Патрэба ў бяспечных паводзінах

- 15:03Рознае, Сацыяльны ракурс

Каля пешаходнага пераходу, які вядзе да мінскай школы № 53, вісяць таблічкі з надпісамі: “Служыце прыкладам для сваіх дзяцей”. Так, яшчэ не трапіўшы ва ўстанову адукацыі, пачынаеш паглыбляцца ў атмасферу пастаяннага клопату аб папярэджанні дарожна-транспартнага траўматызму. 53-я школа ў гэтым плане можа стаць добрым прыкладам. Хаця не, яна ўжо даўно ім стала, таму і семінар-практыкум “Бяспечная прастора як вынік дзейнасці ўстановы адукацыі па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму” вырашылі правесці менавіта тут.

Нярэдка мае калегі-журналісты, прыводзячы пэўныя паказчыкі, называюць лічбы, якія іх адлюстроўваюць, “сухімі”. Лічбы, якія расказваюць пра ДТЗ, а тым больш пра здарэнні з удзелам дзяцей, назваць сухімі ніхто не наважыцца. Яны горкія, страшныя, сумныя. Якія заўгодна, толькі не сухія. Напрыклад, такія, з сацыяльнага відэароліка: “Кожныя 5 дзён на дарогах Беларусі гіне дзіця”. Або: “З пачатку года толькі ў Мінску адбылося 46 ДТЗ з удзелам непаўналетніх, двое дзяцей загінулі, многія атрымалі траўмы і калецтвы”.
Вось дзеля прафілактыкі такіх здарэнняў і сабраліся ў школе інспектары па агітацыі і прапагандзе АДАІ РУУС Мінска, спецыялісты раённых упраўленняў адукацыі, спорту і турызму, якія курыруюць пытанні асноў бяспекі жяццядзейнасці, метадысты цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, іншыя зацікаўленыя асобы. Не хапала толькі людзей, якія больш за ўсё могуць паўплываць на паводзіны дзяцей на дарозе — бацькоў школьнікаў. Пра тое, што гэтае звяно неабходна задзейнічаць у прафілактычнай рабоце, на семінары таксама гаварылі. Якім чынам? Адзін са шляхоў прапанаваў старшыня праўлення Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце Юрый Пятровіч Важнік (сюрвеер — ацэншчык або агент страхоўшчыка, які ацэньвае маёмасць, што прымаецца на страхаванне).
А прапанаваны шлях такі: спецыялісты распрацавалі дадатак, які дазваляе праз інтэрнэт паведамляць адказным органам аб праблемах, якія пагражаюць бяспецы людзей на дарозе або ў іншых месцах. Скажам, пра няправільна прыпаркаваны аўтамабіль, які перашкаджае пешаходам і вымушае іх ісці па праезнай частцы, пра небяспечны пераход, непрыбраны снег і г.д. Як справядліва заўважыў Ю.П.Важнік, мала хто не палянуецца патэлефанаваць, каб расказаць пра падобнае парушэнне. А некалькі разоў націснуць на кнопку многім будзе цікава (усё ж задзейнічаны сучасныя тэхналогіі!) і вельмі проста, нават дзецям.
Пра апрабацыю гэтага дадатку, дарэчы, ужо ішла гаварока ў Мінгарвыканкаме, і, як расказала галоўны спецыяліст аддзела выхавання і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Святлана Сцяпанаўна Кацуба, у кожным раёне горада будзе выбрана школа, на базе якой і пройдуць апрабаванні дадатку бяспекі. Зразумела, ён будзе бясплатным, і менавіта на актыўнасць бацькоў школьнікаў спадзяюцца распрацоўшчыкі.
У Савецкім раёне сталіцы базавую школу ўжо выбралі — гэта сярэдняя школа № 53, зразумела. Аргументаў для таго, каб зрабіць такі выбар, хапае. Па-першае, у школе створаны праект “Бяспечная прастора як вынік дзейнасці ўстановы адукацыі па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму”, які яшчэ ў 2010 годзе атрымаў грант гарвыканкама і быў рэкамендаваны для распаўсюджвання. Аўтар праекта намеснік дырэктара школы Жанна Яўгенаўна Гвозд атрымала прэмію выканкама. Па-другое, школьны атрад юных інспектараў дарожнага руху “Востраў бяспекі” некалькі гадоў запар становіцца лепшым і ў горадзе, і ў краіне. Па-трэцяе, сёлета атрад перамог на міждзяржаўным злёце юных інспектараў краін СНД у Анапе.
Пералічваць поспехі школы ў гэтым напрамку можна і далей, гаварыць і пра чацвёртае, і пра пятае… Зроблена сапраўды многае, пачынаючы са схемы бяспечнай дарогі ў школу, якую ўстанове адукацыі дапамагла зрабіць асацыяцыя экспертаў і сюрвеераў на транспарце. Схему, дарэчы, хутка заменяць, улічваючы станоўчыя змены, якія адбыліся ў мікрараёне па захаванні дарожна-транспартнай бяспекі. Прычым такая схема — не проста прыгожы малюнак з рознакаляровымі стрэлкамі. Яе стварэнне патрабуе абавязковага супрацоўніцтва з ДАІ, спецыялісты якой ведаюць усё пра самыя бяспечныя і небяспечныя ўчасткі дарог, пераходы, схаваныя пагрозы і г.д., з бацькамі, з дзецьмі. Над той, што зараз ёсць у школе, працавалі месяц.
Канечне, убачылі госці семінара і работу членаў атрада “Востраў бяспекі”. Школьнікі паказалі, як яны выконваюць многія заданні злётаў-конкурсаў юных інспектараў дарожнага руху — іх некалькі і ў частцы “Юны інспектар”, і ў частцы “Юны прапагандыст”. Навучэнцы школы — а ў атрадзе і трэцякласнікі, і будучыя выпускнікі — прадэманстравалі гасцям фігурнае ваджэнне веласіпеда, аказанне першай даўрачэбнай дапамогі пацярпеламу (тут быў задзейнічаны манекен Гоша), веданне Правіл дарожнага руху, іншыя свае навыкі і ўменні, прадэманстравалі відэаролік і выступленне агітбрыгады. Усё гэта ўражвае, узровень высокі.
Але ўсё ж скажу, што галоўнае — работа атрадаўцаў па навучанні ПДР іншых непаўналетніх. Яны, напрыклад, наведваюць дзіцячыя сады і малодшыя класы, расказваюць малым аб Правілах дарожнага руху. Як заўважыла Ж.Я.Гвозд, дзецям куды больш цікава слухаць дзяцей, а не дарослых, і прынцып “роўны навучае роўнага” вельмі дзейсны ў выпадку з засваеннем ПДР. Яшчэ ў школе распрацоўваюць метадычныя дапаможнікі па стварэнні бяспечнай прасторы ва ўстанове адукацыі — гэта ўжо для дарослых.
Цікава, што спачатку мінскія школьнікі і педагогі ездзілі пераймаць вопыт у маленькую школу-сад у вёсцы Збураж Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці, якая доўгі час першынствавала ў рэспубліканскіх спаборніцтвах юных інспектараў руху. Што ж, вучні пераўзышлі настаўнікаў, і цяпер ужо іх вопыт могуць пераймаць іншыя, зайшоўшы, скажам, на сайт 53-й школы або звярнуўшыся непасрэдна да Ж.Я.Гвозд.
Плануецца, што хутка такім вопытам можна будзе дзяліцца і праз дзіцячыя цэнтры па бяспецы дарожнага руху, якія будуць створаны ў кожным раёне Мінска. Зараз існуе толькі адзін — у Фрунзенскім раёне. У гэтым і ў Партызанскім раёнах сталіцы да канца бягучага года пройдуць яшчэ вучэбныя семінары-практыкумы, ініцыяваныя УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама. Іх тэмы — “Арганізацыя работы па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму ў дзіцячай дашкольнай установе адукацыі” і “Ад мэты да выніку!” па міжведамасным узаемадзеянні па прафілактыцы ДДТТ на прыкладзе Цэнтра па бяспецы дарожнага руху (Фрунзенскі раён).
І сапраўды, толькі ва ўзаемадзеянні можна дасягнуць выніку. Так, школа № 53 супрацоўнічае і з аддзелам ДАІ свайго раёна, і з Беларускай асацыяцыяй экспертаў і сюрвеераў на транспарце, і з бацькамі, і са спецыялістамі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, і нават з аўташколай, якая арандуе тут памяшканне, — дзеці маюць магчымасць займацца на яе базе.
І яшчэ, як сказаў нехта з удзельнікаў першага семінара, “калі ў дарожна-транспартных здарэннях гіне хаця б адно дзіця, мы можам лічыць, што ўсе спрацавалі дрэнна”. А значыць, ад семінараў да практычнага ўвасаблення карысных задумак, ідэй, прапаноў павінна праходзіць як мага менш часу. Бо, па словах Жанны Яўгенаўны Гвозд, неабходна выхоўваць у дзецях не толькі жаданне, веды і ўменні, але і патрэбу ў бяспечных паводзінах. Тое ж можна сказаць і пра нас, дарослых, канечне.

Марына ХІДДЖАЗ.