Чым карысныя сродкі візуалізацыі, і як іх прымяняць на ўроках беларускай мовы

- 9:06Образование, Портфолио, Приложение

На думку настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 13 Мазыра Ірыны Дзядкоўскай, дзейсным сродкам павышэння вучэбнай матывацыі з’яўляецца сістэмнае выкарыстанне ў адукацыйным працэсе візуалізацыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сродкі візуалізацыі — воблака слоў, калаж, разумныя карты, інтэрактыўныя заданні, постарныя прэзентацыі, QR-коды — выкарыстоўваюцца настаўніцай амаль на кожным уроку. З іх дапамогай педагог мае магчымасць прадставіць і структураваць матэрыял, лагічна выкласці яго, дапоўніць вучэбную інфармацыю, адлюстраваць узаемасувязі паміж графічнай выявай і тэкстам. Так, воблака слоў прымяняецца на ўроках беларускай мовы як дыдактычны матэрыял для ўвядзення, паўтарэння і замацавання лінгвістычных тэрмінаў і паняццяў: на этапе паведамлення тэмы ўрока для павышэння матывацыі і цікавасці вучняў (воблака ўтрымлівае яскравую і арыгінальна аформленую назву тэмы); на этапе замацавання ці кантролю ведаў (воблака слоў змяшчае асноўныя паняцці па тэме). Пры вывучэнні ў 5 класе тэмы “Тыпы маўлення: апавяданне, апісанне, разважанне” на этапе замацавання ведаў Ірына Мікалаеўна прапаноўвае вучням работу з воблакам слоў, якое ўтрымлівае ў сабе не толькі тэарэтычныя паняцці, але і варыянты загалоўкаў тэкстаў. Такая падача матэрыялу садзейнічае засваенню вучнямі адрозненняў тыпаў тэксту, аналітычнаму асэнсаванню загалоўкаў. Пры вывучэнні тэмы “Правапіс галосных е, ё, я” ствараецца воблака слоў з наступных слоў: герой, пяцярня, легенда, кераміка, пейзаж, цярплівы, вечаровы, вячэрні, янот, дзяжурны, педаль, вясна, веснавы, лес, ляснік, памяць, веер, Гео­ргій, заяц, пояс, месяц, не быў, без нас. Навучэнцам прапаноўваецца выпісаць словы іншамоўнага паходжання; словы, у якіх е пішацца пад націскам; словы, у якіх е пішацца ва ўсіх складах, акрамя першага; словы, у якіх я каранё­вае; словы, у якіх я захоўваецца незалежна ад націску ва ўласных назвах і ў корані слова; словы з часціцай не і прыназоўнікам без.

Выкарыстанне разумных карт на ўроку дапамагае педагогу разгледзець пэўную сітуацыю з розных бакоў, прапана­ваць цікавы варыянт вырашэння пытання. Пры рабоце з тэкставым матэрыялам галоўная думка тэксту змяшчаецца ў цэнтр. Ад яе разыходзяцца адгалінаванні з фактамі, вобразамі, цытатамі, літаратуразнаўчымі тэрмінамі. Старшакласнікі могуць самастойна пабудаваць разумныя карты ў сэрвісе google. Так, да ўрока беларускай літаратуры ў 9 класе вучні стварылі разумную карту па паэме Янкі Купалы “Бандароўна”. Яна дапамагае даць характарыстыку героям паэтычнага твора, раскрыць сутнасць канфлікту ў паэме. У выніку на запамінанне ключавой інфармацыі патрабуецца менш часу, а найбольшы эфект атрымліваецца пры наступным узнаўленні інфармацыі. 

Часта на сваіх уроках педагог выкарыстоўвае і постарныя прэзентацыі — прадстаўленне інфармацыі ў выглядзе постара, выкананага ў тэхніцы калажу, які складаецца па схеме. Пры гэтым выкарыстоўваюцца фотаздымкі, малюнкі, лозунгі, сімвалы, выказванні. Спосабы дэманстрацыі могуць быць рознымі: на лісце ватмана, на дошцы, на экране мультыборда. Постарную прэзентацыю Ірына Мікалаеўна прымяняе на ўроках літаратуры пры вывучэнні аглядных тэм, біяграфій пісьменнікаў, складанні характарыстыкі герояў, аналізе найбольш значных эпізодаў і сцэн. Работа арганізоўваецца па наступным алгарытме: стварэнне груп; асэнсаванне тэмы постара; мазгавы штурм у межах кожнай групы з мэтай выбару найбольш удалага спосабу вырашэння пастаўленай задачы; выбар канцэпцыі, стварэнне сумеснага прадукту (постара); прэзентацыя постара.

Прымяненне QR-кодаў надае вучэбнаму матэрыялу новую арганізацыйную форму, цікавую тым, што для раскадзіроўкі неабходна прымяніць смартфон. QR-коды размяшчаюцца на інфармацыйным стэндзе, у дыдактычным матэрыяле, выкарыстоўваюцца як элемент прэзентацыі. Кадзіруюцца дадатковая інфармацыя па тэме ўрока, індывідуальныя заданні, спасылкі на патрэбныя рэсурсы ў інтэрнэце, тэставыя заданні, спасылкі на экранізацыі і тэатральныя пастаноўкі, на электронныя тэксты. Выкарыстанне QR-кодаў дае станоўчы вынік і на ўроках літаратуры, і на ўроках мовы: з’яўляецца магчымасць ахапіць значна большы аб’ём вучэбнага матэрыялу, развіваюцца навыкі апрацоўкі інфармацыі, павышаецца самаацэнка вучня.

Прыведзеныя сродкі візуалізацыі матэрыялу знаёмяць вучняў з прыёмамі работы з інфармацыяй: здабываць, аналізаваць, сістэматызаваць, рабіць высновы. Прымяненне візуалізацыі на ўроках  дазваляе апрацаваць большую колькасць інфармацыі і арганізаваць дзейнасць вучняў з улікам іх індывідуальных асаблівасцей, павысіць цікавасць да вучэбнага прадмета і ўзровень навучанасці дзяцей, — падкрэслівае Ірына Дзядкоўская.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара