У апошні час усё часцей з’яўляецца інфармацыя аб самавольных уцёках выхаванцаў спецыяльных устаноў. Але такіх шматлікіх выпадкаў, як сёлета, у краіне не назіралася. Таму гэтая сітуацыя ўспрымаецца як падстава да сур’ёзнага перагляду работы, узмацнення мер па ўтрыманні такой катэгорыі падлеткаў у спецустановах, перагляду зместу выхаваўчай работы. Якія крокі робяцца ў гэтым напрамку з боку Міністэрства адукацыі, ці будзе ўзмоцнена ўзаемадзеянне галіновага міністэрства з іншымі ведамствамі — аб гэтым нашай газеце расказала намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі А.В.Галаўнёва.
Сёння ў нашай краіне сфарміравана сістэма работы з дзецьмі, якія ўступілі ў канфлікт з законам. Яна складаецца з прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, рэабілітацыі такіх дзяцей, якая мае на мэце стварэнне спрыяльных умоў у соцыуме пасля вяртання з такіх устаноў, і непасрэдна рэсацыялізацыі дзяцей, якія накіраваны ва ўстановы сістэмы адукацыі закрытага тыпу, куды ўваходзяць спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя і лячэбна-выхаваўчыя ўстановы.
Як расказала Алена Васільеўна, у сістэме адукацыі функцыянуюць 3 спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя і 1 лячэбна-выхаваўчая ўстанова. Агульная планавая напаўняльнасць гэтых устаноў складае 650 месцаў, на сёння там знаходзяцца 240 непаўналетніх. Як бачна, няма неабходнасці дадаткова адкрываць такія ўстановы.
Як адзначыла А.В.Галаўнёва, асноўныя задачы такіх устаноў — адмежаваць непаўналетніх ад негатыўнага ўплыву дрэнных кампаній, спакусы ўжывання псіхаактыўных, псіхатропных рэчываў, паказаць актуальнасць і значнасць агульначалавечых каштоўнасцей і агульнапрынятых мадэлей паводзін у грамадстве, узнавіць, што вельмі важна, пазітыўныя дзіцяча-бацькоўскія адносіны, бо, як правіла, гэтыя дзеці з нядобранадзейных сем’яў.
Задача, пастаўленая перад сістэмай адукацыі ў гэтым напрамку, вельмі сур’ёзная і значная, і да яе вырашэння далучаны педагогі, навучэнцы, іх бацькі і ўвогуле ўсё грамадства. Вялікую падтрымку такім установам аказваюць грамадскія арганізацыі, якія дапамагаюць у арганізацыі мерапрыемстваў для навучэнцаў у пазаўрочны час.
У адпаведнасці з Законам “Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх”, у спецыяльныя лячэбна-выхаваўчыя і вучэбна-выхаваўчыя ўстановы накіроўваюцца дзеці ва ўзросце ад 11 да 18 гадоў. У лячэбна-выхаваўчую ўстанову накіроўваюцца дзеці, якія маюць асаблівасці ў развіцці або якія м-аюць захворванні, пералік якіх устанаўліваецца Міністэрствам аховы здароўя, або непаўналетнія, якія ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку стаяць на ўліку ў нарколага. Падставай для накіравання такіх дзяцей у гэтыя ўстановы з’яўляецца рашэнне суда або прыгавор суда. Ніхто, акрамя суда, не можа прыняць рашэнне аб тым, што дзіця павінна выхоўвацца ў закрытым асяроддзі, падкрэсліла Алена Васільеўна.
Вызначаны пералік правапарушэнняў, за якія падлеткі накіроўваюцца ў спецустановы. Такое рашэнне прымае суд у тым выпадку, калі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена або спынена выкананне крымінальнай справы з-за недасягнення ўзросту, з якога наступае крымінальная адказнасць, або ў выніку адставання ў псіхічным развіцці, не звязаным з псіхічным захворваннем у час здзяйснення грамадска-небяспечнага ўчынку, падлетак быў не здольны ўсведамляць фактычны характар або грамадскую небяспечнасць свайго дзеяння, або на працягу года непаўналетні быў тры разы прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці за наўмыснае пашкоджанне маёмасці ці іншыя неправамерныя дзеянні. Рашэнне аб тым, у якую канкрэтна ўстанову накіроўваецца падлетак, суд прымае з улікам усіх падстаў, паколькі толькі суд мае права вызначыць месца знаходжання дзіцяці або ў вучэбна-выхаваўчай, або ў лячэбна-выхаваўчай установе.
Згодна з Кодэксам аб адукацыі, спецыяльная ўстанова дае магчымасць дзецям, якія ўступілі ў канфлікт з законам, паўнацэнна атрымаць базавую, агульную сярэднюю, спецыяльную, прафесійную адукацыю. Такім чынам, гэтая катэгорыя дзяцей можа бесперашкодна рэалізаваць сваё права на адукацыю. Алена Васільеўна паведаміла, што ў гэтых установах вучэбны працэс нічым не адрозніваецца ад вучэбнага працэсу, які арганізаваны ў звычайных установах адукацыі, у тым ліку ў школе або ў прафтэхустанове.
Гэтак жа ў такіх установах рэалізуюцца вучэбныя праграмы, складаецца адпаведны расклад урокаў, існуе такая ж сістэма ацэньвання ведаў. Для навучэнцаў, хто асвойвае навыкі рабочых прафесій, арганізавана вытворчае навучанне, якое праводзіцца ў спецыяльна створаных вучэбных майстэрнях. Паралельна з навучаннем падлеткі займаюцца пазаўрочнай дзейнасцю: у гуртках развіваюць мастацкую і тэхнічную творчасць, у секцыях займаюцца рознымі відамі спорту. Падлеткі актыўна ўдзельнічаюць у культурных, забаўляльных і спартыўных мерапрыемствах. Акрамя таго, выхаванцы маюць магчымасць выходзіць за межы спецустаноў у суправаджэнні выхавальнікаў, каб наведаць асабліва знамянальныя мясціны і культурныя аб’екты. Мала таго, арганізоўваюцца турыстычныя паездкі за мяжу, напрыклад, у славутыя гарады Расійскай Федэрацыі. Пры ўсёй спецыфіцы функцый спецыяльных устаноў дзеці, якія туды трапілі, сацыяльна абаронены: іх кормяць, апранаюць, вучаць, лечаць. Пасля знаходжання ў такіх установах у большасці сваёй падлеткі аддаюць перавагу жыццю без дрэнных звычак, працягваюць навучанне ў школе, а потым паступаюць ва ўстановы прафесійнай і вышэйшай адукацыі.
Разам з тым трэба прызнаць, што з прыняццем змяненняў у заканадаўства, якія звязаны з рэгуляваннем падстаў для змяшчэння дзяцей у такія ўстановы, сёння назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя павелічэння колькасці непаўналетніх, якія накіроўваюцца ў спецустановы. Напрыклад, калі ў 2010 годзе на працягу года былі накіраваны 106 чалавек, то за 9 месяцаў бягучага года — ужо 159.
— На жаль, назіраецца яшчэ адна тэндэнцыя, якая можа быць прычынай уцёкаў дзяцей, — адзначыла А.В.Галаўнёва. — Справа ў тым, што павялічваецца колькасць непаўналетніх старэйшага падлеткавага ўзросту (16—17-гадовых падлеткаў), якія маюць залежнасць ад шкодных звычак, захворванні ад ужывання алкаголю са шкоднымі наступствамі, сіндром залежнасці ад лятучых растваральнікаў, наркатычных рэчываў. І ад усіх гэтых шкодных спакус нельга адвыкнуць або хутка вылечыцца, таму многія не вытрымліваюць і самавольна пакідаюць спецустанову, каб задаволіць свае жаданні на свабодзе. Зразумела, што гэтая катэгорыя непаўналетніх мае патрэбу ў псіхіятрычнай і наркалагічнай дапамозе.
Як паказвае практыка, установы закрытага тыпу не ў поўнай меры гатовы аказваць належную псіхалагічную дапамогу і медыцынскую рэабілітацыю выхаванцам, якія маюць алкагольную і наркатычную залежнасць.
Разам з тым нельга не заўважыць, што адной з прычын уцёкаў выхаванцаў са спецустаноў з’яўляецца адсутнасць строгіх мер дысцыплінарнага спагнання, якія прымяняюцца да падлеткаў за самавольныя ўцёкі. Сёння для выхаванцаў спецустаноў няма ніякіх абмежаванняў у атрыманні паштовых адпраўленняў, грашовых пераводаў, спатканняў з бацькамі, якія могуць іх наведваць у любы час, акрамя часу вучэбных заняткаў. Асаблівыя ўмовы жыцця выхаванцаў, якія прадугледжаны ў спецустановах, маюць на ўвазе толькі ахову тэрыторыі, дзе знаходзяцца падлеткі, абмежаванне свабоднага выхаду за тэрыторыю без суправаджэння педагогаў. У суправаджэнні педагогаў падлеткі могуць выходзіць у горад у вольны ад вучобы час, у выхадныя дні, ім прадастаўлена магчымасць паехаць дамоў на канікулы. Як бачым, свабода такога кантынгенту падлеткаў мала чым абмежавана.
Адной з самых важных задач з’яўляецца перагляд у заканадаўстве пераліку мер прыцягнення персаналу ўстановы, непасрэдна дзяцей да дысцыплінарнай адказнасці за самавольныя ўцёкі выхаванцаў. Каб узмацніць меры адказнасці за ўцёкі дзяцей са спецустановы, неабходна ўнесці змяненні ў заканадаўчую базу і ў прыватнасці ў Закон “Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх”, у якім прадстаўлены меры адказнасці ў выглядзе вымовы і змяшчэння ў пакой рэсацыялізацыі. Але гэтага недастаткова, таму неабходны больш строгія меры ў дачыненні да падлеткаў, якія збеглі з установы, а таксама ў дачыненні кіраўніцтва гэтай установы.
Яшчэ адным немалаважным момантам з’яўляецца правядзенне больш эфектыўнай работы з бацькамі. Як вядома, у большасці на парушэнне рэжыму знаходжання ў спецустанове дзяцей правакуюць іх бацькі ў час спатканняў. Часам яны прывозяць ім цыгарэты, спіртныя напіткі і іншыя забароненыя рэчывы. І гэта не здзіўляе. Большасць выхаванцаў спецустаноў — выхадцы з нядобранадзейных сем’яў, дзе гора-бацькі не спраўляюцца з выхаваннем дзяцей і якіх часта саміх трэба выхоўваць.
Як паведаміла Алена Васільеўна, існуе цяжкасць правядзення выхаваўчай работы сярод дзяцей у спецустановах. Гэта абумоўлена тым, што гэты кантынгент называюць плаваючым з прычыны таго, што дзеці там даволі кароткі тэрмін — ад 6 месяцаў да 2 гадоў — для таго, каб якасна сацыялізавацца і адаптавацца да новых умоў.
Як адзначыла А.В.Галаўнёва, каб вырашыць існуючыя праблемы, неабходны комплексны падыход, які б абумоўліваў супрацоўніцтва сістэмы адукацыі з іншымі сферамі, і перш-наперш сацыяльнай сферай, аховай здароўя, органамі ўнутраных спраў. Аднаго рэсурсу — толькі ўстановы — у гэтай справе недастаткова, і нельга абмяжоўваць дзейнасць спецыяльнай установы толькі працэсам выхавання і навучання.Туды паступаюць падлеткі, якія маюць істотныя адхіленні ў псіхічным і фізічным здароўі, таму, безумоўна, неабходна ўзаемадзеянне з установамі аховы здароўя, далучэнне ўрачоў не толькі агульнай практыкі, якія там працуюць, але і профільных, асабліва псіхіятраў, нарколагаў. Цяпер распрацоўваецца інструментарый для таго, каб дыягнаставаць гэтых дзяцей і ў далейшым аказваць ім кваліфікаваную дапамогу спецыялістаў. Неабходны і рашучыя крокі ў прэвентыўнай рабоце па папярэджанні асацыяльных паводзін у дзяцей і падлеткаў. Трэба ўзмацніць у навучальных установах работу педагога-псіхолага, сацыяльнага педагога, наладзіць больш цеснае ўзаемадзеянне педагагічных работнікаў са спецыялістамі, якія працуюць з дзецьмі па месцы жыхарства: спецыялістамі па ахове дзяцінства, медыцынскімі работнікамі, інспектарамі па справах непаўналетніх. З мэтай выпрацаваць меры, якія б сталі эфектыўным бар’ерам для самавольных уцёкаў падлеткаў, для ўдасканалення выхаваўчай работы ў спецыяльных установах, нядаўна прайшла міжведамасная нарада з удзелам Міністэрства адукацыі і іншых міністэрстваў і ведамстваў.
Сёння галіновае міністэрства працуе над прапановамі ў заканадаўства для большага ўдасканалення той часткі, якая тычацца знаходжання дзяцей у спецустановах. Распрацавана Праграма выхавання дзяцей, якія маюць патрэбу ў асаблівых умовах выхавання. Яна складаецца з некалькіх этапаў, пад кожны з якіх распрацаваны метадычныя рэкамендацыі. Згодна з імі выяўляюцца ўсе адхіленні падлеткаў, якія накіроўваюцца ў спецыяльную ўстанову. На кожнага складаецца план аказання неабходнай дапамогі і вядзецца індывідуальная работа.
Прынята Палажэнне аб спецыяльнай установе, распрацоўваюцца статуты, дзе закладзены меры дысцыплінарнага ўздзеяння педагагічнага характару для такой катэгорыі дзяцей. Усе гэтыя захады паспрыяюць удасканаленню выхаваўчай работы з дзецьмі, якія пераступілі закон.
Ала КЛЮЙКО.