Пра дапамогу, жыллё, сямейны капітал

- 14:42Рознае, Сацыяльны ракурс

У 2013 годзе ў Беларусі нарадзілася 118 тысяч дзяцей, а гэта, між іншым, найвышэйшы паказчык за 20 апошніх гадоў. Прычым і летась, і ў першае паўгоддзе 2014 года больш за палову нованароджаных сталі другія і наступныя дзеці ў сем’ях. А яшчэ ў 2010 годзе такія немаўляты складалі толькі 47,7% усіх нованароджаных.

Пра гэта з задавальненнем гаварыў на нядаўняй прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню маці, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Аляксеевіч Румак. Ён адзначыў, што Беларусь выйшла на прырост насельніцтва, праўда, з улікам міграцыі, пра натуральны прырост пакуль гаварыць не даводзіцца. Намеснік міністра адзначыў і тое, што зараз у Беларусі 69 760 мнагадзетных сем’яў, больш за ўсё іх у Брэсцкай вобласці — 16 074, па 11 тысяч у Мінскай і Гомельскай абласцях.
Нагадаю, што зараз сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, прызначаецца 10 відаў дапамогі. Так, памер дапамогі па доглядзе дзіцяці да трох гадоў звязаны з памерам сярэднямесячнай заработнай платы і з 1 жніўня на першае дзіця ў сям’і складае 35% такой зарплаты (2 111 900 рублёў), на другое і наступных дзяцей — 40% зарплаты, або 2 413 550 рублёў. Гэты від дапамогі атрымліваюць амаль 340 тысяч дзяцей.
Дапамога на дзіця-інваліда ад 3 да 18 гадоў складае 940 400 рублёў у месяц, на іншых дзяцей старэй 3 гадоў — 671 700 рублёў, усяго дапамога выплачваецца на 32 057 дзяцей.
А памер дамагогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці на 1 жніўня бягучага года быў роўны 13 434 200 рублям (10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму) на першае дзіця, на другое і іншых дзяцей — 18 807 900 рублёў. Акрамя таго, намеснік міністра нагадаў, што сем’і з нізкім узроўнем даходу маюць права на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу, а таксама на бясплатнае харчаванне дзецям да двухгадовага ўзросту.
Па праграме сацыяльнага абслугоўвання пэўным катэгорыям сем’яў бясплатна прадастаўляюцца паслугі няні. Напрыклад, такой паслугай могуць скарыстацца сем’і, у якіх нарадзіліся двайняты або больш дзяцей да таго, як малым споўніцца 3 гады. Няпоўныя сем’і, у якіх выхоўваецца дзіця-інвалід, і сем’і, дзе такіх дзяцей двое ці больш, могуць карыстацца паслугамі няні да таго, як малым споўніцца па 4 гады. За першыя шэсць месяцаў гэтага года такой дапамогай скарысталіся 629 беларускіх сем’яў.
А.А.Румак расказаў і пра тое, што Мінпрацы падрыхтавала і вынесла на разгляд урада праект указа аб дадатковых мерах па падтрымцы сям’і. Як адзначыў намеснік міністра, праект створаны для развіцця падыходаў, якія былі адобраны на пасяджэнні ў прэзідэнта краіны ў жніўні гэтага года, распрацаваны разам з іншымі зацікаўленымі дзяржорганамі. Нагадаю, што гаворка ідзе ў прыватнасці пра сямейны капітал (у Расіі такія выплаты называюцца мацярынскім капіталам).
— Міністэрства, распрацоўваючы гэтую меру падтрымкі, звярталася да вопыту іншых краін, — дадаў Аляксандр Румак. — Напрыклад, Расіі, краін Паўднёва-Усходняй Азіі.
А вось аб тэрмінах падпісання ўказа, па яго словах, гаварыць пакуль рана.
І, канечне, адным з найбольш важных пытанняў для беларускіх сем’яў застаецца жыллёвае. На гэтую тэму выказаўся намеснік начальніка ўпраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Уладзімір Іванавіч Дарапіевіч. Так, ён нагадаў, што сем’і з двума дзецьмі маюць права і на льготны крэдыт, і на атрыманне субсідый для будаўніцтва жылля. А мнагадзетныя сем’і — на пазачарговае іх атрыманне або, напрыклад, на бязвыплатнае пазачарговае прадастаўленне зямельных участкаў пад будаўніцтва, унясенне ў спісы арганізацый-забудоўшчыкаў на працягу года пры будаўніцтве шматпавярховага дома, права на паўторнае выкарыстанне льготных крэдытаў і субсідый пры павелічэнні складу сям’і, кампенсацыі запазычанасці па крэдытах і інш.
Хаця дзеля справядлівасці трэба сказаць, што менавіта кватэрнае пытанне застаецца галоўнай перашкодай для многіх сямейных пар у плане нараджэння другога, а магчыма, і трэцяга, і іншых дзяцей. Ва ўсялякім разе пра гэта сведчаць шматлікія выказванні на інтэрнэт-форумах. Хаця прадугледжаны і пэўныя меры па падтрымцы сем’яў з адным дзіцем. Скажам, такая сям’я можа атрымаць суму ў 20 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, калі бярэ звычайны крэдыт на будаўніцтва. Сям’я з двума дзецьмі мае права атрымаць у гэтым выпадку 40 БПМ .

Марына ХІДДЖАЗ.