Урокі біялогіі ў 6-м класе: прыклады заданняў розных тыпаў

- 16:54Образование, Портфолио, Приложение

Сёння ўсё больш значным становіцца выкарыстанне ў навучанні заданняў, накіраваных на развіццё ўніверсальных вучэбных дзеянняў (УВД), і, як вынік, фарміраванне ключавых кампетэнцый навучэнцаў.

На ўроках біялогіі ў 6 класе выкарыстоўваю заданні розных тыпаў.

1. Прадметныя — для іх выканання неабходны шырокі спектр сувязей зместу вучэбнага прадмета, сінтэз цэлага з прыватнага, г.зн. для выканання неабходны веды з розных раздзелаў прадметнай галіны.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Пратысты” прапаноўваю навучэнцам заданне, накіраванае на развіццё асобасных, рэгулятыўных (планаванне, прагназаванне), пазнавальных (пастаноўка мэты, стварэнне алгарытму дзеянняў, пошук інфармацыі, структураванне атрыманай інфармацыі, фармулёўка ўсвядомленага выказ­вання аб вывучаным, уменне лагічна разважаць), камунікатыўных (дакладна і поўна выказваць свае думкі) УВД, якія садзейнічаюць фарміраванню каштоўнасна-сэнсавай, вучэбна-пазнавальнай, інфармацыйнай, камунікатыўнай кампетэнцый і тых, што накіраваны на асобаснае самаўдасканаленне. Разгледзім гэтае заданне.

Два шасцікласнікі вырашылі паназіраць за эўгленай, амёбай і хларэлай. Для гэтага яны змясцілі гэтых пратыстаў у шклянку вады з ракі і пакінулі яе ў цёмным памяшканні. Праз некаторы час яны вырашылі паглядзець на пратыстаў пад мікраскопам. Было выяўлена, што выжылі далёка не ўсе пратысты.

Як вы думаеце, якія пратысты выжылі, а якія не? Падумайце, што неабходна было зрабіць шасцікласнікам, каб пазбегнуць гібелі гэтых пратыстаў.

2. Міжпрадметныя заданні — уключаюць неабходнасць яўнага ці няяўнага прымянення ведаў з іншай прадметнай галіны.

Пры вывучэнні тэмы “Метады вывучэння жывой прыроды. Рабочыя прыборы біёлага: мікраскоп і лупа” прапаноўваю навучэнцам выканаць наступнае заданне.

Даследчык, вывучаючы дробны біялагічны аб’ект, ведае, што для яго якаснага разгляду неабходны мікраскоп з павелічэннем у 250 разоў. У свабодным доступе ў даследчыка ёсць мікраскоп, акуляр якога мае 20-кратнае павелічэнне, а аб’ектыў — 40-кратнае. Ці зможа даследчык разгледзець свой біялагічны аб’ект? Адказ растлумачце.

3. Практычныя заданні — іх умова апісвае практычную сітуацыю, якая не з’яўляецца адарванай ад рэальнага жыцця. Такі тып заданняў прадугледжвае сувязь вучэбнага матэрыялу, які вывучаецца, са штодзённым вопытам.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Грыбы” навучэнцам прапаноўваюцца заданні, выкананне якіх садзейнічае развіццю асобасных, рэгулятыўных (планаванне, прагназаванне), пазнавальных, камунікатыўных (супрацоўні­чаць з аднакласнікамі, дакладна і поўна выказваць свае думкі) УВД. Разгледзім іх.

1.Два шасцікласнікі разам з дзядулем адправіліся ў лес у грыбы. Праз некаторы час ім сустрэлася вялікая колькасць атрутных грыбоў. Шасцікласнікі паспяшаліся іх сабраць, але дзядуля спыніў іх, сказаўшы, што гэтыя грыбы есці нельга, бо гэта можа прывесці да дрэнных наступстваў. Тады дзеці сказалі, што яны зараз жа знішчаць усе атрутныя грыбы, якія бачаць, каб іншыя грыбнікі не пераблыталі іх з ядомымі. У сваю чаргу, дзядуля катэгарычна забараніў гэта рабіць. Шасцікласнікі разгубіліся, бо яны думалі, што зро­бяць добрую справу.

Карыстаючыся любымі крыніцамі інфармацыі, высветліце, хто мае рацыю — дзядуля ці дзеці.

2.Два браты ва ўзросце 10 гадоў пайшлі ў лес разам з дзядулем, які з’яўляецца выдатным грыбніком, і з татам, які ніколі раней не збіраў грыбы. Зайшоўшы ў лес, група грыбнікоў раздзялілася: адзін з братоў пайшоў з дзядулем, а другі — з татам. Праз 2 гадзіны грыбнікі зноў сустрэліся. Брат, які пайшоў з татам, паспяшаўся пахваліцца, што яны сабралі тры кошыкі дароў лесу. Убачыўшы ўсё, што ў кошыках, дзядуля сказаў, што не ўсё з сабранага можна забраць дадому. Адзін з братоў абурыўся. Дапамажыце дзядулю растлума­чыць свой пункт гле­джання ўнуку. Усё, што ў кошыках, паказана на малюнках (для гэтага задання настаўнік можа падабраць выявы грыбоў, якія вывучаюцца).

Якія з грыбоў юны грыбнік будзе вымушаны пакінуць у лесе? Чаму? Зверце атрыманыя вынікі з адказам таварыша па парце. Абмяркуйце падабенства і супярэчнасці, калі такія ёсць.

Прымяненне такіх заданняў не толькі садзейнічае больш глыбокаму асэнсаванню праграмнага матэрыялу, але і стымулюе самаадукацыю і самаразвіццё навучэнцаў. Важна разумець, што пра­цэс фарміравання кампетэнцый не зводзіцца да месяца, чвэрці ці нават аднаго навучальнага года. Гэта доўгі і карпатлівы працэс, які прынясе максімум карысці, калі вектар на рэалізацыю кампетэнтнаснага падыходу будзе ўзяты не адным настаўнікам, а ўсімі, калі выкананне заданняў, накіраваных на фарміраванне кампетэнцый, будзе сістэматычным, а не абрывістым. У гэтым я бачу залог поспеху ў фарміраванні кампетэнтнасна арыентаванага выпускніка.

Вячаслаў СУСЛЯНОК,
настаўнік біялогіі і хіміі
сярэдняй школы № 32 Мінска
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі