Дзеці з асаблівым лёсам маюць патрэбу не столькі ў разавых падарунках, колькі ў падрыхтоўцы да самастойнага жыцця — праз прыклад паспяховых дарослых, удзел у доўгатэрміновых праграмах. Такія праекты ўсё часцей прапаноўваюцца да рэалізацыі як грамадскімі аб’яднаннямі, так і прадстаўнікамі бізнесу. Адным з іх стала праграма кампаніі “Атлант-М Холпі”, афіцыйнага прадстаўніка Mazda ў Беларусі і афіцыйнага дылера Kia ў Мінску, па прафарыентацыі дзяцей-сірот.
— Выбар жыццёвага шляху і прафесіі ў будучыні — складанае пытанне для ўсіх падлеткаў, а для дзяцей з дзіцячых дамоў яно цяжэйшае ўдвая з-за слаба сфарміраваных матывацыйных каштоўнасцей. Таму мы вырашылі аказаць ім падтрымку менавіта ў прафесійным плане і вельмі спадзяёмся, што нашы сустрэчы дапамогуць дзецям, якія хочуць звязаць свой лёс з аўтамабільнай сферай, у выбары спецыяльнасці, — адзначыў кіраўнік кампаніі “Атлант-М Холпі” Аляксандр Скалубовіч.
Праграма прадугледжвае правядзенне экскурсій у аўтацэнтр для азнаямлення з асноўнымі прафесіямі аўтабізнесу, а ў далейшым кампанія плануе аказваць дзецям кансультацыі на працягу навучальнага года і прадаставіць ільготы пры размеркаванні пасля заканчэння прафесійнага навучання на практыку ў аўтацэнтр.
— Пры паспяховым праходжанні практыкі мы разгледзім і магчымасць працаўладкавання выпускнікоў, — падзялілася планамі спецыяліст па сувязях з грамадскасцю кампаніі Вольга Нікішына. — Мы вельмі рады ўжо цяпер атрымаць станоўчы водзыў аб нашай праграме ад педагогаў і саміх падлеткаў.
На думку Валянціна Яўгенавіча Чарнякевіча, дырэктара “SOS Дзіцячая вёска Бараўляны”, выхаванцы якой і сталі ўдзельнікамі праграмы, асноўныя цяжкасці, з якімі сустракаюцца дзеці-сіроты пры выбары спецыяльнасці і навучальнай установы, не толькі нізкі ўзровень падрыхтоўкі, але і нізкая матывацыя да вучобы, недахоп інфармацыі аб спецыяльнасцях.
— Такія праграмы, як гэта, даюць дзецям магчымасць адчуць прафесію, убачыць яе знутры, паглядзець, як працуюць прафесіяналы. І чым больш кампаній будуць адкрыты да дзяцей-сірот, тым прасцей ім будзе зрабіць свядомы выбар прафесіі. Асабліва гэта тычыцца спецыяльнасцей, з якімі дзеці не сутыкаюцца ў сваім штодзённым жыцці, — тлумачыць Валянцін Яўгенавіч.
Падчас першых экскурсій, якія прайшлі ў аўтацэнтры “Атлант-М Холпі”, падлеткі ўбачылі, як прадаюць, абслугоўваюць і рамантуюць аўтамабілі, змаглі пагутарыць з топ-менеджарамі кампаніі ў нефармальнай абстаноўцы. Неверагоднае захапленне ў хлопцаў выклікала магчымасць пракаціцца ў новых Mazda і Kia, зазірнуць пад капот, панаціскаць на кнопкі і сфатаграфавацца за рулём.
Усяго ў кастрычніку ў аўтацэнтры пабывалі дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, з 8 устаноў Мінска і Мінскага раёна.
— Мы спадзяёмся, што беларускія бізнес-арганізацыі падтрымаюць праграму правядзення прафарыентацыі для выхаванцаў дзіцячых дамоў і вёсак, — зазначыла прадстаўнік аднаго з арганізатараў праекта спецыяліст агенцтва сацыяльных праектаў B2S Таццяна Казлоўская. — Многім дзецям неабходна будзе выбраць навучальную ўстанову ўжо ў гэтым годзе, а часу да канца года засталося не так шмат.
Падрыхтавала Алена МАРКЕВІЧ.
Фота з сайта www.mazda.by.