Свае творчыя здабыткі прадставілі на семінары ўдзельнікі клуба «Крыштальны журавель»

- 14:37Образование, Портфолио, Приложение

Семінар “Метадычны інструментарый па ўдасканаленні педагагічных уменняў” сабраў удзельнікаў клуба “Крыштальны журавель” у Азёрах. Дзённік семінара дапаможа ставіць мэты для самаадукацыі, сачыць за поспехамі, фіксаваць розныя ідэі: нават калі яны здаюцца няважнымі цяпер, потым могуць спатрэбіцца. Артыкул дазволіць замяніць паход да псіхолага і разабрацца ў сабе.

Легенда 1. Члены клуба “Крыштальны журавель” — своеасаблівыя трэндхантары ад адукацыі, якія прадказва­юць трэнды і тэндэнцыі.

Вердыкт: амаль праўда.

Кожны ведае, што члены клуба “Крыш­тальны журавель” у розныя гады прадстаўлялі свой вопыт педагагічнай дзейнасці на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” і не проста годна праводзілі ўрокі, майстар-класы, а сталі прыметнымі для педагагічнай грамадскасці. Каб быць прыметным, трэба трымаць руку на пульсе, адгукацца на выклікі часу, шукаць новыя спосабы і інструменты для вырашэння праблем сучаснай педагагічнай практыкі. У семінары бралі ўдзел пераможцы конкурсу: Ірына Клявец, настаўніца біялогіі гімназіі Смаргоні, Інеса Зубрыліна, начальнік каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ, Віктар Жук, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 11 Маладзечна.

Тэма семінара гучала так: “Метадычны інструментарый па ўдасканаленні педагагічных уменняў”. Гэтым разам пра трэнды гаварылі мала. Чаму? Таму што чым больш паглыбляешся ў прафесію, тым менш бачыш новага — усё дакучае. Калі толькі пачынаеш працаваць з адукацыйнымі прадуктамі і чытаеш пра віртуальную рэальнасць, геймі­фікацыю, аналітыку, думаеш: “Ваў, як крута! Вось-вось здарыцца прарыў, прагрэс!” А потым разумееш, што гэтыя медыйныя трэнды не мяняюцца дзесяцігоддзямі, а ўкараненне рэальных змяненняў адбываецца вельмі павольна. Прарывамі становяцца нейкія мікраскапічныя зрухі. Пры гэтым навучанне як працэс, які суправаджае чалавека ад нараджэння да самай смерці ў розных асяроддзях і кантэкстах, часам нават неўсвядомлена, вывучаецца складана і не заўсёды дакладна. У даследаваннях мы сустракаем больш здагадак, чым сцвярджэнняў. Менавіта таму ў гэтым годзе вырашылі прайсціся па класіцы: спыніліся на канструктыўных, арганізатарскіх, камунікатыўных і гнасеалагічных уменнях настаўніка.

Легенда 2. Члены клуба — зоркі рознай велічыні з усіх рэгіёнаў краіны, таму ў клубе пануе жорсткая канкурэнцыя.

Вердыкт: зусім не.

Хто хоць аднойчы бачыў, як працуе клуб, з упэўненасцю скажа, што клуб — гэта каманда. З 2008 года ў рамках метадычных семінараў (а іх за гэты час было праведзена каля 100) “жураўлі” працавалі з настаўнікамі розных узростаў, кваліфікацыйных катэгорый, вучэбных прадметаў. Членам клуба ўласціва ўменне вызначаць сваю ролю ў камандзе для работы ў розных сітуацыях, напрыклад, у планаванні метадычнай работы навучальных устаноў, куды запрошаны клуб, у вырашэнні праблем, звязаных з надзённымі пытаннямі педагагічнай практыкі рэгіёнаў, у вызначэнні моцных бакоў калектываў настаўнікаў, а таксама ім уласцівы навыкі коўчынгу і настаўніцтва, уключаючы прадастаўленне зваротнай сувязі.

У сувязі з гэтым удзельнікі семінара прадстаўлялі работу ў групах. Курыравалі работу Інеса Зубрыліна (арганізатарскія ўменні), Святлана Іванюшына, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Лагойска (канструктыўныя), Святлана Германовіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры Раманавіцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна (гнасеалагічныя), Іван Якіменка, настаўнік матэматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна (камунікатыўныя). Слуханне справаздач аб рабоце груп — асаблівае відовішча. Калі вы не былі на іспанскім радэа, то адчуць падобны напал эмоцый даможа рэфлексія кожнай сесіі семінара. Праяўленне незалежнасці і ініцыятывы ў вызначэнні праблемнага кола методыкі фарміравання і развіцця метадычных уменняў, з аднаго боку, вітаецца, а з другога — трэба мець грунтоўную падрыхтоўку, каб адказаць на ня­зручныя пытанні Івана Фёдарава, куратара клуба, метадыста АПА, Святланы Гін, прафесара кафедры педагогікі і прыватных методык Гомельскага ІРА. Насамрэч, гэта здорава! Па-першае, толькі ў спрэчках нараджаецца ісціна, а па-другое, вызначаць прафесійныя пазіцыі можна толькі сярод людзей, якім давяраеш. А гэта, на думку аўтара, магчыма толькі ў клубе, падчас работы семінара.

Легенда 3. На семінарах клуба “Крыштальны журавель” не вучаць, а матывуюць да самаадукацыі. Іншымі словамі, навучыць — навязаць сваё меркаванне, навучыцца — рэаліза­ваць сябе праз самаадукацыю.

Вердыкт: нечакана, але праўда.

За ўвесь час існавання клуба работа яго ўдзельнікаў пастаянна афішыравалася. Для гэтага нават была адведзена цэлая рубрыка ў “Настаўніцкай газеце”. Мэта публікацый была не ў тым, каб даць настаўнікам гатовы матэрыял для правядзення ўрокаў, а каб зрабіць работу настаўніка азартнай. Маўляў, паглядзі, як можна, і падумай, як зрабіць лепш. Толькі ў 2013 годзе была ўведзена кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст”, і ў актыўны пошук адказаў на пытанне “Як?” уключыліся сотні педагогаў краіны.

За тры хуткаплынныя дні семінара ў Азёрах свае творчыя здабыткі прадставілі ўсе ўдзельнікі ў рамках работы груп. Не для статыстыкі, а для таго, каб запусціць вірус самаадукацыі, прыгадаем некато­рыя з іх. Дыягностыкай арганізатарскіх уменняў зацікавіліся Вікторыя Сташалеўская, Таццяна Качан, Святлана Емяльянава-Раманоўская. Адборам прыёмаў для развіцця арганізатарскіх здольнасцей — Юлія Касталомава, Святлана Адамчук. Цяжкасцямі ў фармулёўцы мэт вучэбных заняткаў азадачыўся Дзмітрый Бондар, прымяненнем беспрымусовых спосабаў уключэння ў вучэбную дзейнасць — Лі­дзія Аўсюк, эфектыўнымі спосабамі канструявання вучэбных заняткаў — Іна Мядзведская, структурай канструктыўных уменняў настаўніка — Святлана Здаранкова. Што ёсць пачуццё такту? Адказ на гэтае пытанне шукаў Віктар Жук. Алена Цюлюпа вывучала невербальныя сродкі зносін, Галіна Дудко — эмпатыю, Леанід Шафарэвіч — стылі педагагічных зносін, Іван Якіменка — наратыўныя ўменні. Як настаўніку могуць дапамагчы гнасеалагічныя ўменні ў выбудоўванні траекторыі прафесійнага самаразвіцця, хвалявала Святлану Германовіч. Мяне цікавіў эмацыянальны інтэлект і яго роля ў пра­цэсе пазнання. Святлана Гін, Алена Гарбар, Ірына Клявец прымянялі гнасеалагічныя ўменні: дэманстравалі тэхнікі тлумачэння так, каб усім было зразумела, у прыватнасці, што такое гнасеалогія.

Легенда 4. На семінары клуба “Крыштальны журавель” 24 на 3 займаюцца выключна метадычнай работай.

Вердыкт: хутчэй за ўсё, праўда.

Каб развеяць ці даказаць гэты міф, варта ўспомніць радкі з гімна клуба:

“У нас многие таланты,

Школа нам всегда на ты,

Мы певцы и музыканты,

Педагоги и творцы”.

Ніхто не будзе спрачацца з тым, што клуб сабраў незвычайных людзей. Мне вельмі прыемна быць часткай такой прафесійнай супольнасці. Як толькі на семінары завяршаліся метадычныя мерапрыемствы, наступаў час творчасці без меж. Калі настаўнік таленавіты, то ён таленавіты ва ўсім: удзельнікі праявілі сябе і ў інтэлектуальным турніры (складальнік і вядучы Віктар Жук), і ў малых алімпійскіх гульнях (арганізатар і старшыня судзейскай калегіі Іван Якіменка), і ў вечарыне-шанаванні юбіляраў і пастаянных удзельнікаў клуба “Новы год летам” (натхняльнікі і вядучыя Святлана Іваню­шына, Святлана Здаранкова). Я раю ўсім наведаць кулінарны майстар-клас Святланы Емяльянавай-Раманоўскай, па­слухаць, як спяваюць Дзмітрый Бондар і Святлана Іванюшына, патрымаць руку на пульсе педагагічных інавацый ра­зам са Святланай Гін.

Легенда 5. Семінар клуба “Крыштальны журавель” у Азёрах поўнасцю сябе апраўдаў як форма метадычнай работы. Неабходна шукаць новыя магчымасці.

Вердыкт: гэта няпраўда.

Па аб’ектыўных прычынах (пандэмія каранавіруса) прыйшлося адмяніць правя­дзенне семінара. Гэты вымушаны пропуск, як ні дзіўна, толькі падкрэс­ліў значнасць такой мета­дычнай падзеі, як летні семінар удзельнікаў клуба “Крыштальны журавель”. Што маем — не цэнім, а страціўшы, разумеем каштоўнасць страчанага, таму працытую аднаго з удзельнікаў “Азёр-2023”: “Азёры яшчэ тыя!”

Мы смела і аптымістычна планавалі будучыню. Наш прафесійны гараскоп адлюстроўвае становішча ў адукацыі, а таксама рыхтуе нас да інавацый і тэндэнцый, якія стануць важнай часткай будучага навучальнага года. Якія ж інсайты нас чака­юць? Мы будзем імкнуцца да разумення паво­дзін вучняў, адмовімся ад тэхнік і прыёмаў, якія штучна звязваюць нас з вучнямі, на ка­рысць тых, якія па-сапраўднаму аб’ядна­юць нас, авалодаем ведамі ў галіне псіхаэма­цыянальнага здароўя вучняў, зробім вучэбнае асяроддзе гнуткім, прадукцыйным, што будзе адпавядаць запатрабаванням кожнага з удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Шчыра кажучы, рабочая тэма наступных “Азёр” ужо ёсць, але мы яшчэ падумаем.

Дзённік вяла Галіна СУХАВА,
настаўнік-метадыст
гімназіі № 5 Віцебска
Фота Святланы Здаранковай