Свабода — гэта самая вялікая каштоўнасць, якой надзелены чалавек. На жаль, некаторыя людзі рэальны смак гэтага сцвярджэння адчуваюць тады, калі ўжо прагучаў вердыкт суддзі. І ў перспектыве на бліжэйшыя гады замест маміных катлет, футбола і кінатэатра з папкорнам — каранцінны рэжым, шэрая форма і калючы дрот. Прычым часта ў такой сітуацыі — менавіта падлеткі. Для таго, каб скласці больш поўнае ўяўленне пра тое, дзе і за што адбываюць пакаранне непаўналетнія злачынцы, мы пабывалі ў выхаваўчай калоніі № 2 Бабруйска.
Сёння ў калоніі адбываюць пакаранне 150 юнакоў ва ўзросце ад 14 да 21 года. Тэрыторыя, якую займае калонія, даволі вялікая. На ёй размяшчаюцца некалькі падраздзяленняў. Так, справа ад прахадной знаходзіцца харчаблок. Злева — дысцыплінарны ізалятар, асобнае месца ў якім займае каранцінны пакой. Менавіта ў ім на ўтрыманні знаходзяцца навічкі — тыя, каго прывозяць са следчага ізалятара адбываць пакаранне згодна з рашэннем суда. Дарэчы, як паведаміў намеснік начальніка выхаваўчай калоніі № 2 падпалкоўнік унутранай службы Алег Аркадзьевіч Шункевіч, у бліжэйшы час у калонію даставяць двух падлеткаў, якія ў сакавіку бягучага года забілі ў Бабруйску 12-гадовага хлопчыка.
— Гэтыя двое, як нам паведамілі, вельмі складаныя, з цяжкім характарам, але і ў адносінах да іх трэба выбраць правільную выхаваўчую тактыку, — мяркуе Алег Аркадзьевіч. — Калі нават пасля каранціну яны будуць парушаць закон, ім давядзецца пасядзець у ізалятары.
Як расказаў намеснік начальніка, у ізалятары знаходзяцца тыя зняволеныя, якія жорстка парушаюць рэжым. Менавіта ў атмасферы адчужэння — на драўляных нарах, якія пры дапамозе спецыяльных завесаў прымацаваны да сцяны, за масіўнымі жалезнымі дзвярамі з маленькім акенцам, праз якое падаецца ежа, — правапарушальнікам даецца магчымасць рэабілітавацца ў паводзінах і вярнуцца ў атрад.
— У нас усё падпарадкоўваецца правілам унутранага распарадку і распарадку дня,— канстатуе Алег Аркадзьевіч. — Мы стараемся не дапусціць узнікнення канфліктаў паміж зняволенымі. Для нас канфлікт — гэта надзвычайнае здарэнне. З пачатку гэтага года ў нас адбылося некалькі канфліктаў, але ўсе яны былі прыпынены. Не выключана, што калі б спрэчкі паміж падлеткамі набылі больш маштабны характар, нехта ўжо сядзеў бы ў ізалятары. Але да гэтага не дайшло. Дарэчы, у нас існуе загад, які і вызначае асноўныя метады, сродкі выхавання. Сярод іх, напрыклад, пакаранне, заахвочванне і інш.
І, напэўна, менавіта заахвочванне з’яўляецца адным з самых дзейсных выхаваўчых метадаў. Тых зняволеных, якія сябе добра паводзяць і не маюць спагнанняў, пераводзяць на палепшаныя ўмовы. Гэта значыць, што падлетак можа разлічваць не на 6 пасылак з дому ў год, а на восем. Акрамя гэтага, усім падлеткам дазваляецца тэлефанаваць дадому 3 разы ў месяц.
— Думаю, не трэба растлумачваць, як іншых зняволеных матывуюць такія наглядныя прыклады, — працягвае намеснік начальніка. — Кожнаму, асабліва тым, хто толькі прыехаў у калонію адбываць тэрмін пакарання, не хапае родных. І адзіны шанс быць з імі на сувязі — не мець спагнанняў.
Ідучы па тэрыторыі калоніі, Алег Шункевіч паказвае на два будынкі, якія знаходзяцца воддаль ад харчаблока. У адным з іх размешчана ПТВ, у другім — школа, у якой давучваюцца тыя, хто не паспеў атрымаць адукацыю на волі. Дарэчы, на тэрыторыі калоніі ёсць і працоўны цэх, у якім зняволеныя займаюцца вытворчасцю кісялю і туалетнай паперы, пякуць хлеб для ўласнага ўжывання і інш.
— У нас у калоніі ўсё па распарадку, — расказвае Алег Шункевіч. — Тут адбывае пакаранне незвычайны кантынгент, непаўналетнія злачынцы. А гэта значыць, што ўвага да іх павінна быць пільнай. І пільнасць патрабуецца да ўсяго: і да паводзін, і да вучобы, і да работы.
Што тычыцца кантынгенту, пра які абмовіўся падпалкоўнік унутранай службы, то ён тут насамрэч асаблівы. Але менавіта для такіх, асаблівых, калоніі і працуюць.
— Зняволеныя ў нас розныя, — спакойна расказвае Алег Аркадзьевіч. — Быў адзін асуджаны, які ўтапіў 6-гадовага хлопчыка за мабільны тэлефон. Прычым утапіў яго ў лужыне. Пасля злачынца прадаў тэлефон за 6 тысяч беларускіх рублёў, а на выручаныя грошы купіў марожанае і бутэльку піва. Яшчэ быў у нас адзін страшны злачынца, які з саўдзельнікам згвалтаваў 12-гадовую дзяўчынку. Пасля яны вырашылі, што ахвяра паведаміць пра ўсё ў міліцыю, і жорстка забілі дзяўчынку, праламаўшы ёй грудную клетку.
Размаўляючы пра зняволеных, мы дайшлі да будынка, дзе размяшчаюцца атрады — месцы пражывання правапарушальнікаў. У калоніі на 150 асуджаных выдзелены 3 пакоі. Калі б не маштаб памяшкання і не вузкія высокія ложкі, якія акуратна расстаўлены ўздоўж сцяны, можна было б падумаць, што мы ў аздараўленчым лагеры. Сцены пафарбаваны ў аранжавы колер, на вокнах вісяць акуратныя шторы. А ў канцы пакоя, перпендыкулярна праходу паміж ложкамі, знаходзіцца акварыум з рыбамі і чарапахамі. Тым не менш тая атмасфера, якая пануе ў пакоях зняволеных, прымушае вярнуцца ў рэальнасць. Безумоўна, адразу кідаюцца ў вочы таблічкі, якія прымацаваны на кожным ложку. На таблічках — інфармацыя пра зняволеных: імя, прозвішча, дата нараджэння і нумар артыкула Крымінальнага кодэкса, згодна з якім пакараны знаходзіцца ў калоніі. Большасць таблічак, якія ўтрымліваюць даныя, белага колеру. Але ёсць сярод іх і жоўтыя. Асуджаныя, чые ложкі пазначаны жоўтым, схільныя да суіцыду. Дарэчы, ложкі такіх асуджаных стаяць першымі, на ўваходзе. І размешчаны яны такім чынам, каб пры абходзе супрацоўнікі калоніі праз акно, якое ўманціравана ў дзверы, бачылі, чым займаюцца схільныя да самазабойства.
Увогуле, калі разглядаць кожны выпадак асобна, ва ўсіх зняволеных свая гісторыя, якая вымусіла пераступіць праз закон.
* * *
Пачаць жыць з чыстага ліста — вось жаданне многіх зняволеных. Але ёсць сярод іх і тыя, хто не разумее, дзе і за што яны знаходзяцца. Такое адчуванне з’явілася тады, калі я размаўляла з
18-гадовым Косцем. Хлопец знаходзіцца ў калоніі за забойства. Ён і трое знаёмых нізашто, без усялякай прычыны забілі чалавека. Ішлі п’яныя пасля сельскай дыскатэкі і вырашылі зайсці ў першы дом, дзе ў вокнах гарэла святло. На канапе сядзеў мужчына, глядзеў тэлевізар. Кампанія пачала біць мужчыну, а пасля, калі таму ўдалося выбегчы на вуліцу, яны дагналі ахвяру і ўтапілі ў возеры.
Як падкрэсліў Алег Шункевіч, па падлетках у большасці выпадкаў бачна, ці вернуцца яны ў калонію паўторна. Як правіла, назад трапляюць тыя, у каго маленькі тэрмін. Так, напэўна, будзе і з 17-гадовым Уладам. Хлопец сядзіць за распаўсюджанне спайсаў. Па нейкай прычыне яго асудзілі ўсяго на 2 гады. І, як упэўнены намеснік начальніка калоніі, гэта пакараннем назваць цяжка. Гэта — адпачынак. Тым больш што раней хлопец ужо быў асуджаны за захоўванне канапель. А значыць, юнак вернецца зноў, таму што яго гісторыя яшчэ не завершана.
Падчас размовы са зняволенымі было цікава пачуць, хто вінаваты ў тым, што яны, маладыя хлопцы, сёння сядзяць за кратамі. Ні адзін са злачынцаў не абвінаваціў ні бацькоў, ні школу. У адказ на маё пытанне хлопцы задумаліся. Але, як вядома, без перадумоў учынкаў не бывае. Не выключэнне, што перадумовы былі і ў таго, хто сядзіць за наркотыкі, і ў таго, хто абвінавачаны ў двайным забойстве. Чаму так здарылася? Магчыма, у хлопцаў не ладзіліся адносіны з бацькамі, але гаварыць пра гэта ім балюча. І што магло быць, калі б кожнаму з гэтых юнакоў школа і грамадства ў цэлым удзяляла больш увагі? Вядома, што большасць зняволеных (перш чым трапіць у калонію) стаялі на ўліку ў ІСН. Гэта значыць, што гэтым дзецям неабходны былі больш эфектыўныя метады прафілактычнай работы. Гэта тычыцца і тых падлеткаў, якія сёння стаяць на ўліку і маюць шанс змяніцца.
Наталля ДУБІК.