работу на мясцовым узроўні па ажыццяўленні прагназавання развіцця сеткі такіх устаноў, стварэння для іх адпаведных умоў, напрыклад, фарміравання ў кожным рэгіёне пераліку забудоў, якія могуць быць аддадзены пад прыватныя дзіцячыя садкі. Важна пры гэтым арганізаваць шырокае інфармаванне зацікаўленых асоб і арганізацый, у тым ліку аб парадку адкрыцця дзіцячых садкоў прыватнай формы ўласнасці.
Спатрэбіцца таксама ўнясенне змяненняў і на заканадаўчым узроўні ў частцы ўстанаўлення магчымасці фінансавання часткі расходаў прыватных дзіцячых садкоў (у межах бюджэтнай забяспечанасці расходаў на аднаго выхаванца ў дзіцячым садку, устаноўленага дзяржаўнымі сацыяльнымі стандартамі па абслугоўванні насельніцтва). Можна выкарыстоўваць і замежны вопыт, калі выключна прыватныя структуры аказваюць паслугі для дзяцей ранняга ўзросту.
— Актыўнае далучэнне прыватных структур дазволіць задаволіць запыты бацькоў на прыватную дашкольную адукацыю за кошт стварэння дадатковых месцаў, знізіць кошт паслуг, створыць здаровую канкурэнцыю на рынку адукацыйных паслуг і ўрэшце знізіць затраты дзяржавы на дашкольную адукацыю за кошт прыватных інвестараў, — адзначыла Альбіна Леанідаўна.

У час пасяджэння ні адзін раз агучвалася пытанне аб неабходнасці пашырэння эканамічнай самастойнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі. Так, сапраўды, сёння дзяржава аказвае гэтаму ўзроўню адукацыі істотную падтрымку, якая вымяраецца адным працэнтам ад УВП. У грашовым эквіваленце ў 2014 годзе сума склала 7,6 трыльёна рублёў. У тым ліку павысіўся памер заработнай платы работнікаў дзіцячых садоў. Разам з тым неабходна ствараць умовы, каб дзіцячыя садкі маглі самастойна зарабляць грошы і накіроўваць іх на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы і павышэнне заработнай платы сваіх работнікаў. Па меркаванні прадстаўнікоў галіновага міністэрства, для гэтага неабходна перайсці на нарматыўнае планаванне бюджэтных сродкаў на дашкольную адукацыю, актыўна далучаць сродкі бацькоў праз папячыцельскія саветы і бацькоўскія камітэты, прадаставіць на заканадаўчым узроўні права аказваць платныя паслугі ў дашкольнай адукацыі, у тым ліку ўстанавіўшы магчымасць рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Усе гэтыя напрамкі патрабуюць прыняцця адпаведных нарматыўных прававых актаў рознага ўзроўню, што дазволіць кіраўнікам упраўленняў, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму пераразмяркоўваць бюджэтныя сродкі без узгаднення з фінансавымі органамі, прымяняць зацверджаныя тыпавыя штаты і штатныя нарматывы колькасці як рэкамендацыйныя, пакідаць у распараджэнні ўстановы сэканомленыя па выніках фінансавага года сродкі з правам іх расходавання ў наступным фінансавым годзе і магчымасцю выкарыстання ў тым ліку на павышэнне заработнай платы работнікаў дашкольнай установы.
Як адзначалася, сёння патрабуе карэкціроўкі змест некаторых адукацыйных галін вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі і праграм па вучэбных прадметах у пачатковых класах. Некаторыя бацькі жадаюць аддаць дзіця ў дзіцячы сад толькі з мэтай яго падрыхтоўкі да школы — гэта значыць, на ад зін год. Такім чынам, трэба павялічваць колькасць груп па падрыхтоўцы дзяцей да школы не толькі на базе дзіцячых садкоў, але і пры ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Для гэтых груп, безумоўна, спатрэбяцца кваліфікаваныя кадры, таму ёсць падставы для падрыхтоўкі работнікаў па інтэграванай спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя. Дашкольная адукацыя”, як практыкуецца за мяжой, а таксама ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце. Але праблема забяспечанасці дзіцячых садоў кваліфікаванымі кадрамі (і не толькі педагагічнымі) існуе ў цэлым у сістэме дашкольнай адукацыі. На думку прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, неабходна разглядзець пытанне давядзення памеру сярэдняй заработнай платы выхавальнікаў дашкольнай адукацыі да ўзроўню сярэдняй заработнай платы ў краіне. Гэта можна часткова вырашыць, як ужо адзначалася, за кошт пашырэння эканамічнай самастойнасці дзіцячых садкоў. Могуць быць і іншыя шляхі, у тым ліку ўрэгуляванне аплаты замены часова адсутнага выхавальніка, удасканаленне сістэмы матэрыяльнага стымулявання.
Людміла Мікалаеўна Канановіч, намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама, падтрымала прапановы з боку галіновага міністэрства і акрэсліла праблемы, якія існуюць на рэгіянальным узроўні. Так, у прыватнасці, існуе высокі працэнт дзяцей, якія не наведваюць дзіцячыя садкі без уважлівых прычын. Людміла Мікалаеўна пагадзілася, што трэба нарматыўна прапісаць гэтыя ўважлівыя прычыны для наведвальнасці, улічваючы пры гэтым у першую чаргу медыцынскія паказчыкі дзіцяці і адпачынак бацькоў. У рэгіёне прынялі меры па вырашэнні праблемы напаўняльнасці дзіцячых садоў. Так, напрыклад, у летні перыяд, калі наведвальнасць заўважна скарачаецца, вырашана закрываць на месяц дзіцячы сад і пераводзіць дзяцей у сад, які знаходзіцца непадалёк. Людміла Мікалаеўна падтрымала развіццё такога кірунку, як кароткачасовае знаходжанне дзяцей у дашкольнай установе і спрашчэнне патрабаванняў да адкрыцця такіх груп. Разам з тым трэба больш актыўна развіваць у рэгіёнах іншыя формы і віды дашкольнай адукацыі, каб былі задаволены запыты ўсіх бацькоў.

Наталля Генадзьеўна Грыневіч, старшыня Рэспубліканскага савета загадчыкаў дашкольных устаноў, адзначыла, што кадравае забеспячэнне — вельмі важнае пытанне ў сферы дашкольнай адукацыі.
— Нас, практыкаў, вельмі хвалюе недастатковая забяспечанасць устаноў дашкольнай адукацыі высокакваліфікаванымі педагагічнымі кадрамі па прычыне непрыстыжнасці прафесіі і невысокай зарплаты, што прыводзіць да недахопу, цякучасці кадраў, асабліва сярод маладых спецыялістаў. На жаль, існуе практыка, калі малады спецыяліст, адпрацаваўшы абавязковы тэрмін пасля ВНУ ў дзіцячым садку, звальняецца з работы і шукае іншую. Як заявіла Наталля Генадзьеўна, неабходна павысіць матывацыю маладых спецыялістаў да далейшай работы ў дашкольнай адукацыі, да павышэння прафесійнага росту. У гэтым самую актыўную пазіцыю павінны заняць кіраўнікі дашкольных устаноў, якія павінны стварыць спрыяльныя ўмовы працы маладым спецыялістам, падтрымліваць іх фінансава і стымуляваць іх да прафесійнага росту. Немалаважную ролю павінна адыграць і пашырэнне эканамічнай самастойнасці дашкольных устаноў.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.