У прафесію — па почырку?

- 11:33Апошнія запісы, Рознае, Сацыяльны ракурс

Супрацоўнікі мінскага Цэнтра навуковай графалогіі ўпэўнены, што дапамагчы старшакласнікам вызначыцца з будучай прафесіяй можна на аснове графалагічнага аналізу.
Слоўнік практычнага псіхолага адзначае, што графалогія — гэта навука аб праяўленні індывідуальна-псіхалагічных якасцей чалавека ў асаблівасцях яго почырку. А Вялікая псіхалагічная энцыклапедыя заўважае, што асобныя прыёмы графалагічнага аналізу ў сукупнасці з іншымі метадамі калі-нікалі выкарыстоўваюцца ў даследаваннях па дыферэнцыяльнай псіхалогіі і псіхафізіялогіі. Праўда, далёка не ўсе лічаць графалогію (ад грэчаскага “пішу” і “вучэнне”) сур’ёзнай навукай, што, дарэчы, адзначаюць і тая, і другая згаданыя крыніцы.

Кожны выбірае для сябе

Карацей, стаўленне да графалогіі неадназначнае. Але не ў Цэнтры навуковай графалогіі, які з’явіўся ў Мінску зусім нядаўна — у 2013 годзе. Тут працуюць два графолагі-эксперты — Сяргей Іванавіч Чычук і Наталля Юр’еўна Быкоўская. Сяргей Іванавіч па першай адукацыі — медык, Наталля Юр’еўна — педагог. Спецыяльнасць графолага яны атрымалі не ў Беларусі, бо ў нас такіх спецыялістаў ніхто не рыхтуе. Вучыліся дыстанцыйна ў Ізраільскім інстытуце графаналізу Інесы Гольдберг. Навучанне заняло каля трох гадоў, выконвалі ў тым ліку практычныя заданні, атрымалі дыпломы. У Беларусі, прынамсі, як мне расказалі, зараз усяго тры дыпламаваныя графолагі.
У назве цэнтра, канечне ж, невыпадкова з’явілася слова “навуковы”. “Вы ж разумееце, што існуе, напрыклад, папулярная медыцына, калі любы карыстальнік, зайшоўшы ў інтэрнэт, чытае парады спецыялістаў, а часцей за ўсё звычайных людзей, і набывае лекі, травы, праходзіць пэўныя працэдуры і, калі яму пашанцавала, вылечваецца, — гаворыць Сяргей Чычук. — А ёсць прафесійная медыцына, заснаваная на навуковай базе. Так і з графалогіяй — яна можа быць і папулярнай, і навуковай”. Як я ўжо гаварыла, ёсць тыя, хто з гэтым не пагаджаецца, ёсць і тыя, хто прыходзіць у цэнтр па дапамогу і параду. Карацей, кожны выбірае сам. А ў некаторых краінах, такіх як Францыя і Ізраіль, графалогія шырока DSCN1233(сайт)распаўсюджана, як сцвярджае тая ж Вялікая псіхалагічная энцыклапедыя, дзесьці да яе ставяцца скептычна.
“Адна з нашых мэт — даказаць, што графалогія з’яўляецца самастойнай навуковай дысцыплінай”, — кажуць супрацоўнікі цэнтра. Наколькі ў іх гэта атрымаецца, пакажа час. Пэўны ж інтарэс ёсць і зараз. Так, нядаўна сюды прыходзілі супрацоўнікі Акадэміі МУС, каб высветліць, наколькі выкарыстанне метадаў графалогіі можа быць мэтазгодным у практыцы крымінальных даследаванняў. Як вы, напэўна, ведаеце, у крыміналістыцы прымяняюцца вынікі работы почырказнаўцаў (крыміналістычнае почырказнаўства — гэта раздзел крыміналістыкі, які вывучае заканамернасці і развіццё пісьмова-рухальных навыкаў у мэтах вырашэння дыягнастычных і ідэнтыфікацыйных задач). Гэта, падкрэслю, не графалогія, не трэба блытаць паняцці. Хаця, па словах майго суразмоўцы, крыміналісты ў некаторых краінах (скажам, у Расіі) звяртаюцца і да графолагаў.

Асоба праз пісьмо

Што ж можа прапанаваць навуковая графалогія? Гэта графааналіз асобы чалавека з выдачай характарыстыкі. Такая экспертыза патрабуе нямала часу, а заключэнне выдаецца на некалькіх старонках. Спачатку пазначаюцца характарыстыкі тэксту ў лічбах (максімальная — 5): арганізацыя на аркушы, чытабельнасць, хуткасць, арыгінальнасць. Затым ідуць апісанне знешняга ўражання, якое стварае чалавек праз свой почырк, мыслення, напрыклад, “відавочны лагічны склад розуму”, “рашэнні і сцвярджэнні часта катэгарычныя”, “характэрная кароткатэрміновасць у планаванні дзеянняў” і г.д. Затым графолаг-эксперт робіць вывады аб тым, як чалавек праяўляе сябе ў рабоце: гаворыць аб лідарскім патэнцыяле, амбіцыйнасці, адказнасці і іншых характарыстыках. Робяцца вывады і аб сацыяльных і асабістых асаблівасцях аўтара почырку.
“Людзі, калі іх просіш расказаць пра сябе, нярэдка губляюцца, бо сябе не ведаюць, — кажа мой суразмоўца. — Нярэдка почырк можа расказаць аб чалавеку больш, чым родная маці”. Так гэта ці не, я, зразумела, сцвярджаць не магу, але эксперты-графолагі ў сваёй слушнасці ўпэўнены. У любым выпадку кожнаму з нас цікава “пакапацца” ў сабе, высветліць штосьці новае, паразважаць над прычынамі сваіх учынкаў.
Да графолагаў звяртаюцца і з просьбамі ацаніць кандыдата на пасаду. “Тут важна, што людзі нярэдка імкнуцца пусціць пыл у вочы наймальніку, — заўважае С.І.Чычук. — Мы ж працуем з іх почыркам, тут не падманеш. Сказаць жа пра самога сябе можна што заўгодна”.
І, нарэшце, прафарыентацыя. Працуючы па гэтым напрамку, графолагі не робяць поўную экпертызу, пра якую я расказала раней. Лічыцца, што асоба непаўналетняга яшчэ не праяўляецца на поўную моц, у яго не хапае жыццёвага вопыту, які адлюстроўваецца на почырку, таму аналіз выглядае ў гэтым выпадку крыху інакш, і заключэнне выдаецца больш кароткае. Праўда, з рэкамендацыямі па выбары канкрэтных прафесій, у якіх ён будзе адчуваць сябе камфортна і зможа паспяхова самарэалізавацца. Падобныя рэкамендацыі даюцца тым, хто хоча атрымаць вышэйшую адукацыю, хаця пры жаданні кліента можна зрабіць і заключэнне па прафесіях, якія не патрабуюць навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Як сцвярджаюць мае суразмоўцы, схільнасць да работы педагогам можна дакладна вызначыць дзякуючы графалагічнай экспертызе.
Аналіз робіцца па вольным тэксце, які падлетак піша або ў цэнтры, або дома пры выкананні пэўных умоў, а не, скажам, у школе пад дыктоўку. Графолаг робіць заключэнне, а потым ужо сустракаецца з падлеткам і яго бацькамі або адным з іх для кансультацыі. Ва ўсялякім выпадку людзі атрымліваюць дадатковую інфармацыю для разважанняў, падставу больш пільна прыгледзецца да той ці іншай спецыяльнасці, групы прафесій, звярнуць на іх асаблівую ўвагу. Некаторыя, як кажуць, прыходзяць сюды пасля кансультацый псіхолагаў, магчыма, шукаючы яшчэ адно пацвярджэнне выбранаму напрамку.
Сяргей Чычук сцвярджае таксама, што, вывучыўшы почырк падлетка, можна меркаваць і аб яго схільнасці да агрэсіі, аб тым, ці пагражаюць яму дрэнныя звычкі. Яшчэ больш неверагодным здаецца яго аповед аб графатэрапіі — магчымасці змяніць пэўныя непажаданыя асаблівасці асобы, змяніўшы тыя ці іншыя асаблівасці почырку. Паверыць у гэта цяжка, але графолагі сцвярджаюць, што залежнасць гэтая даказана. Змяніць почырк — задача, канечне, вельмі няпростая, таму графолагі рэкамендуюць працаваць з 1—2 яго асаблівасцямі.

Пад мікраскопам

У сваёй рабоце эксперты-графолагі выкарыстоўваюць больш за сто характарыстык почырку, спецыяльныя інструменты. Што гэта за інструменты, я, між іншым, убачыла. Іх нямнога — электронны і ручны светлавы мікраскопы. Я не ўтрымалася, паглядзела на ўзоры почыркаў праз абодва. Сказаць шчыра, нічога не зразумела. Магу толькі заўважыць, што замест роўных, здавалася б, ліній у мікраскоп бачны нейкія кляксы, штрыхі, кропкі.
Эксперты звяртаюць увагу на сілу націску, хуткасць пісьма (пра яе гаворыць, напрыклад, гарызантальнае або вертыкальнае размяшчэнне літар), колькасць тых самых клякс, характар штрыхоў і іншыя асаблівасці. Карыстаюцца графолагі і пэўнымі тэстамі. Пры гэтам перакананы: не бывае не толькі аднолькавых почыркаў, але нават аднолькавых штрыхоў у іх.
Усе даныя потым зводзяцца ў адзіную карціну, прычым эксперты сочаць за тым, каб у ёй не было супярэчнасцей, вывучаюць толькі тыя прыкметы, якія пастаянна паўтараюцца. З маленькімі дзецьмі, дарэчы, графолагі працуюць інакш: прапаноўваюць, напрыклад, дамаляваць карцінку і працуюць ужо з гэтымі выявамі, выяўляючы псіхалагічныя праблемы малых. Аналіз жа можна рабіць па почырку для людзей, якім ужо споўнілася 15 гадоў, і гэта, як я ўжо гаварыла, будзе няпоўны графааналіз асобы. “Дзіцячы почырк можна вызначыць адразу”, — сцвярджаюць графолагі. Бываюць, праўда, выпадкі, калі дарослыя людзі пішуць дзіцячым почыркам, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
Раней, канечне, графолагі не карысталіся электроннымі мікраскопамі і камп’ютарамі, якія актыўна прымяняюць зараз. Ідэя пра сувязь почырку чалавека з яго душэўнымі якасцямі ўзыходзіць да антычнасці. Пра гэта гаварыў, напрыклад, яшчэ Арыстоцель. А тэрмін “графалогія” ўвёў у літаратуру ў другой палове ХІХ стагоддзя французскі абат Мішон. Ёсць даныя, што пры пэўных душэўных захворваннях почырк хворых набывае спецыфічныя прыкметы.
Спрэчкі наконт графалогіі не спыняюцца. Як не зніжаецца і цікавасць да яе. Чалавек, пазнаючы ўсё новыя таямніцы навакольнага свету, шмат у чым застаецца тайнай для самога сябе, таму яго і прыцягвае графалогія. Я, канечне, адназначныя вывады рабіць не вазьмуся, адно скажу: сама я графолагам быць не змагла б — надта ўжо карпатлівы занятак, хаця, як кажуць эксперты, выключна цікавы.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара і з інтэрнэту.