Днямі ў Нацыянальным дзіцячым цэнтры “Зубраня” прайшоў традыцыйны для восені семінар, падчас якога абмяркоўваліся вынікі мінулай аздараўленчай кампаніі. Зрэшты, гэтае мерапрыемства нельга разглядаць толькі з пункту гледжання падвядзення вынікаў. Дасягненні і памылкі, вопыт і вынікі лета мінулага — гэта ўсё тое, што дапаможа зрабіць больш эфектыўным лета будучае.
Магчымасці для аздараўлення выкарыстоўваюцца не на поўную моц
Па многіх ключавых параметрах сёлетнюю летнюю аздараўленчую кампанію можна ацаніць як паспяховую: яна прайшла арганізавана, не было зафіксавана надзвычайных здарэнняў. Захоўваюцца і аб’ёмы аздараўлення дзяцей: штогод ад 34 да 37% дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў могуць адпачыць і аздаравіцца ў лагерах рознага тыпу. У гэтых жа межах і колькасць аздароўленых дзяцей сёлета. Павялічылася колькасць дзяцей-інвалідаў, якія адпачылі ў аздараўленчых лагерах. Важнай задачай было забяспечыць аздараўленне дзяцей-інвалідаў у суправаджэнні бацькоў. І рэгіёны паступова пачалі рэалізоўваць гэта. Павялічылася колькасць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, ахопленых рознымі формамі аздараўлення.
Працягнута рэалізацыя мерапрыемстваў па арганізацыі аздараўлення дзяцей, якія прызнаны асобамі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама дзяцей, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку.
Адметна, што аб’ёмы аздароўленых дзяцей захаваліся нават пры тым, што ў бягучым годзе і Міністэрства адукацыі, і Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва нацэльвалі ўсіх арганізатараў летнікаў на месцах выключна на заяўны прынцып работы.
— У мэтах прагназавання занятасці дзяцей у летні перыяд, акумулявання сродкаў было рэкамендавана арганізаваць работу па адкрыцці аздараўленчых лагераў толькі пад рэальную патрэбнасць, выключыўшы давядзенне нейкіх прагнозных паказчыкаў, — падкрэсліла падчас выступлення начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Марыя Аляксандраўна Саротнік.
Пры гэтым асаблівую ўвагу ў пытанні запатрабаванасці арганізатары мусілі звярнуць на лагеры з дзённым знаходжаннем: менавіта ў іх у папярэднія гады ўзнікалі сітуацыі неадпаведнасці попыту і прапановы і наступнага прымусу да наведвання лагераў. Сёлетні вопыт паказаў: пры разумнай арганізацыі такія лагеры — прычым самай рознай накіраванасці — карыстаюцца попытам у бацькоў і дзяцей.
Усяго ў 2014 годзе ў арганізацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей быў задзейнічаны 6101 лагер. Гэта нават крыху больш, чым у мінулым годзе. Праўда, як і раней, большая частка сярод іх — прышкольныя лагеры з дзённай формай знаходжання — запатрабаваная бацькамі, але не самая эфектыўная форма аздараўлення дзяцей. А вось колькасць загарадных кругласутачных баз па-ранейшаму скарачаецца. Як расказала загадчыца аддзела гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Антонаўна Малахава, з пачатку 90-х гадоў зачыніліся 148 стацыянарных аздараўленчых лагераў, у тым ліку 10 — у бягучым годзе (4 — у Магілёўскай вобласці, па 2 — у Віцебскай, Мінскай і Гомельскай абласцях). Прадпрыемствы-ўласнікі часам не жадаюць утрымліваць гэтыя аб’екты з-за вялікіх фінансавых выдаткаў. Мясцовыя ж бюджэты таксама не заўсёды маюць дастаткова рэсурсаў для таго, каб забраць на свой баланс і прывесці ў добры стан загарадныя аздараўленчыя базы, пабудаваныя некалькі дзесяцігоддзяў назад.
Разам з тым, нягледзячы на тое, што ў рэгіёнах часам скардзяцца на недахоп такіх загарадных лагераў, існуючыя часта выкарыстоўваюцца не ва ўсю моц.
— Замест магчымых чатырох змен была арганізавана работа трох змен у 64 (ці 40% ад існуючых) лагерах, а ў 8 — наогул было толькі па 2 змены, — прывяла даныя А.А.Малахава. — У выніку чаго не выкарыстоўваецца магчымасць аздараўлення ў найбольш спрыяльных загарадных умовах амаль 28 тысяч дзяцей.
Прычына такога становішча — у арганізацыйных пытаннях: недастаткова зладжаннай і эфектыўнай рабоце па своечасовай падрыхтоўцы баз, недаборы персаналу, праблемах распаўсюджвання пуцёвак.
Профільных летнікаў стала больш
Пачынаючы з 2013 года новаўвядзеннем летняй аздараўленчай кампаніі стала тое, што дзеці ва ўзроставай катэгорыі ад 15 да 18 гадоў рэалізуюць сваё права на аздараўленне толькі ў профільных лагерах. І, варта прызнаць, мінулы год у гэтым плане быў досыць напружаным: далёка не паўсюль арганізатары своечасова пераарыентавалі сваю работу і далі магчымасць гэтай катэгорыі аздаравіцца ў лагерах па профілях дзейнасці. Той вопыт быў улічаны, і сёлета такіх пытанняў ужо не ўзнікала.
— Мы навучыліся працаваць з гэтай катэгорыяй дзяцей, ахоп аздараўленнем дзяцей старэйшай узроставай групы значна павялічаны, — адзначыла Марыя Аляксандраўна. — Пры гэтым дзейнічалі самыя розныя профілі: працы і адпачынку, абаронна-спартыўныя, спартыўна-аздараўленчыя, турысцка-краязнаўчыя, для высокаматываваных дзяцей і іншыя. Пашырана практыка профільных кругласутачных лагераў з тэрмінам знаходжання 18 дзён. Гэта найбольш эфектыўны адпачынак.
Асобны і досыць эфектыўны від летнікаў — профільныя палатачныя. Пры гэтым гаворка ідзе не толькі пра традыцыйныя профільныя палатачныя абаронна-спартыўныя лагеры. На працягу двух апошніх гадоў у НДЦ “Зубраня” былі апрабаваны палатачныя лагеры і іншых напрамкаў: лінгвістычныя, валанцёрскія і іншых профіляў. Таксама сябе апраўдвае такая сістэма, калі палатачныя лагеры знаходзяцца на тэрыторыі іншага летніка. Па меркаванні спецыялістаў, гэты вопыт неабходна пашырыць і на рэгіёны.
— Варта выкарыстоўваць розныя напрамкі і профілі, — зазначыла Марыя Аляксандраўна Саротнік. — Акрамя традыцыйных і апрабаваных, гэта могуць быць і профільныя палатачныя лагеры для навучэнцаў педагагічных класаў. Можна прыцягваць да арганізацыі такіх лагераў, напрыклад, рэгіянальныя спартыўныя клубы: гэта двухбаковы інтарэс — папулярызацыя спорту, здаровага ладу жыцця і выхаванне фанатаў пэўнай каманды.
З 2013 года асаблівая ўвага ўдзяляецца стварэнню лагераў працы і адпачынку, дзе дзеці заняты грамадска-карыснай працай. Сёлета гэтая практыка была пашырана. Усяго функцыянавалі 862 такія лагеры, дзе падлеткі займаліся добраўпарадкаваннем населеных пунктаў, удзельнічалі ў школьных рамонтных брыгадах, выконвалі пэўныя віды сельскагаспадарчых работ і інш.
— У параўнанні з мінулым годам такіх лагераў стала на 146 больш. Стала і большай доля дзяцей, якія аздараўляліся ў такіх лагерах, у агульнай колькасці тых, што былі ахоплены арганізаванымі формамі адпачынку, — прывяла даныя М.А.Саротнік. — Разам з тым вясной бягучага года было рэкамендавана павялічыць колькасць лагераў працы і адпачынку з кругласутачным знаходжаннем, бо ў лагерах з дзённым знаходжаннем не заўсёды магчыма рэалізаваць разам з забеспячэннем працоўнай дзейнасці паўнацэнную выхаваўчую і аздараўленчую функцыі.
Сёлета колькасць кругласутачных лагераў вырасла з 68 да 96. Але, відавочна, гэтага недастаткова ў агульнай масе такіх летнікаў.
Занятак для кожнага
Зразумела, што далёка не ўсё вызначаецца колькасцю аздароўленых дзяцей ды створаных лагераў. Галоўнай задачай было і застаецца забеспячэнне якаснага і эфектыўнага аздараўлення дзяцей. І калі казаць пра педагагічны складнік гэтага пытання, то ў апошнія гады гэтая работа ў многім сістэматызавалася: педагогі адыходзяць ад практыкі “набору мерапрыемстваў” да арганізацыі прадуманых ідэйных змен. Але і ў гэтым пытанні ёсць магчымасці для ўдасканалення.
— Варта адыходзіць ад фармату мерапрыемстваў “для ўсіх” і прыходзіць да таго, каб дзецям быў прапанаваны выбар мерапрыемстваў, — адзначыла М.А.Саротнік. — Адна з задач на будучыню — арганізаваць работу па стварэнні ўмоў для забеспячэння выбару дзецьмі шляхоў і стратэгій персанальнай самарэалізацыі праз пашырэнне пераліку прапанаваных аб’яднанняў па інтарэсах, хобі-цэнтраў, секцый і г.д.
І сёлета ўжо ёсць такія прыклады работы. Так, у аздараўленчым лагеры “Мара” Магілёўскага аблвыканкама дзейнічалі адначасова 30 хобі-цэнтраў.
Неабходна больш дэталёва ўлічваць узроставыя асаблівасці дзяцей пры падрыхтоўцы і рэалізацыі праграмы змен, удасканальваць работу па падтрымцы і развіцці дзіцячай ініцыятывы праз актывізацыю дзейнасці дзіцячага самакіравання і арганізацыю дзейнасці з актывам дзіцячых і моладзевых грамадскіх арганізацый.
Алена МАРКЕВІЧ.