Гэтая фраза стала сэнсам правядзення адкрытага дыялогу “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня”. Гучаць гэтыя словы ў кожным раёне і горадзе, у кожнай навучальнай установе, на кожным прадпрыемстве. Праект праходзіць па ініцыятыве БРСМ, і галоўная яго задача — выявіць зрэз тых праблем, якія хвалююць моладзь. Іх вырашэнне стане галоўнай задачай у наступным годзе, які, магчыма, стане Годам моладзі.
Мікрафон для кожнага
Праект “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня” стартаваў на пачатку верасня і скончыцца ў снежні. На неафіцыйныя сустрэчы збіраюцца прадстаўнікі спартыўнай, творчай, навуковай моладзі краіны, заслужаныя дзеячы, прадстаўнікі органаў дзяржкіравання, спецыялісты ў галіне дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, прадстаўнікі міжнародных таварыстваў і іншыя.
— Мы хочам пачуць думкі і ідэі для маладзёжнага руху Беларусі, для дзяржаўных структур, каб гэтыя ідэі зыходзілі не толькі ад БРСМ: нашы пляцоўкі адкрыты для ўсіх без выключэння. Прыходзьце, гаварыце, выказвайце думкі, каб потым не сказалі, што не было магчымасці выказацца ці самарэалізавацца, — гаворыць першы сакратар ЦК БРСМ Ігар Іванавіч Бузоўскі. — Я як член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь больш чым упэўнены, што змагу рэалізоўваць тыя задачы, якія ставіць перад намі сёння моладзь.
Авантурызм змяняем развагамі
Першыя ідэі ўжо ёсць, і звязаны яны з рэалізацыяй дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі — менавіта гэтая тэндэнцыя сёння прэваліруе. Моладзь думае, як удасканаліць маладзёжны рух Беларусі, рух, звязаны з работай грамадскіх арганізацый. Самыя дакладныя прапановы паступаюць ад Маладзёжнай палаты, якая створана пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў, у прыватнасці, іх ідэя — стварыць Рэспубліканскую маладзёжную палату. Сёння гэта ўжо актыўна абмяркоўваецца, у тым ліку і на ўзроўні Цэнтральнага камітэта БРСМ.
— Скажу шчыра: часам ідэі маладых людзей носяць пэўную долю авантурызму, недзе — юнацкага максімалізму, але тым не менш яны падштурхоўваюць на пэўныя развагі і іх, і нас, — гаворыць Ігар Іванавіч. — Напрыклад, студэнты не задаволены абсталяваннем вучэбнай аўдыторыі — такія прэтэнзіі таксама гучаць. І на нашай сустрэчы яны задумваюцца, чаму гэта адбываецца, як гэта можна вырашыць на ўзроўні УВА, горада, Міністэрства адукацыі. Яны пачынаюць думаць інакш: маштабна, па-дзяржаўнаму. Можа, у маладзёжнай аўдыторыі гэта гучыць пафасна, але гэта так. І гэта асноўная наша задача — заклікаць падумаць маштабна.
Дарэчы, найчасцей у дыялогу гучаць менавіта праблемы студэнтаў. Яны звязаны непасрэдна з вучобай, забеспячэннем інтэрнатамі іншагародніх, размеркаваннем.
Цвіком па раўнадушшы
Чарговы этап праекта адбыўся ў сераду ў Рэспубліканскім доме моладзі. У дыялог з моладдзю ўступілі прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, грамадскія дзеячы, знакавыя асобы ў культурным і мастацкім асяроддзі, прадстаўнікі грамадскасці і маладзёжнага руху розных гадоў.
Сярод тых, да меркавання каго прыслухоўвалася моладзь, была і старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Лідзія Міхайлаўна выказала ўпэўненасць, што зносіны ў такім фармаце прынясуць значную карысць: “Адкрыты дыялог дазваляе моладзі выказаць свае ідэі і прапановы. А іх рэалізацыя і ёсць непасрэдны ўдзел у кіраванні дзяржавай. Маладзёжныя прапановы вызначаюць, як мы будзем жыць праз пэўны час. Мне вельмі хацелася б, каб маладыя людзі бліжэй падыходзілі да абмеркавання тэмы эфектыўнага функцыянавання сельскай гаспадаркі, беларускай эканомікі, міжнародных пагадненняў. Моладзь павінна шукаць сябе менавіта ў падобных кірунках”.
Вадзім Гігін, галоўны рэдактар грамадска-палітычнага і навукова-папулярнага часопіса Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Беларуская думка”, заклікаў усіх удзельнікаў дыялогу цаніць тую магчымасць, якую прадастаўляе БРСМ, і граматна выкарыстоўваць і фармуляваць свае жаданні і прапановы.
— Прыйсці на такую пляцоўку можа чалавек любых поглядаў і мець магчымасць выказацца, — гаворыць ён. — Гэта дарагога каштуе. Галоўнае, каб дыскусія ўзнікла ўнутры нас, і ў выніку яе мы не проста ведалі, чаго хочам, але і тое, што мы можам для гэтага зрабіць. Маладыя людзі ці баяцца часам сказаць пра тое, што іх хвалюе, ці не вераць, што іх праблема можа быць вырашана, ці не бачаць шляхоў для яе вырашэння. І задача такіх сустрэч — паказаць, што можна вырашаць любыя праблемы. Але не так: “скажыце, якія ў вас праблемы — і мы вырашым”, а “праблема ёсць — давайце вырашым разам”.
Пытанняў, якія абмяркоўваліся за круглым сталом, было шмат: як зрабіць жыццё маладога пакалення беларусаў духоўна насычаным, як процістаяць шкодным звычкам, якія аднімаюць здароўе, як дапамагчы развіць і рэалізаваць творчы і навуковы патэнцыял моладзі, як унесці свой асабісты ўклад у развіццё дабрабыту краіны? Асабліва востра абмяркоўвалася праблема ў моладзі культурнай адукаванасці. Разам з тым моладзь, заяўляючы пра недастатковасць пляцовак для творчай рэалізацыі, часам не спрабуе сябе ні ў адной з іх. Некаторыя маладыя людзі не могуць назваць ніводнага літаратурнага твора ці спектакля, створанага сучаснымі аўтарамі для моладзі, не могуць успомніць, калі апошні раз былі ў тэатры.
Педагогі агучылі свае хваляванні наконт нізкіх ведаў у студэнтаў, і прычыны гэтага яны бачаць у складанні праграм навучання. “Нават такі прадмет, як “Гісторыя Беларусі”, на трэцім курсе гістарычнага факультэта БДУ, дзе я выкладаю, даецца ўсяго 8 гадзін на курс гісторыі з пачатку Вялікай Айчыннай вайны да цяперашняга часу. А што гаварыць пра матэматычны факультэт, фізічны, што гаварыць пра веды тых, хто атрымлівае тэхнічную адукацыю? Каб паставіць “чацвёрку” некаторым студэнтам, мне прыходзіцца пытацца, як гучыць поўная назва нашай краіны. Таму атрымліваецца, што пытанні гуманізацыі адукацыі мы самі сабе выкрэсліваем, — устрывожаны кандыдат гістарычных навук, дацэнт, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь У.І.Адамушка.
Гаварылася і пра тое, што моладзь перастала карыстацца папяровымі кнігамі, іх замянілі электронныя. Усе пагадзіліся з тым, што з гэтым фактам трэба лічыцца, і таму больш кніг трэба размяшчаць у сетцы.
На пытанне І.І.Бузоўскага аб прапановах па ўдасканаленні работы БРСМ Таццяна Васільеўна Міхеева, намеснік гендырэктара па кадрах, ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях ААТ “Амкадор”, зазначыла: “Вы вельмі крытычна адносіцеся да дзейнасці сваёй арганізацыі. Вы занадта заклапочаны яе паляпшэннем, прапаноўваючы моладзі безліч праектаў, занадта часта задаючы пытанне моладзі “Чаго б вы хацелі?”, імкнучыся прадугадаць і выканаць усе іх пажаданні. Як педагог я ведаю: па-сапраўднаму актыўных людзей у краіне і ў грамадстве шмат быць не можа. Але ёсць іншая тэндэнцыя: чым лепш мы жывём — тым больш спакойнымі, безыніцыятыўнымі мы становімся. Нядаўна са студэнтамі БДУІР мы праводзілі акцыю “Забей на равнодушие”, дзе кожны жадаючы мог у велізарнае бервяно ўбіць малатком цвік. Акцыя простая, але яна без лішніх слоў варушыць людзей, падштурхоўвае да дзейнасці”.
Да пажадання Таццяны Васільеўны, адрасаванага моладзі, стаць больш ініцыятыўнымі, зацікаўленымі ў жыцці далучыліся ўсе ўдзельнікі дыялогу. А І.Бузоўскі дадаў, што ўсе маладзёжныя прапановы і інавацыі ў сферы маладзёжнай палітыкі будуць прапанаваны рэспубліканскім органам дзяржаўнай улады для далейшай іх рэалізацыі і выкарыстання ў рабоце пры падрыхтоўцы снежаньскага з’езду БРСМ, матэрыялаў і нарматыўных дакументаў.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.